Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ў вігілію Нараджэння Пана: «Маленькі Хрыстус у яслях — знак, што добры Бог заўсёды пры нас»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
25.12.2015 01:12

У вігілію Божага Нараджэння біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў святую Імшу пастэрку ў катэдральным касцёле Пінска.

Божае Нараджэнне, як адзначыў у гаміліі біскуп, хрысціяне святкуюць не толькі як успамін, «бо Езус Хрыстус прысутны і прабывае сапраўды ў сваім Касцёле».

Пінскі ардынарый звярнуў увагу, што час святкавання Божага Нараджэння — перыяд, калі «нанова можам сабе прыгадаць праўду, што Хрыстус спадарожнічае нам ва ўсе часы, калі ўсё ладзіцца ў радасныя хвіліны, але таксама калі крызіс, няўпэўненасць, страх, хвароба, адсутнасць працы і сродкаў на існаванне».

«Маленькі і бездапаможны Хрыстус у ясельках з’яўляецца для нас знакам таго, што мы не адзінокія ў свеце, добры Бог заўсёды пры нас», — падкрэсліў іерарх і пажадаў вернікам «большага даверу Богу, добрага настрою, выдатных вынікаў у новым 2016 годзе». «Няхай Хрыстус нам благаславіць на кожны дзень, каб мы ў здароўі і асабістым шчасці маглі крочыць на спатканне з Ім у небе», — дадаў пінскі ардынарый.

Па словах біскупа, «Бог чарговы раз дае шанс, каб пазналі Яго ў нашай штодзённасці, прынялі і занеслі тым, хто яшчэ Яго шукае». «Няхай радасць і любоў, якія маюць выток ад Дзіцяці, у гэтую ноч і ў гэты Надзвычайны Год Міласэрнасці, абвешчаны Святым Айцом Францішкам, знішчаць муры падзелаў варожасці і нянавісці, муры абыякавасці і замкнутасці ў сабе», — заахвоціў іерарх.

Біскуп дадаў, што «з бэтлеемскай пячоры ідзе на ўвесь свет заклік да любові і еднасці». «Езус Хрыстус прыносіць супакой, адорваючы паўнатой жыцця. Чарговы раз Бог паказвае, як клапоціцца аб чалавеку і аб тым, каб адкрыў, што толькі звяртаючыся да Яго чалавек можа наталіць сваё неспакойнае сэрца і запоўніць яго Божай ласкай», — заўважыў пінскі ардынарый.

Таксама біскуп нагадаў, што таямніца Божага Нараджэння «цесна злучана з годнасцю сям’і», «Святая Сям’я ўпісваецца ў план неразгаданай Божай любові як дар і крыніца адновы для нашых сем’яў». «Уся будучыня Касцёла ідзе праз сям’ю, — дадаў іерарх. — Атмасфера ў сям’і спрыяе апостальству ў свеце. І свецкія асобы адказныя за свет, каб быў больш святым».

«Жадаю плённага досведу Божага Нараджэння. Няхай сум і трывогі вас не закранаюць, а душа ваша няхай будзе адкрыта дабру і хараству. Няхай супакой і радасць прыходзячага Пана будуць гасцямі ў вашых сем’ях, у нашым грамадстве і ва ўсім свеце», — пажадаў пінскі ардынарый вернікам.

«Пакінем усялякія формы няўпэўненасці і страху, бо яны не павінны існаваць для тых, хто любіць; будзем жыць радасцю спаткання з ласкай, якая ўсё перамяняе», — заклікаў біскуп Антоні Дзям’янка.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.