Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI прывітаў удзельнікаў XXVI Міжнароднай сустрэчы за мір
Святы Айцец
10.09.2012 12:45

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прывітаў удзельнікаў XXVI Міжнароднай сустрэчы за мір, якая праходзіць у Сараеве (Боснія і Герцагавіна) 9–11 верасня па ініцыятыве экуменічнай Супольнасці св. Ідзія. «Нагодай для вялікай радасці і супакою з’яўляецца магчымасць бачыць, што пілігрымка міру, якая была пачата ў 1986 г. у Асізі, працягвае прыносіць плёны», — напісаў ад імя Папы Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ.

Па інфармацыі Ватыканскага радыё, іерарх нагадаў, што Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на дзве прычыны, якія пагражаюць міру: з аднаго боку — выкарыстанне рэлігіі ў якасці нагоды для насілля, а з іншага — адмаўленне Бога ў імя секулярызаванага бачання чалавека, які ў сваю чаргу здольны чыніць насілле без межаў. «Негатыўныя наступствы злучэння дзвюх гэтых сіл драматычным чынам былі дасведчаны, таксама і ў Сараеве, падчас вайны, якая пачалася 20 гадоў таму, несучы смерць і разбурэнне Балканам», — напісаў кардынал Бэртонэ.

Іерарх падкрэсліў, што ў якасці супрацьдзеяння гэтай пагрозе Папа заклікаў да саюза паміж веруючымі людзьмі і тымі, хто не належыць да якой-небудзь з рэлігій, але шчыра шукае праўду. На думку Святога Айца, ад глыбокага і адкрытага дыялога паміж імі можа нарадзіцца заўсёды неабходнае ачышчэнне рэлігіі для першых і адкрытасць на вялікія пытанні чалавецтва аб таямніцы, якая тычыцца жыцця людзей, для другіх. Такім чынам, «супольная пілігрымка да праўды можа пераўтварыцца ў супольную пілігрымку да міру».

У пасланні ўдзельнікам XXVI Міжнароднай сустрэчы за мір Пантыфік звярнуў увагу на тое, што месца правядзення сустрэчы — Сараева — надае падзеі асаблівае значэнне, бо гэты горад стаў «сімвалам пакут усёй Еўропы» ў мінулым стагоддзі. «Сёння з Сараева гучыць пасланне міру дзякуючы сустрэчы шматлікіх людзей розных веравызнанняў. Мір патрабуе падтрымкі з боку людзей, чыё сэрца і розум шукае праўду, хто адкрываецца на дзейнасць Бога, працягвае руку іншым», — адзначаецца ў пасланні Папы. Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на неабходнасць міру на Блізкім Усходзе і выказаў пажаданне, што ён наступіць у гэтым рэгіёне як мага хутчэй.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.