Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі: наступнік Папы будзе падтрымлівацца малітвай і любоўю Бэнэдыкта XVI
Святы Айцец
13.02.2013 08:11

Бэнэдыкт XVI скончыць выконваць абавязкі Рымскага Пантыфіка 28 лютага ў 20.00 — час, калі Святы Айцец звычайна заканчвае свой працоўны дзень, перш чым адправіцца на вячэрнюю малітву і адпачынак. Пра гэта паведаміў падчас сустрэчы з журналістамі кс. Фэдэрыка Ламбардзі, старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы, дадаўшы, што апошні працоўны дзень Папы пройдзе звычайным чынам.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, святар падзякаваў журналістам, якія з вялікай павагай і адказнасцю асвятлялі навіны пра рашэнне Святога Айца.

Старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы расказаў, што важнай падзеяй, якая падштурхнула Бэнэдыкта XVI да думкі аб адмаўленні ад папскага служэння, стала падарожжа ў Мексіку і на Кубу ў сакавіку 2012 г., якое выклікала вялікую стомленасць у Пантыфіка. Аднак, паводле кс. Ламбардзі, тады яшчэ рашэнне Папы не было канчатковым.

Ксёндз Ламбардзі дадаў, што Бэнэдыкт XVI вырашыў пасяліцца ў будынку ў Ватыканскіх садах, у якім раней жылі кляўзуровыя законніцы. Гэты будынак ужо на працягу некалькіх месяцаў знаходзіцца ў рамонце. Юрыдычныя пытанні адносна папскага пярсцёнка і гербу будуць вырашаны пазней, і яшчэ дакладна не вядома, якое імя будзе насіць Бэнэдыкт XVI пасля заканчэння свайго Пантыфікату і як будзе апранацца. Таксама Папа не будзе прымаць удзел у канклаве, а яго наступнік «будзе падтрымлівацца малітвай, прысутнасцю любові і падтрымкі з боку чалавека, які больш за ўсіх у свеце зможа зразумець і раздзяліць яго клопаты».

Святар паінфармаваў, што Бэнэдыкт XVI плануе весці жыццё ў малітве і медытацыі. Магчыма, Папа будзе пісаць. Ксёндз Ламбардзі адзначыў, што Бэнэдыкт XVI добра прадумаў момант абвяшчэння свайго рашэння, жадаючы, каб іерархі маглі засяродзіцца на выбарах новага Пантыфіка на працягу Вялікага посту і да Пасхі стала вядома яго імя.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.