Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зацемка
  • Simple Image Gallery Notice: Joomla!'s "/cache" folder is not writable. Please correct this folder's permissions, clear your site's cache and retry.
  • There was a problem rendering your image gallery. Please make sure that the folder you are using in the Simple Image Gallery plugin tags exists and contains valid image files.
Памылка
  • JFolder::files: Шлях не з'яўляецца дырэкторыяй: /h/catholicby/htdocs/2/images/simplegallery/2013-02-22-australija/
Касцёл вачыма беларусаў: Аўстралія
Беларусь
22.02.2013 10:23

«Некаторыя думаюць, што я індуска або арабка, бо хаджу ў «галаўным уборы»

Чым адрозніваецца Касцёл Беларусі ад Касцёла ў Аўстраліі? Якія асаблівасці мае Папяльцовая серада ў мясцовым Касцёле і як працуюць ў гэтай краіне місіянеры?

Новая рубрыка Catholic.by «Касцёл вачыма беларусаў» знаёміць чытачоў з жыццём Каталіцкага Касцёла за межамі Беларусі. Сёння cваімі ўражаннямі пра Касцёл у краіне кенгуру дзеліцца с. Паўла Волчак з  Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якая ўжо паўгода працуе ў Аўстраліі на місіях.

Аўстралія і місіі

— Я заўсёды хацела паспрабаваць сябе ў місійнай дзейнасці. Бог дае розныя пакліканні, і ёсць пакліканні ў пакліканні, як здарылася ў маім выпадку. Некалькі разоў я падавала прашэнне на місійную працу ў Расіі, але, відаць, на той час Бог патрабаваў мяне ў Беларусі. Але аднойчы мы атрымалі ліст ад нашай Генеральнай Маці, у якім апісвалася жыццё нашых сясцёр у Аўстраліі і куды нас таксама ўсіх запрашалі. Тады я ўзгадала сваё жаданне і пачала пытаць свайго Абранніка — Езуса Хрыста, дзе маё месца. І прадставіла свае думкі маім настаяцельніцам. А праз некаторы час даведалася, што еду на місію ў Аўстралію…

Гэтую цёплую краіну я пазнаю кожны дзень. І кожны раз здзіўляюся. Напрыклад, на Папяльцовую сераду замест пасыпання галоў попелам святары малююць на ілбах вернікаў мокрым попелам (вязкім, нібы балота) крыж, і кожны католік ходзіць так увесь дзень…

Найменш праблем у мяне было з акліматызацыяй (цяпло я вельмі люблю). Куды больш цяжэй было прывыкнуць да частай змены надвор’я: адзін дзень можа стаяць гарачыня да +38, а на заўтра тэмпература падае да +20. Тады робіцца вельмі зімна: гэта дзіўна, але так ёсць.

«Кожны з нас атрымаў у руку Найсвяцейшы Сакрамэнт…»

— Адным з найцікавейшых досведаў апошняга часу стала для мяне Імша ў кляўзуровых сясцёр -бэнэдыктынак. Пасля літургіі слова ўсіх нас запрасілі падысці да алтара. Атрымалася паўкола. Пасля спеву «Гэта Баранак Божы…» кожны з нас у літаральным сэнсе атрымаў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Трымаючы ў руках Цела Хрыста, кожны мог усвядоміць сваю слабасць перад Богам, а разам з гэтым — вялікую ласку, што Езус прыходзіць да нас…

Падрыхтоўка да святой Камуніі таксама выглядае не так, як у нас — заняткі праводзяцца для ўсёй сям’і, а не толькі для дзяцей.

Датычна традыцыі святкавання, то, напрыклад, Божае Нараджэнне тут святкуюць падобна як у Беларусі. Хоць аўстралійцы і не маюць вігіліі (на фота). Вось толькі дэкарацыі да Божага Нараджэння тут рыхтуюць напярэдадні Адвэнту. Прынамсі, ужо з першага тыдня Адвэнту ў кожным касцёле стаіць стаенка (толькі без Дзіцятка).

 {gallery}2013-02-22-australija{/gallery}

У Касцёле Аўстраліі вельмі развітая паслуга свецкіх. Касцёльныя камітэты сапраўды працуюць, а не значацца на паперы… За спеў падчас Імшы, за падрыхтоўку літургіі, катэхезу таксама адказваюць свецкія. І тут у параўнанні з Беларуссю можна заўважыць шмат адрозненняў. Магчыма, гэта звязана таксама з тым, што ў Аўстраліі не так шмат святароў і кансэкраваных асобаў, таму іх кампенсуюць свецкія.

Яшчэ я звярнула ўвагу на сацыяльны складнік аўстралійскага грамадства. Беспрацоўныя ў Аўстраліі атрымліваюць высокія сацыяльныя заробкі. Таму «бамжоў» тут нябачна.

«Некаторыя думаюць, што я індуска або арабка, бо хаджу ў “галаўным уборы”

— На місіях у Сіднэі разам са мной працуюць і іншыя місіянеры — сёстры з Польшчы, Філіпінаў і Індыі. Беларусак акрамя мяне больш няма.

У доме састрарэлых, дзе я дапамагаю, ёсць некалькі асобаў, якія паходзяць з былога СССР. Большасць з іх пакінулі сваю Айчыну яшчэ перад вайной, былі вывезены ў Германію ў канцэнтрацыйныя лагеры, а пазней, баючыся вяртацца, выехалі ў Аўстралію. Часам падчас шпацыру ў Сіднэі я чую рускую мову.

Мая супольнасць удзельнічае ў св. Імшы на польскай мове, аднак англамоўная літургія праходзіць кожны другі дзень.

Зараз я актыўна давучваю мову, таму дом састарэлых адведваю пакуль толькі два разы на тыдзень. Прыемнай неспадзяванкай стала для мяне веданне рускай мовы. У доме састарэлых жыве адна жанчына, якая ведае некалькі моваў. Аднак у яе ўзросце (жанчыне за 80) гэтыя мовы ў яе змяшаліся, таму далёка не кожны можа гэту жанчыну зразумець. Аднак рускую мову яна памятае вельмі добра, таму мы з ёй часта можам, як яна кажа, «памалоць языкамі».

…Калі мы з сёстрамі былі неяк на моладзевым канцэрце, мяне здзівіла, як актыўна ў жыцці парафіі тут удзельнічаюць хлопцы. У гэтым Касцёлу ў Аўстраліі можна, відаць, толькі пазайздросціць. У Беларусі хлопцаў трэба часам «за вушы цягнуць» — уражанне такое, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі складаецца пераважна з жанчын.

Да Беларусі Аўстралія падобная сваёй рэлігійнай неаднароднасцю. У маёй школе, дзе я вучу англійскую мову, толькі два католіка — я і дзяўчына з Перу, астатнія — індусы, арабы і інш. Ім вельмі цяжка зразумець маё жыццё: чаму я хаджу ў такім адзенні і хто мой муж, бо ўсе ж бачаць «заручальны» пярсцёнак на маім пальцы.

Такім чынам, вельмі часта даводзіцца тлумачыць нават простыя рэчы ў каталіцтве. Некаторыя ўвогуле спачатку думаюць, што я арабка ці індуска, бо хаджу ў «галаўным уборы». Вось так праходзіць маё жыццё тут…

Пра аўтара: с. Паўла Марыя Волчак CSFN, Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Нарадзілася ў Шчучыне. У супольнасць уступіла ў 1991 годзе. Сёння — місіянерка ў Аўстраліі.

Рэдакцыя Catholic.by звяртае ўвагу, што тэксты, змешчаныя ў рубрыцы «Касцёл вачыма беларусаў», з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўражаннямі нашых аўтараў і адлюстроўваюць іх уласны досвед знаёмства з каталіцкай традыцыяй Касцёла тых краін, пра якія яны распавядаюць.

Аповеды нашых суайчыннікаў будуць публікавацца на сайце два разы на месяц. Свае водгукі, а таксама пажаданні дасылайце на электронную пошту Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста – «Касцёл вачыма беларусаў»). Наступны матэрыял рубрыкі распавядзе пра асаблівасці каталіцкай традыцыі ў Чэхіі.

Ілья Лапато OCDS

Касцёл вачыма беларусаў: Аўстрыя

Касцёл вачыма беларусаў: ЗША

Касцёл вачыма беларусаў: Італія

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.