Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец падчас візіту ў Дом састарэлых: пажылыя людзі — багацце для грамадства
Святы Айцец
12.11.2012 14:37

12 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведаў Дом састарэлых у Рыме, якім апякуецца «Супольнасць святога Ідзія». Звяртаючыся да яго жыхароў, Папа падкрэсліў, што «якасць грамадства, яго цывілізаванасць вызначаецца тым, як у ім ставяцца да пажылых людзей і якое месца ім адводзіцца ў жыцці».

Візіт Пантыфіка адбыўся ў рамках Еўрапейскага года актыўнасці пажылых людзей і салідарнасці пакаленняў. У ходзе сустрэчы Святы Айцец адзначыў, што асабіста ведае пра цяжкасці, звязаныя з пажылым узростам, але заклікаў прысутных «не дазволіць суму зняволіць сабе». «Гэта цудоўна — быць старым! У кожным узросце трэба быць здольным адкрыць прысутнасць і благаслаўленне Пана і багацце, якое ў ім заключаецца», — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Пантыфік заклікаў цаніць дар доўгага жыцця, нягледзячы на хваробы і абмежаванні, звязаныя з пажылым узростам. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў Бібліі старасць лічылася благаслаўленнем Бога, аднак сёння яна не ўспрымаецца так у грамадстве, дзе «часта дамінуе логіка карысці і прыбытку». Аднак, па словах Папы, пажылыя людзі з’яўляюцца носьбітамі жыццёвай мудрасці — вялікага багацця. «Хто пакідае месца для старых — пакідае месца для жыцця! Хто прымае старых — прымае жыццё!» — дадаў Пантыфік.

Як адзначыў Папа, існаванне пажылых людзей — гэта нібы «адкрытая кніга, у якой маладыя пакаленні могуць знайсці каштоўныя ўказанні для жыццёвага шляху». Неабходнасць у дапамозе, звязаная з пажылым узростам, таксама, як падкрэсліў Святы Айцец, з’яўляецца дарам, бо гэта нагода для кантакту, падтрымкі і любові з боку іншых людзей.

Папа заклікаў жыхароў Дома састарэлых памятаць, што яны з’яўляюцца багаццем для грамадства, нават у сваіх пакутах і хваробах. «Гэты перыяд жыцця з’яўляецца дарам таксама для таго, каб паглыбіць адносіны з Богам. Прыклад бл. Яна Паўла ІІ быў і застаецца ззяючым для ўсіх», — сказаў Пантыфік і заклікаў удзельнікаў сустрэчы маліцца за Касцёл, за яго самога, за патрабуючых, бедных, за тое, каб у свеце не было насілля.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.