Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Пазіцыя Пія ХІІ — нерашучасць ці разважлівасць?
Рубрыка Ватыканскага радыё
30.01.2013 11:59

27 студзеня ў свеце адзначаўся Дзень памяці ахвяр халакосту. У яго рамках узгадвалася страшная трагедыя ХХ ст. і мільёны нявінных ахвяр варварскай і чалавеканенавісніцкай ідэалогіі нацызму. У мінулую нядзелю, 27 студзеня 2013 г., Бэнэдыкт XVI адзначыў, што «памяць аб гэтай страшнай трагедыі, якая вельмі моцна ўдарыла па яўрэйскім народзе, павінна быць пастаянным напамінам усім, каб не дапусціць паўтарэння жахаў мінулага, не прымаць ніякай формы нянавісці і расізму і падтрымліваць імкненні да павагі і годнасці чалавека».

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Часта можна пачуць меркаванні, што падчас Другой сусветнай вайны тагачасны Рымскі Пантыфік Пій ХІІ дзейнічаў не зусім рашуча і не выступіў адкрыта з пратэстам супраць злачынстваў, якія здзяйснялі гітлераўцы. Раней мы ўжо размаўлялі на гэтую тэму. Мы прыйшлі да высновы, што Папа не маўчаў па дадзеным пытанні — праз Ватыканскае радыё ён неаднаразова асуджаў пераслед па расавым прынцыпе. Мы бачылі, што Папа патаемна прасіў католікаў дапамагаць яўрэям і хаваць іх у дамах, кляштарах, рэлігійных установах, выдаваць ім новыя дакументы. Такім чынам, паводле даследчыкаў, дзякуючы Каталіцкаму Касцёлу атрымалася выратаваць каля 700–800 тысяч прадстаўнікоў Выбранага народу.

Можна сказаць: але як Пантыфік мог маўчаць перад абліччам такога вялікага зла, якім быў генацыд яўрэйскага народа ў лагерах смерці? Варта падкрэсліць, што ў часы вайны не было дакладна вядома аб маштабах Халакосту. Тым больш Пій ХІІ мог ведаць аб тых страшных злачынствах, якія здзяйсняліся ў канцэнтрацыйных лагерах, толькі па чутках. Напрыклад, аб існаванні «фабрыкі смерці» Аўшвіц-Біркенаў саюзнікам стала вядома толькі ў жніўні 1944 г., а яе вязні былі вызвалены толькі праз паўгода пасля гэтага.

Канешне, верагодна, многія чакалі ад Пія ХІІ больш рашучых дзеянняў — адкрытага асуджэння і праклёну Гітлера і ўсяго Трэцяга Рэйху, заклікаў да актыўнага супраціўлення, непадпарадкавання, асуджэння прымусовых дэпартацый і г.д. Але Пій ХІІ дзейнічаў больш асцярожна і разважліва, бо на гэта былі прычыны, аб якіх мы пагаворым сёння.

У ліпені 1942 г. СС рыхтавалася да дэпартацыі яўрэяў з акупаванай Галандыі. Каб прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій не ўмешваліся ў дадзенае пытанне і не выказваліся публічна, нацысты прапанавалі адну ўмову — паабяцалі, што пакінуць на свабодзе яўрэяў, якія з’яўляюцца хрысціянамі. Многія хрысціянскія лідары паверылі ў праўдзівасць гэтай прапановы і пагадзіліся. Яўрэям пачалі выдаваць фальшывыя пасведчанні аб хросце, а хто жадаў — самі пераходзілі ў пратэстантызм ці каталіцызм.

Аднак маўчаць адносна несправядлівага пераследу іерархам не дазваляла сумленне. Яны сабраліся разам і напісалі сумесны зварот, у якім змясцілі асуджэнне дэпартацый і малітву за яўрэйскі народ. 11 ліпеня 1942 г. ён быў разасланы па ўсіх хрысціянскіх святынях краіны. Паводле дамовы, святары павінны былі прачытаць яго ў адзін дзень — у нядзелю 26 ліпеня.

Аб тым, што ліст быў распаўсюджаны па парафіях, даведалася нацысцкае кіраўніцтва. Рэйхскамісар акупаванай Галандыі Артур Зейс-Інкварт нагадаў хрысціянскім лідарам, што яны маюць права прасіць толькі за ахрышчаных яўрэяў. Ён папярэдзіў таксама, што, калі ліст будзе прачытаны, — будуць дэпартаваны таксама і яўрэі-хрысціяне.

Пратэстанцкія лідары вырашылі не рызыкаваць. Пасланне было прачытана толькі ў некаторых лютэранскіх святынях, якія не паспелі атрымаць паведамленне аб адмене прачытання. Але каталіцкія біскупы засталіся вернымі папярэдняму плану — нягледзячы на пагрозы, зварот быў прачытаны ва ўсіх касцёлах краіны. Наступствы гэтага ўчынку былі трагічныя.

На наступны дзень, 27 ліпеня, Зейс-Інкварт аддаў загад: «Паколькі каталіцкія біскупы ўмяшаліся ў справы, якія іх асабіста не датычаць, усе яўрэі-католікі павінны быць дэпартаваны цягам аднаго тыдня». У выніку гэтай акцыі ў лагерах апынулaся каля 40 тысяч яўрэяў-католікаў. Сярод іх была таксама будучая каталіцкая святая Эдыта Штайн, яўрэйка, якая перайшла ў каталіцызм у 1933 г. Нацысцкі рэйхкамісар пісаў, што, «калі каталіцкае духавенства не хоча абцяжарваць сябе перамовамі з намі, мы, са свайго боку, вымушаны лічыць католікаў яўрэйскай крыві сваімі самымі лютымі ворагамі і, як вынік, як мага хутчэй дэпартаваць іх на ўсход».

У той час, калі Пій ХІІ даведаўся аб тым, што адбылося ў Галандыі, ён якраз працаваў над напісаннем спецыяльнага дакумента адносна асуджэння дэпартацый. Яго блізкая супрацоўніца, сястра Паскаліна, якая знаходзілася ў той момант побач з Пантыфікам, успамінала, што Папа быў настолькі шакаваны навінoй, што змяў дакумент і кінуў яго ў полымя каміна. Пій ХІІ не хацеў, каб яго пратэст каштаваў жыцця вялікай колькасці людзей — не толькі юдэяў, але таксама і католікаў. Таму ён вырашыў дзейнічаць больш асцярожна і рабіць усё магчымае патаемна.

«Там, дзе Папа хоча моцна крычаць, на жаль, ён павінен маўчаць; там дзе павінен дзейнічаць, яму трэба цярпліва чакаць», — тлумачыў сваю пазіцыю Пантыфік 20 лютага 1941 г. біскупу Вюрцбурга Маціясу Эрэнфрайду. Падчас сустрэчы з арцыбіскупам Берліна кардыналам Конрадам фон Прайсінгам Папа казаў, што мясцовыя біскупы павінны больш разважліва аналізаваць, наколькі іх словы будуць спрыяць дабру, а не пагаршаць сітуацыі. «Гэта адзіная прычына, па якой мы абмяжоўваем сябе ў выказваннях», — адзначаў Папа. Таксама 2 чэрвеня 1943 г. Пій ХІІ казаў членам Калегіі Кардыналаў: «Кожнае слова, прамоўленае намі да кампетэнтных уладаў, і кожны наш публічны пратэст павінны быць сур’ёзна ўзважаны і вымераны, у інтарэсах саміх пакутуючых, каб не зрабіць, нават несвядома, іх сітуацыю больш цяжкай і нязноснай».

Такім чынам, абвінавачванні Пія ХІІ у «нерашучасці» не маюць пад сабой падставы. Папа дзейнічаў вельмі асцярожна, думаючы аб тым, што кожнае яго слова можа каштаваць жыцця вялікай колькасці людзей. Ён цудоўна ўсведамляў гэта і таму абраў іншы, больш разважлівы і эфектыўны шлях — дзейнічаць патаемна. Дзякуючы гэтай дзейнасці ўдалося выратаваць вялікую колькасць людзей і пазбегнуць смерці нявінных ахвяр.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме