Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра асобу св. Яна Хрысціцеля
Святы Айцец
25.06.2012 11:36

Асобе святога Яна Хрысціцеля Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваё разважанне перад малітвай «Анёл Панскі». 24 чэрвеня Касцёл адзначаў урачыстасць нараджэння прарока памежжа Старога і Новага Запаветаў.

Сярод галоўных рысаў святога Папа назваў сціпласць і ўменне заставацца ў ценю Езуса, сапраўднага Месіі. Пантыфік адзначыў, што акрамя Найсвяцейшай Панны Марыі Ян Хрысціцель з’яўляецца адзіным святым, чыё нараджэнне адзначаецца як літургічная ўрачыстасць, бо гэтыя дзве асобы звязаны з таямніцай Уцелаўлення Божага Сына.

Бацька Яна, Захарыя, муж Альжбеты, сваячкі Марыі, быў святаром юдэйскага культу. Не адразу паверыў ён у абяцанне нечаканага ўжо бацькоўства і таму стаў нямым да дня абразання дзіцяці, якому разам з жонкай даў імя, вызначанае Богам, — Ян, што азначае «Пан чыніць ласку».

«Пабуджаны Святым Духам, Захарыя кажа аб місіі свайго сына наступным чынам: „А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа, бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму, каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне праз адпушчэнне яго грахоў“ (пар. Лк 1, 76–77). Усё гэта было напісана праз 30 гадоў, калі Ян хрысціў у Ярдане, заклікаючы людзей праз гэты жэст пакаяння падрыхтавацца да блізкага надыходу Месіі. А гэта Бог адкрыў яму падчас яго знаходжання ў Юдэйскай пустыні. Таму і быў названы „Хрысціцелем” — тым, хто ўдзяляе хрост», — нагадаў Папа.

«Калі ў адзін цудоўны дзень прыйшоў з Назарэта сам Езус, каб хрысціцца, Ян спачатку адмовіўся, але потым пагадзіўся, і ўбачыў Святога Духа, які спачываў на Езусе, і пачуў голас Айца Нябеснага, які абвясціў, што Ён Яго Сын. Але яго місія яшчэ не была скончана: ён папярэдзіў Езуса ў пазначанай насіллем смерці. Яну адсеклі галаву ў турме цара Ірада, і такім чынам ён даў поўнае сведчанне аб Божым Ягняці, якога першым распазнаў і публічна абвясціў», — прыводзіць словы Святога Айца Ватыканскае радыё.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.