Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Кандрусевіч]

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Кандрусевіч: у існаванні падзелу паміж хрысціянамі вінаваты мы самі
2011-01-24 10:48:41

«Трэба распачынаць з малітвы, ад навяртання свайго сэрца», — такім бачыць шлях да адзінства хрысціянаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пра тое, якія крокі ў сённяшніх рэаліях магчымы для дасягнення адзінства хрысціянаў, чытайце ў інтэрв’ю з беларускім арцыпастырам.

 
Мітрапаліт Кандрусевіч: у існаванні падзелу паміж хрысціянамі вінаваты мы самі
Копировать
2011-01-22 21:08:35

«Трэба распачынаць з малітвы, ад навяртання свайго сэрца», — такім бачыць шлях да адзінства хрысціянаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пра тое, якія крокі ў сённяшніх рэаліях магчымы для дасягнення адзінства хрысціянаў, чытайце ў інтэрв’ю з беларускім арцыпастырам.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў ІІ Нядзелю пасля Божага Нараджэння
2010-12-29 14:57:01
2 студзеня 2011 г., мінская архікатэдра

1. Вітаю ўсіх у 1-ю нядзелю Новага года — найбольш вядомага ва ўсім свеце свята, бо ўсе, незалежна ад рэлігіі ці нацыянальнасці, яго святкуюць. Святкуюць і часам нават робяць новыя пастанаўленні. Спадзяюся, што і мы як вернікі таксама іх зрабілі.

Пастанаўленні вельмі патрэбныя, калі мы імкнёмся змяніць наша жыццё, бо мы не з’яўляемся дасканалымі. Дасканалы толькі Бог. Напэўна, кожны з нас мае да самога сябе прэтэнзіі, што не заўсёды быў такім, якім павінен быў быць. Гэта не што іншае, як голас сумлення. Тады мы выказваем свой жаль за грахі і за ўсё нядобрае ў жыцці.

Аднак, з іншага боку, жыццё хутка змяняецца, і мы стараемся прыстасавацца да яго вымаганняў. Тады ў мітусні заняткаў і вырашэння жыццёвых праблем наш жаль хутка знікае.

Адзін амерыканец нават выдумаў спосаб, як дапамагчы людзям пазбавіцца ад смутку і жалю. Напярэдадні Новага года ён паклікаў да сябе людзей для разважання над сваім жыццём. Потым казаў ім запісваць свае перажыванні і жаль на кавалку паперы. Далей даваў ім запалак і казаў падпаліць паперу. Такім чынам, паводле яго думкі, увесь жаль знікаў разам з дымам. Вядома, што гэта не што іншае, як ашукванне людзей.

2. Як вернікі, мы не можам дзейнічаць такім чынам, тым больш, што Святое Пісанне не вядзе нас у нашу ўжо пражытую гісторыю, але заклікае да новага жыцця. Яно канцэнтруецца не на нашых перажываннях, а на нашых магчымасцях. Святы апостал Павел у Пасланні да Філіпійцаў заклікае забыцца пра тое, што было, і імкнуцца ўперад.

Калі мы былі ў цырку, то, напэўна, бачылі, як велізарны і вельмі моцны слон, прывязаны да маленькага калочка, выконвае розныя трукі. Здаецца, што ён лёгка мог бы вырваць гэты калок і збегчы. Аднак слон гэтага не робіць. Чаму? Калі ён быў яшчэ зусім малы, яго прывязвалі да моцнага слупа. Слон рваўся на свабоду, аднак не мог вырвацца. Ён прывык, што заўсёды будзе прывязаны, і таму, калі стаў дарослым, нават не спрабуе вырывацца і толькі пакорна выконвае волю дрэсіроўшчыка.

Нашым дрэсіроўшчыкам, калі так можна выказацца, з’яўляецца жыццё, якое ў наш час усё больш і больш адыходзіць ад Бога. Мы прывыкаем жыць так, як быццам Бога зусім няма, і таму вельмі часта жывём так, як нам падабаецца, не беручы пад увагу маральныя нормы. Паўсюдна прыняты стыль жыцця кіруе нашым жыццём, і мы паддаёмся яму. Грахоўная або індыферэнтная рака жыцця нясе нас, і мы не здольныя выйсці з яе.      

3. Сённяшняе Евангелле — гэта не што іншае, як паўтарэнне Евангелля з дня Божага Нараджэння, у якім св. апостал Ян заклікае выйсці з цемры граху да жыцця ў святле Божым. Гэтым святлом з’яўляецца Езус Хрыстус і Яго Евангелле.

Са штодзённага жыцця мы ведаем, што там, куды не даходзіць святло сонца, дрэвы і расліны растуць вельмі слаба і не прыносяць плёну. Так і з чалавекам: калі ён не знаходзіцца ў святле Божай ласкі, то яго ўчынкі не прыносяць адпаведнага выніку, нават калі інтэнцыі і былі добрымі.

Таму найбольш важнай пастановай на пачатку Новага года павінна быць пастанова жыць у святле праўды Божай.

4. Што гэта азначае? Найперш, распачынаць і завяршаць дзень малітвай, раніцай ахвяруючы ўсе свае справы Богу, а вечарам дзякуючы за ўсё добрае, што адбылося, і перапрашаючы за ўсё дрэннае. Кожную нядзелю і свята прымаць удзел у святой Імшы. Часта спавядацца і прыступаць да св. Камуніі. Клапаціцца аб належным выхаванні моладзі, звяртаючы вялікую ўвагу на яго духоўны аспект. Рабіць учынкі міласэрнасці. Духоўна ўдасканальвацца, найперш праз чытанне Святога Пісання. Бараніць хрысціянскія каштоўнасці. Сваім жыццёвым прыкладам у нашым секулярызаваным свеце, які адмаўляецца ад маральных каштоўнасцяў, быць жывымі старонкамі Евангелля і тым самым абвяшчаць яго ўсім людзям.  

Cвяты Томас Мор у сваёй кнізе «Разважанні» апісвае наступную гісторыю. Адзін пілігрым убачыў людзей, якія працавалі на даху будынка. Тады ён спытаўся ў чалавека, які знаходзіўся каля будынка, ці ён часам не манах, бо той быў вельмі падобны на законніка. «Так, я манах», — адказаў гэты чалавек. «А хто гэтыя людзі, што працуюць на даху?» — спытаўся пілігрым. — «Мае манахі, а я з’яўляюся абатам гэтага кляштара».

«О, вельмі добра бачыць, як кляштар расце ўверх», — кажа пілігрым. —«Не, яны яго паніжаюць», — адказаў абат. — «Чаму?» — «Каб бачыць усход сонца».

5. Дарагія браты і сёстры!

Распачынаючы Новы год і робячы пастанаўленні на новы этап нашага жыцця, услухоўваючыся ў голас апостала язычнікаў св. Паўла, пакінем мінулае і будзем імкнуцца ўперад, забудземся пра старога грэшнага чалавека, які жыў у нас, і апранемся ў новае адзенне Божай ласкі. Знімем з нашых вачэй усё тое, што захіляе нам святло ніколі не заходзячага сонца — Езуса Хрыста, каб усе Яго дні былі пражыты ў Яго святле. Няхай гэта будзе нашай пастановай на Новы год, каб, стаўшы новым, аздобленым Божай ласкай чалавекам і жывучы ў святле Евангелля, мы будавалі Валадарства Божае на гэтай зямлі і дасягнулі ў ім удзелу ў вечнасці.    Амэн.

 
Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да паслання папы Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру 2011
Копировать
2010-12-29 14:05:27
Рэлігійная свабода — шлях да міру

1. Як штогод, у першы дзень Новага года, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень міру і Папа звяртаецца да вернікаў са сваім пасланнем. Тэма сёлетняга паслання — «Рэлігійная свабода — шлях да міру».

На пачатку паслання з нагоды Новага года Папа выказвае ўсім пажаданні, асабліва супакою, і адначасова нагадвае, што мінулы год прынёс шмат цяжкасцяў хрысціянам у свеце, асабліва ў Іраку, дзе многія заплацілі крывёю за вернасць Хрысту.

У сваім пасланні Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што ў свабодзе веравызнання выяўляецца спецыфіка чалавечай асобы. Дзякуючы ёй чалавек можа скіроўваць сваё прыватнае і грамадскае жыццё да Бога, у святле якога становяцца зразумелымі адметнасць, сэнс і мэта яго існавання.

2. У прысвечанай святому праву на жыццё частцы паслання Папа падкрэслівае, што права на рэлігійную свабоду ўкаранёна ў годнасці чалавечай асобы, бо Бог стварыў чалавека па свайму вобразу і падабенству. Таму кожная асоба мае права на поўнае жыццё, якое ўключае і духоўнае. Інакш чалавек не зможа адказаць на пытанні пра сэнс жыцця, не зможа мець трывалых каштоўнасцяў і этычных прынцыпаў, не зможа атрымаць сапраўдную свабоду і будаваць справядлівае грамадства.

Таму шанаванне права на жыццё і рэлігійнай свабоды з’яўляецца ўмовай маральнай легітымацыі ўсялякай грамадскай і прававой нормы.

3. Далей, нагадваючы пра рэлігійную свабоду і ўзаемную павагу, Бэнэдыкт XVI адзначае, што рэлігійная свабода з’яўляецца крыніцай маральнай свабоды. Адкрытасць на дабро, праўду і Бога, якія ўкаранёны ў чалавечай прыродзе, даюць чалавеку поўную годнасць і гарантуюць узаемную пашану. Таму рэлігійную свабоду трэба разумець не толькі як адсутнасць прымусу, але  перадусім як здольнасць падпарадкаваць свой выбар праўдзе.

Свабода дзейнічаць супраць Бога або індыферэнтнасць у адносінах да Яго супярэчыць самой ідэі свабоды і не гарантуе поўнай павагі да другога чалавека. Таму меркаванне, што маральны рэлятывізм з’яўляецца шансам на сусветны мір, на самой справе ілюзія і нават крыніца падзелаў і адмаўлення годнасці іншых людзей. Паколькі ў кожным чалавеку ёсць два вымярэнні — рэлігійнае і грамадскае — то веруючы не можа выракацца сваёй веры, каб быць актыўным грамадзянінам.

4. Далей Папа разважае аб сям’і як школе свабоды і міру. Святы Айцец падкрэслівае, што калі рэлігійная свабода з’яўляецца шляхам да міру, то рэлігійнае выхаванне — гэта дзейсны спосаб фармацыі новых пакаленняў прызнаваць у іншым чалавеку брата або сястру. У гэтым выхаванні сям’я з’яўляецца першай школай, у якой дзеці рыхтуюцца да грамадскага, культурнага, маральнага і духоўнага жыцця.

5. У наступнай частцы паслання Пантыфік разважае на тэму супольнай спадчыны і нагадвае пра тое, што сярод асноўных, укаранёных у годнасці чалавечай асобы правоў і свабод рэлігійная свабода мае асаблівы характар. Калі шануецца рэлігійная свабода, то шануецца і годнасць чалавечай асобы і ўзмацняюцца дух і інстытуцыі народаў. Наадварот, калі гэтая свабода не шануецца, зневажаецца годнасць чалавека і наносіцца шкода справядлівасці і міру, якія абапіраюцца на правільны, збудаваны ў святле Найвышэйшай Праўды і Найвышэйшага Дабра грамадскі парадак.

У гэтым сэнсе рэлігійная свабода з’яўляецца дасягненнем палітычнай і прававой культуры, бо кожны чалавек павінен мець права на вызнаванне сваёй рэлігіі як прыватна, так і публічна. Таму рэлігійная свабода не з’яўляецца выключна спадчынай веруючых, але ўсёй чалавечай сям’і, таму павінна быць сінтэзам і вяршыняй дзяржаўнага права. Менавіта яна паказвае, наколькі шануюцца ўсе іншыя правы чалавека, і спрыяе яго інтэгральнаму развіццю.

6. Далей Бэнэдыкт XVI узнімае тэму публічнага вымярэння рэлігіі. Рэлігійная свабода рэалізуецца як у прыватнай сферы, так і ў адносінах з іншымі. Таму рэлігія носіць публічны характар. Дзякуючы гэтаму кожная асоба, застаючыся адзінай і непаўторнай, у той жа час дасягае паўнаты самавыяўлення.  

Уклад рэлігійных супольнасцяў у жыццё грамадства бясспрэчны. Многія дабрачынныя і культурныя арганізацыі сведчаць аб канструктыўнай ролі веруючых у грамадскім жыцці. Яшчэ большае значэнне мае этычны ўклад рэлігіі ў палітычную сферу, што трэба разумець як абвяшчэнне неабходнасці супольнага дабра.

7. Пасля гэтых разважанняў, якія адносяцца як да прыватнага, так і да публічнага значэння рэлігіі, Папа пераходзіць да значэння рэлігійнай свабоды як моцы свабоды і цывілізацыі, а таксама да пагрозаў, якія вынікаюць з інструменталізацыі свабоды рэлігіі.

Не можа быць апраўдана інструментальнае выкарыстанне рэлігійнай свабоды для маскіравання схаваных інтарэсаў. Нельга забывацца пра тое, што рэлігійная свабода з’яўляецца ўмовай пошуку праўды, а праўда навязваецца не сілай, а «моцай самой праўды». Таму рэлігія з’яўляецца пазітыўнай і мабілізуючай сілай для будавання чалавечнага грамадства.

Сусветныя рэлігіі праз унясенне духоўных каштоўнасцяў у жыццё асобаў і цэлых народаў зрабілі ўклад у развіццё цывілізацый. У наш час глабалізацыі хрысціяне павінны таксама рабіць уклад у справу ўсталявання справядлівасці, інтэгральнага развіцця чалавека і належнага ўпарадкавання чалавечых спраў.
 
8. Наступнай справай, якую закранае Папа, з’яўляецца праблема справядлівасці і цывілізацыі, а таксама пагроза фундаменталізму і варожасці да веруючых дзеля захавання свецкасці дзяржаў. Нароўні з асуджэннем рэлігійнага фундаменталізму трэба супрацьстаяць і ўсім іншым формам варожасці да рэлігіі. Грамадства, якое навязвае тую ці іншую рэлігію або не прымае яе, з’яўляецца несправядлівым як у адносінах чалавека і Бога, так і да самога сябе, бо не дазваляе свабодна адказаць на заклік Божай любові да чалавека. Рэлігія, не будучы творам дзяржавы, не можа быць праз яе маніпулявана, а, наадварот, павінна быць прызнана і паважана, бо без рэлігійнай свабоды годнасць чалавека будзе скалечанай і зняважанай і ён вельмі лёгка можа апынуцца ва ўладзе бажкоў і рэлятыўных, ператвораных у абсалютныя, каштоўнасцяў.

9. Наступным пунктам разважанняў Папы з’яўляецца дыялог паміж свецкімі і рэлігійнымі інстытуцыямі. Спадчына норм і каштоўнасцяў, якія выражаюцца праз рэлігійнасць, з’яўляецца багаццем розных народаў. Яны прамаўляюць да сумлення і розуму чалавека, нагадваюць аб неабходнасці навяртання, заклікаюць да цнатлівага жыцця і збліжэння ў духу любові. У гэтым працэсе важнае значэнне мае здаровы дыялог паміж дзяржаўнымі і рэлігійнымі інстытутамі, які служыць інтэгральнаму развіццю чалавека і гарманічнаму развіццю грамадства.

10. Далей Папа звяртае ўвагу на неабходнасць жыць у любові і праўдзе. У глабалізаваным, поліэтнічным і поліканфесійным свеце вялікія рэлігіі, пры ўмове рэлігійнай свабоды, могуць спрыяць адзінству і супакою. Аб гэтым трэба памятаць асабліва хрысціянам, вера якіх наказвае ім жыць як браты паміж сабой і з іншымі людзьмі.

11. Дыялог як супольны пошук — наступны пункт разважанняў Папы. Дыялог з вызнаўцамі іншых рэлігій Касцёл лічыць важным інструментам супрацоўніцтва дзеля дасягнення супольнага дабра. Гэта не шлях рэлятывізму і сінкрэтызму, бо Касцёл закліканы абвяшчаць Хрыста, які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё. Аднак гэта ўсё не выключае дыялога і супольнага пошуку праўды ў розных сферах жыцця.

У наступным годзе будзе адзначацца 25-я гадавіна Сусветнага дня малітваў аб міры, які адбыўся ў Асізі ў 1986 г. Лідэры сусветных рэлігій тады далі сведчанне, што рэлігія з’яўляецца элементам еднасці і міру. Калі Бог дазволіць, то ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі таксама пройдзе спецыяльная канферэнцыя, прысвечаная гэтаму юбілею.

12. Наступным пунктам папскіх разважанняў з’яўляецца захаванне маральнай праўды ў палітыцы і дыпламатыі. Палітыка і дыпламатыя павінны ўлічваць маральную і духоўную спадчыну вялікіх рэлігій, каб прызнаваць і пацвярджаць праўду, а таксама ўніверсальныя прынцыпы і каштоўнасці, якіх нельга не прызнаваць, як, напрыклад, права на жыццё, бо гэта было б адмаўленнем чалавечай годнасці. Усё гэта азначае, што трэба дзейнічаць у адпаведнасці з Картай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ад 1945 г., якая прадстаўляе ўніверсальныя каштоўнасці і маральныя нормы, што павінны быць зыходным пунктам для нормаў, інстытуцый і сістэм як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.  

13. Чарговае пытанне — гэта неабходнасць вызваліцца ад нянавісці і прадузятасці. Нягледзячы на вялікія намаганні грамадстваў, дзяржаў і розных супольнасцяў, на жаль, у свеце ёсць прыклады дыскрымінацыі, насілля і неталерантнасці на падмурку рэлігіі. У некаторых краінах, асабліва на Захадзе, ёсць прыклады выключэння і нават забароны ў публічным жыцці рэлігійных сімвалаў. Таму трэба дзейнічаць у напрамку заахвочвання і абароны рэлігійнай свабоды, асабліва рэлігійных меншасцяў, каб паглыбіць добразычлівасць, адкрытасць і ўзаемную павагу.

14. Рэлігійная свабода ў свеце — так гучыць наступны пункт разважанняў Бэнэдыкта XVI. У ім Папа звяртаецца да хрысціянскіх супольнасцяў, якія церпяць пераслед, асабліва ў Азіі, Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Святой Зямлі, молячыся ў іх інтэнцыях і выказваючы ім сваю падтрымку, каб яны не страцілі мужнасць у цяжкасцях, бо хрысціянскае сведчанне заўсёды з’яўляецца знакам супраціўлення. Насілле нельга перамагчы насіллем, таму па прыкладу малітвы «Ойча наш» мы павінны дараваць правіны іншым. За крыкам болю няхай заўсёды ідзе вера, надзея і сведчанне Божай любові. Еўропа таксама павінна змяніць сваё хворае стаўленне да хрысціянскіх каштоўнасцяў, не адкідаць іх, а бараніць, каб жыць у справядлівасці, згодзе і міры, вядучы шчыры дыялог з усімі народамі.

15. Рэлігійная свабода — шлях да міру — апагей разважанняў Папы. Для будавання справядлівага і мірнага грамадскага парадку свет патрабуе ўніверсальных і ўсімі прызнаных этычных і духоўных каштоўнасцяў. Іх даць можа толькі рэлігія. Мір — гэта дар Божы і адначасова праект, які ніколі ўпоўні не быў рэалізаваны. Паяднанае з Богам грамадства набліжаецца да міру, якім не з’яўляецца толькі адсутнасць вайны, дамінацыі зброі, эканомікі ці маніпуляцыі. Сапраўдны мір — гэта вынік ачышчэння, а таксама культурнага, маральнага і духоўнага ўдасканалення чалавека і народа, калі ва ўсёй паўнаце шануецца годнасць чалавека.

Папа заклікае ўсіх людзей, асабліва моладзь, мець у Богу зыходны пункт на шляху да сапраўднай свабоды і моцы, каб не паўтараць памылак мінулага. На шляху да міру чалавеку патрэбна маральная зброя. Таму рэлігійная свабода з’яўляецца аўтэнтычнай зброяй міру, а яе місія — гістарычнай і прафетычнай, дазваляючай змяніць свет на лепшы і мець надзею на справядлівую і мірную будучыню, нават перад абліччам несправядлівасці і матэрыяльнай і маральный беднасці.

16. З удзячнасцю і пашанай прымем, дарагія браты і сёстры, гэтае пасланне папы Бэнэдыкта XVI як заклік да дасягнення сапраўднага міру. У гэты Сусветны дзень міру заклікаю ўсіх вернікаў і ўсё наша грамадства будаваць свае адносіны на навучанні Пантыфіка, каб, абапіраючыся на свабоду веравызнання і маральныя каштоўнасці, распачаты Новы 2011 год сапраўды стаў часам згоды і супольнага пошуку міру. Няхай усім нам у гэтым, праз заступніцтва Марыі — Маці міру, благаславіць Бог.

_________________________

P.S.    Паважаныя святары няхай прачытаюць гэты Каментарый вернікам 1 студзеня 2011 г.

 
Канферэнцыя Мітрапаліта Кандрусевіча падчас адвэнтовага чування моладзі
2010-12-10 12:06:03

Мінская архікатэдра, 11 снежня 2010 г.

КІРАВАЦЦА ДУХОЎНЫМІ ДАРОЖНЫМІ ЗНАКАМІ

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Мы ўваходзім у другую палову Адвэнту, у час асаблівай падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння, калі штодня біблійныя чытанні непасрэдна вядуць нас да таямніцы ўцелаўлення Пана.

 
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах адвэнтовага чування моладзі
2010-12-10 10:36:56


Мінская архікатэдра, 11 снежня 2010 г.

Ты той, які павінен прыйсці?

1. Адзін амерыканскі аповед кажа пра самую вялікую ў гісторыі ЗША распрадажу, якая адбылася ў Вашынгтоне яшчэ ў 1926 г. На аўкцыён было выстаўлена 150.000 старых мадэлей машын і іншых рэчаў, якія былі аб’яўлены маральна ўстарэлымі. Патэнцыяльныя пакупнікі самі сабе ўсміхаліся, што на продаж выстаўляліся такія незвычайныя рэчы, як, напрыклад, «кот, які свеціцца», для палохання мышэй або прылада, якая будзіла чалавека, які храпіць, а не яго суседа і г.д.

 
Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на пасяджэнні міжканфесійнага камітэта
2010-11-23 12:07:48

Роля мастацтва ў развіцці міжканфесійнага дыялога

Мінск, 23 лістапада 2010 г.

Глыбокапаважаныя ўдзельнікі пасяджэння!

Узяты Другім Ватыканскім Саборам курс на развіццё міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялога, які ў наш час вельмі інтэнсіўна развіваецца, рэалізуецца не толькі праз тэалагічыныя дыскусіі, разнастайныя канферэнцыі і сімпозіўмы, але таксама і праз мастацтва.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас дыяканскіх пасвячэнняў
2010-11-12 11:23:54
Маладзечна, 14 лістапада 2010 г.

Падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы спеву перад Евангеллем вельмі добра перадаюць галоўную думку сённяшніх чытанняў, калі мы набліжаемся да завяршэння літургічнага года і ўжо праз тыдзень будзем святкаваць урачыстасць Хрыста Валадара сусвету. Касцёл сёння заклікае падняць нашы галовы ўверх, а не зацыклівацца толькі на зямных справах. Нам трэба памятаць аб вечным, бо мы створаны для жыцця вечнага.

Сімвалічна, што падчас сённяшняй Эўхарыстыі два нашых семінарыста атрымаюць дыяканскія пасвячэнні і тым самым стануць удзельнікамі службовага святарства Езуса Хрыста ў першай яго ступені, каб праз сваё служэнне і далейшую святарскую фармацыю дапамагаць людзям глядзець уверх і імкнуцца да Бога, пакладаючы надзею не толькі на справы матэрыяльныя, але і на духоўныя.

2. У гэтым сэнсе сімвалічным з’яўляецца прароцтва Езуса з сённяшняга Евангелля аб разбурэнні Ерузалемскай святыні.

Мы ведаем, што многія людзі хочуць ведаць сваю будучыню. Яны звяртаюцца да варажбітак і захапляюцца гараскопамі. Гэта не што іншае, як ашуканства.

Не заўсёды могуць прадказаць будучыню нават і спецыялісты. Хто яшчэ нядаўна мог сказаць, што свет закране такі працяглы эканамічны крызіс, які мы перажываем у наш час? Усё было добра, і тут нечакана і нягадана — такі моцны крызіс.

У 1962 г. музычная кампанія «The Decca Recording Co» зрабіла вялікую памылку, ацэньваючы ігру англійскага гурту «Бітлз» з Ліверпуля і заяўляючы, што музыка пад гітару адыходзіць са сцэны. Жыццё паказала, што ўсё наадварот.       

Нават метэаралогі, якія выкарыстоўваюць найноўшыя дасягненні навукі, не могуць на 100 працэнтаў прадказаць надвор’е.

Нездарма кажуць, што прадказанне — няўдзячная справа.

Аднак у сённяшнім Евангеллі Езус заняўся менавіта прадказаннем, калі нагадаў пра разбурэнне Ерузалемскай святыні, якая была сімвалам выбранага народу. Апосталы не маглі паверыць, што такое можа стацца, бо для іх яна была падмуркам жыцця. Яны казалі: паглядзі, Настаўнік, якія вялікія камяні, які будынак! Найменшы з камянёў важыў 2-3 тоны. Многія важылі па 50 тон. Найбольшы меў памеры 12 м даўжыні на 3 м вышыні і важыў сотні тон. Камяні былі такімі вялікімі і цяжкімі, што сцены трымаліся самі сабой без ніякага звязуючага матэрыялу. Яны ўздымаліся ўверх на 120 м. Святыня, плошча якой была каля 18 гектараў, магла змясціць каля 250 тысяч чалавек. У сучасным свеце няма такога вялікага будынку.

Таму зразумела здзіўленне апосталаў, якія пытаюць пра знак. Езус жа распавядае пра цяжкасці, якія будуць чакаць іх. Аднак Ён дае і надзею, кажучы, што ў адпаведны час дасць мудрасць і дар мовы, якім не змогуць супрацьстаяць ганіцелі.

3. Чаму нас вучыць гісторыя з прадказаннем разбурэння Ерузалемскай святыні, якое на самой справе здзейснілася ў 70 г. нашай эры? Ад велізарнай і вельмі прыгожай святыні засталася толькі адна сцяна, якую яўрэі называюць сцяной плачу, бо там моляцца, чакаючы адраджэння Ерузалемскага храма.
 
Усе мы шукаем трывалага падмурку нашай веры. Мы будуем касцёлы і капліцы. Аднак самі іх сцены без Езуса Хрыста, без спаткання ў іх з Езусам Хрыстом не будуць гэтым падмуркам. Мы просім Бога даць нам адпаведны знак, як гэта прасілі апосталы ў сённяшнім Евангеллі. Аднак, калі ў ім не будзем бачыць знаку дзеяння Бога, то і ён не стане гэтым падмуркам. Таму лагічна, што толькі Езус застаецца падмуркам нашай веры.

Дзякуючы служэнню святароў, мы сустракаемся з Ім у касцёле. Шлях да святарства вядзе праз дыяканскае пасвячэнне.

4. Падчас гэтай святой Імшы два вашых сыны, браты, блізкія і знаёмыя стануць удзельнікамі святарства Новага Запавету ў якасці дыяканаў. У сённяшнім другім чытанні з Дзеяў Апосталаў мы чулі, як апосталы выбралі сем годных мужоў і праз малітву і ўскладанне рук удзялілі ім дыяканскае пасвячэнне.

Тыя, каго сёння пасвячаюць у дыяканы, пасля больш чым пяцігадовай фармацыі ў Пінскай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага і пастырскіх практык былі прызнаны адказнымі за іх падрыхтоўку годнымі да прыняцця сану дыякана.

Паразважаем уважліва, да якой годнасці яны пакліканы, якія функцыі  будуць выконваць у Касцёле і якія абавязкі мець.

Паводле навучання Касцёла і традыцыі, заданнем дыякана з’яўляецца абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова, вучыць людзей праўдам веры, узначальваць малітву, хрысціць, благаслаўляць сужэнствы, удзяляць святую Камунію, адносіць віятык паміраючым, узначальваць пахаванні, а таксама выконваць служэнне любові да бліжняга. Выконваць усе гэтыя функцыі ён павінен так, каб вернікі ў ім бачылі вучня Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб служыць іншым.  

Для выканання гэтага служэння кандыдат у дыяканы складае абяцанні цэлібату і паслухмянасці біскупу. Слуга алтара павінен быць свабодным у служэнні Богу, Касцёлу і людзям, а таксама быць дыспазіцыйным касцёльнай уладзе. Яго ідэалам павінен быць Хрыстус Добры Пастыр.

5. Дарагія кандыдаты ў стан дыяканату, вы прымаеце пасвячэнне ў асаблівы час, калі свет жыве так, быццам Бога няма, калі захапляецца імкненнем да багацця і прыемнасцяў і імкнецца да абсалютнай свабоды чыніць усё, што хочацца. Гэта этычна хворы і дрэйфуючы да маральнага самазнішчэння свет. Калі ён не распазнае знакаў прышэсця Хрыста, то яго чакае лёс Ерузалемскай святыні, бо будаванне жыцця толькі на матэрыяльных каштоўнасцях без духоўных з’яўляецца будаваннем на пяску. Таму сучасны свет патрабуе новай евангелізацыі. Гэта азначае — новага, у адпаведнасці са знакамі часу і яго выклікамі, абвяшчэння Евангелля, новага разумення значэння сакрамэнтальнага жыцця і новага хрысціянскага сведчання. Для выканання гэтага задання Касцёлу патрэбна новая здаровая кроў у постаці новых слуг алтара, здольных дапамагчы людзям адарваць позірк ад зямлі і падняць уверх, каб дасягнуць збаўлення.

Робячы сёння першы крок у святарства, памятайце, што вас чакае далейшы шлях чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай фармацыі, каб Бог завяршыў справу, якую сёння распачынае, і каб вы, калі прыйдзе час і касцёльная ўлада прызнае вас годнымі і падрыхтаванымі, маглі стаць сапраўднымі святарамі Новага Запавету, чаго ад усяго сэрца вам жадаю. Амэн.

 
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча ва ўрачыстасць Усіх Святых
2010-11-02 14:39:10

Мінская архікатэдра, 1 лістапада 2010 г.


Праз прыклад святых да святасці

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых — вядомых нам і невядомых. Аб гэтым выдатна нагадвае св. апостал Ян у сённяшнім першым чытанні, калі распавядае пра незлічоную колькасць тых, хто «абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці». І сапраўды, далёка не ўсе, хто сапраўды з’яўляецца святым, былі афіцыйна аб’яўлены Касцёлам. Гэта вынікае з таго, што не заўсёды праводзіцца беатыфікацыйны ці кананізацыйны працэс. Аднак у той жа час вядома, што многія людзі вялі святое жыццё, нягледзячы на тое, што шлях да святасці нялёгкі.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ХXXI нядзелю, Год С
2010-11-02 10:40:01
Мінск, архікатэдральны касцёл, 31 кастрычніка 2010 г.

Збаўленне прыходзіць у наш дом

«Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула»

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэтыя словы сённяшняга Евангелля перадаюць галоўную мэту прыйсця Сына Божага ў гэты свет, а менавіта тое, што Сын Божы стаўся чалавекам для нас і для нашага збаўлення. Ён прыйшоў у свет, які загубіў сябе з-за граху Адама і які трэба было адрадзіць і выбавіць з сеткі зла.

Сёння, пасля 20 стагоддзяў абвяшчэння Евангелля, бачна, што свет усё яшчэ хворы маральна і не выбраўся з гэтай бяды. Не выбраўся не таму, што збаўчая моц Езуса недастатковая, а таму, што свет не хоча яе прыняць, асабліва ў наш час адыходу ах духоўных каштоўнасцяў. Гэта асабліва актуальна, калі усё больш і больш праяўляецца так званая паліткарэктнасць у справах рэлігіі і маралі.

2. У наш час нярэдка можна пачуць, што калі Касцёл аддзелены ад дзяржавы, то ён не мае права ўмешвацца ў прыватнае жыццё грамадзян. У той жа час трэба памятаць, што Касцёл заснаваны Езусам Хрыстом як сакрамэнт паўсюднага збаўлення, і яго задачай з’яўляецца весці людзей да Бога. Для гэтага ён абвяшчае Евангелле, цэлебруе сакрамэнты, вучыць маральным нормам, перасцерагае ад памылак і ад імя Хрыста шукае загубленых, каб прывесці іх да збаўлення.

Нярэдка можна бачыць і тое, што чалавек, які лічыць сябе веруючым, на самой справе ў жыцці паступае так, як яму падабаецца, і не захоўвае маральных прынцыпаў. Ён кажа: я веру ў касцёле падчас набажэнстваў, а ў жыцці паступаю паводле сітуацыі. На гэта трэба адказаць пытаннем: а якая ж вера без духоўных каштоўнасцяў? Як не можа быць веры без маральных каштоўнасцяў, так не можа быць і сапраўднага жыцця без веры, бо тады яно ператвараецца ў трагедыю і роспач. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, рост колькасці самазабойстваў. Таму вера без маральных каштоўнасцяў — гэта не сапраўдная вера, а толькі яе фальсіфікат. Выкарыстоўваючы словы св. апостала Паўла — гэта нішто, гэта пусты звон.

3. Гэта вельмі добра пацвердзіў пратаганіст сённяшняга Евангелля Закхей. Ён быў мытнікам і таму займаў асаблівае становішча ў супольнасці. Ён хоць і належаў да Выбранага народу і хадзіў у сінагогу, аднак ашукваў людзей, прысвойваючы сабе частку мытнага падатку, і таму лічыўся публічным грэшнікам.

І вось настаў дзень «Х», дзень праўды, дзень выбару. Закхей павінен быў выбраць, што ў яго жыцці на самой справе з’яўляецца праўдай і каштоўнасцю. Павінен быў выбраць, якая яго жыццёвая пазіцыя. Застацца такім, якім ён быў да гэтага і якімі з’яўляюцца ўсе іншыя мытнікі? Або выбраць Хрыста і Ягоную праўду?

4. Як сведчыць сённяшняе Евангелле, Закхей не мог заставацца перад абліччам Езуса без кардынальнай змены на лепшае свайго жыцця, і таму выбраў адзіную і нязменную праўду, а менавіта Езуса Хрыста.

Божая ласка так моцна падзейнічала на яго, што ён захацеў хаця б убачыць Езуса. Маючы невялікі рост, ён залез на дрэва, каб толькі Яго ўбачыць.

Падчас агульных аўдыенцый Святога Айца на плошчы Св. Пятра ў Рыме можна ўбачыць людзей, якія становяцца на крэслы, а дзеці ўзбіраюцца на плечы бацькоў, каб толькі ўбачыць Папу. Таму можна зразумець і Закхея, які не пасаромеўся залезці на дрэва, каб толькі ўбачыць праходзячага Езуса.

Хрыстус не застаўся ў даўгу перад Закхеем. Ён таксама заўважыў яго і выказаў жаданне наведаць яго дом. Гэта быў пераломны момант у жыцці мытніка, які спаткаў Збаўцу і прыняў Яго да сябе.

5. Адна гісторыя распавядае пра сляпога чалавека, які прыйшоў у касцёл на шлюб свайго сябра. Касцёл быў вядомы сваімі прыгожымі фрэскамі. Калі маладая пара выйшла з касцёла, то маці жаніха выказала спачуванні сляпому чалавеку, што ён не можа бачыць прыгажосці фрэсак. Сляпы чалавек толькі паціснуў плячыма і пра сябе падумаў: ці гэтая жанчына не чула, як прыгожа званілі званы, калі маладыя ўваходзілі ў касцёл і яго пакідалі? Іх голас ствараў сапраўдную атмасферу радасці і святасці. Таму ён падумаў, як шкада, што маці маладога бачыла толькі прыгажосць фрэсак і ў той жа час не чула прыгажосці звону званоў.

Закхей быў аслеплены і аглушаны сваім эгаізмам і самалюбаваннем. Ён быў сляпы на бяду іншых і глухі на голас сумлення і Бога. Аднак усё гэта не перашкодзіла Езусу бачыць у ім чалавека як твор Божы і асобу. Таму Ён захацеў увайсці ў яго дом, каб вылечыць яго ад духоўнай слепаты і глухаты і тым самым вярнуць яму Божую ласку, якую той страціў. Словы Езуса: «Закхей, хутчэй спускайся з дрэва, бо Я хачу быць у тваім доме», — сталі паваротным пунктам у жыцці Закхея. Прымаючы Езуса ў сваім доме, Закхей стаў сімвалічным рэцыпіентам Божай ласкі ад імя ўсіх тых, хто яе страціў.  

6. А кім з’яўляемся мы? Хрыстус праходзіць каля нас. Але ці спяшаемся мы Яго ўбачыць? На кім і на чым мы засяроджваем свой позірк? Толькі на знешнім свеце, забываючыся пра ўнутраны? Ці чуем мы голас Бога, які прагне знайсці месца ў нашых сэрцах, каб іх перамяніць і збавіць нас?

Як шмат сярод нас сучасных Закхеяў — мытнікаў! Ці стараемся мы на самой справе быць падобнымі да евангельскага Закхея? Мы ходзім у касцёл, прымаем удзел у набажэнствах і рэкалекцыях, аднак пры гэтым вельмі часта застаёмся толькі знешнімі назіральнікамі ўсяго таго, што там адбываецца. Тады хрысціянства робіцца для нас нейкім фальклорам, тэатрам, канцэртнай залай. Усё прыгожа і святочна, але не змяняе нашага жыцця. Такая пазіцыя гарантуе нам спакойнае жыццё, мы вяртаемся да сваіх штодзённых спраў такімі, якімі былі перад гэтым.

Гэта азначае, што мы баімся саміх сябе, баімся пакінуць прывычны стыль жыцця, баімся адказнасці. А ў той жа час хрысціянства павінна стаць часткай нашага жыцця і змяняць яго на лепшае.

7. У адной сям’і дзіця павінна было выканаць дамашняе заданне, якое складалася з некалькіх частак. Трэба было скласці з паасобных элементаў часткі малюнка, а потым сабраць іх у адно цэлае. Калі ўсе часткі былі гатовы, дзіця сустрэлася з цяжкасцю скласці іх у адно, каб з гэтага выйшла цэльная кампазіцыя. Яно нервавалася і плакала. Тады бацька сказаў: «Прынясі мне ўсе часткі, і я дапамагу табе скласці іх у адно».

Падобнае сталася і з Закхеем, калі ён дазволіў Езусу ўзяць пад кантроль усе часткі яго жыцця і скласці іх у адно цэлае. Услухаемся і мы ў голас Езуса, злезем з дрэва нашага вельмі часта далёкага ад сапраўднага хрысціянства жыцця і дазволім Езусу ўзяць кантроль над ім, каб разам са Збаўцам сказаць: «Сёння збаўленне прыйшло ў наш дом». Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас парафіяльнай ўрачыстасці св. Юды Тадэвуша ў Лучаі з нагоды 20-годдзя вяртання касцёла вернікам
2010-10-30 18:50:37
30 кастрычніка 2010 г.

Вярнуць надзею
    
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XXX Звычайную нядзелю, Год С
2010-10-25 09:12:03
24 кастрычніка 2010 г., архікатэдральны касцёл, Мінск

1. Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі дабра перадае змест сённяшніх чытанняў, асабліва Евангелля, аб тым, што Бог з’яўляецца Богам міласэрнасці.

Адна гісторыя распавядае пра тое, як кароль Прусіі Фрыдрых Вялікі наведаў вязніцу. Ён размаўляў з кожным арыштаваным, які знаходзіўся там. Усе яны, як звычайна, казалі, што невінаватыя і што іх асудзілі несправядліва. Напрыканцы кароль убачыў вязня, які маўчаў. Кароль спытаўся: ты таксама несправядліва асуджаны? Вязень адказаў: не, я вінаваты і заслужыў пакарання. Тады кароль звярнуўся да начальніка вязніцы і наказаў яму выпусціць гэтага вязня, каб ён не сапсаваў іншых, які лічаць сябе невінаватымі.

Біблія кажа, што Бог пярэчыць ганарлівым і адорвае ласкай пакорных. Пакора вязня падарыла яму свабоду, а ганарлівыя засталіся ў вязніцы.

2. Сённяшняе Евангелле з’яўляецца асаблівым, і кожны хрысціянін павінен з увагай услухацца ў яго і зрабіць адпаведныя высновы. Гэта гісторыя двух вернікаў — фарысея і мытніка. Мытнікаў і падатковых інспектараў не любілі ў тыя часы, не любяць і сёння. Мытнік ці падатковы інспектар у многіх выклікаюць страх і нават плач.

Вядома, што ў Іерусаліме ёсць Сцяна плачу, якая засталася ад іерусалімскай святыні. Каля гэтай сцяны праходзіў Езус Хрыстус, калі ішоў у святыню. Яўрэі прыходзяць туды маліцца. Маліўся там і папа Ян Павел II. Гэтую сцяну называюць Сцяной плачу, бо гэта памяць аб святыні, і яўрэі плачуць, бо святыня разбурана. Аднак тыя ж самыя яўрэі кажуць, што ў Ізраілі ёсць яшчэ адна «Сцяна плачу», як і ў кожнай краіне, — гэта Міністэрства па падатках і зборах.

3. Аднак, вяртаючыся да сённяшняга Евангелля, трэба прыгадаць, што як фарысей, так і мытнік былі веруючымі людзьмі. Яны верылі ў аднаго і таго ж Бога. Належалі да адной рэлігіі. Маліліся ў адной ерузалемскай святыні. Больш за тое, яны былі актыўнымі вернікамі і кожны дзень хадзілі на малітву.

Але што мы бачым? Пасля малітвы адзін з іх пайшоў дадому з унутраным духоўным супакоем, а іншы — не. Мы ўсе павінны звярнуць увагу на гэтую евангельскую гісторыю, не толькі каб навучыцца таямніцы прыемнай Богу малітвы, але і каб жыць такім жыццём веры, якое вядзе да апраўдання, а не да расчаравання.  

4. Мы толькі тады зразумеем гэтую парабалу, калі лепей пазнаем, кім на самой справе былі фарысеі. Звычайна ўжытае ў Евангеллі слова «фарысей» мае негатыўны змест. І таму мы дзівімся, калі чуем, што гэтыя людзі былі вельмі дысцыплінаванымі і пабожнымі. Яны рэгулярна маліліся і захоўвалі Божы закон. Яны пасціліся два разы на тыдзень — па панядзелках і чацвяргах, хоць закон прадпісваў пасціцца толькі раз у год, у Дзень адкуплення — Ём Кіпур, які прыпадае на дзесяты дзень пасля іўдзейскага Новага года, звычайна ў верасні-кастрычніку. Яны таксама рэгулярна выдаткоўвалі дзесяціну на патрэбы сінагогі.

І калі ў сённяшнім Евангеллі мы чуем, што фарысей быў не такі, як іншыя, то ён на самой справе гаварыў праўду. Напэўна, не многія сучасныя хрысціяне ў гэтым сэнсе могуць зраўняцца з фарысеямі.

Мытнікі ж звычайна трактаваліся як людзі ніжэйшага маральнага стану. Яны працавалі на патрэбы рымскіх язычнікаў. Пры гэтым яны не былі чыстымі на руку, ашуквалі людзей і тым самым узбагачаліся. Гэта азначае, што яны былі ў стане рытуальнага забруджання. Таму мытнікі лічыліся публічнымі грэшнікамі, якія знаходзіліся на шляху да пекла.

Аднак у той жа час яны ведалі, што не заўсёды голас народа ёсць голасам Бога. Таму яны мелі надзею на збаўленне і верылі ў Божую міласэрнасць.

5. Сама вера ў Бога яшчэ не з’яўляецца гарантыяй збаўлення. Апостал Якуб кажа, што вера без добрых учынкаў мёртвая. Тут важным з’яўляецца не толькі вера, але і тое, як чалавек жыве гэтай верай. Фарысеі верылі ў дыскрымінуючага Бога, які любіць добрых і ненавідзіць злых. Паводле іх, людзі павінны паступаць так, як паступае Бог. Таму яны навучыліся любіць толькі добрых людзей і глядзець з пагардай на дрэнных. Езус жа распавёў сённяшнюю прытчу супраць фарысеяў, якія верылі ў тое, што толькі яны з’яўляюцца справядлівымі, а іншымі пагарджалі.  

Мытнік, з іншага боку, верыў не ў сябе, а ў Божую міласэрнасць. Стоячы воддаль, ён нават не смеў падняць вочы да неба, але толькі біў сябе ў грудзі і казаў: «Пане, будзь міласэрны да мяне, грэшніка!» І менавіта ён, а не самазадаволены фарысей, пайшоў дадому ў супакоі.

6. Таксама і мы, як мытнік і фарысей, павінны прыходзіць у дом Пана, каб ахвяраваць Яму нашу пашану і малітву. Мы, як і яны, спадзяемся вярнуцца дадому з чыстымі сэрцамі. Таму нам трэба вучыцца ад мытніка таямніцы пашаны да Бога і бліжняга, каб наша малітва была прынята Богам.

Не трэба слухаць іншых, а нават і самога сябе, што Бог ніколі не даруе нам нашых грахоў, бо яны такія вялікія. Мы павінны прызнаць нашу грэшнасць і даверыцца бязмежнай Божай міласэрнасці. Нарэшце, мы павінны паабяцаць Богу, што ніколі не будзем глядзець на грэшнага чалавека з пагардай, а будзем старацца дапамагаць яму ў пошуках Бога, падобна як прыклад мытніка дапамагае нам сёння ў Яго пошуках.

Няхай жа сённяшняе Евангелле дапаможа нам заўсёды памятаць, што Бог супрацьстаіць ганарлівым і адорвае сваёй ласкай пакорных. Амэн.


 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ва ўспамін св. Тэрэзы Авільскай у межах святкавання дня абрання Папам Яна Паўла ІІ
2010-10-15 14:54:27

Нарач, 15 кастрычніка 2010 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Па добрай традыцыі мы збіраемся ў Нарачы на святкаванне папскага дня, прысвечанага чарговай гадавіне абрання Папам Слугі Божага Яна Паўла II, што адбылося 16 кастрычніка 1978 г. Менавіта 32 гады таму падчас інаўгурацыі новага Пантыфікату прагучалі прарочыя словы: адчыніце дзверы Хрысту, адчыніце дзверы сацыяльных, палітычных, культурных сістэм. Толькі Хрыстус ведае, што ёсць у чалавеку, і толькі ў Хрысце чалавек можа да канца пазнаць сябе.

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце навучальнага года ў Цэнтры падрыхтоўкі катэхетаў
2010-10-16 11:38:45

Мінск, Чырвоны касцёл, 16 кастрычніка 2010 г.


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, студэнты Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў, браты і сёcтры!

1. Перад сваім Унебаўшэсцем Езус звярнуўся да Апосталаў са словамі: ідзіце і навучайце ўсе народы. Гэта мандат Збаўцы, які ўжо на працягу 2 тысячагоддзяў натхняе Касцёл у справе евангелізацыі і катэхізацыі.

 
Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў межах Навэнны да 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры
2010-10-07 21:23:50
Характарыстыка і галоўныя элементы навучання
Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце
«Gaudium et spes»

Мінская архікатэдра, 7 кастрычніка 2010 г.

 

Уступ

Другі Ватыканскі Сабор, які быў скліканы благаслаўлёным папам Янам XXIII і праходзіў у 1963–1965 гг. часта называюць другім Спасланнем Духа Святога ці новай Пяцідзесятніцай. Ён апрацаваў напрамкі развіцця Касцёла на будучыню.

 
Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў межах святкавання 20-годдзя заснавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне
2010-10-05 12:47:38


Новая евангелізацыя — галоўнае заданне Касцёла ў сучасным свеце

Інаўгурацыйны даклад
з нагоды распачацця новага 2010/2011 навучальнага года
ў межах святкавання 20-годдзя заснавання
Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Гродна, 5 кастрычніка 2010 г.

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, выпускнікі і алюмны Гродзенскай Alma Mater, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі свету культуры, навукі і дзяржаўных уладаў, браты і сёстры!

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце акадэмічнага года
2010-09-16 13:48:04
Мінская архікатэдра, 16 верасня 2010 г.

Дарагія студэнты і прысутныя вернікі!

Вось пакаленне тых, хто шукае аблічча Бога (пар. Пс 24 (23)).

Гэтыя словы рэфрэну рэспансарыйнага псальма вельмі добра перадаюць атмасферу сённяшняга набажэнства, калі мы молімся ў інтэнцыі студэнтаў, якія распачынаюць новы акадэмічны год.

Гледзячы на вас, якія захацелі прыняць удзел у гэтай святой Імшы, так і хочацца паўтарыць гэтыя словы і назваць вас пакаленнем тых, хто пазнае таямніцы навукі і грызе яе граніт (як казалі 40 гадоў таму, у мой час студэнцтва) і ў той жа час шукае аблічча Бога. Не ведаю, можа і цяпер кажуць таксама. Так ці інакш, калі сучасны свет усё часцей сваю надзею пакладае толькі ў дасягненнях навукі і верыць, што з яе дапамогай можна вырашыць усе сучасныя праблемы, вы, верачы ў дапамогу навукі (і так павінна быць) адначасова шукаеце аблічча Бога, у якім — канчатковая надзея. Бо, на самой справе, чым з’яўляецца вывучэнне розных навук ва ўніверсітэтах, як не пазнаннем гісторыі чалавека і свету, у якой Бог аб’яўляе самога сябе і сваю таямніцу збаўлення?

Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй, сусвет і ўсё, што жыве ў ім (пар. Пс 24 (23), 1). Гэтыя словы Святога Пісання нагадваюць, што веруючаму чалавеку належыць усё тое, што паходзіць ад Божай мудрасці.

Евангелле, якое мы пачулі падчас гэтай літургіі, вядзе нас да двух узроўняў мудрасці. Першы — гэта здольнасць распазнаваць аблічча зямлі і неба (пар. Лк 12, 56) — у законах прыроды і прыродных з’явах пазнаваць сувязь паміж іх прычынай і вынікам, а гэта азначае — Бога.

Другі — гэта ўменне распазнаваць знакі часу, у якім здзяйсняецца гісторыя збаўлення чалавека, таго часу, у якім дзейнічае Бог і чакае супрацоўніцтва з чалавекам. І тут трэба нагадаць, што Езус, які прыйшоў да сваіх, не быў імі прыняты. Яны не ўмелі прачытаць знакаў часу.

Словы Езуса «крывадушныя» (Лк 12, 56), якімі ён акрэсліў сучасных Яму людзей, нагадваюць пра тое, што людзі не толькі не хочуць распазнаваць таго, што слушна, але нават не імкнуцца яго прыняць.

Праблема паўтараецца і ў наш час. Сучасны чалавек, з аднаго боку, умее вельмі добра аналізаваць і прачытваць з’явы часу. З іншага ж, а менавіта, духоўнага погляду, ён ухіляецца ад такіх праблем, як сэнс жыцця і смерці, дабро і зло, вечнае прадвызначэнне чалавека і г.д. Гэта знак фальшывай мудрасці, якая ганарыцца сапраўды добрымі ведамі ў галіне прыродных і гуманітарных навук і ў той жа час бароніцца перад захапленнем рэлігійнымі і маральнымі справамі.

Лякарствам ад крывадушнасці з’яўляецца пастаянная канфрантацыя ведаў і жыцця, Божай праўды і становішча да яе чалавека. Кажучы іншымі словамі — гэта канфрантацыя паміж разумнай верай і жыццём.

Таму студэнты, як будучыя спецыялісты, кіраўнікі прадпрыемстваў і дзяржаўных установаў, закліканы да пастаяннага адкрыцця і інтэрпрэтацыі знакаў часу адносна галоўнага знаку Божага аб’яўлення — Езуса Хрыста. Гэта ўчыніць вашы ўніверсітэты асяроддзямі і лабараторыямі сапраўднай хрысціянскай мудрасці, дзе кожны асабіста ўключыцца ў выпрацоўку сапраўднага сінтэзу веры і жыцця, ведаў і іх практычнага прымянення, каб вера і навука сталі тымі крыламі, на якіх чалавек уздымаецца да пазнання праўды. Амэн.

 
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас адкрыцця Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2010»
2010-09-07 11:28:09

Мінская архікатэдра, 7 верасня 2010 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, працаўнікі мас-медыя, асабліва хрысціянскага тэлебачання і кіно!

1. Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як з Езуса выходзіла моц і аздараўляла ўсіх (пар. Лк 6, 19). Гэтая моц павінна выходзіць і з усіх, хто прызнае Хрыста сваім Богам і Збаўцам, гэта азначае — з усіх хрысціян. Гэта выклік нашага часу, калі ўсё больш людзей адракаюцца ад сваіх хрысціянскіх каранёў. Гэта таксама місійнае заданне, у якім павінен прымаць удзел кожны хрысціянін. А каб так магло быць, трэба найперш з’яднацца з Хрыстом, трэба, як навучае св. апостал Павел, укараніцца ў Ім (пар. Кал 2, 7) і на Ім будаваць.

 
Прывітальнае слова арцыбіскупа Кандрусевіча перад св. Імшой з нагоды 150-годдзя асвячэння касцёла Святой Тройцы ў Радашковічах
2010-09-03 14:12:13

3 верасня 2010 г.

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны біскуп Антоні Дзям’янка, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі!

З нагоды таго, што сёння ў Мінску распачынаецца Міжнародны ўсходне-еўрапейскі сімпозіум даследчыкаў Новага Запавету я павінен вярнуцца ў сталіцу. Таму, раздзяляючы разам з вамі радасць Юбілею 150-годдзя асвячэння касцёла Святой Тройцы ў Радашковічах, дазвольце шчыра павіншаваць вас з гэтым святам і звярнуцца да вас з наступным словам.

 
Казанне Мітрапаліта Кандрусевіча падчас дажынкавых урачыстасцяў у Польшчы
2010-08-29 15:26:53

Arcybiskup Tadeusz Kondrusiewicz,
Metropolita Mińsko-Mohylewski 

Kazanie podczas uroczystości dorzynkowych województwa Kujawsko-pomorskiego
w Dobrzyniu nad Wisłą

29 sierpnia 2010 r.

Umiłowani w Chrystusie Panu bracia i siostry!

1. W Ewangelii na XXII-C niedzielę zwykłą słyszymy następujące słowa Chrystusa: kto się wywyższa, będzie poniżony, a kto się poniża, będzie wywyższony. Zrozumieć ich trzeba w sposób należyty. Chrystus nie nawołuje do tego, abyśmy w naszym życiu nie dążyli do pierwszych miejsc. Rodzice chcą, aby ich dzieci byli prymusami w szkole. Młody specjalista dąży, aby jak najszybciej pokazać, czego on jest wart, aby awansować. To jest naturalne i zrozumiałe. Bez konkurencji nie ma postępu.

 

Усяго 212 матэрыялаў адзначана цэтлікам Кандрусевіч.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.