Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа заклікае біскупаў Бразіліі да бескампраміснай абароны чалавечага жыцця
Святы Айцец
28.10.2010 15:12

28 кастрычніка 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю каталіцкім біскупам з паўночна-ўсходняй часткі Бразіліі, якія знаходзяцца з візітам аd limina Apostolorum у Ватыкане. Папа заклікаў іерархаў да бескампраміснай абароны чалавечага жыцця, падкрэсліўшы, што яны не павінны баяцца супраціўлення і непапулярнасці, пазбягаючы ўсялякіх кампрамісаў і двухсэнсоўнасці, якія прыпадобнілі б іх да ментальнасці гэтага свету.

Кажучы аб ролі Касцёла ў грамадскім жыцці, Пантыфік адзначыў, што Касцёл павінен нагадваць аб годнасці чалавека і яго пакліканні да еднасці з усімі людзьмі. Адсюль вынікае патрабаванне справядлівасці і міру, згодна з Божай мудрасцю. Абавязак удзелу ў стварэнні справядлівага грамадскага ладу, працягваў Святы Айцец, маюць свецкія вернікі. Задачай жа біскупаў з’яўляецца ачышчэнне розуму людзей і абуджэнне маральных сіл, неабходных да будавання справядлівага і братэрскага грамадства.

Бэнэдыкт XVI дадаў, што душпастыры абавязаны выказваць маральную ацэнку таксама ў палітычных пытаннях, калі гэтага патрабуе пашана фундаментальных правоў і збаўленне душ. Па словах Папы, цалкам фальшывай з’яўляецца абарона палітычных, эканамічных і грамадскіх правоў чалавека, калі яна не ўключае абароны права на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці.

Пантыфік указаў таксама на неабходнасць забеспячэння свецкім вернікам адпаведнай катэхезы і азнаямлення іх з грамадскім вучэннем Касцёла. «Пастыры павінны нагадваць усім вернікам аб праве, якое з’яўляецца таксама і абавязкам, свабодна выкарыстоўваць свой голас выбаршчыкаў дзеля агульнага дабра», — падкрэсліў Папа.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.