Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Бэртонэ прадставіў галоўныя кірункі Пантыфікату Бэнэдыкта XVI
Святы Айцец
15.12.2009 17:08

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ прадставіў для французскага тэлеканала КТО галоўныя рысы Пантыфікату Святога Айца. Прыярытэтам Пантыфікату Бэнэдыкта XVI, па словах кардынала Бэртонэ, з’яўляецца «новая евангелізацыя», якая базуецца на аргументацыі хрысціянскай адметнасці і яе паглыбленні праз вывучэнне тэалагічных і душпастырскіх тэкстаў.

Як адзначыў ватыканскі іерарх, Папа надае асаблівую ўвагу паглыбленню хрысціянскай веры праз вывучэнне тэалагічных тэкстаў. Падчас сустрэч з людзьмі Святы Айцец тлумачыць праўды, якія выступаюць у абарону веры. Акрамя гэтага, Бэнэдыкт XVI жадае быць духоўным кіраўніком простых хрысціян, даючы ім матывацыю веры дзеля таго, каб яны трывалі ў ёй.

Закранаючы тэму стаўлення Пантыфіка да ІІ Ватыканскага Сабору, кардынал Бэртонэ падкрэсліў, што Папа часта цытуе вучэнне Сабору ў сваіх выступленнях і з’яўляецца «адным з найбольш тонкіх знаўцаў саборавага духу». Разам з тым, заўважаючы пэўныя небяспекі і злоўжыванні, Святы Айцец указвае на пераемнасць паміж Саборам і традыцыяй Касцёла.

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці адзначыў таксама, што рэпрэзентуючымі рысамі Пантыфікату Бэнэдыкта XVI можна назваць экуменічны дыялог з Праваслаўнай Царквой, юдаізмам і ісламам. Рашэнне аб адмене экскамунікі для біскупаў лефеўрыстаў, як дадаў кардынал Бэртонэ, было прадыктавана імкненнем Папы будаваць «адзінства ў лоне Каталіцкага Касцёла». Гэтае імкненне стала прадметам асаблівага клопату Пантыфіка, які з’яўляецца будаўніком і гарантам адзінства і камуніі ў Касцёле.  

Кардынал аспрэчыў думкі аб тым, што сённяшні Папа нібыта жыве ў адасабленні. Святы Айцец, па словах іерарха, адрозніваецца дабрынёю, імкненнем да братэрства, жаданнем служыць людзям. Сустрэчы з людзьмі становяцца для Бэнэдыкта XVI сапраўднай нагодай адчуць «пульс Касцёла». Як адзначыў субяседнік французскага тэлебачання, Пантыфік хоча любіць «Касцёл і ўсіх вернікаў паўсюднага Касцёла» і штовечар моліцца Ружанец у інтэнцыі ўсяго свету.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.