Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Леў ХІІІ — апякун грамадскіх спраў, навук і еднасці Касцёла
Святы Айцец
03.09.2010 12:09

5 верасня 2010 г., у нядзелю, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI складзе трохгадзінны візіт у Карпінето Рамано (Італія), дзе 200 гадоў таму нарадзіўся адзін з яго папярэднікаў — будучы папа Леў ХІІІ. Там Пантыфік сустрэнецца з мясцовымі ўладамі і будзе цэлебраваць святую Імшу пад адкрытым небам.

Леў ХІІІ (Вінчэнца Джаакіна Рафаэль Луіджы Печчы) нарадзіўся 2 сакавіка 1810 г. у Карпінета і быў шостым дзіцём. Сям’я будучага Папы была пабожнай і звязанай з Касцёлам: старэйшы брат будучага наступніка Пятра стаў езуітам, пазней жа Леў ХІІІ узвысіў яго да годнасці кардынала. У 1818 г. Джаакіна распачаў вучобу ў езуіцкім калегіуме ў Вітэрбо, у 1824–1832 гг. вучыўся ў Рымскім калегіуме. Пазней паступіў у Папскую акадэмію касцёльнай шляхты (сёння Папская касцёльная акадэмія), якая рыхтавала дыпламатаў Апостальскай Сталіцы. У 1836 г. абараніў дактарат па тэалогіі, затым атрымаў дыплом з нагоды заканчэння навучання «utroque іris», або грамадскага і кананічнага права.

У 1837 г., яшчэ будучы семінарыстам, пачаў супрацоўнічаць з Рымскай Курыяй. У тым жа годзе прыняў святарскае пасвячэнне, пасля чаго 17 лютага 1838 г. стаў апостальскім дэлегатам у Беневенто. У 1843 г. быў прызначаны тытулярным арцыбіскупам Даміетты і Апостальскім нунцыем у Бельгіі. У 1953 г. увайшоў у склад Калегіі кардыналаў.

У 1878 г. быў узведзены на Апостальскі Пасад і ўжо ў сваёй першай энцыкліцы «Inscrutabili Dei сonsilio» акрэсліў праграму свайго Пантыфікату. Адной з найважнейшых спраў новы Папа назваў збліжэнне Касцёла з культурай, якая рабілася ўсё больш свецкай, а часам і варожай Касцёлу. У той час адбывалася таксама вайна нямецкага канцлера Отта фон Бісмарка з Касцёлам. Льву ХІІІ удалося, дзякуючы яго такту і здольнасцям, у тым ліку дыпламатычным, паспрыяць заканчэнню гэтага супрацьстаяння.

Антыкасцёльнай была ў часы Пантыфікату Льва ХІІІ і палітыка Францыі. Спачатку Папа вельмі прыхільна ставіўся да гэтай краіны, аднак, калі яго высілкі на карысць паяднання дзяржавы і Касцёла не прынеслі плёну, змяніў свае адносіны.

Адной з найважнейшых прац гэтага Папы была энцыкліка 1891 г. «Rerum novarum» — першы афіцыйны сінтэз вучэння Каталіцкага Касцёла аб грамадстве. У ёй Леў ХІІІ асудзіў як крайні эканамічны лібералізм, так і марксізм, які зараджаўся ў той час і быў названы ў энцыкліцы калектывізмам. Энцыкліка стала вялікім дакументам Касцёла ў справе абароны працоўнага чалавека. Будучыня паказала, што многія ідэі, выказаныя Львом ХІІІ у гэтым дакуменце, не страцілі сваёй актуальнасці па сённяшні дзень.

Папа ўдзяляў увагу таксама значэнню ведання Святога Пісання. У 1893 г. ён абвясціў энцыкліку «Providentissimus Deus» аб неабходнасці заняткаў па вывучэнню Бібліі. У 1902 г. з гэтай жа мэтай была створана Папская біблейская камісія. Леў ХІІІ падкрэсліваў важнасць пазнавання і паглыблення тамізму, а самога св. Тамаша Аквінскага лічыў узорам для тэолагаў і філосафаў. Некалькі дакументаў гэты Папа прысвяціў і масонству, указваючы на нязгоднасць яго вучэння з вучэннем Касцёла.

Папа Леў ХІІІ забяспечыў Каталіцкаму Касцёлу прызнанне ва ўсім свеце, а сам стаў адной з самых уплывовых асобаў грамадскага жыцця. Сёлета, калі адзначаецца 200-годдзе яго нараджэння, у Касцёле ў Італіі адбываюцца юбілейныя ўрачыстасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.