Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беатыфікацыйны працэс Яна Паўла ІІ
Беларусь
26.04.2011 14:22

Ян Павел ІІ памёр у сваім пакоі ў Ватыкане 2 красавіка 2005 г. у 21.37. Яго адыход у вечнасць малітоўна суправаджалі шматлікія вернікі на плошчы Св. Пятра, а праз пасрэдніцтва тэлебачання — мільёны людзей ва ўсім свеце.

Да дня пахавання труна з целам Вялікага Папы была выстаўлена ў базыліцы св. Пятра. Звыш 3 мільёнаў асоб з усяго свету выстаялі шмат гадзін у велізарнай чарзе, каб ушанаваць спачылага і памаліцца за яго душу.

8 красавіка на плошчы Св. Пятра адбылося ўрачыстае пахаванне Святога Айца, якое ўзначаліў кардынал Ёзаф Ратцынгер, дэкан Калегіі Кардыналаў. На пахаванні прысутнічалі афіцыйныя дэлегацыі са 169 дзяржаў, 69 кіраўнікоў дзяржаў (сярод іх 10 манархаў), 17 кіраўнікоў урадаў і больш за 100 тысяч асоб, якім удалося трапіць на плошчу. На пахаванні прысутнічаў і кардынал Казімір Свёнтэк.

Сярод вернікаў узвышаліся транспаранты з надпісам «Santo subito» — «Святы ўжо цяпер». Такім чынам людзі выразілі сваю пашану і любоў да памерлага і сваё перакананне, што сваім жыццём ён заслужыў, каб называцца святым.

9 мая 2005 г. у дакуменце прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Жазэ Сараіва Марцінша інфармавалася, што новы папа Бэнэдыкт XVI дазволіў распачаць беатыфікацыйны працэс Слугі Божага Яна Паўла ІІ ужо цяпер (паводле касцёльных прадпісанняў, да распачацця беатыфікацыйнага працэсу павінна прайсці 5 год пасля смерці). Гэты дакумент быў абвешчаны 13 мая 2005 г.

23 мая 2007 г. пацверджаны факт цудоўнага аздараўлення французскай законніцы Марыі-Сімоны П’ер Норманд, якое прыпісваецца заступніцтву Яна Паўла ІІ. У дэкрэце аб сапраўднасці цудоўнага аздараўлення паведамляецца аб невытлумачальным з медыцынскага пункту гледжання раптоўным знікненні сімптомаў хваробы Паркінсона.

13 мая 2009 г. тэалагічная камісія Кангрэгацыі па справах Кананізацыі выдала пазітыўнае меркаванне адносна гераічнасці цнот Яна Паўла ІІ.

19 снежня 2009 г. Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт аб прызнанні гераічнасці цнот Яна Паўла ІІ.

21 кастрычніка 2010 г. урачэбная камісія Кангрэгацыі па справах Кананізацыі дае пазітыўнае меркаванне адносна аўтэнтычнасці цудоўнага аздараўлення французскай законніцы.

14 снежня 2010 г. тэалагічная камісія Кангрэгацыі па справах Кананізацыі адзінадушна выказваецца за прызнанне цуду.

14 студзеня 2011 г. Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт аб сапраўднасці цудоўнага аздараўлення французскай законніцы Марыі-Сімоны П’ер Норманд. Абвешчаны дзень і месца беатыфікацыі — 1 мая 2011 г. у Ватыкане.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.