Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Усе мы — удзельнікі медыйнага працэса»: уражаннямі дзеляцца ўдзельнікі Першага кангрэса каталіцкіх СМІ
Беларусь
26.08.2012 23:31
Першы кангрэс каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі хоць і доўжыўся тры дні, праляцеў амаль імгненна. Рэдкі госць кангрэса не скарыстаў магчымасці пагутарыць з калегамі за кубачкам гарбаты і абмеркаваць даўно хвалюючыя яго пытанні. А пытанні ж, як высветлілася, ва ўсіх часта адныя і тыя ж. Журналісты хочуць размаўляць, слухаць адно аднаго і адчуваць падтрымку. Адмысловым журналісцкім форумам — пляцоўкай для абмеркавання журналісцкай кухні — і стаў Кангрэс каталіцкіх СМІ, які з 24 па 26 жніўня прайшоў у Гродне.
 
Кс. Кірыл Гарбуноў, дырэктар Інфармацыйнай службы Рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Божай Маці (Масква):
— Па-добраму зайздрошчу Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і радуюся, што пад яго крылом развіваецца такая колькасць сродкаў масавай інфармацыі. На жаль, большасць тых магчымасцяў, якімі карыстаюцца каталіцкія журналісты Беларусі, у Расіі застаюцца пакуль недасяжнымі. Заўважна, што беларусам даводзіцца пераадольваць тыя ж праблемы, што і ў Расіі — адмысловая перадузятасць з боку свецкіх СМІ і пасіўнасць уласна саміх каталіцкіх вернікаў, пробашчаў, манахаў, якім здаецца, што нібыта СМІ Касцёла — гэта нейкая данасць, якая існуе незалежна ад іх высілкаў. Вынікам кангрэса стала канстатацыя таго, што ўсе мы з’яўляемся ўдзельнікамі медыйнага працэсу. Працэс камунікацыі сёння адрозніваецца ад таго, што было раней. Цэнтр цяжару СМІ перайшоў у Інтэрнэт.
fРаіса Сушко, часопіс «Дыялог» (Баранавічы):
— Такія кангрэсы на сённяшнім этапе вельмі патрэбныя. Сучасны чалавек стаў занадта разумным і адукаваным, але пры гэтым ён крыху і заблукаў. Як яму дапамагчы? Гэта і ёсць задача, якая стаіць перад супрацоўнікамі каталіцкіх мас-медыя. Кангрэс адказаў на шэраг пытанняў і паставіў перад намі шэраг задач, якія мы магчыма і адчувалі, але сфармуляваць іх правільна, коратка і дакладна да канца не маглі. Мне здаецца, што пасля кангрэсу ў некаторых пытаннях з’явілася пэўная яснасць.
hАлесь Гелагаеў, карэспандэнт «Reuters» (Мінск):
— У мяне былі перасцярогі адносна таго, што кангрэс пройдзе ў фармаце пратакольнага мерапрыемства. Але, на шчасце, сабралася група людзей (з Польшчы, Расіі, Украіны, Латвіі, Беларусі), здольная абмяркоўваць пытанні прадметна, ставячы вострыя пытанні. Шмат чаго я пачэрпнуў для сябе з нефармальных размоваў — даведаўся пра становішча СМІ ў суседніх краінах і падзяліўся вопытам са старымі і новымі сябрамі. Адной з задач кангрэса я лічу далейшае заахвочванне да ўдзелу ў падобных сустрэчах свецкіх журналістаў. Гэтыя людзі, якія актыўнічаюць у Інтэрнэце, павінны ўсё ж выходзіць на сувязь з каталіцкімі СМІ, каб сумесна будаваць сваю працу.
gІрэна Валюсь, галоўны рэдактар часопіса «Magazyn Polski» (Гродна):
— Вельмі цешуся, што прыняла ўдзел у кангрэсе. Не думала, што тут будзе так цікава — узровень запрошаных гасцей вельмі высокі. Не чакала, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі такі сучасны і цалкам адпавядае патрабаванням часу. Радуюся, што ўдалося паслухаць і ўбачыць рэжысёра Кшыштафа Занусі. Мне імпануе яго пазіцыя «я каталік», бо, як правіла, творчыя людзі не афішуюць сваю веру, спасылаючыся на паліткарэктнасць.
gКс. Мікола Мышоўскі, галоўны рэдактар часопіса «Credo» (Вініца, Украіна):
— Я думаю, што кангрэс атрымаўся падобным да мерапрыемстваў, якія ладзяцца і ва Украіне. Такія сустрэчы вельмі шмат даюць, не залежна ад таго, да якой канфесіі ты належыш. Людзям трэба сустракацца хаця б таму, каб убачыць адно аднаго. Вельмі часта мы бачым СМІ, але не ведаем, хто яго робіць. Гэта як у той прымаўцы «сапожнік заўсёды ходзіць без ботаў». З журналістамі тое самае. Яны  жывуць у віхуры навін, ведаюць пра падзеі ў свеце, але не ведаюць адно аднаго. Кангрэс прайшоў на высокім узроўні — трэба аддаць належнае арганізатарам. Ды і колькасць удзельнікаў кажа сама за сябе — людзям цікавыя гэтыя тэмы. Яшчэ мяне прыемна парадавала Беларусь і яе краявіды — я тут упершыню.
gКрыстына Лялько, галоўны рэдактар часопіса «Наша вера» і часопіса «Авэ Марыя» (Мінск):
— Падзея, якая адбылася, вельмі актуальная. Нельга не пагадзіцца са словамі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча: „каб Касцёл быў евангелізацыйным, ён павінен быць медыйным”. Кангрэс падкрэсліў ролю сродкаў масавай камунікацыі ў такой справе, як евангелізацыя. Упершыню прадстаўнікі каталіцкіх СМІ сабраліся разам і зразумелі: іх павінна быць значна больш. Вельмі важна, што мы не толькі абмяняліся думкамі і вопытам, але і абмеркавалі тыя праблемы, з якімі мы сутыкаемся падчас нашай працы. Было б добра, каб на наступным кангрэсе — я ўпэўнена, ён знойдзе свой працяг — прыняла яшчэ большая колькасць свецкіх СМІ, адкрытых на супрацоўніцтва з Касцёлам.
fКс. Віктар Місевіч, галоўны рэдактар газеты «Каталіцкі веснік» (Віцебск):
— Прызнаюся, калі ехаў сюды, то вельмі перажываў. Але Першы кангрэс каталіцкіх СМІ — першы блін — комам не выйшаў. Было цікава слухаць выступоўцаў і ўдзельнічаць у круглых сталах. І едучы дадому, я ўжо маю пэўныя рашэнні і планы. Найперш мы ўсур’ёз задумаліся над тым, каб стварыць онлайн-версію нашай газеты. І кангрэс адыграў у нашым рашэнні не апошнюю ролю.
fІна Сабалеўская, рэдактар аддзела духоўных праграм Белтэлерадыёкампаніі (Мінск):
— Прыемна быць сярод калегаў, якія займаюцца каталіцкімі і хрысціянскімі тэмамі. Мяне вельмі ўразіла сустрэча з прафесарам Кшыштафам Занусі — калі чалавек дзеліцца сваім вопытам, гэта заўсёды каштоўна. Абмяркоўваючы далейшыя шляхі развіцця хрысціянскіх СМІ ў тэлевізійным фармаце, мы прыйшлі да высновы, што спачатку варта захаваць тое, чаго ўдалося дасягнуць на сённяшні дзень. Слушнай лічу прапанову Юрыя Гарулёва пра апрацаванне тых архіваў, якія маглі б быць карыснымі для гледача-хрысціяніна. Яшчэ адзін важны момант — праца з  маладымі творцамі. У моладзі сапраўды ёсць патрэба да самарэалізацыі, таму важна падтрымліваць у іх тое зерне, якое калі-небудзь вырасце ў спелы колас.
 
Ілья Лапато
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.