Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова кардынала Казіміра Свёнтка з нагоды святкавання 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняй архікатэдры ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.10.2010 15:30
9 кастрычніка 2010 г. падчас урачыстай літургіі з нагоды 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняй мінскай архікатэдры было зачытана слова кардынала Казіміра Свёнтка, які ў гэты час знаходзіцца ў шпіталі, але перадаў сваё прывітанне ў пісьмовай форме. У звароце кардынал узгадвае гісторыю мінскай архікатэдры, якую бачыў сваімі вачамі і да гэтага часу захоўвае ў памяці і ў сваім сэрцы. Аднак сёння найстарэйшы беларускі іерарх заклікае радавацца і праслаўляць Божы Провід.

 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)
 

Юзаф Томко, Легат Яго Святасці Бэнэдыкта XVI, 
Вы прыбылі на ўрачыстасць 300-годдзя кансэкрацыі касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, сённяшняй архікатэдры ў Мінску,
шаноўныя іерархі Хрыстовага Касцёла,
шаноўныя святары і законныя сёстры,
умілаваныя вернікі, якія сабраліся ў архікатэдры і каля радыёпрыёмнікаў, сардэчна ўсіх вас вітаю са шпіталя.

Здалёк я бачу мінскую даўнейшую і цяперашнюю архікатэдру. Бачу катэдру з часоў Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Бачу тую, з якой Езусу Эўхарыстычнаму і Яго вернаму слузе, сказалі: «Ідзіце прэч! Няма тут для вас месца!»

Я бачу знішчаны інтэр’ер катэдры, якую па-варварску прыстасавалі для свецкіх мэтаў.

Я бачу прымацаваную да фасада катэдры пабудову, узведзеную для таго, каб закрыць знак прысутнасці Бога сярод жыхароў сталіцы. Бачу групу вернікаў, якія разам са святаром моляцца на прыступках гэтага будынку, іх малітва  пранізвае сцены, каб яны разбурыліся, каб паказалася боска-чалавечая рэчаіснасць — святыня!

І сталася тое, чаго так моцна прагнулі жыхары гэтай зямлі, ахрышчаныя ў імя Найсвяцейшай Тройцы. Радуйцеся! Праслаўляйце Божы Провід! Спявайце Te Deum — «Цябе, Бога, праслаўляем, Табе, Пане, хвала вечна...»

Здалёк я бачу архікатэдру ў яе цяперашняй прыгажосці — адноўленую на ўзор даўнейшай святыні з дапамогаю сродкаў, якія нясе сучаснае дабро цывілізацыі, каб служыць таксама наступным пакаленням.

Я бачу архікатэдру як знак і сімвал аднаўлення Касцёла і грамадства Беларусі ў Хрысце, бо яшчэ тады, калі ўсярэдзіне святыні стаялі рыштаванні, распачалася праца Сіноду, адбылася надзвычайная ўрачыстасць аднаўлення ў Хрысце каталіцкіх сем’яў усёй Беларусі.

Бачу, як пры алтары архікатэдры стаю я і ўсе біскупы Мітраполіі, як мы перадаем прадстаўнікам тагачасных парафій усёй Беларусі запаленыя свечкі і скрынкі са «Статутам правоў сям’і», які быў распрацаваны Апостальскаю Сталіцаю. Я бачу слёзы на шчаслівых і радасных тварах вернікаў, якія нясуць атрыманыя дары ў свае парафіі.

Я бачу архікатэдру, запоўненую вернікамі, якія спяваюць у суправаджэнні аргана. Іх супольная малітва ад алтара архікатэдры гучыць па ўсёй краіне дзякуючы нацыянальнаму радыё.

Я чую, як спяваюць:
У знаку хлеба Пан прыходзіць з неба,
Укрыты без світы — праўдзівы Бог.
Стаўся тут ціхім Пан хвалы вялікай.
Укленчым жа пакорна,
Каб даць Яму паклоны,
З пашанай прад Панам, верны люд.
Езус прыходзіць, шчасце нам прыносіць,
Дык пойдзем і знойдзем крыніцу ласк —
Бога жывога, з алтара святога.
Укленчым жа пакорна...

Ваша Эксцэленцыя, найшаноўнейшы ксёндз арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, у Вашае чулае сэрца і ў надзейныя рукі аддаю скарб Каталіцкага Касцёла, які з’яўляецца сімвалам, знакам адданасці Касцёла і грамадства Беларусі Хрысту.

Ад усяго сэрца дзякую ўсім за супольную працу на хвалу Бога і дзеля збаўлення душаў, за рэстаўрацыю архікатэдры і яе абсталяванне.

Усіх благаслаўляю і прашу аб малітве да Божага Провіду праз пасрэдніцтва Той, чый абраз — дар Слугі Божага Яна Паўла ІІ — змешчаны ў маёй і вашай любімай архікатэдры.

Яго Эмінэнцыю, Апостальскага Легата, прашу перадаць Яго Святасці Бэнэдыкту XVI словы майго сыноўскага прывітання і адданасці. Дзякуй.

Кардынал Казімір Свёнтэк
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі
Апостальскі Адмістратар Пінскай дыяцэзіі
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.