Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI падкрэсліў значэнне традыцыі для правільнай інтэрпрэтацыі Святога Пісання
Святы Айцец
26.10.2009 18:59

26 кастрычніка 2009 г. падчас сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі Папскага біблейскага інстытута Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэсліў вялікае значэнне традыцыі для правільнай інтэрпрэтацыі Святога Пісання. Таксама ў межах сустрэчы абмяркоўвалася роля Бібліі ў тэалогіі і хрысціянскай духоўнасці.

Варта адзначыць, што ў бягучым годзе Папскі біблейскі інстытут адзначае стогадовы юбілей. За перыяд дзейнасці інстытута са сцен навучальнай установы выйшлі больш за 7 тысяч выкладчыкаў Святога Пісання.

Святы Айцец падкрэсліў, што традыцыя не перашкаджае чытанню і разуменню Бібліі, а, наадварот, дапамагае адкрыць яе змест. Менавіта Касцёлу і яго ўстановам належыць вырашальнае слова ў справе інтэрпрэтацыі Святога Пісання. «Касцёлу даверана справа аўтэнтычнай інтэрпрэтацыі Божага слова, запісанага і перададзенага. Касцёл выконвае даручаную яму справу ад імя Езуса Хрыста», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Акрамя гэтага, Пантыфік дадаў, што Святое Пісанне павінна не толькі ажыўляць тэалогію, але таксама быць крыніцай духоўнасці і шчырай веры для ўсіх хрысціян. У сувязі з гэтым Святы Айцец падкрэсліў вялікія заслугі Папскага біблейскага інстытута ў інтэрпрэтацыі Пісання.

Папскі біблейскі інстытут быў заснаваны ў 1909 г. папам Піем Х. Выкладчыкамі ў ім былі езуіты. Навучальная ўстанова пазней была аб’яднана з Грыгарыянскім універсітэтам у Рыме. Папскаму біблейскаму інстытуту, падобна як і Біблейскаму інстытуту ў Іерусаліме, належыць выключнае права надання сваім выпускнікам навуковых званняў у галіне біблейскіх навук. Прыярытэтнае месца ў справе інтэрпрэтацыі Пісання навучальная ўстанова надае метаду экзэгезы.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.