Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да Ватыканскай жандармерыі і пажарнай службы: каб ваша служэнне спрыяла паглыбленню веры
Святы Айцец
12.01.2013 18:20

11 студзеня Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з афіцэрамі Ватыканскай жандармерыі і пажарнай службы. Папа адзначыў прафесіяналізм, з якім яны нясуць сваю службу, і нагадаў, што праца кожнага жандарма патрабуе вялікай ветлівасці і сардэчнасці, з якімі ён павінен прымаць пілігрымаў і турыстаў, што прыбываюць у Рым і Ватыкан.

«Гэтая праца нагляду і кантролю, якую вы выконваеце са стараннасцю і руплівасцю, з’яўляецца, безумоўна, значнай і далікатнай: яна патрабуе шмат цярпення, настойлівасці і гатоўнасці слухаць іншых», — заўважыў Пантыфік, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. Папа дадаў, што дзякуючы гэтаму служэнню ў Апостальскай Сталіцы могуць спакойна і бяспечна адбывацца ўсе мерапрыемствы.

Пантыфік пажадаў прадстаўнікам жандармерыі і пажарнай службы, каб іх адмысловае служэнне ў сэрцы хрысціянства, куды штодня безупынна прыбываюць натоўпы вернікаў на сустрэчу з Наступнікам св. Пятра, спрыяла ўмацаванню духоўнага вымярэння іх жыцця і паглыбленню веры. Святы Айцец заклікаў афіцэраў адважна сведчыць сваю веру ў любым асяроддзі. «У гэтым дапамогай вам павінен стаць Год веры, які мы цяпер адзначаем: гэта прывілеяваная нагода, каб адкрыць, колькі радасці ўтрымлівае вера, і абвяшчаць іншым пра тое, што сустрэча з Богам рэалізуе найбольш глыбокія памкненні чалавека да міру, братэрства і любові», — сказаў на заканчэнне Папа.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.