Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зацемка
  • Simple Image Gallery Notice: Joomla!'s "/cache" folder is not writable. Please correct this folder's permissions, clear your site's cache and retry.
  • There was a problem rendering your image gallery. Please make sure that the folder you are using in the Simple Image Gallery plugin tags exists and contains valid image files.
Памылка
  • JFolder::files: Шлях не з'яўляецца дырэкторыяй: /h/catholicby/htdocs/2/images/simplegallery/2013-02-08-italy/
Касцёл вачыма беларусаў: Італія
Беларусь
11.02.2013 09:31

«Уласцівыя італьянцам эмацыйнасць і жэстыкуляцыя прысутнічаюць нават падчас Імшы»

Як у Касцёле Італіі святкуюць Вялікдзень і хто, акрамя святароў, мае права ўдзяляць Камунію? Новая рубрыка Catholic.by «Касцёл вачыма беларусаў» знаёміць чытачоў з жыццём Каталіцкага Касцёла за межамі Беларусі. Сёння гаворка пойдзе пра каталіцкую традыцыю Італіі.

Сваімі ўражаннямі пра Касцёл у краіне, падобнай на бот, дзеліцца Ганна Страшкевіч, доктар сацыяльных навук і выпускніца Папскага ўніверсітэта св. Тамаша Аквінскага ў Рыме.

 Цёплая і эмацыйная Італія

— Да Італіі я прывыкла незаўважна. І да клімату, і да людзей, і ўвогуле да краіны. Сонца ў Італіі шмат, часамі занадта (усміхаецца — Аўт.), але зрэдку здараюцца і патопы, і землятрусы, і нават снег, які выпадае тут раз на 20-25 гадоў.

З парафіяй у Вечным Горадзе мне вельмі пашанцавала: яна была ў звычайным квартале (не ў цэнтры), недалёка ад карпусоў аднаго з галоўных універсітэтаў і была вельмі жывой: шмат рухаў і супольнасцяў, актыўная моладзь. Кожны дзень касцёл зачыняўся вельмі позна: гэта дазваляла зайсці ў святыню ў любую хвіліну, нават позна вечарам.

Анойчы, памятаю, я спяшалася на Імшу і трапіла ў адзін з касцёлаў у цэнтры Рыма. Касцёл быў вялізны, але зусім бязлюдны. Па раскладзе вось-вось павінна была распачацца Імша, і ў бакавой капліцы алтар быў сапраўды падрыхтаваны да цэлебрацыі. Неўзабаве выйшаў святар — на Імшы нас было толькі двое. Добра памятаю той момант…

Да італьянскай літургічнай мовы я прывыкла не адразу: спачатку было нязвыкла, але паступова італьянская мова падчас літургіі стала для мяне зусім натуральнай і блізкай. Эмацыйнасць і жэстыкуляцыя, так уласцівая італьянцам, прысутнічаюць, дарэчы, нават падчас Імшы: як з боку святароў, так і з боку вернікаў (усміхаецца — Аўт.).

Важным момантам сталіся для мяне і сустрэчы з нашымі «рымскімі» беларусамі. Раз на месяц у Рыме ладзіцца сустрэча беларусаў, праходзіць беларускамоўная Імша. З вялікай цеплынёй узгадваю тыя сустрэчы і дарагіх майму сэрцу сяброў, што засталіся ў Рыме.

 {gallery}2013-02-08-italy{/gallery}

«Пажадаць „Добрага дня“ ці „Добрай нядзелі“ — вельмі прыгожая звычка»

— Тое, што мне вельмі падабаецца ў італьяскім Касцёле — гэта адкрытасць. Падчас знаку супакою, напрыклад, усе людзі шчыра паціскаюць адно аднаму рукі. А пажадаць «Добрага дня» ці «Добрай нядзелі» — вельмі прыгожая італьянская звычка.

У Рыме 335 касцёлаў, але шмат якія з іх існуюць без парафій: на св. Імшы там прысутнічаюць звычайна толькі некалькі чалавек (калі не лічыць вечных турыстаў, якія ўвесь час сноўдаюць па святыні).

Прыемна ўразіла актыўная праца дабрачынных арганізацый, якімі багата краіна. Сустракала людзей, якія, займаючы высокія пасады ў грамадстве, увесь вольны час прысвячаюць дапамозе бедным і патрабуючым…

Італія навучыла шырэй глядзець на многія рэчы. Зараз вучуся цаніць тое, што раней, як мне здавалася, ёсць паўсюль. Першае, што кінулася ў вочы пасля вяртання ў Беларусь, — гэта вялікая колькасць дзяцей. Італьянцы значна пазней, у параўнанні з беларусамі, ствараюць сем’і.
 
«Спачатку я пазбягала чэргаў, у якіх Камунію ўдзялялі жанчыны»

— З іншых адметнасцяў — Камунія, якую ў Італіі прымаюць стоячы. Прывучаная яшчэ з часоў Першай Камуніі складваць рукі крыжам на грудзях, я праз некаторы час зразумела, што мяне не заўсёды могуць зразумець правільна. У сувязі з гэтым некалькі разоў я трапляла ў нязручную сітуацыю (смяецца — Аўт.).

Так адзін раз у Ватыкане святар зрабіў мне заўвагу — я збянтэжыла яго такой паставай. Іншым разам сітуацыя паўтарылася са знаёмым святаром з Бразіліі, які таксама хацеў толькі ўдзяліць …благаслаўленне. Пасля ён распытаўся пра нашы традыцыі і расказаў, што ў некаторых краінах гэты жэст азначае, што вернік ідзе толькі за благаслаўленнем.

Доўга я прывыкала і да таго факта, што Камунію ў Італіі могуць раздаваць свецкія. Я не спецыяліст у кананічным праве, каб ацэньваць гэты факт, але спачатку я пазбягала чэргаў, у якіх Камунію ўдзялялі жанчыны. Прывыкла да гэтага толькі з часам.

З некаторымі жанчынамі ў сваёй парафіі я пазнаёмілася пасля асабіста. Гэта быў сапраўдны хрысціянскі прыклад веры, малітвы і любові да бліжніх. Зараз я магу спакойна сказаць, што не бачу ў такой практыцы нічога незвычайнага.

 {gallery}2013-02-08-italy2{/gallery}

Замест фарбаваных яек — яйкі з шакаладу і пірагі з цукатамі

— У Італіі, у адрозненні ад Беларусі, няма аплаткі і куцці. Ужо пасля разумееш, што ў гэтым і ёсць наша адметнасць, якую вельмі важна не страціць. Таму вячэру за сталом з белым абрусам і духмяным водарам сена ў Беларусі я ніколі не змяніла б на святочную вячэру ў італьянскай сям’і.

Сёння любяць казаць, што Еўропа паволі секулярызуе само паняцце хрысціянскіх святаў: Божае Нараджэнне становіцца святам падарункаў, елак і Санта-Клауса, а сэнс — глыбокі і сапраўдны — забываецца. Але гэты феномен прысутнічае ў многіх краінах, Італія не з’яўляецца выключэннем, зрэшты, як і Беларусь.

Што тычыцца Вялікадня, то яйкі італьянцы не фарбуюць, не асвячаюць і велікодны сняданак у кошыку. Затое купляюць замест гэтага шакаладныя яйкі, а таксама адмысловы велікодны пірог з цукатамі.

Некалькі разоў мне пашанцавала быць на велікоднай Імшы ў Ватыкане з удзелам Папы. Урачыстасць і прыгажосць гэтых момантаў я не забуду ніколі, хоць натоўпы турыстаў і надаюць гэтым набажэнствам своеасаблівы характар (усміхаецца — Аўт.).

Постфактум

Перад маім ад’ездам у Італію адзін з сяброў падбадзёрыў мяне цытатай з вядомага фільма: «Толькі неба будзе над табой іншым». Зараз я ведаю, што так і ёсць: іншымі могуць быць прырода або клімат, але праз нейкі час гэта ўсё становіцца вельмі родным. Хоць, што датычыць неба, — так, яно ў Рыме вельмі прыгожае, амаль заўсёды блакітнае. Нездарма па сваім клімаце Рым лічыцца адным з самых аптымістычных гарадоў свету.

Пра аўтара:
Ганна Страшкевіч — у 2007 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, вучобу працягнула ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме, дзе ў 2012 годзе паспяхова абараніла дактарат у галіне сацыяльных навук. Жыве і працуе ў Мінску.

Рэдакцыя Catholic.by звяртае ўвагу, што тэксты, змешчаныя ў рубрыцы «Касцёл вачыма беларусаў», з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўражаннямі нашых аўтараў і адлюстроўваюць іх уласны досвед знаёмства з каталіцкай традыцыяй Касцёла тых краін, пра якія яны распавядаюць.

Аповеды нашых суайчыннікаў будуць публікавацца на сайце два разы на месяц. Свае водгукі, а таксама пажаданні дасылайце на электронную пошту Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста — «Касцёл вачыма беларусаў»). Чацвёрты матэрыял рубрыкі распавядзе пра асаблівасці каталіцкай традыцыі ў Аўстраліі.
Ілья Лапато OCDS
 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.