Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа благаславіў алтар «Зорка Казахстана»
Святы Айцец
10.10.2012 21:47

Перад сённяшняй агульнай аўдыенцыяй Святы Айцец Бэнэдыкт XVI благаславіў адарацыйны алтар «Зорка Казахстана», які будзе перададзены ў вёску Азёрнае ў казахстанскі санктуарый Маці Божай Каралевы Міру. Алтар выкананы ў межах праекту Таварыства «Каралева міру» (Communità Regina della Pace), мэта якога — заснаваць ва ўсім свеце 12 месцаў пастаяннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі міру.

Мітрапаліт Астаны (Казахстан) арцыбіскуп Томаш Пета адзначыў, што пра сутнасць гэтага алтара Пантыфіку распавёў кардынал Анджэла Садана, які нядаўна наведваў краіну. Асабліва ж уразіла Святога Айца, па словах арцыбіскупа Петы, тое, што ў цэнтры алтара знаходзяцца рэліквіі дваіх сведкаў міласэрнасці: бл. Яна Паўла ІІ і св. Фаўстыны Кавальскай.

У Азёрным адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая цягнецца ўвесь дзень, існуе ўжо сямнаццаты год. У Астане ж ад часу пілігрымкі Яна Паўла ІІ у Казахстан адбываецца пастаянная адарацыя.

«Я перакананы, што без сакрамэнту паяднання і без адарацыі, якая вядзе да сустрэчы з Хрыстом, не будзе новай евангелізацыі. Асаблівае значэнне мае той факт, што Папа благаславіў гэты алтар на парозе Года веры і падчас Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі», — адзначыў арцыбіскуп Томаш Пета ў размове з Ватыканскім радыё.

Вёска Азёрнае паўстала ў чэрвені 1936 г., пасля дэпартацыі палякаў з Украіны ў Казахстан. У сакавіку 1941 г. каля вёскі з’явілася возера з мноствам рыбы, што выратавала яе жыхароў ад галоднай смерці ў час вайны.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.