Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заклікаў да ўмацавання і святасці сям’і
Святы Айцец
03.01.2011 16:02

Да ўмацавання і святасці сем’яў заклікаў вернікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у разважаннях перад нядзельнай малітвай «Анёл Панскі» 2 студзеня 2011 г. на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане. Папа склаў усім людзям пажаданні на Новы год і падзякаваў тым, хто ў сваю чаргу скіраваў яму віншаванні.

Затым Пантыфік звярнуўся да шматлікіх святароў і вернікаў, якія ў гэты дзень сабраліся на плошчы Калумба ў Мадрыдзе (Іспанія), каб «радасна адзначыць каштоўнасць сужэнства і сям’і пад дэвізам „Хрысціянская сям’я — надзея для Еўропы“». «Дарагія браты, заклікаю вас, каб вы былі моцныя ў любові і ў пакорным разважанні над таямніцай Божага Нараджэння, якая надалей прамаўляе да сэрца і становіцца школай сямейнага і братэрскага жыцця, — працягваў Папа. — Мацярынскі позірк Панны Марыі, поўная любові апека св. Юзафа і чулая прысутнасць Дзіцятка Езус — празрысты вобраз таго, чым павінны быць усе хрысціянскія сем’і — сапраўднымі санктуарыямі вернасці, павагі і разумення, у якіх таксама перадаецца вера, узмацняецца надзея і распальваецца любоў. Заахвочваю ўсіх нанава перажыць энтузіязм хрысціянскага паклікання ў хатнім ачагу як сапраўдныя сейбіты любові, якая прымае жыццё, спадарожнічае яму і абараняе яго».

Святы Айцец заахвоціў вернікаў зрабіць свае дамы месцам распаўсюджвання цнотаў, «мірнай прасторай даверу, у якой людзі змаглі б мудра распазнаць заклік Пана». Бэнэдыкт XVI даручыў усе сем’і апецы Маці Божай.

Пасля малітвы і ўдзялення прысутным апостальскага благаслаўлення Пантыфік заклікаў аб міры і спыненні насілля ў Егіпце.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.