Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Мінск — архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі]
Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер 2012 г.
2012-04-05 10:39:51

Абвяшчаць Уваскрослага

Глыбокапаважаныя святары!

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас велікапоснага чування моладзі
2012-03-13 13:12:18

17 сакавіка 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Кайцеся і верце ў Евангелле (Мк 1, 15)

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Гэтымі словамі Евангелле паводле Марка распачынае абвяшчэнне свету Езуса і Яго пасланне збаўлення: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 14–15). Гэта таксама першыя словы, з якімі Хрыстус звярнуўся да сваіх слухачоў, і таму яны праграмныя, бо праблема навяртання і праблема веры была, ёсць і заўсёды застанецца першаснай.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце II Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Caritas Belarus»
2012-01-24 19:00:31

24 студзеня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

«Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што таямніцы Валадарства Ты адкрыў дзецям».

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, супрацоўнікі дабрачыннасці, госці!

1. Гэтыя словы спеву перад Евангеллем вельмі добра перадаюць змест і сэнс сённяшніх чытанняў. Яны яшчэ раз паказваюць, што Бог адкрывае таямніцы свайго Валадарства людзям чыстага сэрца.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на III Звычайную нядзелю, Год В
2012-01-23 12:00:18

22 студзеня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

1. Дарагія браты і сёстры!

Звычайны вучань у школе з урокаў фізікі ведае, што калі на нейкае цела, якое знаходзіцца ў руху, не дзейнічае ніякая сіла або дзейнічаюць роўныя процілеглыя сілы, то яно працягвае рухацца ў тым самым напрамку. Калі гэты прынцып дынамікі аднесці да духоўнага жыцця, то можна сцвердзіць, што калі існаванне чалавека не акрэсліваецца ніякімі каштоўнасцямі або на яго ўдзейнічаюць у роўнай меры і зло, і дабро, то яго жыццё не рэалізуецца, а толькі проста «цячэ» ці «коціцца». Маючы на ўвазе тое, што чалавечая прырода падвержана першароднаму граху, гэтае «скочванне» становіцца «скочваннем» у балота зла. Біблейскім сімвалам гэтага стала Нініва, аб якой распавядае першае чытанне. Вялікі горад стаў горадам граху, і Божая кара навісла над ім. Аднак вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог даў жыхарам Нінівы шанс пазбегнуць знішчэння. Умовай было навяртанне.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
2012-01-18 08:54:05

Праз перамогу зла дабром да адзінства

21 студзеня 2012 г., мінская архікатэдра

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій! Чарговы раз мы, паслухмяныя закліку і запавету Хрыста «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21), збіраемся ў мінскай архікатэдры, каб маліца аб гэтым такім вялікім дары адзінства. Адзінства патрабуе свет і народы. Патрабуе яго і хрысціянства, бо Хрыстус стварыў адзін і адзіны хрысціянскі Касцёл як сваё Містычнае Цела. Раздзяленне — гэта не што іншае, як крывавая рана на гэтым Целе, якую неабходна лячыць. А самым эфектыўным лекам з’яўляецца малітва. Таму трэба як мага часцей выкарыстоўваць экуменізм малітвы. Cвяты Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што экстраардынарны дар адзінства, да якога мы імкнёмся, не можа быць вынікам толькі нашых намаганняў, але з’яўляецца дарам з неба, аб якім трэба заўсёды маліцца.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас адвэнтавага чування моладзі
2011-12-10 23:18:45


Мінская катэдра, 10 снежня 2011 г.

Быць соллю зямлі і святлом свету


«Вы — соль зямлі, вы — святло свету».

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Гэтыя словы прапануе нашай увазе Касцёл сёння, калі мы сабраліся на чарговае адвэнтавае спатканне ў межах падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас дыяканскага і святарскага пасвячэння
2011-11-25 10:58:56

26 лістапада 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Ідзіце і прыносьце плён

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паслаў, каб вы ішлі і прыносілі плён і каб ваш плён трываў»

Дарагія браты і сёстры!

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на XXIIІ Звычайную нядзелю, Год А
2011-09-05 13:44:49

мінскі архікатэдральны касцёл, 4 верасня 2011 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла II
2011-05-06 10:08:37
III Велікодная нядзеля, Год А

8 мая 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Тыдзень таму ў Рыме на плошчы Св. Пятра адбылася знакавая падзея нашага часу — беатыфікацыя любімага ва ўсім свеце папы Яна Паўла II, нашага сучасніка, з якім многія з нас сустракаліся, прымалі ўдзел у набажэнствах, якія ён узначальваў, бачылі і чулі яго. Касцёл вуснамі Бэнэдыкта XVI далучыў яго да ліку благаслаўлёных. Гэтым самым мы атрымалі яшчэ аднаго заступніка ў небе, які вельмі любіў Беларусь, пасля доўгага перыяду ганенняў аднавіў яе іерархічныя структуры, марыў сюды прыехаць. Сёння ніхто і нішто не можа перашкодзіць яму сваім духам святога быць разам з намі. І мы верым, што ён сапраўды благаслаўляе нас з акна нябеснага Айца.   

2. Сёння мы сабраліся ў гістарычнай мінскай катэдры дзякаваць Богу за гэту беатыфікацыю, якая яшчэ больш наблізіла да нас постаць Яна Паўла II.

Святы, з’яўляючыся чалавекам свайго часу, адначасова, жывучы згодна з Евангеллем, маральна стаіць вышэй за гэты час. Такім быў Ян Павел II.

Аб гэтым сведчаць першыя словы яго Пантыфікату: адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім чалавек можа да канца пазнаць сябе. Чалавеку патрэбны Хрыстус, каб мог будаваць шчасце на гэтай зямлі і дасягнуў вечнасці.

Ян Павел II увайшоў у гісторыю як мудры пастыр Сусветнага Касцёла, які ўмеў чытаць знакі часу і прымаць адпаведныя рашэнні. Мы памятаем яго як мужнага абаронцу хрысціянскіх каштоўнасцяў, які быў голасам сумлення сучаснага свету, а таксама як выдатнага тэолага, чалавека дыялога, змагара за мір, паэта, спартсмена і г. д. Ён вельмі любіў моладзь, якую называў надзеяй Касцёла і свету. Гэта дзякуючы яму мы маем Сусветныя дні моладзі. Ён умеў слухаць кожнага, клапаціўся пра бедных і хворых і вельмі любіў тонкі гумар. Многа высілкаў прысвяціў развіццю міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялога.

Зведаўшы горыч нацызму і камунізму, Ян Павел II супрацьпаставіў ім хрысціянства. Добра ведаючы, што такое ганенні на веру, ён вельмі шмат высілкаў прысвяціў свабодзе веравызнання. Зыходзячы з навучання Евангелля, што толькі праўда ўчыніць чалавека свабодным, ён сваім сведчаннем веры, любові і апостальскай адвагі, поўным чалавечай чуласці, дапамог хрысціянам ва ўсім свеце перастаць баяцца быць хрысціянамі, належаць да Касцёла, абвяшчаць Евангелле. Гэтым самым ён дапамог людзям перастаць баяцца праўды, бо праўда — гэта гарантыя свабоды. У цэнтры яго навучання быў Хрыстус і адкуплены Ім чалавек. Таму для Яна Паўла II шляхам Касцёла быў чалавек, а шляхам чалавека — Хрыстус. Гэта была праграма яго Пантыфікату, падчас якога ён шчасліва ўвёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе і даў яму новы накірунак на будучыню і новую надзею, як падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Хто меў магчымасць маліцца з Янам Паўлам II або бачыць, як ён моліцца, то, напэўна, пацвердзіць, што гэта быў чалавек глыбокай малітвы. Калі ён маліўся, для яго больш нічога не існавала. Заставаўся Бог і ён.

4. Усім гэтым ён заслужыў аўтарытэт і павагу не толькі сярод веруючых, але і сярод няверуючых. Яго адыход да дому Нябеснага Айца стаў сусветнымі рэкалекцыямі, а пахаванне прымірыла непрымірымых — побач сядзелі тыя, якія да гэтага не падавалі адно аднаму рукі.

Яго беатыфікацыя паказала сапраўдны сэнс хрысціянства як рэлігіі надзеі. Калі 6 гадоў таму панавала атмасфера засмучэння, бо адышоў любімы Папа, то падчас беатыфікацыі — радасць. Ян Павел II не адышоў, але ёсць з намі!

5. Сёння, у прысутнасці абраза Езуса Міласэрнага, мы дзякуем за беатыфікацыю. Сімвалічна, што Ян Павел II адышоў у вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці і падчас гэтага ж свята быў беатыфікаваны. Ён адрадзіў у свеце новую надзею, якую бачыў у Божай Міласэрнасці.

Калі мы глядзім на сучасны свет з яго праблемамі, пагрозамі і выклікамі, то бачым, што, сапраўды, надзея толькі ў Богу. Менавіта Яго нёс людзям папа Ян Павел II.

6. Сённяшняе Евангелле распавядае пра вучняў з Эмаўса, якія пасля крыжовай смерці Езуса страцілі надзею, аднак знайшлі яе падчас спаткання з Ім. Яно навучае, што сярод нас ёсць Хрыстус, які спадарожнічае нам на нашых жыццёвых шляхах, размаўляе з намі і слухае нас падчас малітвы.

Свет да Яна Паўла II таксама жыў як быццам без надзеі. Асабліва тут, на Усходзе, здавалася, што вера ўжо ніколі не адродзіцца. Аднак Ян Павел II даў гэтую надзею, нават насуперак надзеі, і даў яе ў асобе Езуса Хрыста, заклікаючы адчыніць Яму свае сэрцы.

І сапраўды, ён змяніў бег гісторыі і адкрыў для Хрыста грамадствы, дзе многія дзесяцігоддзі панаваў атэістычны рэжым, у тым ліку і ў Беларусі, калі 20 гадоў таму адрадзіў тут касцёльныя структуры і заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію. Ён увёў Хрыста ў культурныя, палітычныя і эканамічныя сістэмы.

Сёння, калі мы радуемся яго беатыфікацыі, мы не павінны затрымлівацца толькі на знешнім яе эфекце. Некаторыя з нас былі ў Рыме, іншыя сачылі за цырымоніяй па тэлебачанні і радыё. Мы бачылі шмат людзей і разам з імі перажывалі незабыўны гістарычны момант. Сродкі масавай камунікацыі толькі і пішуць пра гэту падзею.

Але ці гэтага дастаткова? Напэўна, не. Навучанне папы Яна Паўла II, яго прыклад і спадчына не павінны застацца толькі здабыткам гісторыі ці на паліцах бібліятэк. Яны павінны быць у нашым сэрцы. Сёння мы павінны спытаць сябе: як мы прымаем яго навучанне? Ці яно сапраўды нас змяняе? Ці вядзе да распазнання прысутнасці Бога ў нашым жыцці? Ці мы імкнёмся і не баімся адчыніць дзверы нашых сэрцаў Хрысту?

Толькі тады мы, нягледзячы на ўсе цяжкасці і безнадзейныя жыццёвыя сітуацыі, зможам, падобна вучням з Эмаўса, адчуць прысутнасць сярод нас Міласэрнага Езуса, у якім адзіная надзея і збаўленне.

7. Благаслаўлёны Яне Паўле II! Ты так моцна палюбіў Беларусь і так хацеў сюды прыехаць!

Благаславі нас, нашы сем’і, нашу моладзь, усю нашу Бацькаўшчыну, каб мы сапраўды былі Хрыстовымі і годнымі таго, што на нашу зямлю ступіць нага наступніка Пятра, каб узмацніць нашу веру, надзею і любоў, і каб мы былі здольнымі будаваць цывілізацыю жыцця. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы Вячэры Пана
2011-04-21 11:17:33
21 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Эўхарыстыя — месца лячэння чалавека

Дарагія браты і сёстры!

1. Пасхальны Трыдуум, які мы распачынаем гэтай святой Імшой, знамянуе сабой Апошнюю Вячэру, збаўчую смерць Езуса і Яго Уваскрасенне. Гэтыя тры дні — Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і Вялікая субота — з’яўляюцца вяршыняй літургічнай дзейнасці Касцёла.

Сёння, у Вялікі чацвер, мы ўспамінаем апошнюю сустрэчу Езуса з апосталамі перад Яго крыжовай смерцю і Уваскрасеннем. Яна была выключнай. З аднаго боку, яна ўпісвалася ў яўрэйскую традыцыю святкавання пасхальнай вячэры ў памяць аб цудоўным выйсці з егіпецкай няволі. З іншага ж — Апошняя Вячэра мае кардынальна іншы сэнс. Яна не замыкаецца на ўспамінах, але выходзіць наперад; не жыве гісторыяй, але вядзе ў будучыню. На наступны дзень Хрыстус будзе ўкрыжаваны за нашы грахі. Ён станецца ахвярным ягнём, каб праз сваю смерць і Уваскрасенне вызваліць чалавека з няволі граху і смерці.

2. Якой драматычнай павінна была быць гэтая сустрэча, калі Езус аб’явіў, што адзін з вучняў Яго выдасць і што Яго чакае блізкая смерць. Глыбокі сэнс гэтай смерці Езус упісвае ў знакі хлеба і віна, калі кажа: «Гэта Маё Цела, якое будзе выдадзена за вас. Гэта Мая Кроў, якая будзе праліта на адпушчэнне грахоў». Каб гэтую збаўчую смерць увекавечыць і ўчыніць прысутнай на алтарах свету да канца часу, Езус кажа апосталам: «Гэта чыніце на Маю памяць».

У гэтых словах і знаках мы бачым устанаўленне Эўхарыстыі — знаку прысутнасці Хрыста і Яго збаўчай Ахвяры пад відам хлеба і віна. Дзякуючы ёй Езус ідзе праз вякі да ўсіх народаў. Але каб гэта магло ажыццявіцца, Хрыстус кліча тых, якія праз тыя ж самыя словы і знакі  ўчыняць, што той самы Езус з Вячэрніка і Галгофы будзе Езусам заўсёды з намі — учора, сёння і навекі.  

3. Таму падчас гэтай святой Імшы сваімі думкамі мы пераносімся ў Вячэрнік, на тое святое месца, дзе Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт святарства. Гэтыя два сакрамэнты непарыўна звязаны паміж сабой. Касцёл навучае, што святарства нараджаецца з Эўхарыстыі, а Эўхарыстыя цэлебруецца святаром. Без Эўхарыстыі няма святарства і без святарства няма Эўхарыстыі.

Падобна таму, як гэтыя два сакрамэнты былі ўстаноўлены ў адзін час, таксама яны прысутнічаюць разам у жыцці і дзеянні Касцёла. Таму сёння вернікі з удзячнасцю скіроўваюць свой позірк на Вячэрнік, бо там стаўся першы цуд перамены хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Чалавецтву быў дадзены духоўны хлеб з нябёсаў як хлеб жыцця вечнага.

У Вячэрніку таксама стаўся і другі цуд. Езус устанавіў апосталаў святарамі Новага Запавету, каб маглі дзейнічаць ад Яго імя. Простых людзей Ён якасна і анталагічна перамяніў у тых, якія сталі распарадчыкамі Ягонай ласкі. Езус добра ведаў, што пасля Яго Унебаўшэсця нехта павінен быў працягваць Ягоную справу, каб ласка збаўлення не засталася толькі дэпазітам, але магла дасягнуць чалавека. Гэты нехта — святар, падобны да іншых людзей і ў той жа час якасна іншы, анталагічна падобны да Хрыста.

4. Сённяшні дзень для святароў — гэта дзень, калі мы ўсведамляем, што падчас святарскіх пасвячэнняў атрымалі самы вялікі дар, які можа атрымаць чалавек: дар дзейнічаць ад імя Езуса. У той жа час мы ўсведамляем нашу адказнасць, бо Хрыстус дазволіў нам і нас абавязаў, каб мы былі Яго інструментамі ў выкананні Ягонай місіі збаўлення свету. Апякун святароў св. Ян Віянэй вучыць, што толькі дзякуючы святару справа збаўлення даходзіць да людзей.

Якое вялікае заданне і якая адказнасць! Нездарма вядомы польскі святар і публіцыст Ян Твардоўскі кажа: свайго святарства баюся, яго палохаюся, перад ім падаю і станаўлюся на калені.

5. Што азначае быць святаром? Паводле св. апостала Паўла, святар перадусім з’яўляецца распарадчыкам Божых таямніцаў. Дзякуючы сакрамэнтальнай паслузе святара, Хрыстус далей дзейнічае ў сваім Касцёле. Яго паслуга слова — гэта клопат, каб Езус мог быць пачутым і зразуметым у сучасным свеце. Сакрамэнтальная паслуга — гэта клопат, каб даць людзям Божую ласку, якая патрэбна для збаўлення. Паслуга служэння — гэта клопат пра аб’яднанне людзей у касцёльнай супольнасці. Святая Кацярына Сіенская кажа, што святар — гэта сасуд, з якога плыве Божая ласка. Дзякуючы святару Хрыстус прысутнічае сярод нас.

6. Каб лепей зразумець, якім чынам Езус прысутнічае сярод нас у літургіі, нам трэба акунуцца ў Божае слова, якое мы пачулі падчас гэтай святой Імшы.

Першае чытанне вядзе нас да пасхальнай вячэры, падчас якой яўрэі ўспаміналі цудоўнае выбаўленне з егіпецкай няволі. Гэта як быццам абяцанне нашага збаўлення ад смерці грахоўнай і пераходу ў жыццё ў Хрысце, а таксама правобраз Эўхарыстыі.

Другое чытанне распавядае пра ўстанаўленне Эўхарыстыі, якая паводле хрысціянскай традыцыі называецца ламаннем хлеба.

Евангелле нагадвае пра мыццё ног апосталам, чым Езус падкрэсліў значэнне любові, узаемнай дапамогі і пакорнага служэння іншым. Менавіта недахоп гэтага стаўся прычынай тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г.

7. Сённяшнія чытанні недвухсэнсоўна нагадваюць пра тое, што Хрыстус прысутны сярод людзей, калі яны слухаюць Божае слова, мыюць адзін аднаму ногі — гэта значыць здзяйсняюць учынкі міласэрнасці — і ломяцца хлебам, значыць удзельнічаюць у Эўхарыстыі. Гэтыя тры дзеянні характарызуюць сапраўдную хрысціянскую супольнасць. Таму мы павінны быць людзьмі, якія слухаюць Божае слова і апавядаюць яго іншым, служаць бліжнім і прымаюць удзел у Эўхарыстыі.

8. Падчас святой Імшы перад камуніяй святар праламляе кансэкраваную гостыю. Гэта момант, калі мы павінны прызнаць сваю слабасць. Будучы духоўна расколатымі нашымі грахамі, мы павінны даверыцца Хрысту, які прыходзіць да нас у ламанні хлеба ці Эўхарыстыі, каб аднавіць.

Гэтая Боская акцыя сярод нашых цяжкасцяў з’яўляецца галоўнай прычынай прысутнасці Езуса ў Эўхарыстыі. Хрыстус прысутны ў кавалку хлеба для таго, каб нас, зломленых злом, сцішаных баязлівасцю, паралізаваных няўпэўненасцю і спаленых грахом, духоўна ўмацаваць. Прысутны, бо мы Яго патрабуем. Прысутны, бо маем у Ім патрэбу і Ён можа нам дапамагчы.

9. Дзякуем Табе, Пане Езу, за хлеб Эўхарыстычны, хлеб, які ўзмацняе, хлеб, які гарантуе жыццё вечнае. Дзякуем Табе за сакрамэнт святарства, дзякуючы якому мы маем гэты хлеб. Адары наш Касцёл ласкай новых, добрых і святых пакліканняў да святарства. Дай нам ласку зразумець, што толькі ў Эўхарыстыі, аб’яднаныя гэтымі двума кавалкамі паламанага хлеба, мы зможам адчуваць сябе адноўленымі і ў бяспецы, каб быць шчаслівымі ў гэтым жыцці і дасягнуць вечнага. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікую пятніцу
2011-04-21 09:46:09
22 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Дарагія браты і сёстры!

1. Сённяшняя літургія вядзе нас да крыжа, які ў часы Хрыста быў знакам ганьбы і інструментам жудаснай смерці. Дзякуючы смерці Хрыста ён стаў знакам збаўлення і надзеі.

Да Другога Ватыканскага Сабору ў літургіі пасля чытання мукі Езуса Хрыста не было казання. Апісанне мукі ўспрымалася ў абсалютнай цішыні. Нават прапускалася акламацыя напрыканцы: «Гэта слова Пана». У абноўленай літургіі пасля слоў «Езус аддаў духа» вернікі становяцца на калені і ў маўчанні разважаюць над таямніцай смерці Бога і чалавека Езуса Хрыста за нашы грахі.

Аднак у той жа час нам патрэбны адпаведныя разважанні, каб не ўспрыняць смерць Хрыста выключна інструментальна і не быць падобнымі да аднаго няверуючага вучня, які праваліў усе экзамены ў школе. Тады бацькі паслалі яго ў каталіцкую школу. Са здзіўленнем яны ўбачылі, што ён выправіўся, стаў дысцыплінаваным і пачаў вучыцца вельмі добра, так што выдатна закончыў школу. Тады яны спыталіся ў яго, як сталася, што з непаслухмянага гультая ён стаў выдатным вучнем. Хлопчык адказаў, што калі ўпершыню ўвайшоў у клас, то на сцяне ўбачыў крыж і на ім укрыжаванага. Тады адразу падумаў, што тут не жартуюць, і яму не хацелася апынуцца на месцы гэтага няшчаснага на крыжы.

2. Крыж дапамог хлопчыку змяніць у лепшы бок свае паводзіны і адносіны да вучобы. Аднак праўда крыжа зусім іншая. Езус на крыжы не для таго, каб палохаць малых дзяцей, але каб паказаць людзям бязмежную любоў да іх. Ён на крыжы не для таго, каб паказаць, што можа стацца з імі, калі не будуць сябе адпаведна весці. Ён там, каб паказаць людзям, што коштам сваіх цярпенняў і смерці ўжо заплаціў за іх грахі. Ён памёр на крыжы не за тое, што сам зрабіў, але за мае і твае грахі, дарагі брат і сястра, памёр, бо бязмежна любіць нас. Ён памёр на крыжы за нас.

«Памёр за нас». Мы настолькі прызвычаіліся да гэтых слоў, што яны, на жаль, не выклікаюць у нас вялікага ўражання, бо, па-першае, гэта было вельмі даўно, а па-другое, сучасны чалавек не вельмі заняты справай свайго збаўлення, не думае пра смерць і абмяжоўваецца праблемамі сённяшняга дня.       

3. Каб лепш зразумець сапраўдны сэнс і значэнне крыжовай смерці Хрыста, звернемся да наступнай выдуманай гісторыі пра чалавека, які аддаў жыццё за свайго брата.

Два браты жылі ў адным памяшканні. Старэйшы быў вельмі добры і справядлівы, сумленна працаваў і шанаваў Божы закон. Малодшы вёў разгульнае жыццё. Старэйшы шмат разоў стараўся направіць жыццёвы шлях свайго малодшага брата, аднак безвынікова. І вось аднойчы ноччу малодшы брат прыйшоў дадому з пісталетам і ў акрываўленым адзенні. «Я забіў яго, забіў, але я не хацеў гэтага», — мармытаў ён. Паліцыя акружыла дом. Было ясна, што злачынца не збяжыць, яго арыштуюць і, напэўна, пакараюць смерцю. «Я не хачу паміраць!» — лямантаваў малодшы брат. Паліцыя ўжо стукала ў дзверы. Тады старэйшы брат хутка пераадзеўся ў акрываўленае адзенне малодшага. Паліцыя арыштавала яго. Ён быў абвінавачаны ў смерці іншага чалавека і пакараны смерцю. Ён памёр за свайго брата. Гэта толькі выдуманая гісторыя, і сапраўдны злачынца павінен быць пакараны.

4. Ці мы не расцэньваем гэтае злачынства і смерць як гісторыю любові? Таксама і гісторыя цярпенняў і смерці Езуса Хрыста, аб чым мы пачулі падчас чытання Яго мукаў, — гэта гісторыя любові Бога да чалавека. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» вучыць, што крыжовая смерць Хрыста — гэта найвышэйшая любоў, якою Бог адарыў чалавека. Як мы павінны на яе адказаць?

Які адказ мы спадзяемся атрымаць ад малодшага брата на смерць старэйшага, якая выбавіла яго самога ад смерці? Зразумела, што ўдзячнасць. Гэтая ўдзячнасць таксама павінна праявіцца ў кардынальнай змене жыцця на лепшае, каб ніколі болей не чыніць зла.

Чаго Бог сёння чакае ад нас, калі мы разважаем пра крыжовую смерць Езуса і адаруем крыж? Удзячнасці і змены жыцця на лепшае, а таксама любові да Бога і бліжняга. Бо ўсё пройдзе, а любоў застанецца, і Бог будзе нас судзіць з любові.

Калі адзін з укрыжаваных разам з Езусам разбойнікаў шкадаваў за свае грахі і прасіў аб міласэрнасці, Езус выслухаў яго. Разбойнік, а не фарысеі, вучоныя ў пісанні і нават не апосталы, стаў першым збаўленым, бо першым на любоў Бога да чалавека адказаў любоўю.  
    
5. Дарагія браты і сёстры!

Калі наблізімся да крыжа, каб яго адараваць, калі яго абдымем і пацалуем, то ўслухаемся ў яго голас. У цішыні ён прамаўляе, і прамаўляе вельмі моцна. Мова крыжа — гэта мова бязмежнай любові Бога да чалавека, любові, якая прывяла Яго на крыж дзеля нас і нашага збаўлення.

Крыж таксама пытаецца: а ты, чалавек, як успрымаеш гэтую любоў, як на яе адказваеш, ці кідаешся ў абдымкі Божай міласэрнасці — гэтага лякарства ад хваробаў сучаснасці?

Які наш адказ? Як жаўнераў і іншых прысутных пры ўкрыжаванні, якія здзекаваліся над Ім і смяяліся, кажучы: «Іншых збаўляў, няхай сябе збавіць»? Ці злачынцы, які паверыў і звярнуўся да Езуса з дапамогай? Ад гэтага залежыць наш лёс, і ён вырашаецца сёння.

6. Пане Езу Хрыстэ! Стоячы пад Тваім крыжом, перапрашаю за яго знявагі, як падчас ганенняў на веру, так і ў наш час адыходу ад яе.

Дзякую Табе за тваю ахвяру і благаслаўляю Цябе, бо сваім крыжом Ты адкупіў свет. Дзякую і прашу: дай мне ласку заўсёды заставацца верным голасу крыжа і сілу не адмовіцца ад яго, бо ў ім мая надзея, нават насуперак надзеі. Амэн.    

 
Слова Мітрапаліта Кандрусевіча да святароў у Вялікі чацвер
2011-04-20 09:49:44
21 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Святар — знак Божай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння

Глыбокапаважаныя святары!

1. У Год Божай міласэрнасці хачу падзяліцца некаторымі думкамі адносна ролі святара ў цэлебрацыі сакрамэнту пакаяння. Вядома, што толькі Бог можа адпусціць грахі, бо ніхто іншы не мае гэтай моцы. Таму мы і вызнаем грахі Богу. Аднак чынім гэта праз святара. Падобна як пры цэлебрацыі іншых сакрамэнтаў святар дзейнічае ад імя і моцаю Езуса Хрыста, таксама і ў святой споведзі ён становіцца інструментам Бога. Гэта вялікі дар пачуць з вуснаў святара: «Я адпускаю табе грахі ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога». Вельмі добра гэта ведаюць тыя людзі, якія перажылі часы пераследу, калі трэба было шукаць святара за многія сотні і нават тысячы кіламетраў, каб паспавядацца.

Чалавек з’яўляецца цялесна-духоўнай асобай, і таму Бог прамаўляе да ўсяго чалавека, да цэлай асобы. Каб гэтая Божая мова была вернай і праўдзівай, сам Бог уцелавіўся, стаў чалавекам. А чалавек ведае, як прамаўляць да іншага чалавека, каб быць зразуметым. Уцелаўленне Бога — гэта знак Яго бязмежнай любові да чалавека. Усе сакрамэнты — гэта плён як уцелаўлення Бога, так і нашага збаўлення.

Ад часу ўцелаўлення Бог карыстаецца матэрыяльнымі знакамі, каб аб’явіць чалавеку сваю бязмежную любоў. Аднак у той жа час, карыстаючы з сакрамэнтаў ці іх цэлебруючы, мы павінны памятаць, што матэрыяльны знак, які дзейнічае на чалавечыя пачуцці, не мае моцы сам па сабе. Ён з’яўляецца толькі «інструментам», якім карыстаецца Бог; з’яўляецца начыннем, якое Ён выкарыстоўвае, каб уліць у нашыя сэрцы збаўчую ласку.

2. Таму цэлебрацыя сакрамэнтаў патрабуе веры, якая дазваляе бачыць сэрцам тое, што нам аб’яўлена Богам і змешчана ў знаках. Канцэнтрацыя выключна на знаках і незвяртанне ўвагі на Боскую рэчаіснасць вядзе да рэлігійнага фармалізму. У сувязі з гэтым як пры цэлебрацыі сакрамэнтаў, так і прымаючы іх, неабходна старацца, каб знешнія знакі не захілялі Божага дару ласкі, які яны нясуць.

У сакрамэнце пакаяння не святар адпускае грахі, хоць знешне ён гэта чыніць. У гэтым выпадку паслугу святара трэба прымаць як знак і не засяроджвацца на яго асобе. Здараецца, што калі пэнітэнт вызнае свае грахі з хваляваннем і нават бояззю, то ён нярэдка звяртае ўвагу толькі на святара — на яго паводзіны і словы.

Для асобаў, залежных ад меркавання іншых, асабліва ад думкі аўтарытэтаў, нават выпадковае слова падчас споведзі можа мець вельмі важнае, а нават рашучае значэнне. Святар, як і кожны чалавек, рэагуе па-чалавечы, і таму трэба адрозніваць тое, што толькі чалавечае ў яго словах, ад таго, што ў іх з’яўляецца знакам Божай міласэрнасці. Таму нам, святарам і катэхетам, трэба вучыць людзей, каб з вялікай пакорай і ўнутранай свабодай адносіліся да знаку, якім з’яўляецца святар. Спаведнік павінен старацца, каб яго суджэнне згаджалася з суджэннем Бога. Ён дзейнічае не ад свайго імя, а ад імя Хрыста. Паводле навучання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, святар падчас цэлебрацыі сакрамэнту пакаяння выконвае паслугу Добрага Пастыра, які шукае загубленай авечкі; паслугу добрага самараніна, які лечыць раны; Айца, які чакае марнатраўнага сына і прымае яго, калі той вяртаецца; справядлівага суддзі, які не зважае на асобу і чый суд справядлівы і адначасова міласэрны. Святар ёсць знакам і інструментам міласэрнай любові Бога адносна грэшніка (пар. ККЦ 1466).

Знакам міласэрнага суду з’яўляюцца не толькі словы суцяшэння ці пахвалы, але таксама і слушнага напаміну і нават дакору. Нездарма сам Бог кажа пра сябе: «Я, каго люблю, дакараю і караю; дык будзь руплівы і пакайся» (пар. Aп 3, 19). У сакрамэнце пакаяння святар — таксама як і Езус — з айцоўскай зычлівасцю і па-сяброўску можа сказаць: «Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага» (Ян 5, 14).

3. Жыццёвая і пастырская практыка паказвае, што пэнітэнты, якія прыступаюць да споведзі шчыра і свабодна, прымаюць такія словы з удзячнасцю, хоць нярэдка гэта патрабуе ад іх вялікага напружання, высілку і нават ахвяры. Яны адчуваюць, што ў гэтых словах знаходзіцца праўда аб іх жыцці, якой яны дагэтуль, можа, не ўмелі дакладна назваць, але якую адчувалі ў сваім сэрцы. «Глядзі, каб не зруйнаваў сваю сям’ю, не стаў алкаголікам, наркаманам, злачынцам або разбэшчаным чалавекам ...» — гэтыя і падобныя словы, зычліва сказаныя пэнітэнту, могуць стаць сапраўдным знакам клопату пра яго дабро. Аднак яны павінны быць адпаведна сказаныя.

Божая перасцярога і дакор у выпадку споведзі даходзяць да пэнітэнта праз вусны святара. Аднак у словах апошняга не павінна быць нават ценю асабістых пачуццяў: напрыклад, незадаволенасці, злосці, эмацыянальнасці, спробы падпарадкаваць сабе іншых або маніпуляваць імі. Нават вельмі добрыя і патрэбныя словы святара, калі яны афарбаваны яго асабістымі пачуццямі, будуць гучаць непраўдзіва і не абудзяць даверу, асабліва ў далікатных і духоўна зраненых людзях. Такія людзі вельмі лёгка адчуваюць «фальшывы тон» святара.

Святар «прадстаўляе» Бога не толькі праз дадзеную яму ў Касцёле функцыю выконвання святарскай улады, але і праз асабістую святасць, якой павінен уздзейнічаць на пэнітэнта. Таму першым, хто павінен карыстацца з сакрамэнту пакаяння як інструменту ўласнага навяртання і перамены, павінен быць сам святар.

4. Служэнне спаведніка вельмі складанае і адказнае. Ён з’яўляецца «сведкам» інтымнага дыялога чалавека з Богам аб тым, што ў яго жыцці найбольш складанае і балючае — аб граху. Падчас споведзі чалавек адкрывае перад святаром сваю слабасць і духоўную беднасць. Таму спаведнік павінен усведамляць незвычайны давер як з боку Хрыста, які выбраў яго як «знак» прабачаючай Божай міласэрнасці, так і з боку пэнітэнта.

Таму, сядаючы ў канфесіянал, святар павінен памятаць аб тым, што праз яго паслугу найпаўней аб’яўляецца не толькі яго святарства, але і чалавецтва. Менавіта там чалавечая і духоўная індывідуальнасць пэнітэнта сустракаецца з індывідуальнасцю святара, якая для пэнітэнта з’яўляецца закрытай. Спосабам трактавання пэнітэнта і яго грахоў святар сведчыць пра сябе, пра сваю чалавечую паставу, духоўнае жыццё і святарства. Кожны спаведнік так абвяшчае Божую міласэрнасць грэшнікам, як сам яе успрымае, гэта значыць як сам спавядаецца, як разумее самога сябе ў святле Божага закону і сваіх абавязкаў.

Позірк спаведніка на грахі пэнітэнта — гэта адбітак позірку на свае грахі. Давер грахоў вернікаў Божай міласэрнасці з’яўляецца працягам уласнага даверу прабачаючай любові Бога. Добра выкананая паслуга спаведніка не дазваляе святару забыцца, кім ён ёсць на самой справе, — навучае папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://www.jezuici.pl/~jaugustyn/ oa_s_1.html). А Слуга Божы Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі аб прымірэнні «Reconciliatio et Paenitentia» падкрэслівае, што ўзровень духоўнага і апостальскага жыцця святара і яго запал залежаць ад трывалага і сумленнага асабістага карыстання з сакрамэнту пакаяння (пар. RP 31.VI).

Пры гэтым трэба памятаць, што пэнітэнт павінен адчуць не толькі ласку сакрамэнту пакаяння (як opus operatum), але таксама і асабістую святасць святара (як opus operantis). Менавіта святасць спаведніка дапамагае пэнітэнту ўбачыць у святары, як у люстэрку, «паслугу прабачаючага Бога» і Яго міласэрнасць.

5. Спаведнік таксама павінен шанаваць свабоду пэнітэнта, бо ўсе чалавечыя ўчынкі ў духоўнай галіне маюць сваю каштоўнасць толькі тады, калі абапіраюцца на свабодную волю. Спаведнік з’яўляецца не панам, а слугою Божага прабачэння. Таму якая-небудзь форма націску на пэнітэнта можа стаць прычынай неахвоты апошняга прыступаць да споведзі. Пэнітэнт «для святога спакою» можа згадзіцца са спаведнікам і прыняць яго наказ, аднак не выканае яго. Цяжкія і вышуканыя пакуты могуць быць прычынай таго, што чалавек адкладае або нават занядбоўвае споведзь. «Пастанаўленне выпраўлення», прынятае пад націскам спаведніка, звычайна не мае вялікай духоўнай каштоўнасці. Унутраная свабода заўсёды знаходзіцца ў цэнтры сустрэчы чалавека з Богам.

Неабходна таксама звярнуць увагу на адпаведную падрыхтоўку спаведніка, як з пункту гледжання маральнай тэалогіі, кананічнага права, літургікі, так і псіхалогіі і педагогікі. Гэтая падрыхтоўка павінна браць пад увагу абумоўленасці канкрэтнага сацыяльнага акружэння, у якім жыве чалавек. Хоць сакрамэнт пакаяння не можа ператварыцца ў псіхааналітычную ці тэрапеўтычную практыку, тым не менш псіхалагічная падрыхтоўка дапамагае спаведніку ў лепшым пазнанні пэнітэнта, а педагагічная — у духоўным кіраванні ім. Паводле папы Бэнэдыкта XVI, споведзь павінна мець педагагічную вартасць і стаць месцам асвячэння пэнітэнта (пар. http://www.zenit.org/article-26075?l=italian). Кожны ж святар павінен клапаціцца аб сваёй сталай фармацыі, бо з цягам часу з’яўляюцца новыя выклікі, і на іх трэба ўмець адказаць.

Часам можа стацца, што спаведнік не ведае, як паступіць. У такіх выпадках, пасля разважання над сітуацыяй і псіхічным станам пэнітэнта, неабходна, як рэкамендуе Слуга Божы Ян Павел II, скіраваць яго да іншага святара або прызначыць яму паўторную сустрэчу, каб мець час на кансультацыю. Пры ўсім гэтым павінна быць заўсёды захавана таямніца споведзі (пар. http://www.jezuici.pl/~jaugustyn/oa_s_1.html).

7. Далей неабходна звярнуць увагу на ўважлівасць і далікатнасць спаведніка. Трэба памятаць аб тым, што вызнанне грахоў — гэта заўсёды цяжкі працэс, які патрабуе ад пэнітэнта ўнутранага «прыніжэння». Аднак гэта «прыніжэнне» не перад святаром, а перад Богам, слугой якога ён з’яўляецца. Таму патрэбны пашана і далікатнасць, бо вельмі лёгка раніць чалавека, які адкрывае свае слабасці. Недахоп далікатнасці можа пакрыўдзіць чалавека так, што ён, ходзячы ў касцёл, не спавядаецца, бо баіцца чарговага ранення.

Споведзь — гэта не «прыватнае спатканне», а афіцыйная паслуга Касцёла. Таму спаведнік не мае права цікавіцца тымі сферамі жыцця пэнітэнта, якія не абавязковыя для ацэнкі яго жыцця.

8. Асаблівай справай з’яўляецца неабходнасць ахвяраваць адпаведную колькасць часу на споведзь. Пастырская практыка сведчыць аб тым, што ў касцёлах, дзе святары «прысутныя ў канфесіяналах», вернікі спавядаюцца рэгулярна, ахвотна і добра. Святар у канфесіянале — гэта знак Бога, які чакае грэшніка і гатовы ў кожную хвіліну яму дапамагчы. Шчодрасць у ахвяраванні часу пэнітэнтам з’яўляецца знакам шчодрасці Божай міласэрнасці і прабачэння. Адсутнасць святара ў канфесіянале вядзе да таго, што вернікі не спавядаюцца. Калі святар не мае часу спавядаць, то гэта не што іншае, як знак, што яго паслуга выконваецца без сапраўднага духоўнага распазнання.

Трэба таксама памятаць, што цэлебрацыя сакрамэнту пакаяння з’яўляецца цэлебрацыяй Касцёла, а таму неабходна заўсёды захоўваць літургічныя прадпісанні, якія датычаць парадку, месца цэлебрацыі, а таксама літургічнага адзення (комжа або альба і фіялетавая стула).

9. Напрыканцы трэба нагадаць фундаментальнаю хрысціянскую ісціну, што міласэрнасць павінна быць тым большай, чым большае маральнае падзенне пэнітэнта. У гэтым сэнсе спаведнік павінен наследаваць ціхага і пакорнага сэрцам Езуса. Таму, каб святар мог быць добрым спаведнікам, ён сам найперш павінен часта і з пакорай карыстацца з сакрамэнту пакаяння. У гэтым сэнсе маладыя святары павінны карыстацца ведамі і практыкай старэйшых.

10. Дарагія браты ў святарстве!

Слуга Божы Ян Павел II навучае, што спаведнік з’яўляецца настаўнікам і сведкам, а разам з нябесным Айцом — таксама і айцом Божага жыцця. Яго навучанне ёсць навучаннем Касцёла, бо ён дзейнічае «in persona Christi» і абвяшчае не сябе, а Езуса Хрыста. А заклікаючая да навяртання і гатовая да прабачэння міласэрная любоў Бога не ведае ні межаў, ні прасторы (пар. http://www.apostol.pl/janpawelii/listy-apostolskie/sakrament-spowiedzi-darem-mi%C5%82osierdzia-bo%C5%BCego).

Занепакоены выклікамі сучаснасці, папа Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што сённяшні свет жыве ў пазначаным геданістычнай і рэлятывісцкай ментальнасцю культурным кантэксце, які імкнецца да выключэння Бога з гарызонту жыцця, не спрыяе прыняццю духоўных каштоўнасцяў і не дапамагае ў адрозненні дабра ад зла і выпрацавання ў сабе пачуцця граху. У такой сітуацыі існуе пільная патрэба ў дзейнасці слуг Божай міласэрнасці (пар. http://www.opoka.org.pl/biblioteka/W/WP/benedykt_xvi/przemowienia/spowiednicy_11032010.html).

Сёння, у Вялікі чацвер, дзень устанаўлення Эўхарыстыі і святарства, узгадваючы свае святарскія пасвячэнні, дзякуючы якім мы сталі святарамі Новага Запавету і нам была даручана збаўчая місія прымірэння вернікаў з Богам, Касцёлам і іншымі людзьмі, яшчэ раз выкажам нашу ўдзячнасць Першасвятару Езусу Хрысту за тое, што Ён учыніў нас інструментамі Божай міласэрнасці ў Яго руках. Заданне выконвання гэтай узнёслай місіі няхай заахвоціць нас да належнай тэалагічнай, пастырскай, псіхалагічнай, культурнай і аскетычнай сталай фармацыі і ўзмацняе ў нас волю да поўнага прысвячэння сябе гэтаму служэнню.

Дзякуючы ўсім вам, дарагія слугі алтара і канфесіяналу, за ахвярнае пастырскае служэнне і давяраючы апецы Марыі — Маці Міласэрнасці і Маці святароў — прашу вернікаў маліцца за сваіх святароў, і ўсіх вас ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя «Reconciliatio et paenitentia» (RP)
2. Катехизис Католической Церкви. Москва «Рудомино» 1996 (ККЦ)
3. http://www.jezuici.pl/~jaugustyn/ oa_s_1.html
4. http://www.zenit.org/article-26075?l=italian
5. http://www.apostol.pl/janpawelii/listy-apostolskie/sakrament-spowiedzi-darem-mi%C5%82osierdzia-bo%C5%BCego
6.http://www.opoka.org.pl/biblioteka/W/WP/benedykt_xvi/przemowienia/spowiednicy_11032010.html.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы на Вялікдзень (радыётрансляцыя)
2011-04-19 13:51:36
24 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Хто ідзе да Хрыста, той ідзе да жыцця

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

1. Гэтымі словамі велікоднага прывітання сардэчна віншую ўсіх вас, дарагія радыёслухачы. Віншую ўсіх хрысціян — католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама ўсіх людзей добрай волі.

Божы Провід дазваляе нам усім разам адзначаць свята святаў — Пасху Хрыстову. Гэта вялікі дар і адначасова заданне, каб імкнуцца да адзінства і разам сведчыць аб збаўчай праўдзе Уваскрасення, якое ёсць падмурак нашай веры і надзея на жыццё вечнае.

2. У сённяшнім Евангеллі мы пачулі, як «у першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго».

Велікоднае Евангелле вядзе нас да грабніцы, дзе было пахавана цела Езуса і дзе адбылася перамога жыцця над смерцю. Магдалена спяшаецца да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна. Цёмна было не толькі вакол яе, але і ў ёй, бо Езус, якому яна і іншыя даверыліся і ў якім мелі надзею, памёр на крыжы і быў пахаваны, як кожны іншы чалавек.

Аднак, як кажа сам Езус, вашы думкі — не мае думкі, і вашы дарогі — не мае дарогі. Падобна таму, як неба вышэй за зямлю, так і Божыя думкі і дарогі вышэй за нашы. Магдалена здзіўлена, бо камень, якім быў закрыты ўваход да грабніцы, адвалены. А Евангелле паводле Лукі кажа, што анёл, які знаходзіўся ўнутры магілы, сказаў жанчынам міраносіцам: «Каго вы шукаеце? Езуса з Назарэту? Яго няма тут, Ён уваскрос!» У Евангеллі паводле Мацвея анёл наказаў ім абвясціць пра гэта апосталам і сказаць, каб спяшаліся ў Галілею на спатканне з Ім.

Тое, што ўбачыла Магдалена і жанчыны міраносіцы, здзівіла іх, а словы анёла прагучалі як маланка з яснага неба. Бо, сапраўды, хто і калі бачыў, каб памерлы жыў?!

3. Пасля Вялікай пятніцы вучні Хрыста жылі смерцю, думалі пра смерць, і іх перспектывай таксама была смерць. Жанчыны міраносіцы таксама ішлі ўбачыць смерць. Аднак падзеі велікоднай раніцы нагадваюць пра тое, што калі нехта ідзе да Хрыста, то ідзе не да смерці, а да жыцця.

Я жыву, і вы будзеце жыць, — кажа Езус. Гэтае абяцанне рэалізавалася ў велікодную раніцу. Яна кажа нам, што толькі ў Хрысце мы можам мець новае жыццё. Калі Бог уваходзіць у жыццё чалавека, то чыніць гэта паводле сваёй волі. А тое, што чыніць, з’яўляецца найлепшым, што можа спаткаць чалавека на шляху веры, бо Бог хоча толькі дабра. Так сталася і ў велікодную раніцу, калі ў Езусе Хрысце Бог ажыццявіў свой план збаўлення чалавека.

Той раніцай у Ерузалеме нічога не прадказвала, што з надыходам дня зменіцца жыццё. Гэты горад, які называецца горадам Бога, быў сонны пасля яўрэйскіх пасхальных святаў і прадчуваў, што Бог сапраўды такі блізкі да людзей у сваёй дзейнасці, што нават бурыць брамы смерці, каб даць чалавеку абяцанне ўваскрасення.

4. Калі слухаем Евангелле пра ўваскрасенне, можа нарадзіцца пытанне пра таямнічасць гэтай падзеі. Без сведак, толькі адвалены камень, пусты гроб і голас анёла, што Хрыстус паўстаў з памерлых.

Пытанне пра таямнічасць звязана з чалавечым успрыманнем таго, што тады здарылася. Езус збавіў чалавецтва і паўстаў з памерлых. Напэўна, Ён мог бы ў сваёй славе стаць перад тымі, якія Яго не прынялі, нават аддалі на крыжовую смерць, каб паказаць, што менавіта Ён з’яўляецца Валадаром свету.

Калі б так было, яны далі б аб Ім такое сведчанне, што ўсе прызналі б у Ім Месію. Але тады не было б веры ў Яго. Бо аб’ектам веры не можа быць тое, што можна пацвердзіць. Божая воля і Божы план збаўлення іншы, чым яго сабе ўяўляе чалавек. Падобна таму, як Сын Божы прыйшоў у гэты свет здалёку ад людзей, у Бэтлееме, каб кожны чалавек меў такі ж шлях да веры ў Езуса Хрыста, так і Уваскрасенне наступіла, калі ўсе спалі, каб, абудзіўшыся, маглі таксама абудзіцца ў веры. Бог так запланаваў дзень Уваскрасення, каб гэтую радасную вестку кожны чалавек прыняў найперш верай.

Сведчаннем гэтай падзеі таксама з’яўляюцца пусты гроб Езуса і апосталы, якія вельмі хутка спаткаліся з Ім у Галілеі.

5. Таму з самага пачатку хрысціянства моцай Касцёла з’яўляецца вера ва ўваскрасенне Хрыста. Не ўлада, не грошы, нават не самая сучасная вайсковая зброя, а вера ў Евангелле аб Уваскрасенні з’яўляецца той сілай, якую не можа знішчыць ні час, ні хтосьці іншы, хто падымае руку на Касцёл. Гісторыя — гэтаму найлепшае сведчанне. Таксама і Касцёл у нашай краіне, які падчас ганенняў быў укрыжаваны і здавалася, што ўжо зусім знік, не памёр, а жыве і адраджаецца. Сёлета мы адзначаем 20-годдзе адраджэння яго структур і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Касцёл адраджаецца, бо Хрыста няма ў грабніцы, бо яна пустая. Езуса там няма, але Ён ёсць з намі, ёсць там, дзе двое або трое збіраюцца ў Яго імя.

6. Праз жанчын міраносіц Езус сказаў сваім вучням, каб ішлі ў Галілею на спатканне з Ім. Менавіта ў Галілеі Ён распачаў абвяшчаць Евангелле і там яго завяршае.

Галілея — гэта ўбогі край, дзе людзі вядуць манатонны стыль жыцця і зарабляюць на жыццё працай сваіх рук. Менавіта ў гэтай манатоннасці ўваскрослы Езус чакае апосталаў. Ён прыходзіць таксама да нас у манатоннасці нашага жыцця, прыходзіць у звычайныя, запоўненыя працай, навукай, хваробай, цярпеннем і смерцю дні. Прыходзіць, каб запоўніць нашу штодзённасць новым духам, у якім яна набудзе збаўчае вымярэнне. Такім чынам, уваскрослы Езус робіць старое новым, бо той, хто ў Хрысце, — новае стварэнне.

У сёлетняе свята Пасхі Езус таксама прыходзіць да нашай Галілеі тут, у Беларусі, бо Галілея — там, дзе мы жывём. Прыходзіць, каб аб’явіць нам сваю любоў і адарыць новым жыццём.

Таму свята Пасхі не павінна быць толькі ўспамінам той знакавай падзеі, якая змяніла бег гісторыі, абагачаючы яе ласкай уваскрасення як падмурку нашай веры і надзеі на жыццё вечнае, але павінна стаць часткай нашага жыцця. Вялікдзень — гэта Божы дар і адначасова заданне адкрыць дзверы сваіх сэрцаў Хрысту, як да гэтага заклікае Вялікі Папа Ян Павел II, які ўжо праз тыдзень будзе беатыфікаваны; адкрыць сэрцы на Добрую Навіну аб перамозе жыцця над смерцю, каб яна іх перамяніла і напоўніла велікодным зместам аб збаўленні чалавека і сапраўднай радасцю збаўленых дзяцей Божых, чаго ад усяго сэрца ўсім вам жадаю.

Радасных, поўных ласкі ўваскрослага Пана святаў Пасхі!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-04-01 12:39:59
3 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. IV Нядзеля Вялікага посту называецца нядзеляй «Laetare» ад лацінскага слова «радавацца». Сапраўды, трэба радавацца, бо ўсё бліжэй Вялікдзень — свята нашага збаўлення.

Сённяшнія чытанні нагадваюць нам, што толькі Бог дапамагае бачыць як вачыма цела, так і душы.  

Адна гісторыя распавядае пра тое, як аднойчы чалавек прыйшоў у школу для дзяцей са слабым зрокам. Вельмі ўзрушаны ўбачаным, ён сказаў: «Гэта павінна быць жудасна — ісці праз жыццё без вачэй». На гэта адна маленькая дзяўчынка адказала: «Яшчэ горш мець два вокі і заставацца сляпым». Так, сапраўды, слепата можа быць фізічная і духоўная. Гэтыя дзве формы слепаты і прадстаўлены ў сённяшнім Евангеллі.

2. Першае чытанне, узятае з Першай Кнігі Самуэля, распавядае пра выбар і намашчэнне Давіда на другога па чарзе караля Ізраэля. Менавіта ў гэтым чытанні мы бачым чалавечую слепату ў нашых суджэннях аб людзях і патрэбу Божай дапамогі, бо чалавек бачыць звонку, а Бог глядзіць у сэрца.  

У другім чытанні св. апостал Павел нагадвае хрысціянам аб іх новай адказнасці як дзяцей святла.

У Евангеллі Езус вучыць нас, што вера адкрывае вочы, і адначасова перасцерагае перад тымі, якія хоць і ведаюць праўду, але на самой справе з’яўляюцца сляпымі. Сляпы ад нараджэння ў Хрысце атрымлівае святло веры, а рэлігійна адукаваныя фарысеі застаюцца духоўна сляпымі.

3. Евангельская сцэна вылечвання сляпога прадстаўляе міласэрнасць Езуса як Святла свету. Габрэі верылі, што, калі прыйдзе Месія, то ён будзе лячыць розныя хваробы, у тым ліку і слепату. Езус даў беднаму сляпому не толькі ласку фізічнага бачання, але і святло веры.

Гэтая ж гісторыя нагадвае і пра тое, што ўпартасць фарысеяў і папярэдняе асуджэнне не дазволілі ім у пакорным Сыне чалавечым убачыць доўгачаканага Месію і здзейснены Ім цуд. Яны лічылі, што сляпым нараджаецца дзіця грэшных бацькоў, а ўчынены ў суботу цуд з’яўляецца грахом. Аднак вылечаны чалавек лічыў Езуса Богам, бо Ён зрабіў гэты цуд, і таму гэты чалавек праслаўляў Яго.

Духоўны прагрэс вылечанага Езусам чалавека нагадвае нам аб патрэбе Божай ласкі, каб мы маглі мець добры духоўны зрок.

4. Са старажытных часоў сённяшняя евангельская гісторыя асацыявалася з сакрамэнтам хросту. Як сляпы ўваходзіў у ваду Сілаама і, выйшаўшы, мог бачыць, так і пагружаныя ў ваду хросту выходзяць з яе духоўна здаровымі, вылечанымі з духоўнай слепаты, у якой усе нараджаюцца.

Езус дакарае фарысеяў, якія былі духоўна сляпымі, бо, нягледзячы на выдатную духоўную падрыхтоўку, у іх не было духа Хрыста. Тут існуе кантраст паміж тымі, якія ведаюць, што яны сляпыя, і тымі, якія прэтэндуюць на тое, што ўсё бачаць. На думку фарысеяў Езус, які ў суботу вылечыў сляпога, сам быў грэшнікам, бо яўрэі ў суботу не працуюць. Паводле іх меркавання Езус нават не меў права памазаць вочы сляпога слінай.

5. Хаця гістарычныя фарысеі даўно зніклі з нашага жыцця, тым не менш вельмі часта мы падобныя да іх. Гэта адна з хваробаў нашага часу. Такая слепата адмаўляецца бачыць Божую праўду і ёю жыць. Сучасная духоўная слепата нярэдка адмаўляецца нават прызнаць існаванне Бога і Яго закон. У сёлетнім Пасланні на Вялікі пост папа Бэнэдыкт ХVI падкрэслівае, што цуд аздараўлення сляпога з’яўляецца знакам Хрыста, які разам з фізічным зрокам хоча адкрыць наш унутраны зрок, каб наша вера станавілася ўсё больш глыбокай і каб мы маглі распазнаць у Ім нашага адзінага Збаўцу, які асвячае любы змрок і вядзе чалавека да жыцця «дзяцей святла».

6. Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля?

Найперш, трэба дазволіць Езусу вылечыць нашу духоўную слепату. Каб вылечыцца, хворы павінен паказацца лекару, каб яго агледзеў і прызначыў лячэнне. На жаль, чалавек не заўсёды так паступае і не заўсёды спяшаецца да лекара. Кажа, што, маўляў, само пройдзе, або лечыцца сваімі спосабамі. Найчасцей такое лячэнне завяршаецца трагедыяй.

У духоўным сэнсе мы маем нешта падобнае. Замест таго, каб жыць у святле Божай праўды, мы жадаем заставацца ў духоўнай цемры. Таму мы павінны прасіць Бога аб ласцы звярнуцца да нябеснага лекара — Езуса Хрыста — які дзейнічае праз святара, асабліва ў сакрамэнце пакаяння.

Далей, нам трэба пазбавіцца ад культурнай слепаты нашага часу. Сучасная культура нячулая да маральных праблем. Культура, мас-медыя, кіно, тэлебачанне, каштоўнасці вельмі часта сляпыя і імкнуцца толькі да самалюбавання і самазадавальнення. У імя правоў асобы вядуцца намаганні прадставіць рэлігію і рэлігійныя практыкі як асабістую справу чалавека.

Нарэшце, нам трэба маліцца аб ласцы добрага духоўнага зроку, каб мы маглі ведаць, чым на самой справе жывём і што ў нашым жыцці з’яўляецца галоўным, а асабліва — ці бачым мы ў штодзённым жыцці дзейнасць Бога.

7. Адзін аповед распавядае пра навяртанне да Бога чалавека, які калісьці быў няверуючым. Яго няверуючы сябар хоча даведацца, чаму ён так паступіў. Ён кажа: «Ты стаў веруючым ў Хрыста». «Так», – адказаў чалавек. — «Тады ты павінен ведаць аб Ім многа. Скажы, дзе Ён нарадзіўся?» — «Я не ведаю». —  «Колькі гадоў Ён меў, калі памёр?» — «Не ведаю». — «Як многа казанняў Ён прамовіў?» — «Не ведаю». — «Сапраўды, ты не многа ведаеш для чалавека, які навярнуўся да Хрыста». — «Гэта праўда, я не многа ведаю пра Яго. Аднак я ўсё ж такі нешта ведаю, і гэта вельмі важна для мяне. Тры гады таму я быў п’яніцай і мая сям’я была разбіта. Цяпер я перастаў піць, мая сям’я шчаслівая і дзеці мяне чакаюць кожны вечар. Усё гэта для мяне зрабіў Хрыстус, і гэта ўсё, што я ведаю пра Яго». Ці гэты адказ не падобны да таго, які даў вылечаны Езусам сляпы, кажучы: «Я быў сляпы, а цяпер бачу»?

Няхай жа сённяшняе Евангелле, якое нагадвае нам аб неабходнасці жыць як дзеці святла, якія шукаюць дабра, справядлівасці і праўды, заахвоціць нас, каб нашы велікапосныя малітвы і ахвяры сапраўды служылі вылечванню ад духоўнай слепаты і каб мы жылі як дзеці святла. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах малітоўнага чування моладзі
2011-04-01 10:43:12

2 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Гэтае салодкае слова «свабода»


Шаноўная моладзь, дарагія браты і сёстры!

1. Сёння, 2 красавіка, спаўняецца 6 год са смерці Вялікага Папы Яна Паўла II, які будзе беатыфікаваны 1 мая. Менавіта ён заснаваў традыцыю Сусветных дзён моладзі, якая працягваецца. Упершыню моладзь Беларусі і краін былога Савецкага Саюза прыняла ўдзел у такім форуме ў 1991 г. у Чэнстахове ў Польшчы. Дэвізам той гістарычнай сустрэчы былі словы з паслання св. апостала Паўла да Рымлянаў: «Вы прынялі Духа ўсынаўлення» (пар. Рым 8,15). Гэтымі словамі папа Вайтыла хацеў падкрэсліць, што сапраўдная свабода — гэта жыццё ў Духу Божым.

Мінула 20 гадоў з той вялікай падзеі ў жыцці маладых людзей усяго свету, таксама і Беларусі. Многія з іх сёння — гэта вашы мамы і таты, і яны, напэўна, з удзячнасцю Богу і радасцю ўспамінаюць тыя благаслаўлёныя хвіліны, якія іх вялі да свабоды ў Духу Божым.

Таму зразумела, што сённяшняе наша велікапоснае чуванне моладзі прысвечана свабодзе. Яго дэвіз — гэта словы св. апостала Паўла да Галатаў: «Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстус» (пар. Гал 5, 1).

Адыходзячы да дому Нябеснага Айца, папа Ян Павел II звярнуўся да сабранай на плошчы Св. Пятра моладзі са словамі: «Я вас шукаў, і вы прыйшлі». Папа нас шукаў і мы прыйшлі сёння, каб разважаць на тэму свабоды ў Хрысце.

2. Калі малады чалавек дасягае 16–18 гадоў і сваім знешнім выглядам усё больш і больш нагадвае дарослага, то ў яго адначасова ўзнікае жаданне пашырэння сферы свабоды дзеяння. Купіць піва ці схадзіць на фільм для дарослых ужо не з’яўляецца праблемай. Таксама прагулка пад ручку юнака з дзяўчынай па вуліцы не выклікае асаблівай увагі ў прахожых.

Ад такой нечаканай свабоды ў маладых людзей нярэдка кружыцца галава, і яны імкнуцца карыстацца з яе як мага больш. Але менавіта тады, як маланка з яснага неба, на іх спадае шэраг заўваг: «не дазволена», «забаронена», «яшчэ раз так зробіш, я табе пакажу» і г.д. Найперш бацькі, затым настаўнікі ў школе, святары ў касцёле і нават суседзі ці дворнікі маюць шмат заўваг адносна паводзінаў сучаснай моладзі.

Адзін малады чалавек так выказаўся пра рэакцыю старэйшых: «Яны дзейнічаюць, як снайперы, якія заўсёды трапляюць у тое, што найбольш прыемна і захапляе. Вазьму ў рукі кілішак з віном, адразу стрэл: „няможна, ты што, хочаш стаць алкаголікам?“ Пасля рамантычнай сустрэчы з дзяўчынай вяртаюся позна дахаты, дзе мяне ўжо чакае сямейны трыбунал у складзе бацькі як старшыні, маці як пракурора, і бабулі ў якасці публічнага абвініцеля. Такі суд імгненна выдае сваё рашэнне, якога нельга аправергнуць нават у Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбургу». 3. Маладыя спрабуюць вырашыць узнікшую праблему рознымі спосабамі. Адны выкарыстоўваюць метад: Богу свечку, а д’яблу агарак. Іншыя пакорна ківаюць галавой, а потым робяць сваё. Некаторыя проста стараюцца не быць там, дзе могуць пачуць забарону. Нарэшце, ёсць і такія, якія пытаюцца: а чаму забаронена? Чаму нельга курыць, піць алкаголь, займацца сексам перад шлюбам? Чаму?

4. На гэтыя і падобныя пытнані пастараемся адказаць сёння. Напэўна, некаторыя з вас бралі ўдзел у падобных дэбатах. Напрыклад: «Табе нельга глядзець такіх тэлевізійных фільмаў», — кажа дзед унуку. «А чаму?» — «Бо ў тваім узросце я іх не глядзеў». — «Але ж дзядуля, у тыя часы ў цябе не было яшчэ тэлевізара», — адказвае ўнук.

Пасля гэтага імгненна распачынаецца атака на маладога чалавека, якая супярэчыць усім нормам Дэкларацыі правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у выніку чаго непаслухмянага маладога чалавека закоўваюць у кайданы розных прадпісанняў, кажучы, што іх незахаванне з’яўляецца грахом.

5. Тэма граху не вельмі папулярная сярод сучасных маладых людзей. Яны не маюць ніякай ахвоты слухаць пра грэх, перасцярогу перад ім, пакаранне за яго і пекла. Сучасная прагрэсіўная моладзь жадае жыць у духу свабоды, талерантасці і сяброўства, а не слухаць маралі пра грэх.

Асабліва непапулярная сярод моладзі праўда пра першародны грэх. Некаторыя з іх кажуць, што гэта несправядліва. Чаму нехта павінен адказваць за тое, што некалі Адам і Ева збунтаваліся супраць Бога? Іншыя дадаюць, што чалавек па сваёй прыродзе добры, таму трэба перастаць казаць пра грэх і стварыць належныя ўмовы жыцця, каб не было войнаў, нянавісці і несправядлівасці.

Іншыя кажуць, што свет створаны недасканалым і несправядлівым. Чаму лес расце многія дзесяцігодзі, а згарэць можа за дзень? Чаму кветкі трэба старанна гадаваць, а зелле расце само? Чаму немагчыма аднолькава лёгка гадаваць прыдатныя і непрыдатныя расліны?

Падобныя праблемы датычаць і маральнага жыцця. Чаму, напрыклад, добры ўчынак патрабуе шмат намаганняў, а дрэнны здзяйсняецца лёгка?

6. На гэтыя і падобныя пытанні дапамагае адказаць праўда пра першародны грэх, які нагадвае нам пра тое, што наш свет з’яўляецца дэфектным і дэфармаваным.

Каб лепш зразумець сітацыю, у якой мы знаходзімся, можна выкарыстаць параўнанне з нахіленай падлогай. Прадставім сабе жыццё ў такім памяшканні. Усе рэчы стаяць крыва, коўзаюцца, падаюць на падлогу і разбіваюцца, хадзіць па ёй нязручна.

Такім нахіленым — у дрэнны бок — ёсць сучасны свет, як нахіленая вежа ў італьянскім горадзе Піза. Практыка штодзённага жыцця сведчыць, што нашы думкі, словы і ўчынкі як быццам самачынна накіроўваюцца ў дрэнны бок. Гэта і ёсць праяўленне першароднага граху. Калі мы чытаем біяграфіі святых, то нярэдка можам сустрэцца з фактамі духоўнай цемры і барацьбы са злом. Гэта сведчыць пра тое, што яны таксама жылі на нахіленай падлозе.

Нахіленая падлога — гэта знак таго, што нехта трымае нас у сваёй няволі. Гэта злы дух — д’ябал. Нашыя першыя бацькі — Адам і Ева — паддаліся яго прапагандзе і апынуліся на нахіленай падлозе свайго жыцця.

7. Нехта можа спытаць: а пры чым тут я? Я ж не прысутнічаў пры гэтым! У мяне ёсць алібі, і я не вінаваты.

Тут трэба памятаць, што ўсё чалавецтва з’яўлецца адной сям’ёй. Бог стварыў нас свабоднымі, але адказнымі адно за аднаго. Калі ў сям’і ёсць п’яніца ці наркаман, то нявінна церпяць усе яе члены. Чалавецтва падобна да групы звязаных паміж сабой альпіністаў. Калі адзін падае ўніз, то цягне за сабой іншых. Калі ўзыходзіць уверх, то і іншым падымацца лягчэй.

На жаль, нашыя першыя бацькі ўпалі, хоць тады яшчэ і не было гравітацыі граху, і пацягнулі за сабой нас. Адам і Ева некалі прайгралі злому духу сябе і сваіх дзяцей, у тым ліку і нас. Мы можам з гэтым згаджацца ці не, але так ёсць. Д’ябал трымае нас на прывязі, і калі мы хочам ісці ўверх, то ён цягне ўніз.

Славуты амерыканскі пісьменнік Марк Твен казаў, што не мае праблемаў з тэкстамі Святога Пісання, якіх не разумее, але мае праблемы са зразумелымі. Падобна і з хрысціянствам. Хрысціянамі становімся праз сакрамэнт хросту і разумеем, што сапраўднае хрысціянства патрабуе евангельскага радыкалізму, што насамрэч нялёгка ажыццявіць. Праблема ў тым, што падуладнаму ўплыву першароднага граху чалавеку нялёгка жыць Божай праўдай, асабліва ў наш час імкнення да абсалютнай свабоды.

8. У сучасным свеце нярэдка можна пачуць, што нядобрым жывецца лепш, чым добрым і сумленным. Адказ просты: нядобрыя не з’яўляюцца праблемай для злога духа. Яны, будучы ўласнасцю д’ябла, спакойна ляжаць на маральным дне. Праблемнымі з’яўляюцца тыя, якія хочуць вырвацца з яго абдымкаў. Менавіта іх ён атакуе найбольш. Нездарма св. апостал Ян піша, што д’ябал распачаў барацьбу з тымі, хто выконвае закон Божы (пар. Адкр 12, 17). Злы дух не змагаецца з тымі, хто свядома трывае ў граху. А калі ім не перашаджае, то, мяркуючы нашымі зямнымі катэгорыямі, яны больш шчаслівыя за тых, хто захоўвае Божы закон. Злы дух, які імкнецца авалодаць светам (пар. Ян 16, 11), мае сваіх сяброў і ворагаў, адных карае, іншых узнагароджвае. Але гэта толькі тут, на зямлі…

9. Адна гісторыя распавядае пра тое, як прынц нарадзіўся гарбатым. Ён вельмі саромеўся гэтага, бо хацеў быць стройным і прыгожым. Тады ён загадаў, каб вырабілі яго фігуру з бронзы, аднак не згорбленага, а выпраставанага. Пасля на працягу доўгага часу ён станавіўся побач з фігурай і стараўся выпраставацца. І гэта яму ўдалося, хоць прыказка і кажа, што толькі магіла выпрастае гарбатага.

Імкненне да свабоды паводзінаў, не зважаючы на маральныя нормы, чыніць нас духоўна гарбатымі. Давяраючы Божай ласцы, нам не трэба баяцца гэтага. Перад намі фігура Хрыста — самага дасканалага, духоўна выпраставанага чалавека. Нам трэба як мага часцей станавіцца бліжэй да Яго, каб духоўна выпраставацца і не баяцца жыць у свабодзе дзяцей Божых.

10. Дарагая моладзь!
Імкненне да свабоды, якое зачароўвае вас, з аднаго боку з’яўляецца натуральным і зразумелым, бо чалавек створаны для свабоды. Толькі тут трэба добра памятаць аб тым, што ён створаны для свабоды дзяцей Божых, для свабоды ў Божым законе, а не для свабоды ад яго. Таму паняцце свабоды нельга пераносіць на маральныя справы і імкнуцца да маральнага рэлятывізму, калі ўсё здаецца адносным. Трэба памятаць аб тым, што ў маральным сэнсе заўсёды існуе мяжа, якую не дазволена пераступіць, бо наступіць катастрофа, сведкамі чаго мы ўсё часцей і часцей з’яўляемся.

Таму, калі маладому чалавеку і здаецца, што яго закавалі ў путы ўсіх існуючых прадпісанняў і неміласэрна асуджаюць, то неабходна ўспомніць словы Святога Пісання аб тым, што шчасце чалавека ў боязі Бога (пар. Пс 127, 1), гэта азначае ў выкананні Яго закону.

Малады сучасны чалавек! Ты шукаеш свабоды і шчасця і ў мітусні сучаснага свету з яго выклікамі часта не ведаеш, дзе і як іх знайсці. У гэтым пошуку часта трапляеш у тупік і не ведаеш, як адтуль выйсці. У гэтай складанай сітуацыі даверся Богу, май надзею ў Ягоным законе, нават супраць надзеі (пар. Рым 4, 18). Адчыні дзверы свайго сэрца Хрысту — як заклікаў на пачатку свайго Пантыфікату Ян Павел II. Ён табе дапаможа ўтрымацца на нахіленай падлозе гэтага свету, каб не ўпасці і, жывучы паводле духа Евангелля, быць свабодным і шчаслівым. Амэн.


Выкарыстаная літаратура:

1.    http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/1978/
documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato_it.html.
 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на III Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-03-24 09:06:03
27 сакавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Дарагія браты і сёстры!

1. Усе сённяшнія чытанні засяроджаны на сакрамэнце хросту і новым жыцці, якое вынікае з гэтага сакрамэнту. Сімвал вады выкарыстоўваецца, каб прадставіць адносіны чалавека з Богам. Вада сімвалізуе Дух Божы, які прыходзіць да нас у гэтым сакрамэнце. Падобна як вада заспакойвае цялесную смагу чалавека, так і Дух Божы заспакойвае яго духоўную смагу.

Як вада ў пустыні заспакойвала смагу праходзячых па ёй яўрэяў і падтрымлівала іх жыццё, таксама і вада, якую прапануе Езус і крыніцай якой Ён з’яўляецца, на самой справе ёсць жыццядайнай вадой для тых, хто прымае Яго як Пана і Збаўцу.

Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як Езус каля Якубавай студні ў пустыні прабудзіў у самаранцы, якая была грэшніцай і не паходзіла з выбранага народу, прагненне загубленай цэласнасці як Божага стварэння, якое можа адрадзіць толькі Ён. Вада, якую прапануе Езус, вядзе да навяртання і адпушчэння грахоў.

2. На шляху з Юдэі да Галілеі, дзе Езус абвяшчаў Евангелле, недалёка ад Самарыі, знаходзілася Якубава студня. Вядома, што вада ў пустыні мае вялікае значэнне нават і ў наш час, не гаворачы пра часы Езуса Хрыста. Таму студні ў тыя часы насілі імёны тых, хто іх заснаваў.

Менавіта пры гэтай студні Езус спатыкае грэшную жанчыну. Калі Ён разам з вучнямі прыйшоў да студні, быў поўдзень і было вельмі горача. Яму вельмі хацелася піць, аднак Ён не меў чым зачарпнуць вады. Езус паслаў вучняў у горад, каб купілі ежы, а сам чакаў. І вось у гэты час да студні прыходзіць узяць вады грэшная самаранка, якая жыла ўжо з пяццю мужчынамі і цяпер мела шостага палюбоўніка.

Тут трэба нагадаць пра тое, што яўрэі не любілі самаранаў, бо лічылі іх здраднікамі іўдаізму. Паміж імі былі варожыя адносіны. Можам сабе ўявіць, што адчувала ў сваім сэрцы гэтая жанчына, як нашчадак адрынутага яўрэямі народу. Болей таго, яна чакала пагарды, бо была жанчынай, а ў тыя часы на Усходзе мужчыны сістэматычна прыніжалі жанчын. Яна вяла распуснае жыццё, таму для саміх жа самаранаў была сацыяльнай праказай.

І вось каля Якубавай студні для яе настаў момант «праўды». Езус казаў, што прыйшоў шукаць маральна хворых і іх лячыць. Таму Ён ахвотна размаўляе з гэтай жанчынай, бо хоча ёй дапамагчы. І не толькі размаўляе, але, як добры псіхолаг, паступова шляхам дыялогу вядзе яе ад ігнаравання да духоўнага прасвятлення, або, кажучы сучаснай мовай, катэхізуе яе. Ён хацеў вызваліць яе з рабства граху і змяніць накірунак яе жыцця, хацеў даць ёй жывую ваду. Напрыканцы размовы Ён аб’явіў, што з’яўляецца Месіяй, што пераканала жанчыну паверыць Яму. Шлях яе навяртання меў некалькі стадый. Найперш, яна назвала Яго яўрэем. Потым панам. Далей прарокам. І нарэшце Месіяй. Крок за крокам Езус вёў яе да веры. Такім чынам, Ён моцна ўвайшоў у яе жыццё, і яно сапраўды якасна змянілася. Самаранка не толькі паверыла, але і прывяла да Езуса іншых людзей.

3. Якія высновы мы, людзі ўжо XXI стагоддзя, павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля?

Найперш трэба дазволіць Езусу ўвайсці ў наша асабістае жыццё, каб Ён мог там дзейнічаць. Гэта асабліва важна падчас Вялікага посту, калі Езус жадае ўвайсці ў наша «прыватнае» жыццё. Сучаснаму чалавеку з яго індывідуалізмам гэта, напэўна, нялёгка. Мы часта, асабліва за мяжой, можам бачыць надпісы: «прыватная ўласнасць». Часам гэта набывае форму абсурду. Аднойчы ў Лос-Анжэлесе на могілках таксама бачыў таблічку з надпісам: «Private property» і далей імя і прозвішча пахаванага там чалавека. Смешна, але факт. Чалавек ужо не жыве, але існуе яго прыватная ўласнасць.

Хрыстус жадае ўвайсці ў наша прыватнае жыццё не для таго, каб паставіць нас у нязручную сітуацыю або асудзіць. Не, Ён жадае нас вызваліць і змяніць, жадае ахвяраваць нам тое, што нам найбольш патрэбна, а менавіта самога сябе, сваю ласку і дары Духа Святога, як жывую ваду. Гэтую жывую ваду мы знаходзім у сакрамэнтах, малітве і слове Божым.

Далей, нам трэба быць сведкамі Езуса, як Яго сведкай з публічнай грэшніцы стала самаранка. Нам трэба стаць «Езусавымі» ва ўсіх абставінах нашага жыцця таксама для тых, хто не хоча іншага.

Нам трэба быць адкрытымі на іншых людзей і прыняць іх такімі, якімі яны ёсць, як гэта рабіў Езус, бо мы ўсе дзеці Божыя. Гэта будзе шлях да нашага духоўнага ўваскрашэння і ўваскрашэння нашых братоў і сясцёр.

Нам трэба пакінуць свае грахі і злыя звычкі: сужэнскую нявернасць, алкагалізм, наркаманію, грахі супраць Божага дару жыцця, амаральныя і несправядлівыя ўчынкі і г. д., усё тое, што не дапускае нашых адносін з Богам — як гэта зрабіла самаранка, каб навярнуцца і жыць верай у Бога.

4. Мы добра ведаем, што чалавек можа даволі доўга жыць без ежы. Аднак без вады не можа. Вада з’яўляецца неабходнай для жыцця. У пэўным сэнсе вада — гэта жыццё. Дзе няма вады, там няма і жыцця. Нездарма вучоныя шукаюць ваду на Марсе, каб даказаць, што там ёсць нейкая форма жыцця. Кактусы і вярблюды, некаторыя карлікавыя дрэвы і пустынная трава прыстасаваныя да жыцця ў абставінах з малой колькасцю вады. Але не чалавек. Недахоп вады вядзе яго да смерці. Нездарма Езус выкарыстаў ваду і смагу для духоўнага навучання пры Якубавай студні. Калі смага цела з’яўляецца адзнакай наступаючай смерці, то смага душы з’яўляецца знакам духоўнай смерці.

Мы ўсе пакліканы да жыцця, і хрысціянства — гэта рэлігія жыцця. Таму выкарыстаем час Вялікага посту, каб наблізіцца да крыніцы жывой вады, якой ёсць Езус, напіцца з яе і тым самым, будучы памерлымі духоўна, уваскрэснуць да жыцця ў ласцы, якая патрэбна да збаўлення. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на II Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-03-21 10:28:39
20 сакавіка 2011 г., мінская архікатэдра

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Другая нядзеля Вялікага посту часта называецца нядзеляй перамянення Пана, аб чым нагадвае сённяшняе Евангелле. А першае і другое сённяшнія літургічныя чытанні вельмі добра ўводзяць нас у таямніцу перамянення. Праз гэтыя чытанні Касцёл нагадвае нам пра абяцанні хросту, якім распачалася наша сакрамэнтальная пілігрымка на хвалу Бога і дзеля нашага збаўлення.

2. Першае чытанне з кнігі Быцця распавядае пра пакліканне Абрагама стаць айцом Божага народу. З’яўленне Абрагама на сцэне гісторыі чалавецтва знамянуе сабой новую эру. Праз Абрагама, які меў на той час 75 гадоў, Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, каб змяніць яе будучыню. Бог паклікаў Абрагама, каб са сваёй сям’ёй ён пакінуў айчыну і пайшоў туды, куды Ён яго пашле.

Гэты біблейскі аповед кажа нам пра тое, што ініцыятарам гэтай гісторыі быў не Абрагам, а Бог. Калі мы былі пакліканы да хрысціянства, гэта таксама не наша заслуга, але выбар самога Бога.

Згода Абрагама, або, ужываючы мову Новага Запавету, яго «fiat», ахоплівае два Божыя наказы. Першы — гэта адмаўленне ад мінулага язычніцкага жыцця. Другі — эмігрыраваць са сваёй радзімы, з дома свайго айца ў зямлю, якую Бог укажа. Калі мы становімся хрысціянамі, то таксама пакліканы адмовіцца ад нашага мінулага. Трэба пакінуць старога чалавека і ў Хрысце стаць новым стварэннем. Таму хрысціянскае жыццё — гэта духоўная пілігрымка ў сакрамэнтальным жыцці Касцёла да духоўнай дасканаласці.

Абрагам не супраціўляўся Богу, не казаў, што ўжо стары, а згадзіўся на Божую прапанову без усялякіх умоваў. Без Абрагама і без Божага народу не было б Збаўцы, які выйшаў з гэтага народу. Прыклад Абрагама — гэта прыклад для нас, хрысціян, каб заўсёды і без умоваў прымаць Божую волю. Згода з Божай воляй прынясе вялікі плён. Так было з Абрагамам. Так было і з Марыяй. Менавіта яе «fiat» даў пачатак ажыццяўленню збаўчага плану Бога.

3. У другім чытанні св. апостал Павел нагадвае, што Бог кліча кожнага з нас, бо хоча, каб мы былі святымі і не баяліся цярпець за праўду Евангелля. Для гэтага Ён умацоўвае нас сваімі сакрамэнтамі.

4. Евангелле распавядае пра перамяненне Пана на гары Табор. Езус перамяняецца ў прысутнасці апосталаў Пятра, Яна і Якуба. Яго твар становіцца ясным, як сонца, а адзенне белым, як святло. Якой была мэта гэтага перамянення? Можна вылучыць наступныя тры.

Па-першае, Бог Айцец аб’явіў апосталам Божае сыноўства Езуса Хрыста.

Па-другое, твар Езуса, як сонца, і адзенне, як святло, азначае, што Хрыстус — святло свету, якое асвятляе ўсіх людзей.

Па-трэцяе, перамяненне Хрыста прадказвае Яго вечнае валадарства.

Калі падчас перамянення з’явіліся Майсей і Ілля, то Пётр мог успомніць зіхатлівы твар Майсея, калі той атрымаў ад Бога табліцы з дзесяццю Божымі запаведзямі на гары Сінай. Пётр таксама мог пры гэтым падумаць, што Езус  на гары Табор дасць новы закон. Майсей і Ілля былі сімваламі закона і прарокаў. Аднак Езус прыйшоў не для таго, каб адмяніць закон, а каб яго выканаць. Ён стаўся выкананнем і закону, і прадказання прарокаў.

Трэба адзначыць яшчэ адзін элемент перамянення Пана на гары Табор — а менавіта голас Божы, які сказаў: «Гэта Мой Сын умілаваны, Яго слухайце».

5. Такім чынам, мы бачым, што ўсе сённяшнія чытанні вядуць нас да асобы Езуса Хрыста, у якім нашае збаўленне.

Сваім перамяненнем Езус адкрыў сваю славу, якую Ён мае на нябёсах. Да гэтай славы мы ўсе пакліканы. Аднак шлях да яе вядзе праз нашае духоўнае перамяненне. Апостал Пётр быў так зачараваны перамяненнем Хрыста, што ўсклікнуў: «Як добра нам тут быць!» Добра і нам быць у Касцёле, бо тут ёсць Езус. Таму нам нельга змарнаваць час Вялікага посту на дарэмныя справы. Трэба выкарыстаць яго для нашага духоўнага перамянення праз пост, малітву, міласціну, праз духоўныя рэкалекцыі і сакрамэнт споведзі. Міласэрны Бог чакае, толькі нам не трэба баяцца кінуцца ў Яго абдымкі.

6. Вядомы пратэстанцкі прапаведнік Біл Грэм казаў, што ён не можа назваць час, калі адчуў навяртанне. Яго жонка казала, што яна ўвесь час узрастала ў веры і таму таксама не можа сказаць, калі дакладна гэты працэс распачаўся. На пытанне вядомага англіканскага евангеліста і тэолага XVIII стагоддзя Джона Уэслі да не менш вядомага маравійскага місіянера таго часу Мікалаўса Людвіга фон Цінцэндорфа, калі ён быў збаўлены, той адказаў, што быў збаўлены заўсёды. На такое ж пытанне іншы каталіцкі святар адказаў, што быў збаўлены 2000 гадоў таму на гары Галгофе Езусам Хрыстом. І гэты адказ з’яўляецца найбольш правільным. У яго святле і ў святле сённяшніх біблейскіх чытанняў, асабліва Евангелля, найбольшае значэнне мае не тое, калі мы пачалі верыць, але ў што і ў каго мы верым.

Мы называем сябе хрысціянамі і такімі моцаю хросту з’яўляемся. Аднак заўсёды застаецца пытанне: якімі хрысціянамі мы з’яўляемся і ў якога Бога мы верым? Таму што Бог сучаснага чалавека — гэта вельмі часта матэрыяльныя каштоўнасці, пошук прыемнасцяў, імкненне да ўлады, алкагалізм, наркаманія, амаральнае жыццё і г. д.

Таму нам неабходна выкарыстаць час Вялікага посту на наша перамяненне. Няхай жа гэты час ласкі і збаўлення стане гарой Табор, каб мы сапраўды перамянілі сваё жыццё, а гэта настане толькі тады, калі мы па прыкладзе Абрагама, Марыі і Езуса скажам сваё «fiat» Богу, за што Ён потым скажа нам сваё «fiat»: слуга верны, увайдзі ў Маё Валадарства. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на I Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-03-11 12:07:39
Сорак дзён вяртання

13 сакавіка 2011 г., мінская архікатэдра

Дарагія браты і сёстры!

1. Некалькі дзён таму, пазначаныя попелам, мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост, як новы духоўны шлях падрыхтоўкі да святкавання пасхальнай таямніцы.

У першыя стагоддзі хрысціянства сорак дзён Вялікага посту азначалі час падрыхтоўкі да сакрамэнту хросту, які звычайна ўдзяляўся ў вігілію Пасхі. Гэта было вельмі сімвалічна. Пасха азначае перамогу жыцця над смерцю. Таксама і хрост вядзе да ўваскрашэння з грахоў і да новага жыцця ў Хрысце.

Такая практыка была вельмі важнай у духоўным плане. Як Езус сорак дзён рыхтаваўся да выканання сваёй місіі, так і тыя, хто адчуў хрысціянскае пакліканне, рыхтаваліся стаць хрысціянамі.

З часам, аднак, усё часцей сакрамэнт хросту ўдзяляўся дзецям. Таму перыяд Вялікага посту пачаў выкарыстоўвацца для духоўнага аднаўлення і вяртання да Бога праз экзамен жыцця ў святле навучання Хрыста. Так Касцёл разумее гэты час і заклікае людзей да навяртання і крочання за Хрыстом. Вялікі пост прыгадвае нам праўду аб тым, што сэнс хрысціянскага жыцця не толькі ў захаванні Божага закону, але і ў жыцці Хрыстом, якога трэба спаткаць, прыняць і наследаваць.

2. Напэўна, не адзін з нас чытаў розныя гісторыі пра людзей, якія імкнуліся быць багатымі і на самой справе такімі станавіліся. Аднак нярэдка яны канчалі жыццё самагубствам або гінулі ў змаганнях за дабрабыт.

Два тысячагоддзі таму адзін галілеянін сказаў: што дасягне чалавек, калі нават завалодае ўсім светам, але страціць душу? Гэты галілеянін —  Хрыстус. У Ім ёсць штосьці такое, што ўжо на працягу дваццаці стагоддзяў зачароўвае чалавецтва. Ён надае новае значэнне часу і месцу, культуры і традыцыям, нацыянальнасцям і мовам. У Ім ёсць штосьці такое, што прамаўляе да нас вельмі ясна, асабліва ў сённяшнім Евангеллі пра спакушэнне.

Адразу пасля свайго хросту ў водах Ярдану, калі Бог Айцец сказаў, што Ён — Сын Яго ўмілаваны, якога трэба слухаць, Езус быў выведзены Духам у пустыню. Там Ён пасціўся на працягу сарака дзён і начэй і потым павінен быў супрацьстаяць спакусам злога духа. Праблема не ў тым, што Езус мог завалодаць усім светам, як Яму прапанаваў д’ябал, але ў тым, як бы Ён ім валодаў, а менавіта — сваёю моцай ці моцай злога духа?

На пачатку Езус быў спакушаны неналежным выкарыстаннем моцы. Далей — неналежнай папулярнасцю. І нарэшце — неналежным спосабам супрацоўніцтва. Такім чынам, на безжыццёвых Юдэйскіх узгорках Езус змагаўся сам з сабою, а менавіта паміж тым, каб быць Валадаром сусвету моцаю злога духа або стаць ім праз паслухмянасць волі Нябеснага Айца.
 
3. Праблема, узнятая Езусам два тысячагоддзі таму, з’яўляецца адной з самых вялікіх у сучаснасці і той, на якую мы не надта звяртаем увагу. Усе хочуць мець уладу, быць багатымі і шчаслівымі. У той жа час далёка не ўсе задумваюцца над тым, як з маральнага пункту гледжання яны імкнуцца ўсё гэта дасягнуць і як будуць гэтым карыстацца. Што для іх самае галоўнае — улада, багацце, танная папулярнасць, пошук задавальненняў і г. д. ці сапраўднае хрысціянскае жыццё згодна з маральнымі прынцыпамі?

На гэтыя і падобныя пытанні мы павінны адказаць падчас Вялікага посту, праходзячы спецыяльныя велікапосныя курсы хрысціянскай фармацыі. Сорак дзён — гэта не малы час, каб навучыцца чамусьці добраму, адмовіцца ад злога і ад дрэнных звычак.

Аднак, па праўдзе кажучы, калі нават велікодныя яйкі могуць сапсавацца, то і многія нашы велікапосныя намаганні не прынясуць плёну, калі мы не паставім перад сабой адпаведнай мэты. Вялікі пост вядзе нас да Пасхі, калі мы разважаем аб праўдзе Уваскрасення Езуса Хрыста. Таму наша ўваскрашэнне з грахоў павінна стаць мэтай Вялікага посту, каб мы не паддаліся спакусам і па прыкладзе Езуса Хрыста маглі іх адкінуць. І тут сучаснаму чалавеку ёсць аб чым падумаць у яго імкненні быць вялікім.

Адна гісторыя апавядае пра вельмі вядомага пратэстанцкага прапаведніка. Аднойчы вечарам ён рыхтаваўся да нядзельнага казання. Яго малы сын папрасіў тату, каб той паклаў яго спаць. На гэта пастар адказаў: «Ідзі да ложка, а я праз некалькі хвілін прыйду». Аднак потым ён так захапіўся падрыхтоўкай да казання, што пра сваё абяцанне ўспомніў значна пазней, калі яго сын ужо спаў. Безумоўна, вельмі важным было казанне, але значна важнейшым было сямейнае жыццё і выхаванне маладога пакалення праз выкананне дадзенага слова.

Падобная гісторыя вельмі часта паўтараецца ў нашым жыцці. Спакуса перамагае нас, калі мы не да канца асэнсоўваем тое, што робім. Імкнёмся працаваць, каб зарабіць і ўтрымаць сям’ю. Здаецца, што гэта вельмі добра. Аднак нярэдка працуем і ў нядзелю. Гэтым самым занядбоўваем нядзельную Імшу, не маем часу для сям’і, не даём добрага прыкладу дзецям і не маем часу на іх выхаванне. Потым дзівімся, што распадаецца сям’я і дзеці растуць не такімі, якімі мы іх хочам бачыць.

Бог аб’яўляе свой закон, і толькі ад нас залежыць выбар паміж дабром і злом, жыццём і смерцю.

4. Не хлебам адным жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых, — так адказаў Езус на спакусы злога духа. Хоць багацце, улада, задавальненні з’яўляюцца хлебам, якога шукае сучасны чалавек і якім захапляецца, аднак трэба памятаць і пра духоўнае жыццё.

Таму час Вялікага посту павінен быць прысвечаны вяртанню да Бога. Свабода ад Бога робіць чалавека бездухоўным целам і выганяе з раю, з «духоўна экалагічнага» жыцця. Вядома, што калі ў свеце жывёлаў парушаецца экалагічная раўнавага, то яны нішчаць адно аднаго. Падобна і чалавечы свет без Бога становіцца халодным і бяздушным, жорсткім і несправядлівым. Гэтую праўду трэба ўсвядоміць на пачатку Вялікага посту, каб яго саракадзённая пілігрымка стала пілігрымкай вяртання да Бога і гэтым самым вяртання да «духоўна экалагічнага» жыцця, здольнага захаваць створаны Творцам парадак і гармонію ў адносінах паміж людзьмі і з Богам.

У гэтай велікапоснай пілігрымцы нам трэба прыняць запрашэнне Езуса ісці за Ім праз жыццё паводле евангельскага радыкалізму, каб адмовіцца ад старога чалавека і апрануцца ў Хрыста, паўтарыўшы разам са св. апосталам Паўлам: жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстус.

Няхай жа лекцыя першай нядзелі Вялікага посту — нядзелі спакушэння — дапаможа нам рашуча выказацца за Бога і перамагчы ў барацьбе са спакусамі, каб назаўсёды застацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, за што Хрыстус узнагародзіць вечным шчасцем у небе. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ХXXI нядзелю, Год С
2010-11-02 10:40:01
Мінск, архікатэдральны касцёл, 31 кастрычніка 2010 г.

Збаўленне прыходзіць у наш дом

«Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула»

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэтыя словы сённяшняга Евангелля перадаюць галоўную мэту прыйсця Сына Божага ў гэты свет, а менавіта тое, што Сын Божы стаўся чалавекам для нас і для нашага збаўлення. Ён прыйшоў у свет, які загубіў сябе з-за граху Адама і які трэба было адрадзіць і выбавіць з сеткі зла.

Сёння, пасля 20 стагоддзяў абвяшчэння Евангелля, бачна, што свет усё яшчэ хворы маральна і не выбраўся з гэтай бяды. Не выбраўся не таму, што збаўчая моц Езуса недастатковая, а таму, што свет не хоча яе прыняць, асабліва ў наш час адыходу ах духоўных каштоўнасцяў. Гэта асабліва актуальна, калі усё больш і больш праяўляецца так званая паліткарэктнасць у справах рэлігіі і маралі.

2. У наш час нярэдка можна пачуць, што калі Касцёл аддзелены ад дзяржавы, то ён не мае права ўмешвацца ў прыватнае жыццё грамадзян. У той жа час трэба памятаць, што Касцёл заснаваны Езусам Хрыстом як сакрамэнт паўсюднага збаўлення, і яго задачай з’яўляецца весці людзей да Бога. Для гэтага ён абвяшчае Евангелле, цэлебруе сакрамэнты, вучыць маральным нормам, перасцерагае ад памылак і ад імя Хрыста шукае загубленых, каб прывесці іх да збаўлення.

Нярэдка можна бачыць і тое, што чалавек, які лічыць сябе веруючым, на самой справе ў жыцці паступае так, як яму падабаецца, і не захоўвае маральных прынцыпаў. Ён кажа: я веру ў касцёле падчас набажэнстваў, а ў жыцці паступаю паводле сітуацыі. На гэта трэба адказаць пытаннем: а якая ж вера без духоўных каштоўнасцяў? Як не можа быць веры без маральных каштоўнасцяў, так не можа быць і сапраўднага жыцця без веры, бо тады яно ператвараецца ў трагедыю і роспач. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, рост колькасці самазабойстваў. Таму вера без маральных каштоўнасцяў — гэта не сапраўдная вера, а толькі яе фальсіфікат. Выкарыстоўваючы словы св. апостала Паўла — гэта нішто, гэта пусты звон.

3. Гэта вельмі добра пацвердзіў пратаганіст сённяшняга Евангелля Закхей. Ён быў мытнікам і таму займаў асаблівае становішча ў супольнасці. Ён хоць і належаў да Выбранага народу і хадзіў у сінагогу, аднак ашукваў людзей, прысвойваючы сабе частку мытнага падатку, і таму лічыўся публічным грэшнікам.

І вось настаў дзень «Х», дзень праўды, дзень выбару. Закхей павінен быў выбраць, што ў яго жыцці на самой справе з’яўляецца праўдай і каштоўнасцю. Павінен быў выбраць, якая яго жыццёвая пазіцыя. Застацца такім, якім ён быў да гэтага і якімі з’яўляюцца ўсе іншыя мытнікі? Або выбраць Хрыста і Ягоную праўду?

4. Як сведчыць сённяшняе Евангелле, Закхей не мог заставацца перад абліччам Езуса без кардынальнай змены на лепшае свайго жыцця, і таму выбраў адзіную і нязменную праўду, а менавіта Езуса Хрыста.

Божая ласка так моцна падзейнічала на яго, што ён захацеў хаця б убачыць Езуса. Маючы невялікі рост, ён залез на дрэва, каб толькі Яго ўбачыць.

Падчас агульных аўдыенцый Святога Айца на плошчы Св. Пятра ў Рыме можна ўбачыць людзей, якія становяцца на крэслы, а дзеці ўзбіраюцца на плечы бацькоў, каб толькі ўбачыць Папу. Таму можна зразумець і Закхея, які не пасаромеўся залезці на дрэва, каб толькі ўбачыць праходзячага Езуса.

Хрыстус не застаўся ў даўгу перад Закхеем. Ён таксама заўважыў яго і выказаў жаданне наведаць яго дом. Гэта быў пераломны момант у жыцці мытніка, які спаткаў Збаўцу і прыняў Яго да сябе.

5. Адна гісторыя распавядае пра сляпога чалавека, які прыйшоў у касцёл на шлюб свайго сябра. Касцёл быў вядомы сваімі прыгожымі фрэскамі. Калі маладая пара выйшла з касцёла, то маці жаніха выказала спачуванні сляпому чалавеку, што ён не можа бачыць прыгажосці фрэсак. Сляпы чалавек толькі паціснуў плячыма і пра сябе падумаў: ці гэтая жанчына не чула, як прыгожа званілі званы, калі маладыя ўваходзілі ў касцёл і яго пакідалі? Іх голас ствараў сапраўдную атмасферу радасці і святасці. Таму ён падумаў, як шкада, што маці маладога бачыла толькі прыгажосць фрэсак і ў той жа час не чула прыгажосці звону званоў.

Закхей быў аслеплены і аглушаны сваім эгаізмам і самалюбаваннем. Ён быў сляпы на бяду іншых і глухі на голас сумлення і Бога. Аднак усё гэта не перашкодзіла Езусу бачыць у ім чалавека як твор Божы і асобу. Таму Ён захацеў увайсці ў яго дом, каб вылечыць яго ад духоўнай слепаты і глухаты і тым самым вярнуць яму Божую ласку, якую той страціў. Словы Езуса: «Закхей, хутчэй спускайся з дрэва, бо Я хачу быць у тваім доме», — сталі паваротным пунктам у жыцці Закхея. Прымаючы Езуса ў сваім доме, Закхей стаў сімвалічным рэцыпіентам Божай ласкі ад імя ўсіх тых, хто яе страціў.  

6. А кім з’яўляемся мы? Хрыстус праходзіць каля нас. Але ці спяшаемся мы Яго ўбачыць? На кім і на чым мы засяроджваем свой позірк? Толькі на знешнім свеце, забываючыся пра ўнутраны? Ці чуем мы голас Бога, які прагне знайсці месца ў нашых сэрцах, каб іх перамяніць і збавіць нас?

Як шмат сярод нас сучасных Закхеяў — мытнікаў! Ці стараемся мы на самой справе быць падобнымі да евангельскага Закхея? Мы ходзім у касцёл, прымаем удзел у набажэнствах і рэкалекцыях, аднак пры гэтым вельмі часта застаёмся толькі знешнімі назіральнікамі ўсяго таго, што там адбываецца. Тады хрысціянства робіцца для нас нейкім фальклорам, тэатрам, канцэртнай залай. Усё прыгожа і святочна, але не змяняе нашага жыцця. Такая пазіцыя гарантуе нам спакойнае жыццё, мы вяртаемся да сваіх штодзённых спраў такімі, якімі былі перад гэтым.

Гэта азначае, што мы баімся саміх сябе, баімся пакінуць прывычны стыль жыцця, баімся адказнасці. А ў той жа час хрысціянства павінна стаць часткай нашага жыцця і змяняць яго на лепшае.

7. У адной сям’і дзіця павінна было выканаць дамашняе заданне, якое складалася з некалькіх частак. Трэба было скласці з паасобных элементаў часткі малюнка, а потым сабраць іх у адно цэлае. Калі ўсе часткі былі гатовы, дзіця сустрэлася з цяжкасцю скласці іх у адно, каб з гэтага выйшла цэльная кампазіцыя. Яно нервавалася і плакала. Тады бацька сказаў: «Прынясі мне ўсе часткі, і я дапамагу табе скласці іх у адно».

Падобнае сталася і з Закхеем, калі ён дазволіў Езусу ўзяць пад кантроль усе часткі яго жыцця і скласці іх у адно цэлае. Услухаемся і мы ў голас Езуса, злезем з дрэва нашага вельмі часта далёкага ад сапраўднага хрысціянства жыцця і дазволім Езусу ўзяць кантроль над ім, каб разам са Збаўцам сказаць: «Сёння збаўленне прыйшло ў наш дом». Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XXX Звычайную нядзелю, Год С
2010-10-25 09:12:03
24 кастрычніка 2010 г., архікатэдральны касцёл, Мінск

1. Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі дабра перадае змест сённяшніх чытанняў, асабліва Евангелля, аб тым, што Бог з’яўляецца Богам міласэрнасці.

Адна гісторыя распавядае пра тое, як кароль Прусіі Фрыдрых Вялікі наведаў вязніцу. Ён размаўляў з кожным арыштаваным, які знаходзіўся там. Усе яны, як звычайна, казалі, што невінаватыя і што іх асудзілі несправядліва. Напрыканцы кароль убачыў вязня, які маўчаў. Кароль спытаўся: ты таксама несправядліва асуджаны? Вязень адказаў: не, я вінаваты і заслужыў пакарання. Тады кароль звярнуўся да начальніка вязніцы і наказаў яму выпусціць гэтага вязня, каб ён не сапсаваў іншых, які лічаць сябе невінаватымі.

Біблія кажа, што Бог пярэчыць ганарлівым і адорвае ласкай пакорных. Пакора вязня падарыла яму свабоду, а ганарлівыя засталіся ў вязніцы.

2. Сённяшняе Евангелле з’яўляецца асаблівым, і кожны хрысціянін павінен з увагай услухацца ў яго і зрабіць адпаведныя высновы. Гэта гісторыя двух вернікаў — фарысея і мытніка. Мытнікаў і падатковых інспектараў не любілі ў тыя часы, не любяць і сёння. Мытнік ці падатковы інспектар у многіх выклікаюць страх і нават плач.

Вядома, што ў Іерусаліме ёсць Сцяна плачу, якая засталася ад іерусалімскай святыні. Каля гэтай сцяны праходзіў Езус Хрыстус, калі ішоў у святыню. Яўрэі прыходзяць туды маліцца. Маліўся там і папа Ян Павел II. Гэтую сцяну называюць Сцяной плачу, бо гэта памяць аб святыні, і яўрэі плачуць, бо святыня разбурана. Аднак тыя ж самыя яўрэі кажуць, што ў Ізраілі ёсць яшчэ адна «Сцяна плачу», як і ў кожнай краіне, — гэта Міністэрства па падатках і зборах.

3. Аднак, вяртаючыся да сённяшняга Евангелля, трэба прыгадаць, што як фарысей, так і мытнік былі веруючымі людзьмі. Яны верылі ў аднаго і таго ж Бога. Належалі да адной рэлігіі. Маліліся ў адной ерузалемскай святыні. Больш за тое, яны былі актыўнымі вернікамі і кожны дзень хадзілі на малітву.

Але што мы бачым? Пасля малітвы адзін з іх пайшоў дадому з унутраным духоўным супакоем, а іншы — не. Мы ўсе павінны звярнуць увагу на гэтую евангельскую гісторыю, не толькі каб навучыцца таямніцы прыемнай Богу малітвы, але і каб жыць такім жыццём веры, якое вядзе да апраўдання, а не да расчаравання.  

4. Мы толькі тады зразумеем гэтую парабалу, калі лепей пазнаем, кім на самой справе былі фарысеі. Звычайна ўжытае ў Евангеллі слова «фарысей» мае негатыўны змест. І таму мы дзівімся, калі чуем, што гэтыя людзі былі вельмі дысцыплінаванымі і пабожнымі. Яны рэгулярна маліліся і захоўвалі Божы закон. Яны пасціліся два разы на тыдзень — па панядзелках і чацвяргах, хоць закон прадпісваў пасціцца толькі раз у год, у Дзень адкуплення — Ём Кіпур, які прыпадае на дзесяты дзень пасля іўдзейскага Новага года, звычайна ў верасні-кастрычніку. Яны таксама рэгулярна выдаткоўвалі дзесяціну на патрэбы сінагогі.

І калі ў сённяшнім Евангеллі мы чуем, што фарысей быў не такі, як іншыя, то ён на самой справе гаварыў праўду. Напэўна, не многія сучасныя хрысціяне ў гэтым сэнсе могуць зраўняцца з фарысеямі.

Мытнікі ж звычайна трактаваліся як людзі ніжэйшага маральнага стану. Яны працавалі на патрэбы рымскіх язычнікаў. Пры гэтым яны не былі чыстымі на руку, ашуквалі людзей і тым самым узбагачаліся. Гэта азначае, што яны былі ў стане рытуальнага забруджання. Таму мытнікі лічыліся публічнымі грэшнікамі, якія знаходзіліся на шляху да пекла.

Аднак у той жа час яны ведалі, што не заўсёды голас народа ёсць голасам Бога. Таму яны мелі надзею на збаўленне і верылі ў Божую міласэрнасць.

5. Сама вера ў Бога яшчэ не з’яўляецца гарантыяй збаўлення. Апостал Якуб кажа, што вера без добрых учынкаў мёртвая. Тут важным з’яўляецца не толькі вера, але і тое, як чалавек жыве гэтай верай. Фарысеі верылі ў дыскрымінуючага Бога, які любіць добрых і ненавідзіць злых. Паводле іх, людзі павінны паступаць так, як паступае Бог. Таму яны навучыліся любіць толькі добрых людзей і глядзець з пагардай на дрэнных. Езус жа распавёў сённяшнюю прытчу супраць фарысеяў, якія верылі ў тое, што толькі яны з’яўляюцца справядлівымі, а іншымі пагарджалі.  

Мытнік, з іншага боку, верыў не ў сябе, а ў Божую міласэрнасць. Стоячы воддаль, ён нават не смеў падняць вочы да неба, але толькі біў сябе ў грудзі і казаў: «Пане, будзь міласэрны да мяне, грэшніка!» І менавіта ён, а не самазадаволены фарысей, пайшоў дадому ў супакоі.

6. Таксама і мы, як мытнік і фарысей, павінны прыходзіць у дом Пана, каб ахвяраваць Яму нашу пашану і малітву. Мы, як і яны, спадзяемся вярнуцца дадому з чыстымі сэрцамі. Таму нам трэба вучыцца ад мытніка таямніцы пашаны да Бога і бліжняга, каб наша малітва была прынята Богам.

Не трэба слухаць іншых, а нават і самога сябе, што Бог ніколі не даруе нам нашых грахоў, бо яны такія вялікія. Мы павінны прызнаць нашу грэшнасць і даверыцца бязмежнай Божай міласэрнасці. Нарэшце, мы павінны паабяцаць Богу, што ніколі не будзем глядзець на грэшнага чалавека з пагардай, а будзем старацца дапамагаць яму ў пошуках Бога, падобна як прыклад мытніка дапамагае нам сёння ў Яго пошуках.

Няхай жа сённяшняе Евангелле дапаможа нам заўсёды памятаць, што Бог супрацьстаіць ганарлівым і адорвае сваёй ласкай пакорных. Амэн.


 

Усяго 45 матэрыялаў адзначана цэтлікам Мінск — архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.