Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: неабходна пастаянна ажыўляць сваю веру
Святы Айцец
18.07.2011 14:51

У нядзелю 17 ліпеня 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў малітву «Анёл Панскі», якая прайшла ў летняй папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа. Да прысутных вернікаў Папа звярнуўся з прамовай-разважаннем на тэму нядзельнага Евангелля пра Нябеснае Валадарства.

«Неба трэба разумець не толькі ў сэнсе вышыняў, якія ўзносяцца над намі, бо гэтая бясконцая прастора мае таксама ўнутраную форму чалавека, — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Езус параўновае Нябеснае Валадарства з пшанічным полем, каб даць нам зразумець тое, што ўнутры нас Ён засеяў штосьці маленькае і схаванае, што мае нястрыманую моц жыцця. Нягледзячы на ўсе перашкоды, зерне будзе расці і дасць плён. Гэты плён будзе добры толькі тады, калі глеба жыцця будзе апрацоўвацца паводле Божай волі».

Папа звярнуў увагу на ўрывак, які распавядае аб тым, што пасля пасеву, «калі людзі спалі», «прыйшоў вораг яго (гаспадара) і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў». Гэта азначае, што чалавек павінен берагчы ласку, якую «атрымаў падчас хросту, няспынна ажыўляючы сваю веру ў Пана, які не дазваляе, каб зло запусціць свае карані».

«Калі мы з’яўляемся сынамі Айца, такога добрага і вялікага, мы павінны імкнуцца быць падобным да Яго», — дадаў Пантыфік.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.