Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь аб рашэнні Папы Бэнэдыкта ХVI скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка св. Пятра
Святы Айцец
11.02.2013 17:32

Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што сёння падчас звычайнай кансісторыі Яго Святасць Папа Бэнэдыкт ХVI аб'явіў аб сваім рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка св. Пятра. Гэтае рашэнне ўступае ў сілу 28 лютага 2013 года ў 20.00 рымскага часу.

Вось словы Рымскага Пантыфіка, сказаныя падчас кансісторыі:

«Я паклікаў вас на гэтую Кансісторыю не толькі па прычыне трох кананізацый, але і паведаміць вам рашэнне, якое мае вялікае значэнне для жыцця Касцёла. Разважыўшы гэта шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне св. Пятра. Я цалкам усведамляю, што гэтае служэнне ў сваёй духоўнай сутнасці павінна выконвацца не толькі праз дзеянні і словы, але не ў меншай ступені праз цярпенне і малітву. Аднак, каб кіраваць лодкай св. Пятра і абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, схільным да хуткіх змен і хваляваным пытаннямі, якія маюць вялікае значэнне для жыцця веры, неабходная як сіла цела, так і духу, якая ў апошнія месяцы аслабела ў мяне настолькі, што я павінен прызнаць сваю няздольнасць добра выконваць даручанае мне служэнне. Таму, цалкам усведамляючы сур’ёзнасць гэтага акту, у поўнай свабодзе, я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэння Рымскага Біскупа, Наступніка св. Пятра, ускладзенага на мяне кардыналамі 19 красавіка 2005 г., так, што з 28 лютага 2013 г., ад 20.00, рымскі пасад, Пасад св. Пятра, будзе звольнены (sede vacante), і паўстане неабходнасць, каб тыя, хто мае кампетэнцыі, склікалі канклаў для абрання новага Папы.

Дарагія браты, я дзякую вам ад усяго сэрца за ўсю любоў і працу, праз якую вы неслі са мной цяжар майго служэння, і прашу прабачэння ўсіх маіх недахопаў. Цяпер мы давяраем святы Касцёл апецы Найвышэйшага Пастыра, Пана нашага Езуса Хрыста, і просім Яго Найсвяцейшую Маці Марыю, каб дапамагала сваёй мацярынскай дабрынёй Айцам Кардыналам у абранні новага Папы. Калі гаворка ідзе пра мяне, у будучыні я хачу служыць усім сэрцам, усім адданым малітве жыццём, Святому Божаму Касцёлу».

(Пераклад слоў Папы паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё)



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.