Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец заклікае да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў тэрарыстычнага акту ў Багдадзе
Святы Айцец
02.11.2010 16:22

31 кастрычніка 2010 г. каталіцкую катэдру ў Багдадзе захапілі тэрарысты. 1 лістапада ў выніку штурму святыні сіламі іракскіх спецслужбаў загінулі 52 асобы, сярод якіх два святары. Больш за 50 чалавек паранены. У выніку спецаперацыі большасць заложнікаў удалося выратаваць, усе тэрарысты былі забіты.


У нядзелю апоўдні падчас святой Імшы пяць узброеных чалавек захапілі каталіцкую катэдру ў цэнтры сталіцы Іраку, перад гэтым падарваўшы машыну перад уваходам у базыліку. Як паведамляе беларуская секцыя Ватыканскага радыё, уварваўшыся ў катэдру, тэрарысты адразу забілі святара. Потым захопнікі заявілі аб сваёй прыналежнасці да арганізацыі «Ісламская дзяржава Ірак» і запатрабавалі вызвалення сваіх паплечнікаў, якія знаходзяцца ў іраксціх і егіпецкіх турмах.

1 лістапада напрыканцы нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» Пантыфік звярнуўся да прысутных з заклікам да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў у Багдадзе, а таксама выказаў словы салідарнасці.

«Малюся за ахвяраў гэтага бессэнсоўнага гвалту асабліва таму, што загінулі мірныя людзі, сабраныя ў Божым доме, які з’яўляецца домам любові і прымірэння, — адзначыў падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» Пантыфік. — Я таксама выказваю маю сардэчную блізасць да хрысціянскай супольнасці, па якой ударылі яшчэ раз, і заклікаю ўсіх пастыраў і вернікаў быць моцнымі і цвёрдымі ў надзеі. Перад жорсткімі выпадкамі гвалту, якія працягваюць прыносіць слёзы народу Блізкага Усходу, я хацеў бы абнавіць мой заклік да міру: ён з’яўляецца Божым дарам, але таксама і намаганнем людзей добрай волі, нацыянальных і міжнародных установаў».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.