Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт ХVI: Мальтыйскі Ордэн заўсёды адрозніваўся вернасцю Касцёлу і Наступніку св. Пятра
Святы Айцец
09.02.2013 14:56

«Ваш Ордэн з самага пачатку адрозніваўся вернасцю Касцёлу і Наступніку св. Пятра, а таксама істотнаю духоўнаю ідэнтычнасцю, якая адпавядае высокім рэлігійным ідэалам», — з такімі словамі Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI звярнуўся да прадстаўнікоў Суверэннага Мальтыйскага Ордэна, якія прыбылі 9 лютага ў Ватыкан, каб сустрэцца з Папам.

Нагодай да сустрэчы стала 900-годзе выдання прывілея «Pie postulatio voluntatis» ад 15 лютага 1113 г., у сілу якога папа Пасхалій ІІ узяў пад апеку Касцёла новазаснаванае шпітальнае брацтва Св. Яна Хрысціцеля і зрабіў яго суверэнным. Бэнэдыкт ХVI прыгадаў сведчанні прадстаўнікамі гэтага Ордэна іх вялікай веры. «Менавіта з-за веры члены вашага Ордэна на працягу многіх стагоддзяў ахвяроўвалі сябе апецы над хворымі ў Ерузалеме, а затым дапамагалі пілігрымам у Святой Зямлі, якія апынуліся ў вялікай небяспецы», — падкрэсліў Святы Айцец, дадаўшы, што ў ХІХ ст. Мальтыйскі Ордэн пачаў больш шырокую дзейнасць, служыў хворым і бедным, аднак ніколі не адмаўляўся ад першапачатковых ідэалаў, асабліва ад інтэнсіўнага духоўнага жыцця членаў Ордэна.

«Ваш Ордэн у параўнанні з іншымі ўстановамі, якія ўдзельнічаюць на міжнароднай арэне ў аказанні дапамогі хворым, выяўляе салідарнасць і клопат аб развіцці чалавека, адрозніваецца хрысціянскім натхненнем, якое пастаянна спрыяе сацыяльным абавязкам вашых членаў», — адзначыў Пантыфік. Папа пажадаў, каб праца прадстаўнікоў Ордэна, якая ў асноўным праходзіць у шпіталях і медыцынскіх установах, ніколі не была простай дабрачыннасцю, але эфектыўным выразам і жывым сведчаннем евангельскай любові.

«Харызма вашага Ордэна не імкнецца да ўлады ці ўплываў часовага характару, але жадае цалкам свабодна выконваць сваю місію на карысць агульнага дабра чалавека, клапоцячыся асабліва пра тых, хто найбольш патрабуе надзеі і любові», — сказаў на заканчэнне Бэнэдкт ХVI, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.