Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз Ламбардзі: тэлебачанне таксама паспрыяла змене стаўлення да візіту Папы
Святы Айцец
21.09.2010 13:55
«Тэлебачанне таксама паспрыяла таму, што брытанцы змянілі стаўленне да Святога Айца Бэнэдыкта XVI, бо маглі бачыць яго на свае вочы на працягу чатырох дзён», — заўважыў кс. Фэдэрыко Ламбардзі SI у інтэрв’ю выданню «Il Sole-24 Ore», прысвечаным візіту Папы ў Вялікабрытанію. Па словах старшыні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы, падарожжа называлі «цяжкім».
 
«Так ужо было ў выпадку іншых падарожжаў, ад Турцыі да Злучаных Штатаў… Кожны раз Папа не хацеў быць зоркай, гэта не адпавядала яго сутнасці, яго служэнню і яго жаданням, — адзначае прадстаўнік Ватыкана. — Мяне радуе тое, што яго змаглі пазнаць такім, які ён сапраўды з’яўляецца». Ксёндз Ламбардзі таксама падкрэсліў, што Пантыфік, якога лічаць «суровым тэолагам», не толькі вялікі настаўнік, чалавек культуры, як усім вядома, але і чалавек сціплы, мілы, уражлівы. 

Тое, што многія людзі зразумелі гэта падчас брытанскага візіту Святога Айца, па словах кіраўніка Прэс-службы, стала магчымым таксама дзякуючы тэлебачанню. «Мы часта крытыкуем тэлебачанне, і правільна крытыкуем, у многіх выпадках, аднак у сапраўднасці яно здольнае аказаць цудоўную паслугу, паказваючы, як шмат было людзей, паказваючы блізка твар Папы», — дадаў святар, адзначыўшы, што гэта дапамагло людзям змяніць меркаванне, якое яны мелі раней аб Пантыфіку.

Наконт маніфестацыі праціўнікаў візіту Папы ў Вялікабрытаніі кіраўнік Прэс-службы заўважыў, што тут «няма з чаго здзіўляцца». Па словах кс. Ламбардзі, Бэнэдыкт XVI «з павагай глядзіць таксама на тых, хто не згаджаецца і вызнае сваё права на гэта, што, зрэшты, належыць і да брытанскіх традыцый». 

Прадстаўнік Ватыкана дадаў, што Папа, як і чакалася, казаў аб сексуальных злачынствах і сустракаўся з іх ахвярамі. Аднак «пэўнай навіной» было тое, што Святы Айцец сустрэўся і з тымі, хто займаецца ў Касцёле абаронай моладзі, і «гэта з’яўляецца адным са спосабаў погляду ў будучыню, нягледзячы на тое, што адбывалася ў тыя страшныя гады». «Гэта было таксама ўказаннем кірунку. Трэба пачынаць з выслухоўвання і разумення ахвяр, ад злачынства, аддаючы справядлівасць, ствараючы новае асяроддзе, у якім падобныя факты больш не будуць мець месца», — падкрэсліў кс. Ламбардзі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.