Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI наведаў Таскану
Святы Айцец
14.05.2012 11:05

У нядзелю 13 мая 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI пабываў у Таскане. Праграма візіту ў гэты рэгіён Італіі ахоплівала наведванне трох месцаў: горада Арэцца, санктуарыя ў Ла Вэрна і горада Сансэльпокра.

Галоўнай падзеяй у Арэцца стала святая Імша з удзелам каля 40 тысяч вернікаў. На літургіі прысутнічаў прэм’ер-міністр Італіі Марыа Монці.

У сваёй гаміліі Папа звярнуў увагу на прыклад жыцця святога Даната, апекуна Тасканы, жыццёвае сведчанне якога, на думку Пантыфіка, застаецца актуальным і сёння.

«Ён быў адважным евангелізатарам, які жадаў, каб усе вызваліліся ад язычніцкіх звычаяў і ў Божым слове знайшлі сілу для сцвярджэння годнасці кожнай асобы і сапраўднага сэнсу праўды», — адзначыў Бэнэдыкт XVI і дадаў, што прыклад дзейнасці св. Даната з’яўляецца ўзорам міратворчай місіі, якую выконвае Касцёл ў грамадстве дзеля супольнага дабра.

Пантыфік заклікаў вернікаў быць хрысціянамі актыўнымі ў грамадскім жыцці і сваім сведчаннем перамяняць грамадства. Закрануў Папа і грамадскія праблемы, звязаныя з працяглым эканамічным крызісам.

«Маштаб праблем ускладняе адшуканне найбольш хуткіх і эфектыўных рашэнняў для выхаду з інсуючай сітуацыі, якая асабліва моцна б’е па самым слабым і вельмі турбуе моладзь. Увага да бліжніх ад старадаўніх часоў натхняла Касцёл да канкрэтнай і салідарнай дзейнасці для тых, хто ў патрэбе, дзяліцца рэсурсамі, спрыяць больш глыбокаму стылю жыцця, супрацьстаяць павярхоўнай культуры, якая прывабіла многіх і выклікала глыбокі духоўны крызіс», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё.

Пасля Імшы адбылася малітва «Regina Caeli».

Затым Пантыфік павінен быў накіравацца ў францішканскі санктуарый у Ла Вэрне — месца, якое вельмі любіў і дзе атрымаў дар стыгматаў св. Францішак Асізскі. Аднак па пэўных прычынах сустрэча была адменена. Нягледзячы на гэта, тэкст звароту Святога Айца да братоў францішканаў, сясцёр кларысак і іншых законнікаў і законніц рэгіёну быў апублікаваны. У ім Папа заклікаў любіць Хрыста і несці гэтую любоў іншым.

«Любоў да Хрыста з’яўляецца асновай жыцця пастыра, а таксама кансэкраваных асобаў», — адзначае Папа ў лісце і дадае, што такая любоў не мае страху перад абавязкамі і складанасцямі.

Пасля Арэцца Папа накіраваўся ў Сансэльпокра, дзе наведаў конкатэдру і сустрэўся з мясцовымі жыхарамі на гарадской плошчы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.