Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI сустрэўся з біскупамі Вялікабрытаніі і пацвердзіў планы наведаць краіну
Святы Айцец
02.02.2010 15:51

Падчас сустрэчы з каталіцкімі біскупамі Англіі і Уэльса, якая адбылася 1 лютага 2010 г., Святы Айцец Бэнэдыкт XVI пацвердзіў свой намер наведаць у бягучым годзе Вялікабрытанію. Аб планах Папы наконт візіту гаварылася раней, аднак дакладная дата не была вядома. Як было вызначана падчас сустрэчы, візіт адбудзецца ў верасні 2010 г.

Пантыфік прызнаўся біскупам Вялікабрытаніі, што з нецярпеннем чакае паездкі ў гэтую краіну. Таксама, звяртаючыся да іерархаў, Святы Айцец падтрымаў іх у барацьбе супраць «Біля аб роўнасці», прапанаванага ўрадам Вялікабрытаніі, у якім, між іншым, прадвызначаецца пакаранне арганізацыям, што адмаўляюць у працаўладкаванні людзям па прычыне іх сексуальнай арыентацыі.

У размове з біскупамі Папа адзначыў, што Вялікабрытанія вядома вернасцю ідэям роўнасці і аднолькавых магчымасцяў для ўсіх членаў грамадства, аднак «некаторыя палажэнні закона, створанага для дасягнення гэтай мэты, ускладваюць абмежаванні на свабоду рэлігійных супольнасцяў дзейнічаць у адпаведнасці з іх перакананнямі. У пэўным сэнсе, ён парушае натуральны закон, на якім засноўваецца роўнасць усіх людзей».

Таксама Пантыфік заклікаў біскупаў Вялікабрытаніі садзейнічаць далейшаму пераходу англіканскіх вернікаў у супольнасць Касцёла ў адпаведнасці з мінулагодняй апостальскай канстытуцыяй «Anglicanorum Cоetibus». «Я ўпэўнены, што, калі мы сустрэнем гэтыя групы вернікаў цёпла і з адкрытым сэрцам, яны стануць благаслаўленнем для ўсяго Касцёла», — дадаў Бэнэдыкт XVI.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.