Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімвалы Вялікага посту: хустка Веранікі
Беларусь
22.02.2016 06:00

Не прыгадваецца ні ў адным з чатырох Евангелляў ані тая хустка, ані імя Веранікі. Аднак столькі ўвасабленняў у мастацтве і ў памяці вернікаў.

Між тым, менавіта гэтае льняное палатно Веранікі стала вобразам першай фотаплёнкі, на якой адлюстравалася не што іншае, як вобраз самога Хрыста. Ці не таму менавіта яе — святую Вераніку — фатографы лічаць сваёй апякункай, успамін якой адзначаецца 12 ліпеня?

Не меў ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на Яго, і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, ад якога адварочваюць твар (пар. Іс 53, 2-3).


Такі быў вобраз хіба аднаго з самых першых фотаздымкаў у гісторыі, які не заняў месца ні ў адным з конкурсаў ці выставак, але заняў асаблівае месца ў свядомасці хрысціянаў.

Як адбітак цярпення і поўнага паражэння, на які, як аказалася, можна звярнуць увагу, дзякуючы адкрыццю на міласэрнасць.

Для кагосьці вобраз святой Веранікі — гэта сімвал адвагі, для кагосьці — знак уважлівасці да чалавека.

Для кагосьці — знак, які абуджае пытанне: «А дзе мая хусціна, з дапамогай якой і я змагу зменшыць чыйсьці цяжар?»

Але гэтае пытанне звычайна можа ўзнікнуць альбо не ўзнікнуць пасля таго, як убачыш цяжар іншага...

Аднак жа ці лёгка ўбачыць той цяжар іншага, калі свой, як Сізіф, ускатваеш на гару, што няма і сілы азірнуцца?

Ці здолееш убачыць іншага, калі глядзіш толькі наперад, бо чуеш, як вакол гучыць: «павінен быць першым, лепшым, лідарам, перамагчы»?

Але Вераніка, відаць, была іншай, бо на сваёй дарозе жыцця азіралася, часамі глядзела назад і не прапусціла моманту, калі патрэбна была дапамога...

І як любоў не шукае карысці, так і Міласэрнасць знаходзіць час, каб азірнуцца, нават спыніцца, каб заўважыць, адчуць і прыйсці на дапамогу.

І ў любові, і ў міласэрнасці іншая перамога і іншае дасягненне вышыняў, якіх не зразумее той, хто ідзе да мэты, бачачы толькі гэтую мэту перад сабою, але не зважаючы на тое, што побач ідуць іншыя.

Хтосьці ідзе па жыцці, заўсёды маючы ў кішэні хусціну, каб выцерці твар іншаму...

Хтосьці свядома пакідае гэтую хусціну дома, каб не перашкаджала ў дарозе...

Хтосьці паспяхова дасягае мэты, да якой ішоў, не зважаючы ні на перашкоды, ні на людзей... І ў выніку, дасягнуўшы яе, становіцца пераможцам і сузірае сваю веліч і моц на фінішы.

Хтосьці таксама паспяхова дасягае мэты і становіцца пераможцам, але гэтую перамогу забывае ўжо на наступны дзень, захапляючыся абліччамі тых людзей, якія засталіся на яго хусціне і з дапамогай якіх ён спазнаў зусім іншую перамогу і шчасце — перамогу любові і міласэрнасці...

Матэрыялы з гэтай серыі:

 

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.