Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заклікаў біскупаў Скандынавіі надаць асаблівую ўвагу шанаванню сям’і
Святы Айцец
25.03.2010 16:53

25 сакавіка 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю групе каталіцкіх біскупаў з краін Скандынавіі, якія прыбылі ў Апостальскую Сталіцу з візітам ad limina Apostolorum. Падчас сустрэчы з іерархамі Папа заклікаў іх надаваць асаблівую ўвагу шанаванню сям’і і адзначыў, што дзеці маюць права на тое, каб быць зачатымі і ўзрастаць ва ўлонні маці, прыходзіць у свет і выхоўвацца ў сям’і.

Указваючы на небяспеку, якую прадстаўляюць для грамадства гомасексуальныя і «свабодныя» саюзы, Святы Айцец падкрэсліў, што дзеці менавіта праз адносіны да бацькоў могуць адкрыць сваю адметнасць і мець магчымасць развіцця. Пантыфік выказаў жаль з прычыны таго, што ў апошнія гады назіраецца аслабленне інстытуту сужэнства і хрысціянскага разумення чалавечай сексуальнасці. Папа заўважыў, што ў кантэксце абароны правоў чалавека трэба надаваць увагу і праву дзіцяці на натуральнае зачацце і выхаванне ў трывалай сям’і.

Пантыфік нагадаў, што сям’я з’яўляецца першым і незаменным настаўнікам міру, сцвярджальнікам грамадскай згоды і найлепшай школай чалавечых вартасцяў. Па словах Папы, абарона і падтрымка стабільнага сямейнага жыцця знаходзіцца ў інтарэсах усіх, у першую ж чаргу — урадаў краін.

Закранаючы сітуацыю каталіцкай супольнасці Скандынавіі, Бэнэдыкт XVI выказаў салідарнасць з вернікамі, якім нярэдка даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці, каб прыняць удзел у святой Імшы. Папа заклікаў біскупаў і далей перадаваць вернікам вучэнне Касцёла ў этычных і грамадскіх пытаннях і клапаціцца аб тым, каб Касцёл заняў належнае месца ў свеце.

Важнай задачай Пантыфік назваў таксама перадачу моладзі веры і разумення яе рацыянальных падстаў. Святы Айцец заахвоціў іерархаў да асаблівага клопату аб сужэнстве, да дапамогі імігрантам у справе інтэграцыі ў лакальныя супольнасці і да ўмацавання святароў у іх служэнні.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.