Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі вышэйшых навучальных установаў Каталіцкага Касцёла
Святы Айцец
19.11.2009 17:05

19 лістапада 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі ХХІІІ сесіі Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў (FIUC), якая адбываецца ў гэтыя дні ў Ватыкане. Пасяджэнне праводзіцца з нагоды 60-гадовага юбілею прызнання Апостальскай Сталіцай статутаў Федэрацыі. Нагодай да сустрэчы стала таксама 30-годдзе абвяшчэння Янам Паўлам ІІ апостальскай канстытуцыі «Sapientia Christiana», якая датычыць касцёльных універсітэтаў.

Падчас сустрэчы Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што заклік ІІ Ватыканскага Сабору аб зацікаўленасці Касцёла ў навуковай і выхаваўчай дзейнасці паспрыяў таму, што сёння ва ўсім свеце налічваецца 1300 універсітэтаў і 400 каталіцкіх аддзелаў. Па словах Пантыфіка, «у сучасным грамадстве, калі веды робяцца ўсё больш вузка спецыяльнымі і разам з тым усё часцей носяць рэлятывісцкае адценне, неабходна адкрыцца на мудрасць, якая сыходзіць з Евангелля».

«Чалавек не здольны зразумець самога сябе і ўвесь свет без Езуса Хрыста, — адзначыў Святы Айцец. — Толькі Хрыстус можа паказаць чалавеку яго годнасць, яго пакліканне, сэнс яго жыцця і адкрыць сэрца чалавека на поўную і глыбокую надзею». Разам з тым у звароце да выкладчыкаў і студэнтаў Папа нагадаў, наколькі важна «не страціць з поля бачання» мэты — быць «інструментам абвяшчэння Евангелля».

Па словах Пантыфіка, гады вучобы ў касцёльных навучальных установах можна параўнаць з тым вопытам, які апосталы атрымалі падчас прабывання з Езусам. «Знаходзячыся з Ім, яны навучыліся праўдзе, каб абвяшчаць яе паўсюдна. Адначасова неабходна памятаць аб тым, што вывучэнне святых навук нельга аддзяляць ад малітвы, ад паяднання з Богам, ад сузірання», — заўважыў Бэнэдыкт XVI. У адваротным выпадку, як падкрэсліў Святы Айцец, рэфлексія на тэму Божых таямніц можа перарасці ў пустыя інтэлектуальныя практыкаванні.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.