Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ліст Святога Айца з нагоды адкрыцця пасля рамонту Ватыканскай Бібліятэкі: нішто людское не чужое Касцёлу
Святы Айцец
12.11.2010 12:59
«Ватыканская біблітэка змяшчае і захоўвае самыя каштоўныя словы, прамоўленыя людзьмі, дзе адлюстравана спрадвечнае Слова, што асвятляе кожнага чалавека», — піша Бэнэдыкт XVI да бібліятэкара Святога Рымскага Касцёла кардынала Рафаэле Фарына SDB з нагоды адкрыцця выстаўкі, прымеркаванай да аднаўлення працы Ватыканскай Бібліятэкі пасля трохгадовага рамонту.

Пантыфік адзначыў, што асабіста сачыў за рамонтнымі працамі, паколькі дагэтуль лічыць сябе навуковым працаўніком, галоўны занятак якога — зносіны з кнігай.

Святы Айцец канстатаваў, што Ватыканская Апостальская Бібліятэка — гэта не толькі плод цягі да калекцыяніравання, характэрнай бібліяфілам, якія збіралі яе на працягу некалькіх стагоддзяў, але і каштоўная дапамога для Рымскіх Пантыфікаў у аналізаванні надзённых праблем у шырокай часавай перспектыве, знаходжанні іх каранёў у старажытнасці і сачэнні за іх эвалюцыяй.

Ватыканская Бібліятэка — гэта нагляднае сведчанне першапачатковай і безумоўнай адкрытасці Касцёла, адкрытасці сапраўды «каталіцкай» ці «ўсяленскай» — усяму прыгожаму, добраму, высакароднаму, што толькі было ў гісторыі чалавецтва.

«Нішто сапраўды людское не чужое Касцёлу, а таму ён з выклікаючым здзіўленне пастаянствам заўсёды шукаў, збіраў і зберагаў дасканалыя творы чалавечага розуму, які імкнуўся выйсці па-за межы матэрыяльнага, і знаходзіўся ў пошуку, усвядомленым ці не, Вышэйшай Ісціны»,— піша Папа.

«З гэтай прычыны, — працягвае Пантыфік, — Ватыканская Бібліятэка не з’яўляецца толькі сховішчам тэалагічнай ці рэлігійнай літаратуры, але, захоўваючы вернасць сваім гуманістычным вытокам, лічыць сябе закліканай адкрывацца ўсяму людскому, тым самым служачы культуры».

Гэта пазіцыя характэрна не толькі для мінулага, але і для нашага часу. Па словах Пантыфіка, пра гэта сведчыць той факт, што Ватыканская Апостальская Бібліятэка адкрыта для ўсіх навуковых супрацоўнікаў, незалежна ад веравызнання і асабістых поглядаў.

Святы Айцец адзначыў таксама, што з пункту погляду Касцёла ў любым сур’ёзным навуковым даследаванні прысутнічае рэлігійны элемент. «Бо любая адносная ісціна ўдзельнічае ў паўнаце Боскай Ісціны, а любое навуковае даследаванне становіцца, тым самым, шляхам, якім да гэтай Ісціны крочаць», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.