Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: сапраўднае наследаванне Хрыста — гэта любоў
Святы Айцец
27.12.2011 11:53

На другі дзень Божага Нараджэння, ва ўспамін св. Стэфана, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў малітву «Анёл Панскі». У разважаннях да яе Пантыфік звярнуўся да тэмы мучаніцтва.

Спачатку Папа прывёў выказванні Айцоў Касцёла першага стагоддзя хрысціянства пра св. Стэфана, з якіх вынікае, што мучанікі мелі значны аўтарытэт, амаль нароўні з апосталамі.

«У часы найцяжэйшых ганенняў менавіта хвала мучаніцтва падтрымлівала вернікаў на іх зменлівым жыццёвым шляху, а тых, хто шукае ісціну, абуджала да навяртання», — адзначыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што сапраўднае наследаванне Хрыста — гэта любоў, якую некаторыя хрысціянскія пісьменнікі называлі «таямніцай мучаніцтва».

Святы Клімэнт Александрыйскі пісаў так: «Хто выконвае Божыя запаведзі, той сведчыць пра Яго ў любым званні, бо робіць тое, што Яму прыемна, і заклікае імя Пана ў ісціне».

Як у старажытнасці, так і ў нашыя дні, вернасць Евангеллю можа патрабаваць ахвяры ўласнага жыцця. Так, многія хрысціяне ў розных рэгіёнах зямнога шару па-ранейшаму падвяргаюцца ганенням, часам нават мучаніцтву.

Таму Святы Айцец узгадаў пра крывавыя падзеі ў Нігерыі, якімі было азмрочана сёлетняе свята Божага Нараджэння. Папа нагадаў, што насілле — гэта шлях, які вядзе выключна да цярпенняў, знішчэння і смерці. А адзіным шляхам у дасягненні міру з’яўляецца ўзаемная павага, прымірэнне і любоў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.