Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец да Прэзідэнта Ірана аб неабходнасці шанавання правоў католікаў
Святы Айцец
11.11.2010 17:16

На неабходнасць шанавання правоў невялікай каталіцкай супольнасці ў Іране і будавання добрых узаемаадносін звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у лісце да Прэзідэнта гэтай краіны Махмуда Ахмадзінеджада. Папа выказаў задавальненне з прычыны стварэння двухбаковай камісіі, якая зоймецца вырашэннем праблем, што з’яўляюцца прадметам зацікаўленасці абодвух бакоў.

У лісце Пантыфік выказаў перакананне, што шанаванне трансцэндэнтнага вымярэння чалавечай асобы з’яўляецца неабходнай умовай будавання справядлівага грамадскага ладу і трывалага міру. Адносіны чалавека з Богам — фундамент годнасці і святасці кожнага чалавечага жыцця. Як адзначае Папа, калі сцвярджэнне годнасці асобы становіцца натхненнем палітычнай і грамадскай дзейнасці, якая імкнецца да пошуку агульнага дабра, ствараюцца трывалыя падставы для міру і згоды паміж народамі. Мір, як падкрэсліваецца, з’яўляецца перш за ўсё дарам Бога, і яго чалавек шукае ў малітве. Разам з тым ён з’яўляецца таксама вынікам высілкаў людзей добрай волі. У гэтым кантэксце вернікі кожнай рэлігіі нясуць асаблівую адказнасць і могуць адыграць рашаючую ролю, супрацоўнічаючы ў агульных ініцыятывах.

Бэнэдыкт XVI узгадвае нядаўняе пасяджэнне Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу — час «асаблівага разважання над сітуацыяй у гэтай частцы свету і выклікамі, перад якімі стаяць існуючыя там каталіцкія супольнасці». «У некаторых краінах гэтыя супольнасці знаходзяцца ў цяжкіх умовах дыскрымінацыі або нават насілля, адсутнасці свабоды, каб жыць і публічна вызнаваць сваю веру», — піша Святы Айцец. Папа выказвае спадзяванне, што праца Сіноду прынясе добры плён для Касцёла і ўсяго грамадства гэтага рэгіёну.

Як падкрэслівае Пантыфік, католікі, якія пражываюць у Іране і ва ўсім свеце, стараюцца супрацоўнічаць са сваімі суайчыннікамі, каб лаяльна і з павагай да іншых уносіць свой уклад у дабро грамадстваў, у якіх знаходзяцца. «У гэтым духу я выказваю надзею, што сардэчныя адносіны, якія ўжо існуюць паміж Апостальскай Сталіцай і Іранам, а таксама паміж мясцовым Касцёлам і свецкімі ўладамі, будуць развівацца. Я перакананы, што стварэнне Двухбаковай камісіі будзе асаблівай дапамогай у падняцці пытанняў, што з’яўляюцца агульным клопатам, у тым ліку прававога статусу Каталіцкага Касцёла ў Святой Зямлі», — дадае Папа.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.