Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: адкрыйце прыгажосць супольнай малітвы ў сям’і
Святы Айцец
29.12.2011 10:22

Апошняя агульная аўдыенцыя з папам Бэнэдыктам XVI у 2011 годзе адбылася ў сераду 28 снежня. Сваю катэхезу Святы Айцец прысвяціў месцу малітвы у жыцці чалавека і сям’і, якая павінна стаць першай яго школай.

«Дом з Назарэта, па сутнасці, — школа малітвы, у якой мы вучымся слухаць, разважаць і пранікаць у глыбокае значэнне аб’яўлення Сына Божага, беручы прыклад ад Марыі, Юзафа і Езуса», — адзначыў Пантыфік.

Папа нагадаў некаторыя фрагменты Евангелля, у якіх апісваецца малітва і адносіны Святой Сям’і з Богам, узгадваецца дзяцінства Езуса. Спыняючыся на падзеі ахвяравання Езуса ў святыні, Бэнэдыкт XVI патлумачыў, што «падарожжа Святой Сям’і — гэта пілігрымка веры, ахвяраванне дароў, сімвал малітвы і сустрэчы з Панам, якога Марыя з Юзафам ужо бачылі ў Езусе ».

Як адзначыў Папа, прыкладам веры і надзеі з’яўляецца Марыя, але варта ўглядацца і ў постаць св. Юзафа, які разам з ёй вучыў Езуса малітве і працы.

«Сям’я з Назарэта з’яўляецца першым узорам Касцёла, у якім вакол Езуса і дзякуючы Яго пасрэдніцтву ўсе жывуць у сыноўскіх адносінах з Богам, які таксама перамяняе чалавечыя адносіны», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Напрыканцы катэхезы Пантыфік яшчэ раз падкрэсліў, што сям’я з’яўляецца дамашнім Касцёлам і паклікана быць школай малітвы. Папа пажадаў прысутным «адкрыць нанава прыгажосць супольнай малітвы ў сям’і праз школу Святой Сям’і з Назарэта».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.