Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Кандрусевіч]

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Гамiлiя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце новага навучальнага года ў пінскай семінарыі
2011-09-29 12:39:51


29 верасня 2011 г., Пінск

1. Вашыя Эксцэленцыi, глыбокапаважаны рэктар, прафесары i працаўнiкi семiнарыi, святары, кансэкраваныя асобы, семiнарысты, дарагія госцi.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на свята Узвышэння Святога Крыжа
2011-09-15 09:11:51

мінскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, 14 верасня 2011 г.

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя вельмі папулярным на Захадзе быў телесерыял «Легендарныя паходжанні Геркулеса». У ім быў прадстаўлены адважны велікан, які хадзіў з горада ў горад, баронячы нявінных ад монстраў, зладзеяў і капрызаў старажытных грэчаскіх багоў. Грэчаскія багі людзьмі ўспрымаліся як вельмі капрызныя і індывідуальныя быцці, якія мала клапаціліся аб людзях. Бачанне багоў у старажытнай Грэцыі прадстаўлялася такім чынам, што яны лёталі дзесьці высока па-над гарой Алімп.

 
Гамілія падчас святой Імшы на адкрыццё VII Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм
2011-09-06 10:34:02

(Мінск, архікатэдра, 6 верасня 2011 г.)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, удзельнікі VII Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм!

1.Сучасны свет, які вельмі хутка змяняецца, занепакоены сітуацыяй і ўплывам сродкаў масавай камунікацыі на развіццё гарамадства і асабліва моладзі. Каталіцкі Касцёл не стаіць у баку ад гэтай вельмі важнай справы і таксама заклапочаны праблемай, як дапамагчы моладзі плысці па ўзбураных водах мас-медыя, каб яна не страціла хрысціянскай самасвядомасці.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на XXIIІ Звычайную нядзелю, Год А
2011-09-05 13:44:49

мінскі архікатэдральны касцёл, 4 верасня 2011 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ўрачыстага распачацця служэння Апостальскім Адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis у пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
2011-08-26 11:04:41

27 жніўня 2011 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Мы ўсё яшчэ знаходзімся пад уражаннямі смерці і пахавання першага Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Мітрапаліта і адначасова Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі легендарнага кардынала Казіміра Свёнтка.

 
III катэхеза Мітрапаліта Кандрусевіча на XXVI Сусветны дзень моладзі
2011-08-18 10:55:52
Мадрыд, 19 жніўня 2011 г.

Сведкі Хрыста ў свеце

1. Сучасны свет, у тым ліку і краіны з антычнай хрысціянскай традыцыяй, знаходзяцца ў такім культурным кантэксце, які ўсё мацней і мацней вядзе да лаіцызацыі і маргіналізацыі Бога ў жыцці людзей і нават цэлых супольнасцяў і прапануе будаванне раю на зямлі без Бога. Аднак штодзённы вопыт нагадвае нам пра тое, што свет без Бога становіцца пеклам, ён характарызуецца эгаізмам, разбітымі сем’ямі, нянавісцю паміж асобнымі людзьмі і цэлымі народамі, недахопам любові, радасці і надзеі. З іншага ж боку, калі толькі людзі прымаюць прысутнасць Бога і жывуць паводле Яго закону, тады будуецца цывілізацыя любові, дзе шануецца годнасць кожнага чалавека і ўзрастае пачуццё супольнасці разам з усімі яе карысцямі. Аднак далёка не ўсе хрысціяне жывуць паводле гэтага прынцыпу — кажа папа Бэнэдыкт XVI (пар. Пасланне на XXVI Сусветны дзень моладзі, 3). Таму наш свет ізноў стаўся светам сапраўдных місій.

Сёння існуе вялікая патрэба новай евангелізацыі, як да гэтага заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II, які між іншым і ўвёў гэты тэрмін, і працягвае заклікаць Бэнэдыкт XVI. Сусветныя духоўныя пустыні павінны быць засеяны словам Божым. Бо на самой справе, нягледзячы на працэс секулярызацыі, усё ж такі шмат людзей шукае Бога і сэнсу свайго жыцця. Каб іх знайсці ў мітусні сучаснага свету, які ў галаву вугла ставіць матэрыяльныя справы, імкненне да ўлады і прыемнасці гэтага жыцця, і дасягнуць збаўлення, патрэбна новае абвяшчэнне Евангелля.

А для гэтага неабходна падрыхтаваць духоўную глебу, каб зерне падала не на цвёрды грунт, скалістае месца і паміж церняў, але на добрую глебу і прынесла добры плён — трыццацікратны, шасцідзесяцікратны і стократны (пар. Мц 13, 1-9). Таму патрэбна культывацыя душ людскіх. Практыка паказвае, што з пустыні можна ўчыніць квітнеючы аазіс. Прыкладам можа быць амерыканскі Лас-Вегас — паўмільённы горад, які быў збудаваны ў пустыні Невада, больш вядомай нам як месца ядзерных даследаванняў ЗША. Напэўна, гэты горад не можа пахваліцца прыкладам маральнасці, бо на самой справе гэта адно велізарнае казіно, куды прагульваць грошы едуць людзі са ўсяго свету. Але гэта прыклад, што можна культываваць нават пустыню. Дарэчы, у Лас-Вегасе існуе таксама і каталіцкая дыяцэзія.

2. Кожны ахрышчаны пакліканы да спаўнення місіі новага абвяшчэння Евангелля. Пакліканне да евангелізацыі — гэта заданне не толькі для некаторых асобаў у Касцёле, як Папы, біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, але мандат і ласка для ўсіх пахрышчаных. Нельга жыць верай у Хрыста без яе перадачы іншым, бо асабістая вера чалавека ўзмацняецца евангелізацыяй іншых, — як навучае Ян Павел II (пар. Redemptoris missio 2), падобна таму як перадача ведаў павялічвае кваліфікацыю прафесара, часамі нават змушаючы яго да гэтага.

Адзін студэнт, праходзячы каля дома, дзе жыў славуты прафесар, які напісаў шмат кніг, заўсёды бачыў яго чытаючым новыя навуковыя кнігі і часопісы. Пры гэтым ён думаў: ну што ж яшчэ можа такі знаны прафесар даведацца? І аднойчы спытаў яго пра гэта. Прафесар адказаў: «Я не хачу карміць сваіх студэнтаў падагрэтым учарашнім абедам, але хачу кожны дзень даваць ім свежую ежу, таму сам павінен вучыцца».

3. Калі заданне новай евангелізацыі з’яўляецца заданнем для ўсіх хрысціян, то яно найперш датычыць маладых. Іх энергія, бадзёрасць і імкненне да новых подзвігаў павінны быць накіраваны на справу новай евангелізацыі. Маладыя павінны стаць пратаганістамі новай эпохі місій у Касцёле ўжо XXI стагоддзя. Хрыстус іх кліча прысвяціць сваё жыццё сведчанню Яго любові ўсім людзям і асабліва сваім аднагодкам.

Евангелізаваць — азначае паказаць Хрыста іншым, паказаць нашымі словамі і нашым штодзённым жыццём. Таму мы пакліканы гаварыць пра нашу веру і сведчыць яе сваім чынамі. Мы пакліканы навярнуць сучасных нам людзей, паказваючы ім аблічча Хрыста, дзейнічаючы разам з Ім і паводле Ягонага слова, служачы свету і асабліва патрабуючым. Такім чынам маладыя, будучы соллю зямлі і святлом свету (пар. Мц 5, 13-14), могуць унесці свой уклад у прысутнасць хрысціянства ў сучасным свеце, а таксама стаць ферментам новага гуманізму і абвяшчальнікамі рэвалюцыі любові.

Аднойчы на судзе Божым перад Хрыстом стаў чалавек і сказаў: «Езу Хрысце, паглядзі, якія чыстыя мае рукі!» А Хрыстус яму адказаў: «Сапраўды чыстыя, але, на жаль, пустыя». Нашы рукі, сэрцы і душы павінны быць чыстымі і адначасова поўнымі добрых учынкаў і хрысціянскага сведчання.

Мы добра ведаем, чаму служыць соль. Яна захоўвае прадукты ад сапсавання і надае смак ежы. Маленькая шчапотка солі змяняе смак ежы.

Сучасны свет маральна загнівае. Яго трэба ратаваць ад сапсаванасці. Яму трэба нанава вярнуць смак хрысціянства. Таму яму трэба даць соль хрысціянства, а гэта перадусім заданне моладзі.

Святло свеціць у цемры. На жаль, у сучасным свеце неонаў вельмі шмат духоўнай цемры. Яе трэба асвятліць. Езус кажа, што лямпы ніхто не ставіць пад сталом, але на стале, каб свяціла. Таксама і хрысціянін павінен быць наверсе, гэта азначае павінен жыць праўдай хрысціянства ў паўсюдным жыцці, каб святлом свайго жыцця і захавання свяціць іншым.

4. Каб шчодра адказаць на гэтае місійнае пакліканне, маладыя павінны браць прыклад з Касцёла, які па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным, а таксама наследаваць святых і мучанікаў. Заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчаць Евангелле ўсяму стварэнню і несці ў свет святло Хрыста. Так павінны паступаць усе хрысціяне. Яны павінны быць евангельскай закваскай і евангельскім вогнішчам.

Адна гісторыя распавядае пра маладога чалавека, які пажадаў стаць добрым кавалём. І сапраўды, ён вельмі хутка ім стаў. Ён навучыўся каваць вельмі прыгожыя рэчы і захацеў працаваць самастойна. Аднак у яго нічога не выйшла. Чаму? Бо ён, будучы добрым кавалём, не ведаў, як распаліць вогнішча, каб разагрэць метал да белага калення, без чаго, як вядома, з яго нічога нельга выкаваць.

Таксама і мы, будучы хрысціянамі, і можа нават вельмі добрымі, не маем права захаваць толькі для сябе дар веры. Ім трэба дзяліцца, а для гэтага вакол сябе трэба стварыць такую атмасферу, якая магла б спрыяць перадачы веры іншым людзям.

У часы пераследу, калі не было касцёлаў і святароў, хто абвяшчаў Добрую Навіну? Нашы бабулі і дзядулі на простай малітве, ружанцы, літаніях, Крыжовым шляху і г. д. Іх вера была моцная і сталая, і яны стараліся выкарыстаць кожную магчымасць, каб толькі маладое пакаленне ўмацоўвалася ў веры.

Колькі хрысціян было і ёсць жывым сведчаннем моцы веры, якая выражаецца ў любові! Гэтыя людзі з’яўляюцца будаўнічымі міру, змагарамі за справядлівасць, аніматарамі больш чалавечага і згоднага з Божым планам свету. Яны працуюць для дабра ўсіх. Любоў, якая выплывае з веры, вяла і далей вядзе іх да канкрэтнага сведчання словам і чынам. Хрыстус не з’яўляецца дарам толькі нам самім. Ён з’яўляецца самым каштоўным скарбам, якім нам трэба дзяліцца з іншымі. У наш час глабалізацыі трэба быць сведкамі надзеі. Перад труной памерлага Лазара Езус сказаў яго сястры Марце: «Калі паверыш, то ўбачыш славу Божую». Таксама і сучасны чалавек, калі паверыць, будзе жыць вераю і яе сведчыць, то стане інструментам, дзякуючы якому іншыя змогуць знайсці сэнс і радасць жыцця, якое нараджаецца са спаткання з Хрыстом, — падкрэслівае папа Бэнэдыкт XVI (пар. Пасланне на XXVI Сусветны дзень моладзі, 5).

Люстэрка не з’яўляецца крыніцай святла, але з яго дапамогай можна паслаць сонечнае святло туды, куды яно ніколі не даходзіць. Таксама і мы павінны быць Божымі люстэркамі і перадаваць святло Евангелля тым, якія яго не атрымалі. Няхай гэтая праўда стане сэнсам вашага жыцця. Амэн.

 
ІІ катэхеза Мітрапаліта Кандрусевіча на XXVI Сусветны дзень моладзі
2011-08-17 12:40:21
Мадрыд, 18 жніўня 2011 г.

Укаранёныя ў Хрысце

1. Моладзь паклікана будаваць сваё жыццё і жыццё грамадства. Яна павінна быць не індыферэнтнай, але актыўнай у гэтай справе. Нездарма благаслаўлёны Ян Павел II назваў моладзь надзеяй свету і Касцёла. Ад таго, якой будзе моладзь, залежыць наша будучыня.

Аднак постмадэрнісцкі свет, у якім мы жывём, вельмі часта выхоўвае маладых людзей без яснай і моцнай чалавечай і хрысціянскай тоеснасці. У выніку чаго яны застаюцца без хрысціянскіх каранёў, не ведаюць, адкуль прыходзяць і куды ідуць. Яны падобныя да чалавека, які на чыгуначным вакзале ў касе просіць білет на цягнік. Касірша пытаецца: «Куды?» — «Усё роўна». Яму зусім не важна, куды ехаць, абы толькі ехаць.
 
Таму відавочна паўстае пытанне: як такім людзям будаваць сваё жыццё ў сучасным кантэксце, пазначаным дыктатурай рэлятывізму і людзьмі, якія не ведаюць, як адрозніць дабро ад зла, праўду ад фальшу?  

2. Выхад ёсць. Мы не пакінуты самі на сябе і на свае слабыя чалавечыя сілы. Езус Хрыстус заклікае нас будаваць нашае жыццё з Ім і на трывалым падмурку. Таму моладзь паклікана ўвайсці ў адносіны з Хрыстом. «Імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак» (DCE 1), — навучае папа Бэнэдыкт XVI. Быць хрысціянамі азначае быць прышчэпленымі да Хрыста як галінкі з вінаграднай лазой. «Без Мяне нічога не зможаце зрабіць» (Ян 15, 5), — кажа Езус.

3. Кім для нас, хрысціян, з’яўляецца Езус Хрыстус? Гістарычнай асобай, якая жыла 2000 гадоў таму? Магам, які тварыў цудоўныя справы? Добрым аратарам, якога любілі слухаць? Артыстам, які падабаўся гледачам? Палітычным лідэрам, за якім ішлі натоўпы, верачы, што Ён адбудуе былую палітычную і эканамічную моц Ізраіля? Калі толькі так, то гэтага замала.

Езус для нас — гэта перадусім Уцелаўлёны Бог, Эмануэль — Бог з намі. Дзякуючы цуду ўцелаўлення, Бог стаў блізкі нам. Хрыстус паказаў любоў Бога Айца, якая ўвайшла ў жыццё чалавека (пар. ККК 456-463). Дзякуючы сваёй міласэрнасці Езус дазваляе нам стаць Ягонымі сябрамі (пар. Ян 15, 14-15). «Хрыстус, новы Адам, у самім аб’яўленні таямніцы Айца і Яго любові поўнасцю паказвае чалавека самому чалавеку і адкрывае яму яго найвышэйшае пакліканне» (GS 22), — навучае Другі Ватыканскі Сабор. Таму Езус Хрыстус з’яўляецца адказам Бога на самыя вялікія аспірацыі чалавека і таму нам трэба Яго прыняць.

4. Прыняць Хрыста як корань і падмурак нашага жыцця азначае самым сур’ёзным чынам паставіцца да сакрамэнту хросту, у якім Хрыстус заключыў з намі саюз. Гэта не былы Савецкі Саюз, не аморфная Саюзная дзяржава Беларусі з Расіяй і нават не збудаваны на эканамічным прагматызме без духоўных каштоўнасцяў Еўрасаюз.

Саюз з Езусам — гэта духоўны саюз, у якім Езус заклікае нас жыць Ім ва ўсіх абставінах нашага жыцця і імкнуцца да святасці. Святасць — гэта поўня жыцця ў Хрысце. Таму, каб дасягнуць гэтай поўні, не трэба баяцца святасці. «Будзьце святымі новага тысячагоддзя», — заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II моладзь падчас іх сусветнага форуму ў Рыме ў 2000 г. У сакрамэнце хросту мы ўключыліся ў Хрыста і таму павінны быць Ягонымі, павінны быць абагаўлёнымі. Ён для нас павінен быць самым дарагім.

Сын аднаго караля палюбіў дачку пекара і ажаніўся з ёю. Яны былі вельмі шчаслівымі. Калі памёр кароль, то прынц заняў яго месца. Усе міністры былі не задаволены тым, што яго жонка з простага люду і настойвалі, каб ён развёўся і ажаніўся з дачкой караля суседняй дзяржавы. Яны былі настолькі настойлівымі, што малады кароль сказаў сваёй жонцы, каб яна вярнулася дамоў да бацькоў. Пры гэтым ён сказаў ёй, што яна можа ўзяць з сабой самае дарагое, што толькі хоча. У той вечар яны апошні раз вячэралі. Жонка падлівала ўсё больш і больш віна каралю, і ён заснуў. Тады яна паклала яго ў палотнішча і занесла да бацькоўскага дому. Кароль, праснуўшыся раніцай, быў здзіўлены, чаму ён знаходзіцца ў доме булачніка. А жонка яму адказала: «Ты ж сказаў мне ўзяць самае дарагое. Ты мне самы дарагі. Я цябе і ўзяла».

А што самае дарагое для нас? Хрыстус, з якім мы злучыліся ў сакрамэнце хросту, ці нешта іншае?

Слова «хрысціянін» паходзіць ад слова «Хрыстус», а не «Хрыстус» ад «хрысціяніна». Таму хрысціянін павінен быць ім не толькі падчас малітвы, у касцёле на набажэнстве, на Сусветным дні моладзі і г. д., але паўсюль, каб сваім жыццём сведчыць сваё хрысціянства і гэтым самым несці Хрыста людзям, якія Яго яшчэ не пазналі або сумняваюцца ў веры. Калі мы будзем жыць паводле Евангелля, бараніць хрысціянскія каштоўнасці і іх несці ў штодзённае жыццё, то станем жывымі старонкамі Евангелля. Такім чынам будзем прымаць актыўны ўдзел у новай евангелізацыі.

Прыняць Хрыста азначае жыць паводле Яго Евангелля, што ў наш час становіцца ўсё больш і больш цяжкай справай з-за пашыраючыхся тэндэнцый маральнага рэлятывізму, які сцвярджае, што няма абсалютнай праўды і ўсё адносна. Не мы павінны змяняць Евангелле, але Евангелле павінна змяняць нас, калі мы хочам быць шчаслівымі ў гэтым жыцці і дасягнуць шчасця ў вечнасці.

Прыняць Хрыста азначае бараніць еднасць сям’і як самім Творцам устаноўленага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, з мэтай узаемнай дапамогі, працягу роду чалавечага і выхавання новага пакалення.

На жаль, у гэтай галіне шмат недахопаў. Інстытут сям’і, які з’яўляецца галоўнай клеткай кожнага грамадства, знаходзіцца ў вялікім крызісе. Пасля ХХ стагоддзяў хрысціянства людзі вяртаюцца да правіла Старога Запавету, калі Майсей дазволіў мужчыне пакінуць жонку. Але як казаў Езус, ён так учыніў, бо сэрцы габрэяў былі цвёрдымі. На грэчаскай мове гэта слова гучыць як склерозіс — не трэба перакладу — склероз, вельмі цяжкая хвароба. Сучасны свет хворы на духоўны склероз.   

Прыняць Хрыста азначае жыць свабодай усыноўленых дзяцей Божых, а не свабодай ад Бога і Яго закону. Калі нехта думае, што, не захоўваючы Божага закону, ён становіцца свабодным, то трэба сказаць, што такі чалавек вельмі моцна памыляецца. Вядзе амаральны стыль жыцця і не можа ад яго адмовіцца, гэтым самым становячыся залежным ад яго. Пачынае піць у імя свабоды і становіцца алкаголікам, рабом алкагалізму. Прымае наркотыкі і становіцца іх нявольнікам, залежным ад іх, бо без іх не можа больш жыць. У Беларусі кожная пятая сям’я мае праблемы з наркаманіяй, а кожны трэці школьнік сярод сваіх сяброў мае нарказалежных, што ставіць яго ў вельмі небяспечную сітуацыю.

Прыняць Хрыста азначае не думаць, што дасягненні навукі і тэхналогіі здольны вырашыць усе праблемы, асабліва калі яны выкарыстоўваюцца не згодна з маральнымі прынцыпамі. Жыццё вельмі добра паказвае, што вырашэнне адных праблем вядзе да паўстання другіх.

Распашка цаліны, асушэнне палескіх балот, Чарнобыль, Фукусіма, мінскае метро 11 красавіка г.г., аварыя цеплахода «Булгарыя», калі на вельмі старым, шмат разоў спісаным і перагружаным судне 10 ліпеня г.г. на Волзе загінула больш за 100 чалавек, і ўсё з-за таго, што кампанія хацела больш зарабіць.

Вельмі часта ў сучасным свеце можна пачуць пра праблему перанасялення і ў сувязі з гэтым пра праблему голаду. Сапраўды, праблема голаду існуе, але не па прычыне таго, што зямля не можа пракарміць ужо каля 7 млрд. людзей, а па прычыне існуючай сацыяльнай несправядлівасці. Добрая па сваёй ідэі глабалізацыя, калі рэалізуецца без этычных прынцыпаў, вядзе да яшчэ большага падзелу паміж багатымі і беднымі, сведкамі чаго мы з’яўляемся.

Прапановы рэгуляваць прырост насельніцтва абортамі ці забаронай мець больш чым адно дзіця, як гэта ёсць у Кітаі, ужо прывялі да дэмаграфічнага крызісу, асабліва ў развітых краінах Еўропы. Але хтосьці павінен працаваць. І ў Еўропу, з яе багатай хрысціянскай традыцыяй і культурай, прыязжаюць людзі зусім іншага менталітэту, якія змяняюць воблік Старога кантынента.

Адсюль і з’яўляецца новая праблема паліткарэктнасці ў справах рэлігіі. У многіх краінах Еўрасаюзу ў школах забаронены ёлкі і стаенкі на Божае Нараджэнне, каб толькі не абразіць прадстаўнікоў іншых веравызнанняў. З гэтай самай прычыны англійская авіякампанія «British Airways» забараніла сцюардэсам публічна насіць знакі прыналежнасці да хрысціянства. Такім чынам, паўсюль бачна спіхванне рэлігіі на перыферыю жыцця, каб яна стала выключна прыватнай справай чалавека.

Эўтаназія. На самой справе гэта не дапамога цяжка хвораму чалавеку годна завяршыць жыццё. Яе падмурак эканамічны. Дэмаграфічны крызіс прывёў да таго, што з’яўляецца ўсё больш пенсіянераў і кожны павінен працаваць на ўтрыманне большай колькасці людзей. А хто хоча проста так аддаць свае грошы? Ніхто. Таму эўтаназія якраз і з’яўляецца яшчэ адным спосабам вырашыць гэтую эканамічную праблему.   

Прыняць Хрыста таксама азначае на Яго навучанні будаваць сваё асабістае і грамадскае жыццё. А як ёсць на самой справе ў нас, у нашым асабістым і грамадскім жыцці? Ці мы заўсёды і найперш верым слову Божаму, Евангеллю і навучанню Касцёла? А можа, усё наадварот?

Колькі з нас зацікаўлены магіяй, варажбой, акультызмам, гараскопамі і г. д. Менавіта там мы стараемся адгадаць свой лёс і будучыню. Мы верым у Езуса Хрыста, але далёка не заўсёды Яго Евангелле з’яўляецца для нас настольнай кнігай і правадніком па жыцці. Мы давяраем тэлевядучым, розным Кашпіроўскім, а Богу? Ці сапраўды наша веру ўкаранёна ў Хрысце?

Нездарма папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на XXVI Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе піша, што дзякуючы веры мы з’яўляемся збудаванымі на Хрысце, падобна як збудаваны на скале дом. Быць збудаванымі на Хрысце азначае адказваць канкрэтна на Божы заклік, давяраць яму і рэалізаваць на практыцы Яго слова. Сам Езус навучаў сваіх апосталаў: чаму Мяне называеце Панам, а не чыніце таго, што Я вам кажу? А на прыкладзе пра будоўлю Ён дадаў, што кожны, хто прыходзіць да Яго, слухае Ягонага слова і выконвае яго, падобны да чалавека, які збудаваў дом на скале, так што нават паводак не збурыў яго, бо быў дабра збудаваны.

5. Каб наша вера была сапраўднай, нам трэба абсалютна даверыцца Хрысту. Успомнім евангельскую гісторыю пра буру на моры. Апосталы амаль што гінуць і дакараюць Езуса, кажучы, што Яго не турбуе іх лёс. А Ён ім адказвае: чаго вы баіцеся, чаму вы такой малой веры? Або іншая бура. Езус ідзе па вадзе. Апосталы думаюць, што гэта прывід і вельмі баяцца. Езус, аднак, кажа: «Не бойцеся, гэта Я». Пётр у адказ гаворыць: «Калі гэта ты, то скажы, каб я прыйшоў да Цябе па вадзе». Езус кажа: «Прыйдзі». І Пётр ідзе. Якая вялікая вера была ў яго! Вакол хвалі, а ён ідзе. Аднак у пэўны момант ён спалохаўся хваляў, засумняваўся і адразу пачаў тануць. Тады Езус схапіў яго за руку і спытаўся: чаму засумняваўся і чаму такой малой веры?
 
Гэты прыклад паказвае, на што здольная моцная вера і адвага будаваць жыццё на ёй. Таму для Касцёла знешнія пагрозы не ўяўляюцца такімі небяспечнымі, як унутраныя, менавіта сумненне і малая вера яго вернікаў.

Нездарма св. апостал Павел усклікае: «Калі Бог з намі, то хто супраць нас?»

Два сябры спаткаліся пасля многіх гадоў разлукі. Адзін быў багаты, другі бедны. Яны паабедалі. Потым бядняк заснуў. У той час багаты палажыў у кішэню ягонай вопраткі дарагі камень. Бядняк яго не заўважыў і працягваў жыць вельмі бедна. Праз некалькі год яны зноў спаткаліся. Багаты быў здзіўлены і спытаў сябра: «Ці ты не знайшоў дарагі камень у тваёй кішэні?»

Напэўна, не адзін з нас хацеў бы спаткацца з Хрыстом і не ведае, як. Езус сам нас навучае, як гэта ўчыніць. Успомнім сцэну на восьмы дзень пасля ўваскрасення, калі Ён сказаў апосталу Тамашу: «Укладзі свой палец у мае раны і не будзь больш няверуючым». Таксама і мы можам мець бачны кантакт з Езусам, у слядах Яго мукі і любові — гэта азначае ў сакрамэнтах, найперш у Эўхарыстыі, дзе Ён становіцца настолькі блізкім нам, што з’яўляецца хлебам жыцця вечнага, у сакрамэнце пакаяння, дзе аб’яўляе сваю міласэрнасць, і ў бедных і патрабуючых.

У сакрамэнце хросту мы атрымалі самы дарагі дар веры і з’ядналіся з Хрыстом. Гэта самы вялікі падарунак Бога, які адкрывае нам дарогу да вечнасці. Але ці бачым мы яго? Ці знаходзім у гомане сучаснага свету? Ці з дня на дзень усё больш укараняемся ў Хрысце?

Дадзім адказ сёння, бо заўтра ўжо можа быць позна. Амэн.

 
І катэхеза Мітрапаліта Кандрусевіча на XXVI Сусветны дзень моладзі
2011-08-16 12:06:30
Мадрыд, 17 жніўня 2011 г.

Моцныя ў веры

1. Папа Бэнэдыкт XVI, яшчэ як прэфэкт Кангрэгацыі веравучэння кардынал Ёзаф Ратцынгер, у 1985 г. апублікаваў свой славуты «Рапарт аб стане веры», які на самой справе з’яўляецца інтэрв’ю з вядомым ватыканістам Вітторыё Мессоры і ў якім падкрэслена вялікая трывога адносна веры сучаснага чалавека.

Кардынал Ратцынгер пачынае ад аналізу праблемы аспрэчвання, якая з’яўляецца тыповай асаблівасцю Захаду. У той жа час рэчаіснасць Касцёла, канкрэтнага і пакорнага народу Божага, цалкам адрозніваецца ад таго, аб чым мараць пэўнага тыпу лабараторыі, у якіх дыстылюецца ўтопія… Спрэчнасць з’яўляецца дарогай у нікуды. Веру трэба бараніць праз яе абвяшчэнне, бо Касцёл — гэта не будаўнічы пляц, на якім згубіліся планы і кожны будуе, як яму падабаецца. Касцёл — гэта таксама не калектыў веруючых і не сума членаў, а перадусім прастора рэальнай прысутнасці Пана ў свеце. Мы ж з’яўляемся Яго народам, імплантаваным у Яго Цела, які ўзрастае Яго ўзрастаннем. Касцёл перавышае ўсе межы — нават смерці, бо ён з’яўляецца Касцёлам Хрыста, а не нашым. Нашымі з’яўляюцца толькі грахі. Вельмі моцныя словы кардынала Ратцынгера.

Сярод найважнейшых небяспек Ратцынгер вылучае наступныя: тэалагічная пустыня, дылемы маральнасці (лібералізм, пермісівізм, кансумізм, вызваленне), а таксама сацыялагічныя альтэрнатывы (быць бліжэй да грамадства ці бліжэй да навучання Касцёла).

Сапраўды, калі мы паглядзім на сучаснае хрысціянства, то нас часта проста бярэ жах. Людзі называюць сябе веруючымі, але на самой справе такімі не з’яўляюцца. З Касцёлам іх вельмі часта яднае толькі пасведчанне хросту, можа, час ад часу яны зазірнуць на набажэнства, найчасцей на Вялікдзень ці на Божае Нараджэнне. Асвецяць велікодную ежу ці паставяць у памяшканні ёлку на Божае Нараджэнне, але на самой справе найчасцей — з нагоды Новага году. Носяць крыж, і нярэдка вельмі дарагі, але не вельмі ведаюць, што ён азначае.

Кардынал Ёзаф Ратцынгер аднойчы апавядаў, як у музеі ў Дрэздэне адзін з наведвальнікаў, гледзячы на крыж, сказаў: «Вось і ўкрыжавалі Спартака».

Асабісты досвед з базылікі св. Пятра: у Юбілейным 2000 годзе дзве жанчыны спыталі, дзе ў Рыме знаходзіцца месца ўкрыжавання Езуса.  

2. Праблема веры — гэта вялікая і актуальная праблема сучаснага хрысціянства, якая выражаецца таксама і ў тым, што падчас набажэнства ў касцёле чалавек лічыць сябе хрысціянінам, а па-за яго парогам жыве як язычнік. Хто ў хрысціянскай Еўропе прымае законы, не згодныя з законам Божым, такія, як права на разводы, аборты, эўтаназію, рэпрадуктыўнае здароўе, гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей і г. д.? Хто там жа друкуе календары для школьнікаў, дзе ў імя паліткарэктнасці, якая ўжо ўвайшла таксама і ў сферу рэлігіі, каб толькі не абразіць вернікаў нехрысціянскіх веравызнанняў, няма нават успаміну пра Божае Нараджэнне і Пасху? Хто забараняе рэлігію ў школах, як, напрыклад, у Іспаніі, дзе яна заўсёды была? Ніхто іншы, як хрысціяне, якія дэмакратычным спосабам большасцю галасоў прымаюць такія ганебныя законы і адначасова лічаць сябе хрысціянамі.

3. У сучасным свеце існуе яшчэ іншая вельмі небяспечная тэндэнцыя прыватызацыі веры. Гэта азначае, што веру імкнуцца спіхнуць на перыферыю жыцця і жадаюць, каб яна была толькі прыватнай справай чалавека і не праяўлялася ў публічным жыцці. Аднак, напрыклад, рэклама алкаголю, тытуню, эротыкі і рэпрадуктыўнага здароўя, амаральныя кіна- і тэлепраграмы, забруджаны Інтэрнэт, узрастаючая колькасць казіно з іх аднарукімі бандытамі, якія разараюць чалавека, секс-шопы і г. д. — ці гэта таксама прыватная справа?

4. Вялікую небяспеку нясе і тэндэнцыя змяняць Божы закон, паслабляць яго, што на сучаснай мове называецца маральным рэлятывізмам. Цікава і тое, што заклікі Касцёла захоўваць Божы закон у наш час ацэньваюцца як сярэднявечча, адсталасць, адмова ад прагрэсу і нават фундаменталізм.
Гэта трэба прызнаць, асабліва ў моладзевым асяроддзі, у якім нямодна размаўляць пра справы маралі. Моладзь нярэдка кажа: чаго ж узнімаць такія складаныя і не адпавядаючыя сучасным тэндэнцыям праблемы? Лепей жыць так, як усе жывуць. Жыць філасофіяй натоўпу. Плысці не супраць цячэння, а па цячэнні і г. д. Але мы добра ведаем, куды нас занясе плынь вады, калі мы не будзем ёй супраціўляцца. Ва ўзбуранае мора, адкуль мы ўжо не выплывем. Так і ў маральным жыцці.

Спартсмен, каб дасягнуць добрага выніку, павінен шмат трэніравацца і заўсёды ўздымаць планку намаганняў. Таксама і хрысціянін, каб стаць духоўным чэмпіёнам, павінен павышаць патрабаванні да сябе. Ён павінен жыць евангельскім радыкалізмам, а не духоўнай расхлябанасцю, каб прынесці плён свайго жыцця.

5. Наступнай пагрозай у галіне веры з’яўляецца тое, што сучасны чалавек у сваім імкненні да аўтаноміі і абсалютнай свабоды кажа, што Божы закон яе абмяжоўвае і забараняе чыніць усё тое, што ён хоча. Трэба памятаць, што абсалютнай свабоды няма і не можа быць. Нож служыць, каб рэзаць хлеб, але нажом можна забіць чалавека, калі ім карыстацца безадказна. Божы закон — гэта дарожныя знакі на нашым жыццёвым шляху. Як трэба захоўваць правілы дарожнага руху, калі мы вядзём машыну, так трэба захоўваць прынцыпы Евангелля, каб шчасліва дайсці да мэты нашага жыцця — дасягнуць вечнага шчасця ў Валадарстве Нябесным.

6. Гэтыя і іншыя праблемы сучаснасці пацвярджаюць, што наша хрысціянства вельмі часта з’яўляецца не сапраўдным, а штучным. Сучасны хрысціянін, на жаль, вельмі часта жыве вераю ў Бога і Езуса Хрыста ў асаблівым кантэксце «забыцця Бога», у нейкім «зацьменні сэнсу Бога», распаўсюджвання лаіцызму, які выключае веру з публічнага жыцця. З іншага ж боку, трэба памятаць і аб тым, што, паколькі Бог з’яўляецца крыніцай жыцця, то без адносін са сваім Творцам чалавек губляе сваю годнасць і тоеснасць.

Папа Бэнэдыкт XVI навучае, што Бог ёсць крыніцай жыцця. Адмовіцца ад Бога азначае адысці ад гэтай крыніцы і пазбавіцца яго спаўнення і радасці, бо «стварэнне без Стварыцеля марнее» (GS 36). Сучасная культура імкнецца да выключэння Бога або да прызнання веры як прыватнай рэчы без уплыву на грамадскае жыццё. І хоць каштоўнасці, якія з’яўляюцца падмуркам грамадства, паходзяць з Евангелля, заўважны працэс знікнення Бога, некаторай амнезіі або нават абсалютнай адмовы хрысціянства і адмовы скарбу веры з рызыкай страты сваёй тоеснасці (пар. Пасланне на XXVI Сусветны дзень моладзі, 1).

Калі нам нядобра і ў нас праблемы, мы хутка шукаем дапамогі ў людзей. Спяшаемся да лекара, да суседа, да юрыста і г. д. Пішам таксама скаргі, што ў апошнія часы прыняло характар сапраўднай скаргаманіі. У той жа час мы забываем, што калі б распачыналі кожную справу з Богам і ўсё чынілі паводле Яго закону, то не мелі б столькіх праблем. Адыход ад Бога і Яго закону і ёсць прычына ўсіх праблем кожнага грамадства. У такім кантэксце існуе неадкладная патрэба вярнуцца да першынства Бога ў жыцці чалавека, бо ўсё змяняецца і толькі Бог застаецца.

 6. Што азначае верыць у Бога і таго, каго Ён паслаў — Езуса Хрыста? Вера — гэта дар Божы, у якім Бог аб’яўляецца чалавеку і сябе аддае яму. Хрыстус аб’яўляе чалавеку Бога, якого ніхто і ніколі не бачыў. Прычым Ён аб’яўляе Бога з чалавечым тварам і сэрцам, гэта азначае, вельмі блізкага нам. Гэтае аб’яўленне можа наступіць нечакана, і таму нельга праспаць такі момант, нельга не заўважыць аб’яўляючагася і прыходзячага Бога, нельга паступіць так, як паступілі габрэі, якія не распазналі знаку часу прыйсця Збаўцы.
Вера асвятляе жыццё веруючага, перамяняе яго, бо чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Толькі дзякуючы веры ў Бога, праз якую чалавек уваходзіць у адзінства з Ім, жыццё набывае сваю паўнату і дае надзею на вечнасць. У сувязі з гэтым які няшчасны няверуючы чалавек! Што яго чакае пасля смерці, якая раней ці пазней наступіць? Ён перастае быць! Ці варта дзеля гэтага столькі цярпець у жыцці? У такой сітуацыі жывёлы знаходзяцца ў лепшай сітуацыі, бо не маюць ніякіх абмежаванняў у сваіх паводзінах.

У Евангеллі Хрыстус часта гаворыць пра веру і заахвочвае сваіх вучняў узрастаць у ёй. Вера ёсць фундаментальным выбарам жыцця: вера ў Божае слова дазваляе будаваць наша жыццё на скале (пар. ККК 153-155).

Пры гэтым трэба заўважыць, што мы павінны верыць у аб’яўленыя Богам праўды найперш таму, што яны аб’яўлены Ім, а не таму, што яны зразумелыя для чалавечага розуму. Сёння толькі лянівы не ведае пра электронны каллайдэр, які знаходзіцца ў Еўрапейскім Цэнтры ядзерных даследаванняў (так званы ЦЭРН). Менавіта там вучоныя спадзяюцца знайсці антыматэрыю і змадэляваць так званы Вялікі выбух, які паводле іх стаў прычынай з’яўлення Сусвету. Нават калі іх намаганні і будуць паспяховымі, то гэта не перакрэслівае аб’яўленай праўды, што Бог стварыў свет, бо хтосьці павінен быў выклікаць гэты выбух. Кожнае следства мае сваю прычыну. Нядаўна славуты англійскі фізік Сцівен Гаўкінг (Stephen Hawking), які, дарэчы, вельмі хворы і зносіцца з асяроддзем толькі дзякуючы стымулятару мовы, заявіў, што Сусвет з’явіўся без Божай інтэрвенцыі і ў выніку спантаннага працэсу на моцы фізічных правілаў і механізмаў. Але тут паўстае пытанне: а што было да Вялікага выбуху? Якія фізічныя законы ім кіравалі? Адкуль узяўся Вялікі выбух? Законы фізікі ўключаюць каўзальнасць, гэта азначае існаванне прычыны. Нічога само з сябе не адбываецца. Гэта відавочна. Ідэя чагосьці, што не мае прычыны, проста нефізічная ў прынцыпе. Таму падаецца, што сваімі заявамі Гаўкінг дае сваё сведчанне веры ў фізіку. Ён верыць, што фізіка з’яўляецца самаіснуючым законам, які кіруе рэчаіснасцю. Гэта яго вера. Яна малая, як гарчычнае зерне, але гораў не перанясе.
 
7. Нагадваючы пра нашу веру, трэба нагадаць і пра тое, што яна павінна выражацца не толькі асабіста, але і супольна. Нездарма можна пачуць такія выразы, як вера народа, гэты ці іншы народ сапраўды з’яўляецца веруючым. Вера Касцёла, якую мы вызнаём у Сімвале веры, заўсёды распачынаецца асабістым актам «я веру» і потым пераходзіць у супольны — «мы верым» (пар. ККК 166).

А як з нашай асабістай верай і верай народу? Ці яна сапраўдная і моцная? А можа, штучная?

Ці мы да канца давяраем Богу? А можа, толькі збоку пазіраем і чакаем, што будзе? На веру і хрысціянства наогул трэба глядзець не збоку, але яно павінна стаць часткай нашага жыцця.

Вера здольная чыніць цуд. Аднойчы жыў-быў шэра-карычневы верабей. Усё яго жыццё было чарадой трывог і запытальных знакаў. Будучы яшчэ ў яйцы, ён з трывогай думаў, ці зможа раскалоць шкарлупіну. Ці не выпадзе з гнязда? Ці бацькі будуць мець, чым яго пракарміць?

Потым гэтыя страхі прайшлі, але з’явіліся іншыя. Ён дрыжаў, седзячы на галінцы, з якой павінен быў першы раз паляцець. Ці вытрымаюць мяне крылы? Ці не разаб’юся я аб зямлю? Хто мяне тады падыме наверх?

Зразумела, што з часам ён навучыўся лятаць, але зноў пачаў ныць. Ці знайду сабе сяброўку? Ці змагу звіць гняздзечка?

Усё ў яго атрымалася, аднак ён і далей мучыў сябе. Ці будуць захаваны яйкі? А можа, у дрэва ўдарыць пярун і ўся сям’я загіне? Ці змагу я пракарміць сям’ю? А калі прыляціць сокал і з’есць маё патомства?

Калі маладыя вераб’і сталі прыгожымі, здаровымі і рухлівымі і пачалі лятаць, верабей ізноў пачаў скардзіцца. Ці знойдуць яны дастаткова ежы? Ці ўратуюцца ад кошак і іншых звяроў?

Але вось аднойчы пад дрэвам праходзіў Хрыстус і, паказваючы пальцам на вераб’я, сказаў сваім вучням: «Паглядзіце на нябесных птушак, яны не сеюць і не жнуць і не збіраюць ураджай, а Мой нябесны Айцец іх корміць».

І тады шэра-карычневы верабей зразумеў, што ў яго было ўсё, толькі ён гэтага не заўважаў.

А ты, малады чалавек, ці заўважаеш, што Бог дае табе ўсё, толькі трэба верыць? Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы на завяршэнне II Усебеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы
2011-08-04 14:11:51
7 жніўня 2011 г.

Быць людзьмі моцнай веры

Дарагая моладзь, глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшняе Евангелле распавядае пра буру, у якую трапілі Апосталы на моры. Яны моцна перапужаны і баяцца. Напэўна, кожны з нас адчуваў бы сябе так, калі б трапіў у падобную сітуацыю. У пэўны момант яны, аднак, бачаць Хрыстуса, які ідзе да іх па вадзе. Спужаліся яшчэ больш, бо хто ж можа хадзіць па вадзе? Езус, ведаючы іх думкі, кажа ім: «Не бойцеся, гэта Я». На гэтыя словы свайго настаўніка Пётр гаворыць: «Калі гэта Ты, Пане, то скажы, каб я прыйшоў да Цябе». Пётр паступае вельмі смела, але ў гэты момант ён давярае Езусу. І Езус кажа яму: «Ідзі».

Пётр ніколі б не адважыўся выйсці з чаўна на сярэдзіне возера. Ён вельмі добра ведаў чым гэта ўсё можа скончыцца, ведаў, што такі крок быў бы неразумным і пагражаў бы смерцю. Па вадзе нельга хадзіць. Гэта не згодна з законамі прыроды. І вось гэты дасведчаны рыбак па камандзе Езуса выходзіць з чаўна, ён не баіцца паставіць нагу на ваду, ведаючы, што пад ёй глыбіня, якая адкрываецца кожнаму, хто толькі ступіць на ваду, каб забраць яго. Аднак ён ідзе па вадзе і насуперак законам прыроды не тоне.

2. Не ўпэўнены, ці адважыўся б хтосьці з нас на такое, нават калі б сам Бог прапанаваў так паступіць. Якую ж веру трэба мець, каб выйсці з чаўна і паставіць нагу на ваду? Пётр меў вельмі моцную веру, выйшаў і пайшоў у напрамку Езуса. Аднак, ідучы да Яго, ён, бачачы вялікія хвалі, у пэўны момант спалохаўся, нечакана аслаб і пачаў тануць, просячы дапамогі. Езус не дазволіў, каб ён патануў, падаў яму руку, аднак з дакорам сказаў: «Чаму засумняваўся, малой веры»?

3. Напэўна, не аднаму з нас становіцца сорамна, калі чуем сённяшняе Евангелле. Калі Пётр, які сапраўды павінен быў мець вялікую веру, каб выйсці з чаўна і ісці па вадзе, заслужыў дакор Езуса, як чалавек малой веры, то што казаць пра нас? Што Хрыстус сказаў бы пра нашу веру, якая ломіцца не перад абліччам марской хвалі, але пад уплывам прачытанай кнігі, фільма, тэле- ці інтэрнэт-праграмы, спатканага чалавека, аднаго моцнага перажывання, нявялікага досведу і г. д. Як далёка нам да веры Пятра, і таму як часта нам трэба прасіць Бога: «Узмацні нашу веру!»

4. У сённяшнім Евангеллі відавочна патрэба вытрывання ў веры. Менавіта яно сведчыць аб сіле веры. Многія людзі ў імя веры могуць распачаць вялікія справы, аднак не ў сілах іх завяршыць. Дзесьці па дарозе яны губляюць веру, як Пётр, які з верай выйшаў у напрамку Хрыста, але потым згубіў веру і пачаў тануць. Той самы Пётр некалькі месяцаў пазней з верай пайшоў за Езусам у Гетсіманскі сад і на двор першасвятара, але калі яму стала пагражаць тое, што яго пазнаюць, ён страціў веру. Таксама і мы на нашым шляху да неба перад абліччам цяжкасцяў губляем веру, губляем той скарб, з якім выйшлі ў дарогу. Гэта доказ нашай малой і слабай веры.

Вера — гэта вялікі скарб, і яна штодзённа павінна ўмацоўвацца, узрастаць і перамагаць цяжкасці. Калі яна не будзе ўзрастаць, то пачне змяншацца. Нездарма лацінская прыказка кажа: «Qui non prоgredit — regredit» («Хто не ўдасканальваецца, той губляе сваю кваліфікацыю». Чалавек, які не клапоціцца пра веру больш, чым пра свае матэрыяльныя справы, утопіцца ў жыцці, якое, як узбуранае мора, толькі і чакае, каго б прыняць у сваю глыбіню.

5. Сёлетняя, ужо II Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі, з’яўляецца заключным этапам падрыхтоўкі да XXVI Сусветнага дня моладзі, які адбудзецца 16–21 жніўня гг. у Мадрыдзе. Тэма гэтага форуму моладзі — вера. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікае моладзь паразважаць аб веры ў святле слоў св. апостала Паўла: «Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры» (пар. Кал 2, 7).

Гэтыя словы Апостала народаў нагадваюць пра тое, што хрысціяне павінны быць укаранёнымі ў Хрысце. Каб бура не паваліла дрэва, яно павінна мець моцныя карані. Таксама і мы, хрысціяне, каб супрацьстаяць амаральнай буры, павінны быць моцна ўкаранёныя ў нашым Збаўцы. Гэта нялёгкае заданне, асабліва ў сучасным свеце, які выхоўвае людзей без маральных прыцыпаў, што вельмі моцна ўплывае на выхаванне маладых хрысціян, якія ў выніку такіх працэсаў застаюцца без хрысціянскіх каранёў і становяцца індыферэнтнымі ў сваіх адносінах да веры. Ім ўсё роўна, як у маральным сэнсе жыве чалавек, абы толькі ён адчуваў сябе добра. Ім цяжка адрозніць праўду ад няпраўды і дабро ад зла.

У Евангеллі паводле Яна Езус заклікае хрысціян быць злучанымі з Ім так, як галінкі злучаны з дрэвам. Калі галінка не злучана з дрэвам, то яна засохне і не дасць плёну. Менавіта таму Хрыстус кажа, што без Яго нічога не можам зрабіць.

6. Дзякуючы ласцы сакрамэнту хросту, мы былі ўключаны ў Хрыста, сталіся Хрыстовымі і святынямі Духа Святога. І такімі павінны быць. А як на самой справе? Быць Хрыстовым азначае заўсёды і паўсюды жыць Яго Евангеллем, што сучаснаму маладому чалавеку ў абставінах маральнага рэлятывізму і імкнення да абсалютнай свабоды ў сваіх паводзінах вельмі цяжка.

Чалавек знаходзіцца як быццам на скрыжаванні дарог. Ведае, што ёсць дабро, і ў той жа час чыніць зло. Чыніць зло, бо яго вера слабая і не ўкаранёна ў Хрыста. Мы любім пайсці ў пілігрымку, паехаць на вялікі фэст, адведаць той ці іншы санктуарый і г. д. Але на самой справе наша вера вельмі часта толькі вонкавая, абрадавая, больш звязаная з традыцыямі і без адпаведнага ўнутранага і духоўнага жыцця. Таму перад абліччам цяжкасцяў яна слабее і многія нават адказваюцца ад яе.

Паглядзім, колькі статыстычна ў нас ахрышчаных. Нямала. А колькі з іх прымае ўдзел у катэхізацыі? Колькі прыступае да першай споведзі і Камуніі? Колькі потым рэгулярна ў нядзелю і святы ходзіць да касцёла, спавядаецца і прымае Камунію? Чым далей мы ставім пытанні адносна рэлійнага жыцця, тым больш змяншаецца колькасць тых, хто ў ім рэгулярна ўдзельнічае. Гэта рэаліі нашага часу, што мы і называем словам «секулярызацыя».

7. Сучасны свет вабіць чалавека, асабліва маладога, сваімі пустымі абяцаннямі і прапановамі імгненнага дасягнення шчасця. Свет рэкламы настолькі апанаваў чалавека, што ён кідаецца на яе, як галодная рыба на прынаду, і не задумваецца аб выніках.   

Табе цяжка, малады чалавек. Тут як тут знаходзіцца нехта, хто прапануе дапамогу. Пойдзем, дам табе наркотык, і ты забудзешся аб сваіх праблемах, табе будзе добра. Адзін, другі, трэці раз — і ўсё, чалавек становіца залежным і ўжо не можа жыць без наркотыкаў. Па статыстыцы кожны трэці вучань сярэдняй школы ў Беларусі знаходзіцца ў сферы ўплыву наркаманаў. Якія іх перспектывы і якая будучыня?

Іншыя шукаюць выйсця ў нязгодным з Божым законам сексуальным жыцці. Расце колькасць маці-школьніц. Іх саміх яшчэ трэба выхоўваць, а яны ўжо маюць дзяцей. Якія перспектывы і для дзяўчыны, і для дзіцяці?

Традыцыйная наша бяда — алкагалізм, памножаная на наркаманію і амаральнае жыццё, вядзе да СНІДу, чумы нашага часу. У Беларусі каля 35 тысяч чалавек, у большасці маладых, захварэлі на гэтую невылечную хваробу. Так што СНІД — гэта ўжо не афрыканская хвароба, але і беларуская.

Многае робіцца ў нас і шмат робяць сусветныя арганізацыі, каб супрацьстаяць СНІДу. Аднак пры гэтым амаль нічога не гаворыцца пра адну і найважнейшую справу — а менавіта пра тое, што не трэба ніякага леку, дастаткова захоўваць шостую Божую запаведзь. У той жа час міжнародныя арганізацыі прапануюць іншае — супрацьзачаткавыя сродкі і бяспечны секс. Тут выразна праглядаецца эканамічная справа. Фармацэўтычныя фірмы будуць рэкламаваць такія сродкі, бо ім гэта выгадна. Тое, што маральна і фізічна гінуць людзі, іх не цікавіць.

8. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: якая наша будучыня, калі нам усё больш і больш пагражае наркаманія, алкагалізм, амаральнае жыццё, СНІД і г. д. — усё тое, да чаго вядзе імкненне да абсалютнай свабоды ў справах маралі, якая на самой справе з’яўляецца свабодай ад Бога і Яго закону? Нашы продкі ўмелі выстаяць падчас ганенняў на веру. Яны выйгралі барацьбу з несвабодай. Ці выйграем мы барацьбу з абсалютнай свабодай?
 
У гэтых складаных абставінах чалавек павінен памятаць, што Божы закон дадзены для яго ж дабра і мы не маем права яго змяняць. Падобна таму, як спроба змянення законаў прыроды вядзе да катастрофы, таксама і змена маральнага закону вядзе да маральнай катастрофы, сведкамі чаго мы і з’яўляемся. Евангелле павінна змяняць нас, а не мы яго, бо гэта кніга жыцця. Касцёл — гэта не клуб па інтарэсах, і ён не можа змяняць Божы закон. Яго задачай з’яўляецца бараніць маральнае права і хрысціянскія каштоўнасці і вучыць людзей жыць паводле іх.

Пасля буры вельмі многа дрэў застаюцца зламанымі і нават паваленымі з каранямі. Але дуб — амаль ніколі. Чаму? Бо ён мае глыбокія карані, якімі трымаецца ў зямлі. Таксама і мы павінны быць укаранёны ў Хрыста. Карані нашай веры павінны глыбока ўвайсці ў Езуса і Яго навучанне. Тады нам не будуць страшныя буры на жыццёвым акіяне сучаснага свету, бо наша вера будзе моцнай.

9. Ці можна пагадзіць маладосць з евангельскім радыкалізмам? Ці не супярэчаць яны адно аднаму? Ці, жывучы паводле духу Евангелля, малады чалавек знойдзе сябе сярод сваіх вельмі часта няверуючых і секулярызаваных аднагодкаў?

Напэўна, гэта нялёгкая справа — быць сучасным і адначасова жыць духам Евангелля. Можна здацца незразумелым, адсталым, нямодным і нават быць высмеяным.

Аднойчы пілігрымка маладых людзей наведала адзін кантэмпляцыйны кляштар. Яны нават сустрэліся з сёстрамі і паразмаўлялі з імі праз кляшторныя краткі. Сярод сясцёр былі і вельмі маладыя. Пілігрымы моўчкі вышлі  з кляштара і селі ў аўтобус у вялікай задуме. Але потым распачалося тое, чаго ў такіх выпадках трэба было чакаць. Некалькі юнакоў і дзяўчат пачалі размаўляць пра ўбачанае і нават выказваць спачуванне сёстрам, якія замкнуліся ў кляштары на ўсё жыццё. Былі нават такія словы: «такія прыгожыя і маладыя, як іх шкада, якія няшчасныя». Аднак сярод моладзі знайшоўся адзін, хто сказаў: «Не ўпэўнены, хто з нас больш няшчасны — мы ці яны. Мы часта не ведаем нават сэнсу свайго жыцця, а яны ведаюць, бо свядома яго выбралі і ідуць правераным шляхам, як указаў сам Бог».

Гісторыя ведае шмат маладых людзей, якія жылі свецкім жыццём, як кожны іншы, вучыліся, працавалі, адпачывалі, былі людзьмі свайго часу, але свет і яго ідэі не апанавалі іх, яны заставаліся да канца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, не страцілі хрысціянскай ідэнтычнасці і нават сталі святымі. Напрыклад, благаслаўлёны Джорджыо Фраскацці, які быў любімцам сваіх аднагодкаў, любіў горы, быў вясёлым, але пры ўсім гэтым будаваў сваё жыццё на падмурку Евангелля.

Ён і падобныя яму ў цэнтры свайго жыцця ставілі Бога і веру ў Яго. Гэта давала ім сілы вытрываць.

А ты, малады чалавек, каго і што ставіш у цэнтры свайго жыцця? Калі няма Бога, то ўсё дазволена. Як прырода не церпіць пустаты, так і ў духоўным жыцці яе не можа быць. Таму, калі няма Бога, Яго месца павінна заняць нешта іншае. Гэтым «нешта» найчасцей з’яўляецца нездаровае і нават злачыннае імкненне да багацця і пошук прыемнасцяў. На самой справе яны прадстаўляюць сабой толькі ілюзорнае шчасце, якое хутка лопаецца, як мыльная бурбалка, пакідаючы пасля сябе боль, роспач і пустату.

10. Аднойчы Мікеланджэла разам з сябрамі прагульваўся па парку ў Фларэнцыі. Раптам ён закрычаў: вось ён, вось! «Хто і дзе?» — спыталіся сябры. «Ну вось, анёл, ён тут, — сказаў славуты мастак, паказваючы на глыбу бясформеннага белага мармуру. — Вось ён, арханёл Міхал».

У гэтай глыбе мармуру Мікеланджэла бачыў скульптуру арханёла Міхала. Ён узяўся за працу і долатам ператварыў гэты бясформенны мармур у вельмі прыгожую фігуру.

Можа, і мы ў сваім жыцці з’яўляемся бясформеннай масай. Аднак Бог, як найлепшы мастак, хоча бачыць у нас тых, якія створаны паводле Яго падабенства. Можа, мы страцілі воблік дзіцяці Божага і больш не з’яўляемся святынямі Святога Духа? Можа, у нашых сэрцах валадарыць грэх і роспач? Трэба памятаць, што Божая міласэрнасць бязмежная. Дастаткова толькі кінуцца ў яе абдымкі. Трэба дазволіць Богу, каб Ён сваім долатам праз сакрамэнт пакаяння, любоў да бліжняга і справы міласэрнасці перамяніў нас, з бясформенных зрабіў абагаўлёнымі. А для гэтага нам трэба мець веру моцную і ўкаранёную ў Хрысце, веру, якой не будзе страшна ніякая бура і ніякі вецер на ўзбураным акіяне XXI стагоддзя.

Падчас хросту святар спытаўся ў нас: «Чаго просіце ад Касцёла?» Нашы бацькі і хросныя адказалі: «Веры». — «А што дае вам вера?» — «Жыццё вечнае».

Так, сапраўды, Хрыстус сказаў: «Хто паверыць, той будзе збаўлены».

Дарагія браты і сёстры, дарагая моладзь! Услухаемся ў заклік Святога Айца Бэнэдыкта XVI і нанава адкрыем прыгажосць веры, каб не здрадзіць ёй і, ёю жывучы, быць сучаснымі і адначасова вернымі свайму хрысціянскаму пакліканю, якое з’яўляецца шляхам да шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці. Амэн.   

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас жалобнай святой Імшы за памерлага кардынала Свёнтка
2011-07-22 19:08:13

23 ліпеня 2011 г., мінская архікатэдра

«Зла не пабаюся, бо Ты са мною» (пар. Пс 23 (22), 6)

1. Глыбокапаважаныя ўдзельнікі жалобных урачыстасцяў!

Гэтыя словы рэспансарыйнага псальма вельмі добра акрэсліваюць асобу кардынала Казіміра Свёнтка, якога Бог паклікаў да сябе на 97 годзе жыцця, пасля доўгай і вельмі цяжкай хваробы. Яны як быццам перадаюць галоўную яго рысу — не баяцца зла, бо Бог з намі.

2. Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі развітваецца са сваім верным сынам, сведкам веры і жывым мучанікам. Ён развітваецца з чалавекам-легендай і выдатным пастырам, які стаў яго знакавай фігурай і які ніколі не губляў надзеі, нават насуперак надзеі.

Завяршылася багатае падзеямі і трагічнае жыццё першага ў сучаснай гісторыі нашай краіны беларускага кардынала.

Нарадзіўшыся ў Эстоніі, ён усё сваё жыццё звязаў з нашай зямлёй і прысвяціў яго абвяшчэнню Евангелля. Гэта быў нялёгкі шлях, на якім ён перажыў шмат цяжкасцяў, ажно да камеры смерці ў Брэсце і дзесяці гадоў у лагерах у Марыінску, Варкуце і Інце. Калі начальнік лагера, пераглядаючы яго справу, спытаў: «Як магло стацца, што чалавек з такой гісторыяй застаўся жывым?», ксёндз Свёнтэк адказаў: «Так хацеў Бог!»

3. У гэтым заключаецца таямніца кардынала Казіміра Свёнтка — у абсалютным даверы Богу. Бо і жыццё на свабодзе не было лёгкім. Трэба было бараніць веру. Трэба было навучаць дзяцей і моладзь праўдам веры, калі гэта было забаронена. Трэба было адбудоўваць касцёлы. Трэба было клапаціцца пра новыя пакліканні. Усё гэта трэба было чыніць у той час, калі сонца атэізму рабіла краіну духоўным Чарнобылем. Але Свёнтэк трываў, як трывалі падобныя яму святары, якія дваіліся і траіліся, каб толькі духоўна дапамагчы людзям. Ён трываў з надзеяй, што ўсё зменіцца на лепшае і краіна ажыве духоўна. І не памыліўся. Сёння не баюся сказаць, што калі б не было святароў фармату Казіміра Свёнтка, то не было б і нас.

4. Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя — гэта перыяд пачатку адраджэння. Актыўная дзейнасць ксяндза прэлата Казіміра Свёнтка не засталася незаўважанай у Ватыкане. І калі прыйшоў адпаведны час, благаслаўлёны Ян Павел II прызначыў яго першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам і адначасова Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. З уласцівай яму энергіяй і надзеяй ён распачаў адбудову Касцёла на Беларусі. Сярод многіх праектаў яго служэння прыярытэтнымі былі — адбудова Мінскай катэдры і адкрыццё семінарыі ў Пінску. І гэта яму ўдалося. Менавіта таму і сённяшняе развітанне з кардыналам Казімірам Свёнткам адбываецца ў адноўленай яго намаганнямі мінскай катэдры, за што мы шчыра дзякуем яму. Без цябе, дарагі кардынал, не было б гэтай катэдры.

Асаблівым клопатам кардынала было развіццё пастырскай дзейнасці, чаму вельмі паспрыяў праведзены ім Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай і Пінскай дыяцэзій.

Клапаціўся памерлы кардынал і пра развіццё мас-медыя і навучанне рэлігіі. Ён заснаваў выдавецтва «Pro Christo» і Баранавіцкі катэхетычны каледж.

Нямала намаганняў ён прыклаў для ўстанаўлення і развіцця дыялога з  грамадствам і будавання ў ім згоды. Шмат было зроблена ў галіне паляпшэння міжхрысціянскіх і міжрэлігійных адносін.

Прыкметнай была яго актыўнасць і ў жыцці паўсюднага Касцёла. Як вельмі дарагога госця, яго ўсюды запрашалі і хацелі паслухаць жывога сведку веры. Яго сведчанне было новым абвяшчэннем Евангелля ў секулярызаваным свеце.

5. Сучасны свет запомніў кардынала Свёнтка як выдатнага пастыра, арганізатара і абаронцу свабоды рэлігіі, якая з’яўляецца падмуркам усялякай свабоды, — як навучае папа Бэнэдыкт XVI. Гэтыя яго намаганні былі адзначаны шматлікімі касцёльнымі і міжнароднымі ўзнагародамі, сярод якіх трэба ўзгадаць узнагароду «Fidei testis» — «Сведка веры» і званне Камандора Ордэна Ганаровага Легіёна Францыі.

6. Будучы такім высокапастаўленым іерархам Каталіцкага Касцёла, кардынал Казімір Свёнтэк заставаўся простым чалавекам. У яго можна было вучыцца запальваючаму гумару, радасці святарскага служэння, энтузіязму, прастаце ў афіцыйных сустрэчах. Адным словам, яго чалавечнасць была зачароўваючай, а святарства — прароцкім.

7. Асабліва важным з’яўляецца тое, што ў гэтым служэнні Богу, Касцёлу і людзям кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды прытрымліваўся слоў Евангелля, у якіх Хрыстус заклікае да чування. Прытрымліваўся сам і заклікаў да гэтага іншых. Ён ведаў добра, што наша Айчына ў небе, і сам рыхтаваўся да яе.

Адзін са святароў Пінскай дыяцэзіі пасля смерці кардынала распавёў аб наступным здарэнні. Некалькі дзён таму яму прысніўся сон, у якім ён пайшоў на чыгуначны вакзал і там убачыў кардынала Казіміра Свёнтка. Спытаў ў яго, што ён тут робіць. Кардынал адказаў: «Чакаю, бо мае дакументы не гатовы». Святар хутка паехаў у бальніцу, умоўна удзяліў яшчэ раз адпушчэнне грахоў. На наступную ноч новы сон. Святар ізноў на вакзале, а кардынала ўжо няма. Праз кароткі час прыйшла вестка, што Бог паклікаў да сябе вернага свайго слугу. Кардынал «ад’ехаў» у Валадарства Божае.

8. Дарагія браты і сёстры!

Так можна коратка прадставіць жыццёвы шлях памерлага пастыра Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэтая постаць нас здзіўляе, і мы ёю ганарымся.

Аднак прыклад жыцця, сведчання і навучання такой значнай асобы не павінен замкнуцца ў рэліквіярыі ўспамінаў. Асоба святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка павінна вучыць нас любіць Бога і бліжняга, быць моцнымі сваёй верай і хрысціянскім сведчаннем, мець надзею нават насуперак надзеі.  У яго мы павінны вучыцца таму, што прыгожа і праўдзіва. Яго прыклад павінен дадаць адвагі слабым, узнесці ўгору параненыя сэрцы і перадаць наступным пакаленням пасланне Вялікага Папы благаслаўлёнага Яна Паўла II: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!». «Бо Ён нічога не адбірае, а толькі дае», — як кажа папа Бэнэдыкт XVI.

9. У наш складаны час, Беларусі неабходна жыць гэтымі ідэямі, каб шляхам дыялогу, прабачэння, міласэрнасці і ўзаемнай пашаны, на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваць шчаслівую Беларусь, чаму сваё жыццё прысвяціў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк.
 
Эмінэнцыя, сёння мы схіляем перад табой свае галовы, дзякуем табе за вернасць хрысціянскай веры і святарскаму пакліканню. Дзякуем за тваё чалавечае, святарскае і біскупскае служэнне. Дзякуем за твой прыклад.

Сваімі малітвамі на тваёй труне пішам пажаданні першых хрысціянаў: «Жыві ў Хрысце, бо жыццё ў Хрысце з’яўляецца жыццём у вечнай славе». А ты з акна дому Нябеснага Айца благаславі нам. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас пахавальнай святой Імшы за памерлага кардынала Казіміра Свёнтка ў пінскай катэдры
2011-07-24 20:12:35
25 ліпеня 2011 г.

“Хто давярае Табе, не будзе расчараваны” (пар. Пс 25(24), 3).

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, ўдзельнікі сённяшніх жалобных урачыстасцяў!

1. Гэтыя словы псальма вельмі добра характарызуюць асобу памерлага кардынала Казіміра Свёнтка. Менавіта ён быў тым чалавекам, які да канца даверыўся Богу.

Так было ў час, калі ён пачуў голас паклікання да святарства; калі з надзеяй распачаў святарскае служэнне; калі знаходзіўся ў камеры смерці ў брэсцкай вязніцы і смерць заглядала ў вочы; калі вайна несла разруху і знішчэнні, і адбірала надзею; калі знаходзіўся ў лагерах; калі трэба было нанава распачынаць служэнне ў пінскай катэдры, якая доўгі час заставалася без святара, і аднаўляць яе; калі трэба было духоўна адраджаць высахлыя ў часы атэізацыі чалавечыя душы, падобна як высахлыя пінскія балоты пасля неабдуманых працэсаў меліярацыі; калі напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прыйшла новая надзея; калі трэба было распачаць біскупскае служэнне ва ўзросце 77 гадоў; калі благаслаўлёны Ян Павел II за вернасць, сведчанне і ахвярнае служэнне прызначыў яго першым у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кардыналам; калі трэба было адбудоўваць касцёльныя структуры, мінскую катэдру, семінарыю ў Пінску; калі трэба было правесці Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, калі ўжо падчас свабоды веравызнання прыйшлі новыя выклікі секулярызму  і г. д.

2. Абсалютны давер Богу быў пуцяводнай зоркай памерлага кардынала, якога Бог паклікаў да святарскага і біскупскага служэння як адпаведнага чалавека і ў адпаведны час.

Добра памятаю, як падчас візіту Яго Эмінэнцыі Прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа ў пінскую катэдру 7 верасня 1988 г. ксёндз Казімір Свёнтэк уручыў яму ад рукі напісаны малітоўнік, з просьбай перадаць яго папу Яну Паўлу II як сведчанне нязломнай веры нашых людзей і надзеі, што вера ператрывае ганенні. Гэты жэст зрабіў вельмі вялікае ўражанне на кардынала і ўсіх прысутных. Гэтым жэстам тады яшчэ святар Казімір Свёнтэк хацеў сказаць, што, нягледзячы на тое, што нас прыціскаюць і не даюць нармальна дзейнічаць, мы трываем, бо давяраем Богу.   

На наступны год, падчас святкавання 50-годдзя святарства Свёнтка, прыбылы на гэтыя ўрачыстасці Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі ў Драгічыне біскуп Уладзіслаў Ендрушук ад усяго сэрца дзякаваў яму за яго мужнасць, вытрываласць і ахвярную пастырскую працу ў вельмі складаных умовах.

Усім вядома, як высока цаніў мужнасць кардынала Свёнтка благаслаўлёны Ян Павел II, Калі заходзіла гаворка пра яго, то ў Папы свяціліся вочы.

Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у спачувальнай тэлеграме ў сувязі са смерцю кардынала ўзгадаў пра яго адважнае сведчанне, якое ён даў Хрысту і свайму Касцёлу ў асабліва цяжкія часы, а таксама пра энтузіязм, з якім працаваў дзеля духоўнага адраджэння сваёй краіны. А ватыканскае выданне «L’Osservatore Romano» за 22 ліпеня 2011 г. назвала беларускага іерарха непахісным дрэвам ў хвіліну шторму, сведкам веры, іконай постсавецкага каталіцызму, сімвалам адраджэння Касцёла ў Беларусі і яго надзеі.

3. Сёння мы стаім над труною памерлага кардынала Казіміра Свёнтка і ўспамінаем яго як неардынарнага чалавека, жывога мучаніка і сведка веры, таленавітага пастыра, здольнага арганізатара, знакавую фігуру нашага часу. У Пінску – горадзе, які ён вельмі любіў, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне і біскупскую сакру і дзе правёў большую частку свайго жыцця, завяршаецца яго зямны шлях. Для яго ўжо завяршыўся час, гадзіннік яго жыцця стаў, але засталася вечнасць. Застаўся дом нябеснага Айца, да якога ішоў усё сваё доўгае, багатае і адначасова вельмі трагічнае жыццё і да якога на працягу свайго 72-гадовага святарскага служэння вёў людзей.

Гэтую праўду аб жыцці і смерці хрысціяніна нагадвае нам сённяшняя жалобная ўрачыстасць. Мы жывём на зямлі, але жывём для Бога і неба. Ходзім рознымі жыццёвымі шляхамі, але ўсе яны сыходзяцца ў адным, які вядзе да дому нябеснага Айца. Нашы гады мінаюць як трава, але Ты, Божа, трываеш на векі. Гэтыя словы жалобнай літургіі падыходзяць нават і такому доўгажыхару, якім быў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк.

Хоць засмучае нас смерць кардынала, аднак мы павінны глядзець на яе праз прызму праўды аб Уваскрасенні Хрыста. Менавіта гэтая праўда нагадвае пра тое, што са смерцю чалавека не завяршаецца яго жыццё. І вузенькая сцяжынка, якая вядзе да магілы – гэта не апошні шлях, але пачатак новага жыцця. Гэтай праўдзе ўсё сваё жыццё навучаў кардынал Казімір Свёнтэк і сёння сам яе дасведчыў.

4. Апошнія дні ў Касцёле ў Беларусі і ў паўсюдным Касцёле трывае малітва за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта найперш малітва ўдзячнасці за яго святарскую вернасць, служэнне і сведчанне, і адначасова малітва аб Божай міласэрнасці.

Яго багатае і адначасова трагічнае жыццё, цяжкая хвароба і смерць, а таксама наша малітва маюць сваю сімволіку. Мы верым, што нішто ў нашым жыцці не з’яўляецца выпадковым, што Бог кіруе жыццём кожнага з нас. Таму складанае жыццё кардынала Свёнтка, але адначасова жыццё верай, надзеяй, нават насуперак надзеі, і любоўю да кожнага чалавека, нават таго, хто пераследаваў яго, цяжкія цярпенні, якімі ён паводле слоў святога апостала Паўла дапоўніў цярпенні Хрыста, і яго смерць хочуць нам сказаць нешта вельмі важнае. А менавіта тое, што ён да канца заставаўся верным як хрысціянскаму, так і святарскаму пакліканню. Быў пастырам па прыкладу Езуса Хрыста – Добрага Пастыра; пастыра, які не пакінуў свайго статку ў гадзіну цяжкага досведу; пастыра, заданнем якога з’яўляецца вучыць, асвячаць і праз служэнне ў любові кіраваць народам Божым. Гэтыя абавязкі ён верна выконваў да канца свайго жыцця і дзякуючы гэтаму заслужыў вялікі аўтарытэт як у Касцёле, так і ў грамадстве.

5. Хрыстус кажа, што Ён ёсць праўда, дарога і жыццё і ніхто не прыходзіць да нябеснага Айца, як толькі праз Яго. Кардынал Свёнтэк добра ведаў гэтую ісціну і вучыў ёй іншых. Менавіта таму, што ёсць адна нязменная праўда – гэта Хрыстус і Яго Евангелле. Ёсць адна дарога, якая вядзе да сапраўднага жыцця, – гэта Хрыстус. Ёсць адно сапраўднае жыццё – гэта таксама Хрыстус. Ён вучыў будаваць жыццё на Хрысце і Яго Евангеллі, каб яно было шчаслівым тут, на зямлі, і прывяло ў дом нябеснага Айца.

Служачы гэтай ісціне, па прыкладу Добрага Пастыра ён не шкадаваў сябе. Стаўшы біскупам ва ўзросце 77 гадоў, ён прыняў на сябе новы крыж, які трэба было насіць не на грудзях, але на плячах. На ім спраўдзіліся словы Езуса, якія Ён сказаў апосталу Пятру: калі ты быў малады, падпярэзваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, то выцягнеш рукі твае, і іншы падпярэжа цябе і павядзе, куды не хочаш. Свёнтэк дазволіў, каб Хрыстус яго падперазаў і павёў. Калі падчас біскупскай кансэкрацыі ён сказаў “так”, то ўсё іншае, акрамя служэння па прыкладу Добрага Пастыра, ўжо не існавала. І так было на самой справе, аж да апошняй хвіліны жыцця. Яшчэ калі быў свядомы перад апошняй аперацыяй, то выказваў сваю вялікую заклапочанасць праблемамі і жыццём Касцёла.

6. Сёння, у дзень пахавання кардынала Казіміра Свёнтка, мы ўсё больш і больш усведамляем яго веліч як сведка веры і добрага пастыра. Адыйшоў да Бога чалавек, верны Богу і Касцёлу, чалавек, адкрыты на сучасны свет і яго праблемы, чалавек, які добра ведаў, што сучасны свет патрабуе новага выканання місіі Хрыста - ісці і навучаць, навучаць, нават калі б і здавалася, што сучасны свет не прымае гэтага навучання. Адным словам, у сваім вельмі шаноўным узросце ён імкнуўся да новай евангелізацыі, да якой так моцна заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II і якую рэалізуе Бэнэдыкт XVI.

У гэтым была яго веліч і адначасова скарб для Касцёла. Такім быў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк – сведка веры, яе абаронца і прамоўтар, працавіты і ахвярны пастыр, выдатны арганізатар і адначасова просты ў зносінах з іншымі людзьмі чалавек.

За ўсё гэта, і не толькі, мы сёння схіляем свае галовы перад табою, дзякуем табе і перапрашаем за магчымыя непаразуменні. Дзякуем Богу, што даў Касцёлу ў Беларусі і паўсюднаму Касцёлу такога правідэнцыяльнага пастыра. Даручаем цябе Божай міласэрнасці. Няхай Маці Божая Вастрабрамская, выяву якой ты змясціў у сваім біскупскім гербе і якой даверыў сваё біскупскае служэнне, прывядзе цябе перад аблічча міласэрнага Бога, каб жыў у Ім навекі. Амэн.

 
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас святой Імшы апоўначы ў Будславе
2011-06-30 15:06:31
1 ліпеня 2011 г.

Чалавек — святыня Духа Святога

1. «Ці не ведаеце, што целы вашыя — святыня Духа Святога, які ў вас жыве, якога маеце ад Бога, і вы не належыце сабе? Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія — Божыя» (1 Кар 6, 19–20), — кажа св. апостал Павел. Гэтымі святынямі мы становімся дзякуючы ласцы сакрамэнту хросту, моцаю якога Найсвяцейшая Тройца прабывае ў нас, як у святынях. Пасрэдніцтвам Божай ласкі мы набываем Божую прыроду і абагаўляемся. Таму з целам і душой мы з’яўляемся святынямі, у якіх жыве Бог. Болей таго, гэта жывыя, а не каменныя святыні, і таму яны здольныя да любові. Быць святыняю Святога Духа — гэта вялікі дар і адначасова заданне, асабліва калі прымем пад увагу асаблівасці жыцця сучаснага ўсё больш і больш эгаістычнага свету.

Марыя з’яўляецца найлепшым прыкладам як самой святыні Духа Святога, так і таго, як захаваць у сабе гэты дар і не страціць яго.

2. Другі год у рамках падрыхтоўкі да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў прысвечаны тэме «Марыя — святыня Духа Святога».

Цягам стагоддзяў рознымі спосабамі апісваліся адносіны Марыі да Святога Духа. Найчасцей яе называлі нявестай і святыняй Святога Духа. Другі Ватыканскі Сабор называе Марыю святыняй Духа (пар. LG 53).

Святое Пісанне выразна нагадвае пра двайное сашэсце Святога Духа на Марыю — падчас Звеставання (пар. Лк 1, 35) і Пяцідзесятніцы (пар. Дз 1, 14; 2, 1-4). Касцёл, маючы на ўвазе цэласнасць Аб’яўлення, бачыць дзеянне Святога Духа ў Марыі ад самога пачатку, гэта азначае ад Беззаганнага Зачацця, і далей праз удзяленне ёй цнотаў веры, надзеі, любові, сілы і мужнасці, — навучае папа Павел VI у Апостальскай адгартацыі пра марыйны культ (пар. СМ 26).

3. Заданні Марыі ў Касцёле не з’яўляюцца канкурэнцыйнымі. Яна не падмяняе Хрыста, але вядзе да Яго. Не падмяняе яна і Духа Святога, які ёсць душой Касцёла, гэта азначае — крыніцай жыцця і праўды, вузлом еднасці паміж Хрыстом і людзьмі, Суцяшыцелем (пар. Ян 14, 17–18; 15, 26), баронячым вучняў перад сіроцтвам (пар. Ян 14, 17–18), але ёсць яго святыняй. Заклікі Літаніі да Панны Марыі, якія вызначаюць сувязь Марыі з Богам і людзьмі, сваю моц чэрпаюць з яе сувязі са Святым Духам. Гэтая яе годнасць вызначае яе місію ў Касцёле.

Усё тое, што Дух Святы ўчыніў Марыі, адносіцца і да ўсяго чалавецтва, прадстаўніком якога яна з’яўляецца. Яна распачынае чаргу тых, што праз ласку хросту таксама сталіся святынямі Духа Святога, які вядзе да Збаўцы Езуса Хрыста. Як Марыя з целам і душой была ўзята ў неба, таксама і кожны чалавек прызначаны да вечнага шчасця.

4. «Услаўляйце Бога ў целах вашых» (1 Кар 6, 20), — заклікае св. апостал Павел. Калі мы можам праслаўляць Бога ў сваім целе, то і яно годнае пашаны і хвалы. Хрысціянства ад самога пачатку супрацьстаяла ўсялякім праявам пагарды супраць чалавечага цела. Ужо ў ІІ стагоддзі Тэртуліян казаў, што чалавечае цела з’яўляецца апорным пунктам збаўлення. Распазнавальным знакам сапраўднага хрысціянства ёсць вера ў тое, што Сын Божы стаўся чалавекам і захацеў застацца ім назаўсёды. Простым наступствам гэтага з’яўляецца тое, што наша мэта — змёртвыхпаўстанне. Таму для хрысціяніна цела — гэта не тавар і не рэч, як часта бывае ў сучасным амаральным свеце, калі яно служыць для спакушэння людзей і заспакаення неўпарадкаванага і нязгоднага з духам Евангелля сексуальнага жыцця. Гэта таксама не мяшок, якога можна пазбыцца, але святыня Духа Святога, якая, застаючыся матэрыяльнай, з’яўляецца абагаўлённай. Таму Бог не пагарджае целам чалавека. Ён яго стварыў, і хрысціянскія адносіны да чалавечага цела — гэта не культ часовых рэчаў, але паклон Творцу і Збаўцу.

5. Як асобы, якія жывуць у рэальных абставінах, мы паддаёмся ўплывам многіх рэчаў і спраў, з якіх не ўсе адпавядаюць годнасці чалавечай асобы, якую яна атрымала ў сакрамэнце хросту. Аб гэтым нас перасцерагае св. апостал Павел.

Першы чалавек — Адам — быў дасканалым. Яго розум быў натхнёны боскімі ведамі, воля была накіравана да дабра, а цела свабодна ад болю і сапсаванасці. Стан такой гармоніі быў страчаны з-за першароднага граху, і чалавек стаўся далёкім ад панавання над самім сабой. Пажадлівасць, цярпенне і смерць атруцілі нашу прыроду, так, што мы перажываем парадокс: чынім зло, якога не хочам, і адначасова становімся няздольнымі чыніць дабро, якога прагнем. Усе нашы сілы моцна аслаблены, яны як быццам армія без генерала. Людзі ядуць і п’юць, не зважаючы на сваё здароўе, а прыемнасць, якая павінна быць дапамогай у дасягненні мэты, становіцца самамэтай. Гэтая смутная рэчаіснасць вядзе да катастрофы: замест шукання вышэйшых рэчаў, якія могуць даць сапраўднае шчасце, людзі паддаюцца неўпарадкаваным жарсцям, якія вядуць у нікуды, бо жарсці самі па сабе сляпыя.

Гэта рэчаіснасць першароднага граху, якую да пэўнай ступені разумелі нават язычнікі, у нашай постхрысціянскай эры ёсць чымсьці зусім забытым і нават высмейваным. Упадак грамадства не з’яўляецца эфектам браку тэхналогій, грошай, ці нават сродкаў і неэфектыўна працуючага ўраду, але таго, што людзі сёння не жадаюць панаваць над сабой. Ужо з ранняга дзяцінства бацькі распешчваюць сваіх дзяцей і выконваюць кожны капрыз іх часамі нават неўпарадкаваных імкненняў, гэтым самым рыхтуючы іх да пажыццёвага рабства. Гледзячы на сучасную моладзь, са смуткам трэба заўважыць, што ў яе праяўляецца недахоп увагі і канцэнтрацыі і трымання ў цуглях сваіх жаданняў. Яна не можа адказаць сабе нават у самай малой прыемнасці і няздольная зразумець сэнс ахвяры, на ўсё наракае і не жадае з жыццёвага вопыту чэрпаць навуку.

Грамадства можа перажыць кожны катаклізм і нават чужую акупацыю, калі яе жыхары духоўна моцныя, аднак калі яе грамадзяне няздольныя да панавання над сабой самім, то не патрэбна ніякага знешняга ворага — папросту янo ўпадзе пад сваім цяжарам, як упалі многія імперыі, якія знішчыла пажадлівасць. Як бацькі трымаюць сваіх дзяцей здалёку ад захоўваемых у хаце хімічных сродкаў, каб не атруціліся, таксама ў маральным парадку нам неабходна стараніцца ўсяго, што магло б атруціць яго духоўна.

6. Арабы распавядаюць вельмі прыгожую і хвалюючую гісторыю пра месца, дзе была пабудавана Ерусалімская святыня. Калісьці гэтая тэрыторыя належала двум братам. Старэйшы быў жанаты і меў сям’ю, малодшы жыў самотна. Яны абраблялі зямлю кожны на сваёй палове. Аднойчы малодшы падумаў, што так несправядліва, бо ён жыве адзін, а брат мае сям’ю. Ноччу ён перанёс частку снапоў на поле брата. Адначасова старэйшы падумаў, што яго брат не мае нікога, хто б яму дапамог, а гэта несправядліва. Ён таксама ноччу перанёс некалькі снапоў збожжа са свайго поля на братава. Раніцай браты заўважылі, што снапоў на іх палях не зменшылася. Цягам некалькіх начэй яны паўтаралі тое ж самае, але без выніку. Жадаючы пазнаць прычыну, затаіліся ў начной цемры і такім чынам адкрылі ўзаемную любоў. Тады з неба пачуўся голас: гэта месца святое, Я тут хачу жыць.

7. Богу спадабаліся браты, якія асвяцілі сваёй любоўю месца, дзе была пабудавана Ерусалімская святыня. Ці мы на самой справе падабаемся Богу? Ці з’яўляемся святынямі Духа Святога? Ці жывём любоўю дзяцей Божых? Сапраўдная любоў імкнецца чыніць дабро. Яна з’яўляецца маторам дзеяння чалавека, пачаткам усіх цнотаў і маральнага дзеяння.

Падчас хросту Святы Дух уліў у нас Божую ласку. Дух Святы таксама і сёння умацоўвае ў нас дар веры, надзеі і любові. Ён дапамагае нам падчас барацьбы са злым духам і вядзе да выканання нашага паклікання. Таму нам трэба жыць любоўю, якая паходзіць ад Святога Духа, каб будаваць адзінства нашага грамадства і імкнуцца да яго справядлівага развіцця. Таму, углядаючыся ў Марыю, не будзем забывацца аб Святым Духу, якім мы запячатаны ў дзень адкуплення (пар. Эф 4, 30). Не станем знеслаўляць наша цела і нашу душу дзеля прыемнасцяў гэтага свету, але захаваем іх для вышэйшых мэтаў, каб яны былі месцам, дзе сваёю ласкаю жыве Бог, і месцам, дзе пануе любоў.

8. Марыя, наша Маці Будслаўская, ужо амаль 400 гадоў ты клапоцішся пра нас і беражэш нас. Так было заўсёды. Так было яшчэ зусім нядаўна падчас пераследу веры. Так ёсць і сёння. Выпрасі ў свайго Сына ласку, каб мы бралі з цябе прыклад, не зганьбілі нашай хрысціянскай годнасці і, застаючыся святынямі Духа Святога, у гэты асаблівы і вельмі складаны час вырашалі нашы праблемы на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага навучання Касцёла, будавалі ўзаемную згоду на хвалу Бога, дзеля збаўлення людзей і справядлівага грамадства. Дапамажы нам, Марыя, каб наша Краіна — Беларусь — сапраўды была белай, гэта азначае, па твайму прыкладу святыняй Духа Святога. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас урачыстай Імшы ў Будславе
2011-06-30 13:40:32
2 ліпеня 2011 г.

Жыць духам Божай праўды

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. «Радуйся, поўная ласкі! Пан з табою. …Дух Святы сыдзе на цябе, і сіла Усявышняга ахіне цябе; таму і народжанае Святое назавецца Сынам Божым» (Лк 1, 28. 35).

Мы пачулі гэтыя словы ў сённяшнім Евангеллі. Гэта тэалагічная аснова таго, што Марыя з’яўляецца святыняй Святога Духа, — тэмы сёлетняга святкавання будслаўскай урачыстасці як другога года ў плане падрыхтоўкі да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза ў Будслаў, які мы будзем адзначаць у 2013 г.

Марыя з’яўляецца святыняй Духа Святога ўжо ад хвіліны свайго Беззаганнага Зачацця. Дзеля будучых заслуг яе сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста яна, адзіны чалавек на зямлі, атрымала прывілей быць звольненай ад першароднага граху. Дзякуючы дзеянню Святога Духа яе душа была напоўнена Божай ласкай. Менавіта моц гэтай ласкі дапамагла ёй у хвіліну Звеставання згадзіцца з Божай воляй стаць Маці так доўга чаканага Збаўцы, бо калі Бог чагосьці хоча, то Ён хоча толькі дабра. Дзякуючы гэтай згодзе і дзеянню Святога Духа, пад яе сэрцам пачало біцца сэрца Збаўцы.

2. Па натхненні Святога Духа Марыя паспяшыла ў дом Захарыі і Альжбеты, якая прывітала яе як маці Пана (пар Лк 1, 42–43). У адказ Марыя заспявала свой славуты гімн «Magnificat» — «Велічае душа мая Пана, бо вялікія рэчы Ён учыніў мне» (пар. Лк 1, 46–55). Марыя прыйшла ў дом Альжбеты не адна, але з Езусам і Ягонай ласкай, дзякуючы якой будучы папярэднік Хрыста св. Ян Хрысціцель быў вызвалены ад першароднага граху.

Марыя папрасіла Езуса, каб учыніў першы цуд у Кане Галілейскай і перамяніў ваду ў віно. Айцы Касцёла сцвярджаюць, што Марыя калі не фізічна, то духоўна прысутнічала пры кожным цудзе, які здзейсніў яе Сын Езус Хрыстус.

У 1917 г. у Фаціме Марыя прадказала гісторыю развіцця свету ў ХХ стагоддзі. Бачачы, якія беды нясуць прыходзячыя з Захаду ідэі камунізму і атэізму, Марыя выступіла ў якасці прарока. Каб іх пазбегнуць, яна заклікала да малітвы і навяртання і адначасова папярэдзіла, што калі гэтага не будзе, то наступяць цяжкія часы, якія ўключаць у сябе таксама і пераслед веры. Аднак Марыя пры гэтым дала надзею, што яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і настане час навяртання. Мы сталіся сведкамі гэтых падзей — пераследу і веры і атрыманай свабоды веравызнання.

Гэтыя і іншыя факты клопату Марыі, як Маці збаўленага чалавецтва і святыні Святога Духа, пра свой народ сведчаць пра дзеянне Святога Духа ў ёй і праз яе. Дух Святы з’яўляецца тым, хто вядзе Касцёл і людзей шляхам збаўлення, натхняе, як вырашыць тую ці іншую праблему. Дзякуючы дзеянню Святога Духа, Касцёл, Маці якога з’яўляецца Марыя, ужо 2000 гадоў ідзе праз розныя выпрабаванні і сёння мужна сустракае новыя праблемы.

3. «Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі», — спяваем у гімне да Святога Духа. Гэты вокліч асабліва актуальны ў наш час, калі наша краіна знаходзіцца ў вельмі складаных абставінах і калі мы адчуваем вялікую патрэбу аднавіць сваё грамадскае, сямейнае і асабістае жыццё. Гэтае абнаўленне трэба распачаць ад абнаўлення чалавечай асобы на маральных прынцыпах. Вырашаючы складаныя сацыяльна-палітычныя праблемы нашага грамадства, неабходна памятаць аб тым, што пачаткам пачаткаў з’яўляецца стан духоўнага жыцця чалавека. Пакліканне кожнага хрысціяніна — сведчыць аб Хрысце сваім жыццём. Гэта азначае, што наша жыццё трэба спалучаць з Евангеллем, выконваць Божыя запаведзі, заўсёды паводзіць сябе так, як навучае Хрыстус, — кажа благаслаўлёны Ян Павел II.

Будучы святыняй Святога Духа, Марыя засталася вернай свайму пакліканню быць слугой Божай і слугой людзей. Усё яе жыццё азнаменавана згодай з воляй Божай. Гэта ключ да пазнання Марыі і яе місіі ў справе збаўлення чалавека. Гэта таксама ключ да вырашэння праблем чалавека і дасягнення шчасця. Для свайго аднаўлення грамадства патрабуе не столькі рэфарматараў, колькі святых, поўных Божага духа людзей, такіх, як Марыя, каб, падбадзёраныя яе прыкладам, мы не баяліся быць іншымі і моцнымі, супрацьстаяць выклікам часу.

4. А гэтых выклікаў вельмі шмат. Адзін з найбольш небяспечных — гэта пагроза лібералізму і маральнага рэлятывізму ці тэндэнцыя змяняць Божы закон на сваю карысць, пагроза жыць не Божай праўдай, а сваёй, чалавечай, якая, як вядома, можа змяняцца ў залежнасці ад абставінаў і часу.

У той жа час мы добра ведаем, што праўда можа быць толькі адна, не мая і не твая, дарагі брат і сястра, але сама праўда. Прыкладам могуць быць розныя мовы, якія існуюць у свеце. Калі б не было праўды, то мы не маглі б перакладаць з адной мовы на іншую. А калі можам гэта ўчыніць, то ў нас існуюць тыя ж самыя ідэнтычныя ідэі, якія мы выказваем на розных мовах.

Безумоўна, тэма праўды заўсёды была і ёсць вельмі cкладанай і спрэчнай, аднак чалавек павінен імкнуцца да пазнання праўды. Яшчэ Арыстоцель пісаў, што ўсім людзям прыроджана жаданне пазнаць праўду. Усё навучанне благаслаўлёнага Яна Паўла II пазначана любоўю да праўды. Папа Бэнэдыкт XVI ад самага пачатку свайго Пантыфікату звяртае ўвагу на небяспеку рэлятывізму як цэнтральнай праблемы хрысціянскай веры ў наш час. Вельмі значнай у гэтым сэнсе з’яўляецца яго гамілія падчас св. Імшы распачацця выбару новага Папы. Ён кажа, што, на жаль, вызнанне веры, згоднай з навучаннем Касцёла, у наш час часта пазначаецца як фундаменталізм. У той жа час рэлятывізм прымаецца як адзінае годнае для сучаснасці стаўленне чалавека да жыцця. У сувязі з гэтым усталёўваецца дыктатура рэлятывізму, якая не прызнае нічога за праўду, акрамя ўласнага «я» і яго капрызаў.

Рэлятывізм, сцвярджаючы, што няма аб’ектыўнай праўды, не можа прыняць канчатковага рашэння адносна свету, самога чалавека і яго жыцця, бо ўсё адносна, часова і ўсё можна змяніць. У рэлятывізме няма сэнсу існавання свету і чалавека, усё зводзіцца да эксперыментальных навук як адзінай крыніцы пазнання.

Сучасны чалавек атручваецца ядам маральнага рэлятывізму і палікарэктнасці ў справах рэлігіі і, жывучы так, не ведае, дзе знайсці лекі ад гэтай хваробы, і таму не можа супрацьстаяць спакусам. Калі чалавек перастае верыць у Бога, то пачынае верыць у нешта іншае, — кажа англійскі хрысціянскі мысліцель Гілберт Чэстэртан. Гэтым «нешта» ў сучасным свеце найчасцей з’яўляецца неўпарадкаванае імкненне да багацця і амаральных задавальненняў, а таксама да абсалютнай свабоды без адказнасці.

5. Вядомы французскі пісьменнік Андрэ Фроссард у кнізе «Не бойцеся. Размовы з Янам Паўлам II» пытаецца ў Вялікага Пантыфіка, якую цытату са Святога Пісання ён любіць найбольш. На гэта Папа адказаў на лацінскай мове: veritas liberavit vos. Праўда чыніць чалавека свабодным, а свабода без праўды азначае скрыўленне свабоды.

Як прыклад возьмем маці, якая хоча купіць свайму дзіцяці слоік джэму. Яна найперш даведваецца, ці джэм натуральны, якая фірма яго выпусціла, колькі там тлушчу, колькі каштуе, ці спрабавала яго суседка і г.д. Мама не будзе купляць свайму дзіцяці джэм толькі таму, што ён у прыгожым слоіку. Таксама і мы не павінны «купляць», калі так можна выказацца, рэлятывістычную праўду, калі б нават яна была ў найбольш прыгожай упакоўцы.

Фальсіфікацыя сэнсу праўды праз рэлятывізм вядзе да фальсіфікацыі паняцця свабоды, бо тады ўжо не праўда вызваляе, але свабода творыць праўду, маю асабістую праўду, якая азначае тое, што мне падабаецца і на што я маю ахвоту. Рэлятывістычнае стаўленне патрабуе свабоды без абмежаванняў, без сувязі, без напрамку і не дае адказу на фундаментальныя пытанні: адкуль мы паходзім, куды ідзём, які пачатак і канец усяго таго, што нас акружае, як жыць шчасліва, які сэнс маюць цярпенне і смерць?

6. Езус кажа пра сябе: «Я ёсць праўда». Ён не кажа, што гаворыць праўду, але што ёсць праўда. Да пазнання гэтай праўды вядзе нас Святы Дух. Не можа быць дзвюх або некалькі праўдаў. Праўда заўсёды адна, і яна не можа змяняцца. Аб гэтым нам трэба памятаць, ушаноўваючы Марыю як святыню Святога Духа, і гэтым жыць.

Ёсць адна праўда, што сям’я — гэта адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны, накіраваны на ўзаемную дапамогу і нараджэнне патомства. Ёсць адна праўда, што жыццё — гэта самы вялікі дар Бога, яно пачынаецца ад зачацця і яго трэба бараніць да натуральнай смерці. У сувязі з гэтым праўдай ёсць тое, што аборт — гэта генацыд народа. Ёсць адна праўда, што так званае рэпрадуктыўнае здароўе ці штучнае апладненне супярэчыць Божаму праву і годнасці чалавечай асобы. Ёсць адна праўда, што мы павінны любіць і шанаваць адно аднаго. Ёсць адна праўда, што пачаткам усякіх зменаў з’яўляецца духоўная змена. Ёсць адна праўда, што чалавек у сваім натуральным імкненні да свабоды павінен імкнуцца жыць у свабодзе дзяцей Божых, а не ў свабодзе ад Бога і Яго закону. Ёсць адна праўда, што амаральнае жыццё вядзе да асабістай і грамадскай катастрофы.

7. Не дазволім, дарагія браты і сёстры, быць ашуканымі. Не дазволім, каб прыгожая ўпакоўка, у якой сучасны свет нам прапануе сваю праўду, якая на самой справе з’яўляецца антыпраўдай, адвяла нашу ўвагу ад сапраўднай праўды, якой ёсць Бог. Не дазволім замяніць Бога матэрыяльнымі рэчамі і задавальненнямі.

Касцёл — гэта не канцэрт пажаданняў, але місія для спаўнення, місія збаўлення чалавека, і ён не можа яе змяніць, якой бы прыгожай не была ўпакоўка секулярнага свету.

Марыя, наша Маці Будслаўская, ты дапамагла нам падчас ганенняў не здрадзіць сваёй веры і норавам нашых бацькоў, дапамагла захаваць нашу хрысціянскую годнасць, выпрасі ў свайго Сына і нашага Збаўцы ласку заўсёды заставацца святынямі Святога Духа, каб супрацьстаяць выклікам часу і будаваць жыццё на праўдзе Евангелля, якая ўчыніць нас свабоднымі на хвалу Божую, для нашага збаўлення і на карысць грамадства. Magna est veritas Dei et praevalebit! — Вялікай ёсць праўда Божая, і яна пераможа! Амэн.



 
Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевiча да духавенства, свецкіх вернікаў i ўсiх людзей добрай волi ў сувязі з прызначэннем Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі
2011-06-30 11:08:32

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернiкi і ўсе людзi добрай волi!

1. 30 чэрвеня 2011 г., напярэдадні свята Маці Божай Будслаўскай, у сувязі з цяжкім станам здароўя Яго Эмінэнцыі Ксяндза Кардынала Казіміра Свёнтка, Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі ad nutum Sanctae Sedis (да асобага распараджэння Апостальскай Сталіцы).

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на 20-годдзе ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі
2011-06-17 10:58:27
Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены

19 чэрвеня 2011 г.

«Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому, Богу, які ёсць, які быў і які прыходзіць».

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэтыя словы ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якую сёння адзначае Каталіцкі Касцёл, мы пачулі ў сённяшняй літургіі слова. Чалавек не здольны пазнаць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы, і толькі Бог нам яе аб’яўляе. І сапраўды, як можна зразумець чалавечым розумам, што адзін раўняецца тром, бо ў Найсвяцейшай Тройцы мы праслаўляем аднаго Бога ў трох асобах, кожная з якіх таксама з’яўляецца Богам. Бог Айцец — гэта пачатак усяго. Ён адвечна нараджае Сына, які ўцелавіўся для нас і нашага збаўлення і які пасылае нам Святога Духа Суцяшыцеля, каб весці Касцёл у новую будучыню.    

2. Езус Хрыстус, ведаючы, што пасля завяршэння справы збаўлення чалавецтва павінен быў адысці да дому свайго Нябеснага Айца, заснаваў Касцёл, задачай якога з’яўляецца весці людзей шляхам збаўлення. Пры гэтым словамі, якія Езус сказаў апосталу Пятру: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18), Ён нагадаў пра тое, што Касцёл будзе існаваць вечна, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці. Гэтыя словы з’яўляюцца фундаментальнымі як з пункту гледжання ўстанаўлення Касцёла, так і яго дзеяў.

Другі Ватыканскі Сабор нанава адкрыў веліч і глыбіню Касцёла як народу Божага, які складаецца з вернікаў розных нацый і моваў. Слова «каталіцкі» паходзіць ад грэчаскага «каталікос», што азначае «паўсюдны». Такім чынам, Касцёл па сваёй прыродзе панаднацыянальны. Аднак у той жа час як боска-чалавечы арганізм ён знаходзіцца на канкрэтнай тэрыторыі і дзейнічае ў канкрэтных абставінах. Таму ён мае свае структуры. Гэта найперш парафіі, якія ўваходзяць у склад дыяцэзіі. Для лепшай каардынацыі працы і выпрацоўкі сумеснага пастырскага плану некалькі дыяцэзій уваходзяць у склад мітраполіі.

3. Беручы пад увагу служэнне біскупаў і іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, трэба найперш нагадаць, што хрысціянства на нашы землі прыйшло ўжо ў Х стагоддзі. Княгіня Вольга ў 959 г. звярнулася да нямецкага караля Атона I з просьбай прыслаць біскупа і святароў. На славянскія землі кароль паслаў біскупа Адальдага. У канцы X — пачатку XI стагоддзяў св. Бруно Баніфацы разам са св. Войцехам абвяшчаў Евангелле язычнікам і імі быў забіты на мяжы Літвы і Русі, гэта азначае дзесьці на захадзе ці на паўднёвым захадзе Беларусі.

На пачатку XI стагоддзя ў Тураве было заснавана лацінскае біскупства. Першым біскупам быў Райнберн.

У 1186 г. было заснавана так званае Ліёнскае (Рыжскае) біскупства. Першым біскупам часткі беларускіх і літоўскіх земляў стаў Хрысціян, катэдра якога знаходзілася, здаецца, у Навагрудку.

У XIII–XVII стст. на нашых землях будуецца шмат касцёлаў, прыбываюць францішкане і езуіты, якія засноўваюць свае цэнтры. Так, напрыклад, езуіты заснавалі дзве акадэміі — у Вільні і Полацку. У XVII стагоддзі ў Віцебску працуе біскуп Язафат Кунцэвіч. У 1720 г. былі прызначаны асобныя каталіцкія біскупы для ўсходняй Беларусі — у Магілёве, Мсціславе і Оршы.

У 1773 г. царыца Кацярына II без узгаднення з Апостальскім Пасадам заснавала Беларускую дыяцэзію. Пасля доўгіх перамоваў у 1783 г. Апостальскі Пасад заснаваў Магілёўскую архідыяцэзію і мітраполію, у якую ўвайшлі ўсе каталіцкія дыяцэзіі Расійскай імперыі.
 
У 1798 г. была ўстаноўлена Мінская дыяцэзія. Аднак сітуацыя Каталіцкага Касцёла была нялёгкай. З часам пачалі зачыняцца кляштары і навучальныя ўстановы. У 1839 г. была ліквідавана Унія, а ў 1869 г. — Мінская дыяцэзія, якая была далучана да Віленскай дыяцэзіі а ў 1883 г. — да Магілёўскай. Царскі ўрад моцна супрацьстаяў рэлігійнаму жыццю Каталіцкага Касцёла, і адным з наступстваў гэтага з’яўляецца сумная гісторыя ўсё яшчэ не перададзенага вернікам Бернардынскага комплексу ў Мінску.

4. Пасля царскага талеранцыйнага Указу ад 1905 г. пачалося ажыўленне дзейнасці Каталіцкага Касцёла. У 1917 г. была адноўлена Мінская дыяцэзія. Аднак пачынаючы ад 20-х гадоў мінулага стагоддзя дзейнасць Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі была паралізавана. У 1920 г. быў арыштаваны біскуп Мінскі Зыгмунт Лазінскі, які потым у 1925 г. быў прызначаны біскупам новаўтворанай Пінскай дыяцэзіі. У 1923 г. асуджаны і рэпрэсіраваны магілёўскі арцыбіскуп Ян Цепляк. У 1926 г. біскуп Балеслаў Слосканс быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам у Магілёве, а ў 1927 г. — у Мінску. Аднак у тым жа годзе ён быў арыштаваны. Пік ганенняў — гэта 1939 г., калі былі зачынены амаль усе касцёлы, а ў 10 фармальна не зачыненых не было ніводнага святара.

У выніку зменаў межаў Беларусі пасля II Сусветнай вайны ў заходніх яе рэгіёнах было значна больш адчыненых касцёлаў і святароў. Нягледзячы на палітыку ганенняў, Касцёл трываў. У 1988 г. у Беларусі дзейнічалі 105 касцёлаў і працавалі 62 святары.

5. Аднак сацыяльна-палітычныя падзеі таго часу ў былым Савецкім Саюзе сведчылі, што час ганенняў завяршаецца.

У 1989 г. быў прызначаны першы каталіцкі біскуп у Беларусі, а 13 красавіка 1991 г. благаслаўлёны папа Ян Павел II сваім своечасовым, мужным і правідэнцыяльным рашэннем рэарганізаваў нармальныя структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і ўстанавіў Мінска-Магілёўскую мітраполію, у склад якой увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і дзве дыяцэзіі — Гродзенская і Пінская. У 1999 г. з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была вылучана Віцебская дыяцэзія, так што сёння ў склад мітраполіі ўваходзяць чатыры дыяцэзіі.

Устанаўленне дыяцэзій і мітраполіі ўнесла элемент касцёльнай стабільнасці ў Беларусі і паклала мяжу трываючай на працягу трох пакаленняў няпэўнасці, калі не было сваіх біскупаў, а толькі генеральныя вікарыі, якія прызначаліся біскупамі з-за мяжы. Уручэнне палія першаму Мінска-Магілёўскаму Мітрапаліту арцыбіскупу Казіміру Свёнтку ў гэтым касцёле св. Сымона і св. Алены было не толькі сімвалічным жэстам, але падкрэсліла яго ўладу і сувязь з біскупам Рыма як наступнікам св. Пятра і Апостальскім Пасадам.

Устанаўленне дыяцэзій і мітраполіі мае таксама глыбокі тэалагічны сэнс. Кожная дыяцэзія з’яўляецца партыкулярным, мясцовым Касцёлам. Аднак гэты Касцёл праз тую ж веру, той жа культ і адзінства кіраўніцтва змяшчае і праяўляе ў сабе жыццё паўсюднага Касцёла.

6. За мінулыя 20 гадоў Каталіцкі Касцёл у Беларусі прайшоў фазу свайго станаўлення і арганізацыі неабходных структур, такіх, як парафіі, якіх каля 460; навучальныя ўстановы, сярод якіх дзве семінарыі і тры ўстановы для падрыхтоўкі катэхетаў; чатыры выдавецтвы, якія выдаюць рэлігійныя і літургічныя кнігі, катэхетычныя матэрыялы, чатыры газеты і чатыры часопісы; вэб-сайт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Сatholic.by, які займае адно з вядучых месцаў сярод рэлігійных сайтаў Беларусі; нацыянальны, дыяцэзіяльныя і парафіяльныя дабрачынныя фонды «Карытас»; нядзельная радыётрансляцыя святой Імшы на першым канале Беларускага радыё і многае іншае. Колькасць беларускіх святароў узрасла больш чым у тры разы. Перакладзены на беларускую мову і выдадзены асноўныя літургічныя кнігі, а таксама многія афіцыйныя дакументы Каталіцкага Касцёла, што патрэбна для арганізацыі і правядзення набажэнстваў, фармацыі святароў, кансэкрававных асобаў і свецкіх і што таксама з’яўляецца ўкладам Каталіцкага Касцёла ў развіццё беларускай культуры. Пры парафіях арганізавана катэхізацыя дзяцей і моладзі. Развіваецца пілігрымкавы рух як да беларускіх, так і да замежных санктуарыяў. Каталіцкі Касцёл прымае актыўны ўдзел у вырашэнні многіх сацыяльных праблем нашага грамадства, у першую чаргу такіх, як праблемы сям’і, аховы жыцця, прафілактыкі СНІДУ, дапамогі бедным і патрабуючым, сацыяльнай справядлівасці, выхавання моладзі на маральных прынцыпах і г. д. Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю адносін з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, з якой мы маем некаторыя сумесныя праграмы і стараемся сумесна адказваць на балючыя выклікі нашага секулярнага часу, а таксама сумесна сведчыць і бараніць хрысціянскія каштоўнасці.

7. Разам з гэтымі і іншымі дасягненнямі і поспехамі ёсць і нямала праблем. Адной з самых балючых з’яўляецца недахоп касцёлаў і касцёльных памяшканняў. Дзякуй Богу, улады разумеюць гэтыя праблемы і даюць дазволы на будаўніцтва новых касцёлаў, асабліва ў Мінску. Аднак само іх будаўніцтва ў абставінах эканамічнага крызісу з’яўляецца нялёгкай справай.

Усё яшчэ адчуваецца недахоп святароў, і таму неабходна дапамога святароў і кансэкраваных асобаў з-за мяжы.

Многае трэба ўчыніць у галіне фармацыі свецкіх вернікаў, асабліва адносна іх пачуцця адказнасці за Касцёл і хрысціянскага сведчання ў розных жыццёвых абставінах, каб яны былі хрысціянамі не толькі ў касцёле падчас набажэнства, але і за яго парогам; каб прыпадабняліся не свету, а Хрысту; каб іх публічная этыка абапіралася не на прынцыпы лібералізму, але на прынцыпы вечна жывога і актуальнага Евангелля.
 
Жыццё паказвае, што наша грамадства маральна хворае і яго трэба лячыць.

8. Для выканання гэтага вельмі актуальнага задання неабходна новая інкультурацыя веры ў кантэкст нашай складанай беларускай рэлігійнай рэчаіснасці, якая адчувае на сабе як наступствы атэізацыі трох пакаленняў, так і працэс нялёгкага адражэння рэлігійнасці ў складаных абставінах наступаючага секулярызму і сацыяльна-палітычнай сітуацыі нашага грамадства. Крызіс, у якім мы знаходзімся, патрабуе больш вертыкальнага і «акунутага» ў Божую таямніцу позірку на нашае жыццё, каб пераадолець рызыку канцэнтрацыі ўвагі толькі на часовых рэчах і справах.

Постмадэрнісцкі маральны крызіс грунтуецца на адсутнасці матывацыі маральнага абавязку. Неабходнасць захавання фундаментальных этычных прынцыпаў падвяргаецца эрозіі на карыць пошуку матэрыяльных каштоўнасцяў, спажывецтва і жыццёвых прыемнасцяў. Сучасны чалавек паддаецца спакусе, якая грунтуецца на сумненні ў тым, што трэба жыць сумленна і бескарысна.

Таму Касцёл у Беларусі, які ўступае ў сваё трэцяе дзесяцігоддзе пасля адраджэння сваіх структур і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі, павінен дапамагчы людзям вярнуць этычную матывацыю іх дзеянняў. Для гэтага нельга ігнараваць публічнае значэнне веры, супрацьстаяць тэндэнцыям яе прыватызацыі і паказаць, што жыць паводле закону Божага не толькі справядліва, але і карысна для ўсяго грамадства. Толькі тады вера зможа ўнесці свой уклад у маральнае адраджэнне народа.

Французскі хрысціянскі мысліцель Антуан дэ Сэнт-Экзюперы казаў, што калі хочаш збудаваць карабель, то не кліч людзей збіраць дрэва, не падзяляй абавязкаў і не давай распараджэнняў, але вучы настальгіі да шырокага і бямежнага мора. Навучыць людзей мець настальгію да Божага закону і яго сведчыць — і ёсць самае вялікае і першаснае заданне Касцёла ў Беларусі ў наш час, бо калі Бог знікае з гарызонту чалавека, ён становіцца рабом ідэалогіі і нігілізму, як сказаў папа Бэнэдыкт XVI ў мінулую сераду,  15 чэрвеня 2011 г. (http://www.zenit.org/article-27093?l=italian).

Калі губляецца вера ў Бога, то чалавек пачынае верыць у нешта іншае, у сучасным свеце найчасцей — у моц багацця і прыемнасцяў. Пры гэтым ён думае, што, не захоўваючы Божы закон, становіцца свабодным. Гэта зусім не так, бо на самой справе ён становіцца заложнікам і рабом матэрыяльных каштоўнасцяў, амаральнага жыцця, неўпарадкаваных пазасужэнскіх сексуальных адносін, наркаманіі, алкагалізму, эгаізму і г. д.

У той жа час мы не рабы. Моцаю сакрамэнту хросту мы пакліканы да свабоды дзяцей Божых, якія жывуць паводле Божага закону, але не да свабоды ад Бога і Яго права. Менавіта да свабоды дзяцей Божых нас вядзе Касцёл.

9. Пане Божа, міласціва глянь на свой Касцёл у Беларусі — зямлі святых, сведкаў веры і мучанікаў, удзячных Богу і благаслаўлёнаму папу Яну Паўлу II за аднаўленне сваіх структур і ўстанаўленне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, а таксама папу Бэнэдыкту XVI за пастаянны клопат аб ім, які спявае свой «Magnificat», бо сапраўды вялікія рэчы ты яму ўчыніў і чыніш. Дай яму ласку, каб, уступаючы ў новы этап сваёй дзейнасці, вёў да новай інкультурацыі веры ў сучасным жыцці нашага грамадства, мужна адказваў на выклікі часу, паглыбляў еднасць чалавека з Богам і іншым чалавекам у духу любові і ўзаемнай пашаны, дапамагаў чалавеку не баяцца жыць паводле Божага закону і станавіцца святым нашага часу.

Старая прыказка кажа, што дочкамі ўдзячнасці з’яўляюцца радасць і надзея. Няхай жа сённяшнія ўрачыстасці і падтрымка нашых апекуноў, Маці Божай Будслаўскай і св. Арханёла Міхала, спрыяюць узрастанню радасці і надзеі ў нашым жыцці, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), на хвалу ў Тройцы адзінага Бога і для збаўлення людзей. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святарскіх і дыяканскіх пасвячэнняў у Чырвоным касцёле
2011-06-10 10:48:33
11 чэрвеня 2011 г.

Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены

«Жніво вялікае, але працаўнікоў мала. Прасіце гаспадара жніва, каб паслаў на яго сваіх працаўнікоў».

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы Касцёл прапануе нашай увазе сёння, калі ў мінскім Чырвоным касцёле адбываюцца святарскія і дыяканскія пасвячэнні. Гэтыя словы былі актуальнымі 2000 гадоў таму. Яны застаюцца актуальнымі сёння і будуць такімі да канца часоў. Заўсёды існуе патрэба ў святарах, якія ад імя Хрыста навучаюць, асвячаюць і кіруюць народам Божым.

Гэтыя словы актуальныя і ў Беларусі, асабліва ў нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе Касцёл перажываў цяжкія ганенні на працягу трох пакаленняў і дзе ён паволі адраджаецца. Аднак гэтага адраджэння немагчыма ўявіць без святароў.

2. Сёння мы ў чарговы раз становімся сведкамі святарскіх і дыяканскіх пасвячэнняў. Таму задумаемся, да якой годнасці пакліканы вашы сыны, браты, сябры і блізкія.

Пачуўшы голас клічучага іх Пана, яны ў свой час адказалі на яго і скіравалі свае крокі ў семінарыю, каб там праз чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастырскую фармацыю падрыхтавацца да сённяшняга дня. Адзін з пасвячаемых у святары гэтую фармацыю атрымаў ў кармэлітанскай супольнасці. Аднак усе пакліканы працаваць для мясцовага Касцёла, бо святар бярэцца з людзей і людзям павінен служыць.

Праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння два дыяканы стануць святарамі Новага Запавету, стануць тымі, хто будзе дзейнічаць ад імя Хрыста і Ягонай моцай. Няма нікога іншага, хто б меў такую моц, як святар. Ні адзін прэзідэнт і ні адзін міністр не можа адпусціць грахі ці перамяніць хлеб і віно ў цела і кроў Хрыста. Гэта можа ўчыніць толькі святар. Тое ж і з іншымі сакрамэнтамі. Такім чынам, святар становіцца інструментам у руках Хрыста, дзякуючы яму Збаўца выконвае тры наступныя функцыі: абвяшчэнне Божага слова як крыніцы веры, асвячэнне людзей праз сакрамэнты і кіраванне народам Божым праз служэнне яму.

3. Пасвячэнне ў дыяканы з’яўляецца рашучым крокам да святарства. Традыцыйна, падобна як і пры святарскіх пасвячэннях, яно адбываецца праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння. Дыякан мае права абвяшчаць слова Божае, хрысціць, з дазволу касцёльнай улады — благаслаўляць сакрамэнт сужэнства, благаслаўляць Найсвяцейшым Сакрамэнтам, удзяляць святую Камунію і адносіць віятык паміраючым, узначальваць пахаванні і іншыя набажэнствы. Асаблівая яго роля — гэта дапамога святару пры цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Слова «дыякан» паходзіць ад грэчаскага слова «дыяканія», што азначае служэнне. Дзеі Апосталаў распавядаюць пра тое, што дыяканы былі ўстаноўлены найперш для служэння.
 
4. У 20-ю гадавіну заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі Касцёл пасылае на жніво Хрыста двух новых святароў і двух дыяканаў, якім яшчэ трэба будзе завяршыць сваю фармацыю, каб стаць святарамі Новага Запавету.

Касцёл пасылае іх на жніво Пана ў асаблівы час, калі яно імкліва змяняецца. У многіх краінах, нават са славутай гісторыяй хрысціянства, заўважаецца прыглушэнне яго сэнсу. Многія вернікі замест наследавання Хрыста прымаюць рэлятывістычны стыль жыцця. Усё часцей роля веры прымае чыста культурны характар або замыкаецца ў сферы прыватнасці без уплыву на жыццё грамадства. Некаторыя жывуць так, быццам Бога зусім няма.

Кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні папа Бэнэдыкт XVI, у сваёй гаміліі падчас канклава 2005 г. казаў, што за апошнія дзесяцігоддзі чалавецтва зведала небывалае дасюль развіццё навукі, змену ідэалагічных напрамкаў і мыслення. Хрысціянскі човен хістаецца на хвалях сучаснага секулярызаванага акіяну і кідаецца з адной крайнасці ў другую: ад марксізму да лібералізму, ад калектывізму да індывідуалізму, ад атэізму да рэлігійнага містыцызму аж па сінкрэтызм.

5. На такое жніво Касцёл сёння пасылае новых сваіх слуг. У гэтым служэнні прэзбітэр павінен быць адначасова sacerdos e hostia. Моцаю сакрамэнту святарства ён з’яўляецца святаром і той жа моцаю пакліканы быць ахвярай. Усё гэта азначае, што святара павінна ажыўляць тое самае імкненне, якое было ў Хрыста. Гэтая непадзельная еднасць паміж святаром і ахвярай, паміж святарствам і Эўхарыстыяй вызначае эфектыўнасць евангелізацыі. Ад адзінства паміж Хрыстом і Яго слугой залежыць яго дзеянне, укрытае ў Божым слове, сакрамэнтах і кіраванні вернікамі. У сваім ахвярным служэнні святар павінен не займаць месца Хрыста, а шукаць падтрымкі ў Ім. Ён таксама павінен дазволіць, каб Езус дзейнічаў у ім і праз яго. Нездарма Езус кажа: «Я вінаградная лаза, а вы галінкі. Як галінка не прыносіць плёну сама па сабе, таксама і вы, калі не будзеце трываць у Мне».

Святар як alter Chrystus павінен жыць як Хрыстус, быць дарам для людзей і знакам любові Бога да чалавека. Трэба памятаць аб тым, што нямала людзей стварае сабе вобраз Касцёла паводле прыкладу святароў. Таму неабходна, каб дзякуючы сведчанню сапраўднага евангельскага жыцця яны былі жывым і бачным вобразам Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць самому. Паслужыць усім без выключэння людзям, розных моваў, нацыянальнасцяў, сацыяльных слаёў і г. д. Яны належаць Касцёлу і маюць права на задаваленне сваіх духоўных патрэбаў. Час, калі вернікі ехалі да святара сотні кіламетраў, калі шукалі яго, прайшоў. Сёння нам, святарам, трэба шукаць вернікаў. Чаму да аднаго святара чэргі людзей, а да іншага нікога няма? Адказ вельмі просты. Першы — сапраўдны пастыр, а другі — найміт, аўтамат для выканання святарскіх паслуг.

Нельга таксама ігнараваць няправільную прыхільнасць да некаторых формаў душпастырства ў пагоні за таннай папулярнасцю. Тут трэба памятаць аб тым, што пастырская любоў не можа існаваць без пакоры і несумяшчальная з эгаізмам.

Можа здарыцца, што энтузіязм маладых святароў змяняецца засмучэннем і нават расчараваннем. Прычыны гэтага могуць быць розныя: недахоп фармацыі і братэрскай святарскай сувязі, асабістая ізаляцыя, недахоп падтрымкі з боку іншых святароў, асабістыя праблемы, занядбанне духоўнага жыцця і г. д.

Некаторыя сучасныя тэндэнцыі імкнуцца падмяніць духоўнае жыццё сацыяльнай актыўнасцю, у сувязі з гэтым паўстаюць разнастайныя тыпалогіі святара: ад сацыёлага да тэрапеўта, ад працаўніка да палітыка і мэнэджэра. У той жа час святар анталагічна звязаны з Хрыстом, і гэта сувязь вечная. Таму святар павінен быць ім паўсюды: пры алтары, у канфесіянале, на вуліцы. Без грунтоўнай духоўнасці святарская паслуга змяняецца на пазбаўлены прароцкага характару актывізм. Таму святар павінен памятаць, што ўсе пастырскія планы, якія не абапіраюцца на першынства духоўнасці і Божага культу, не маюць перспектывы.

6. Касцёл жыве пасланнем, якое атрымаў ад Хрыста. Гэтае пасланне датычыць абвяшчэння Божага слова, асвячэння людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіраванне народам Божым, каб весці яго да крыніц Божай Міласэрнасці.

Таму ў вашым служэнні як святароў і дыяканаў народу Божаму вы павінны захоўваць непарушным навучанне Касцёла і адначасова шукаць адпаведных формаў пастырства, каб дайсці да сучаснага, падвержанага негатыўным уплывам секулярызму, чалавека. Таму будзьце не толькі настаўнікамі веры, але і людзьмі веры, яе сведкамі, каб дзякуючы вашаму служэнню людзі адчынілі свае сэрцы Хрысту, які ёсць адзіны Збаўца, учора, сёння і назаўсёды. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы вечных абяцанняў сястры адараторкі Ганны Дзятлік
2011-05-22 16:33:06
Даўгінава, 22 мая 2011 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.

1. Парафія ў Даўгінаве сёння, ў V Велікодную нядзелю, перажывае незвычайнае свята. Ваша зямлячка с. Ганна Дзятлік прыносіць Богу вечныя законныя абяцанні. Яна тут нарадзілася, была ахрышчана і ў пабожнай сям’і ўзрастала ў веры. Тут рыхтавалася да таго, каб адказаць Хрысту сваё «так», абраць Яго сваім жаніхом і навечна з’яднацца з Ім праз жыццё паводле евангельскіх парад чыстасці, убоства і паслухмянасці.
 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас літургіі для студэнтаў
2011-05-18 21:01:43

18 мая 2011 г., мінская архікатэдра

Глыбокапаважаныя студэнты!

1. «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12). Гэтыя словы спеву перад Евангеллем моцным рэхам адбіваюцца ў словах Добрай Навіны, якую Касцёл прапануе нашай увазе на сённяшні дзень: «Я прыйшоў на свет як святло».

 
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на дзень малітваў аб пакліканнях
2011-05-11 12:56:23
15 мая 2011 г., IV Велікодная нядзеля

Накарміць галодных і напаіць сасмаглых

Тэкст паслання на польскай мове >>>

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. Чарговы раз Божы Провід у нядзелю Добрага Пастыра дазваляе нам задумацца над значэннем святарскага служэння і паклікання. Мінула ўжо 20 гадоў ад устанаўлення існуючых структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Мы радуемся свабодзе веравызнання. Гэта вялікі дар, які мы атрымалі дзякуючы Божай ласцы пасля трох пакаленняў ганенняў на Касцёл. У нас ёсць дзве духоўныя семінарыі — у Гродне і Пінску. Аднак усё яшчэ адчуваецца вялікі недахоп служыцеляў алтара. Таму нам неабходна падвоіць, а можа, нават патроіць нашы намаганні ў галіне душпастырства пакліканняў.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла II
2011-05-06 10:08:37
III Велікодная нядзеля, Год А

8 мая 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Тыдзень таму ў Рыме на плошчы Св. Пятра адбылася знакавая падзея нашага часу — беатыфікацыя любімага ва ўсім свеце папы Яна Паўла II, нашага сучасніка, з якім многія з нас сустракаліся, прымалі ўдзел у набажэнствах, якія ён узначальваў, бачылі і чулі яго. Касцёл вуснамі Бэнэдыкта XVI далучыў яго да ліку благаслаўлёных. Гэтым самым мы атрымалі яшчэ аднаго заступніка ў небе, які вельмі любіў Беларусь, пасля доўгага перыяду ганенняў аднавіў яе іерархічныя структуры, марыў сюды прыехаць. Сёння ніхто і нішто не можа перашкодзіць яму сваім духам святога быць разам з намі. І мы верым, што ён сапраўды благаслаўляе нас з акна нябеснага Айца.   

2. Сёння мы сабраліся ў гістарычнай мінскай катэдры дзякаваць Богу за гэту беатыфікацыю, якая яшчэ больш наблізіла да нас постаць Яна Паўла II.

Святы, з’яўляючыся чалавекам свайго часу, адначасова, жывучы згодна з Евангеллем, маральна стаіць вышэй за гэты час. Такім быў Ян Павел II.

Аб гэтым сведчаць першыя словы яго Пантыфікату: адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім чалавек можа да канца пазнаць сябе. Чалавеку патрэбны Хрыстус, каб мог будаваць шчасце на гэтай зямлі і дасягнуў вечнасці.

Ян Павел II увайшоў у гісторыю як мудры пастыр Сусветнага Касцёла, які ўмеў чытаць знакі часу і прымаць адпаведныя рашэнні. Мы памятаем яго як мужнага абаронцу хрысціянскіх каштоўнасцяў, які быў голасам сумлення сучаснага свету, а таксама як выдатнага тэолага, чалавека дыялога, змагара за мір, паэта, спартсмена і г. д. Ён вельмі любіў моладзь, якую называў надзеяй Касцёла і свету. Гэта дзякуючы яму мы маем Сусветныя дні моладзі. Ён умеў слухаць кожнага, клапаціўся пра бедных і хворых і вельмі любіў тонкі гумар. Многа высілкаў прысвяціў развіццю міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялога.

Зведаўшы горыч нацызму і камунізму, Ян Павел II супрацьпаставіў ім хрысціянства. Добра ведаючы, што такое ганенні на веру, ён вельмі шмат высілкаў прысвяціў свабодзе веравызнання. Зыходзячы з навучання Евангелля, што толькі праўда ўчыніць чалавека свабодным, ён сваім сведчаннем веры, любові і апостальскай адвагі, поўным чалавечай чуласці, дапамог хрысціянам ва ўсім свеце перастаць баяцца быць хрысціянамі, належаць да Касцёла, абвяшчаць Евангелле. Гэтым самым ён дапамог людзям перастаць баяцца праўды, бо праўда — гэта гарантыя свабоды. У цэнтры яго навучання быў Хрыстус і адкуплены Ім чалавек. Таму для Яна Паўла II шляхам Касцёла быў чалавек, а шляхам чалавека — Хрыстус. Гэта была праграма яго Пантыфікату, падчас якога ён шчасліва ўвёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе і даў яму новы накірунак на будучыню і новую надзею, як падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Хто меў магчымасць маліцца з Янам Паўлам II або бачыць, як ён моліцца, то, напэўна, пацвердзіць, што гэта быў чалавек глыбокай малітвы. Калі ён маліўся, для яго больш нічога не існавала. Заставаўся Бог і ён.

4. Усім гэтым ён заслужыў аўтарытэт і павагу не толькі сярод веруючых, але і сярод няверуючых. Яго адыход да дому Нябеснага Айца стаў сусветнымі рэкалекцыямі, а пахаванне прымірыла непрымірымых — побач сядзелі тыя, якія да гэтага не падавалі адно аднаму рукі.

Яго беатыфікацыя паказала сапраўдны сэнс хрысціянства як рэлігіі надзеі. Калі 6 гадоў таму панавала атмасфера засмучэння, бо адышоў любімы Папа, то падчас беатыфікацыі — радасць. Ян Павел II не адышоў, але ёсць з намі!

5. Сёння, у прысутнасці абраза Езуса Міласэрнага, мы дзякуем за беатыфікацыю. Сімвалічна, што Ян Павел II адышоў у вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці і падчас гэтага ж свята быў беатыфікаваны. Ён адрадзіў у свеце новую надзею, якую бачыў у Божай Міласэрнасці.

Калі мы глядзім на сучасны свет з яго праблемамі, пагрозамі і выклікамі, то бачым, што, сапраўды, надзея толькі ў Богу. Менавіта Яго нёс людзям папа Ян Павел II.

6. Сённяшняе Евангелле распавядае пра вучняў з Эмаўса, якія пасля крыжовай смерці Езуса страцілі надзею, аднак знайшлі яе падчас спаткання з Ім. Яно навучае, што сярод нас ёсць Хрыстус, які спадарожнічае нам на нашых жыццёвых шляхах, размаўляе з намі і слухае нас падчас малітвы.

Свет да Яна Паўла II таксама жыў як быццам без надзеі. Асабліва тут, на Усходзе, здавалася, што вера ўжо ніколі не адродзіцца. Аднак Ян Павел II даў гэтую надзею, нават насуперак надзеі, і даў яе ў асобе Езуса Хрыста, заклікаючы адчыніць Яму свае сэрцы.

І сапраўды, ён змяніў бег гісторыі і адкрыў для Хрыста грамадствы, дзе многія дзесяцігоддзі панаваў атэістычны рэжым, у тым ліку і ў Беларусі, калі 20 гадоў таму адрадзіў тут касцёльныя структуры і заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію. Ён увёў Хрыста ў культурныя, палітычныя і эканамічныя сістэмы.

Сёння, калі мы радуемся яго беатыфікацыі, мы не павінны затрымлівацца толькі на знешнім яе эфекце. Некаторыя з нас былі ў Рыме, іншыя сачылі за цырымоніяй па тэлебачанні і радыё. Мы бачылі шмат людзей і разам з імі перажывалі незабыўны гістарычны момант. Сродкі масавай камунікацыі толькі і пішуць пра гэту падзею.

Але ці гэтага дастаткова? Напэўна, не. Навучанне папы Яна Паўла II, яго прыклад і спадчына не павінны застацца толькі здабыткам гісторыі ці на паліцах бібліятэк. Яны павінны быць у нашым сэрцы. Сёння мы павінны спытаць сябе: як мы прымаем яго навучанне? Ці яно сапраўды нас змяняе? Ці вядзе да распазнання прысутнасці Бога ў нашым жыцці? Ці мы імкнёмся і не баімся адчыніць дзверы нашых сэрцаў Хрысту?

Толькі тады мы, нягледзячы на ўсе цяжкасці і безнадзейныя жыццёвыя сітуацыі, зможам, падобна вучням з Эмаўса, адчуць прысутнасць сярод нас Міласэрнага Езуса, у якім адзіная надзея і збаўленне.

7. Благаслаўлёны Яне Паўле II! Ты так моцна палюбіў Беларусь і так хацеў сюды прыехаць!

Благаславі нас, нашы сем’і, нашу моладзь, усю нашу Бацькаўшчыну, каб мы сапраўды былі Хрыстовымі і годнымі таго, што на нашу зямлю ступіць нага наступніка Пятра, каб узмацніць нашу веру, надзею і любоў, і каб мы былі здольнымі будаваць цывілізацыю жыцця. Амэн.

 

Усяго 212 матэрыялаў адзначана цэтлікам Кандрусевіч.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.