Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI звярнуўся да арганізатараў VII Сусветнай сустрэчы сем’яў
Святы Айцец
24.09.2010 12:49
Да разважання над узгадненнем патрабаванняў працы з сямейным жыццём, а таксама над вяртаннем сапраўднага сэнсу адзначэнню святаў, асабліва нядзелі, заахвоціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI арганізатараў VII Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая адбудзецца ў Мілане (Італія) 30 мая – 3 чэрвеня 2012 г. пад назвай «Сям’я: праца і свята». У Ватыкане апублікаваны ліст Папы, скіраваны на імя старшыні Папскай рады па справах сям’і кардынала Эніа Антанэллі.
 
У лісце Пантыфік нагадвае, што праца і святкаванне цесна звязаны з жыццём сям’і. І праца, і святкаванне пакліканы дапамагаць будаваць сапраўды чалавечае жыццё. «Штодзённы вопыт сведчыць, што правільнае развіццё асобы ўключае індывідуальнае, сямейнае і супольнае вымярэнні», — адзначаецца ў дакуменце. 

Бэнэдыкт XVI выказвае жаль з прычыны таго, што сённяшняя арганізацыя працы, звязаная з канкурэнцыяй на рынку, часта прыводзіць да распаду сем’яў і супольнасцяў і да распаўсюджвання індывідуалістычнага стылю жыцця. «Належыць паразважаць і прыняць меры ў справе ўзгаднення патрабаванняў і часу працы з патрабаваннямі сямейнага жыцця і вяртання сапраўднага сэнсу свята, асабліва нядзелі, штотыднёвай Пасхі, дня Панскага і дня чалавека, дня сям’і, супольнасці і салідарнасці», — піша Пантыфік.

Святы Айцец выказвае надзею, што найбліжэйшая сусветная сустрэча сем’яў стане асаблівай нагодай да таго, каб нанава ўсвядоміць сэнс працы і святкавання ў перспектыве з’яднанай і адкрытай на жыццё сям’і, якая мае трывалую пазіцыю ў грамадстве і Касцёле, звяртае ўвагу не толькі на свае гаспадарчыя праблемы, але на якасць адносінаў. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе адпаведнай касцёльнай і культурнай падрыхтоўкі.

Кульмінацыяй пяцідзённай Сустрэчы сем’яў будзе суботняе «Свята сведчанняў» і нядзельная святая Імша, якія ўзначаліць Бэнэдыкт XVI. У праграме мерапрыемства прысутнічаюць таксама супольная малітва, тэалагічнае і душпастырскае разважанне, хвіліны братэрскай супольнасці, абмен вопытам паміж сем’ямі ўсяго свету. 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.