Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўзначаліў Імшу ў Тбілісі: Атрымліваць і несці Божае суцяшэнне
Святы Айцец
01.10.2016 15:47

Шчаслівыя тыя хрысціянскія супольнасці, якія жывуць евангельскай прастатой і карыстаюцца беднымі сродкамі, але з’яўляюцца багатымі Богам, сказаў Папа Францішак падчас святой Імшы 1 кастрычніка на стадыёне імя Міхаіла Месхі ў Тбілісі.

Эўхарыстыяй з удзелам мясцовай каталіцкай супольнасці Пантыфік пачаў другі дзень свайго падарожжа ў Грузію. На ёй прысутнічалі таксама прадстаўнікі Грузінскай Праваслаўнай Царквы, іншых канфесій і дзяржаўных уладаў.

На пачатку гаміліі Святы Айцец падкрэсліў асаблівую ролю жанчын у грузінскім грамадстве. «Тут, у Грузіі, ёсць шмат бабуль і маці, якія працягваюць захоўваць і перадаваць веру, пасеяную на гэтай зямлі св. Нінай, несці свежую ваду Божага суцяшэння ў многія сітуацыі пустэчы і канфлікту», — сказаў Пантыфік.

Па словах Папы, «суцяшэнне, у якім сёння кожны мае патрэбу пасярод трывожных падзей жыцця — гэта менавіта прысутнасць Бога ў сэрцы». Святы Айцец дадаў, што Божае суцяшэнне вызваляе ад зла, нясе спакой і пашырае радасць, а каб жыць ім, «трэба вызваліць месца для Бога ў жыцці» праз штодзённае чытанне Евангелля, малітву і адарацыю, споведзь і Эўхарыстыю. «Праз гэтыя дзверы Пан уваходзіць і надае новы водар рэчам», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа заклікаў грузінскіх католікаў несці Божае суцяшэнне стомленым і расчараваным, пакутуючым ад выпрабаванняў і несправядлівасці; не прызвычайвацца да закрытага касцёльнага «мікраклімату», але дзяліцца з іншымі «больш шырокімі гарызонтамі», адкрытымі на надзею. «Існуе патрэба ў намашчэнні сэрца, у гэтым Божым суцяшэнні, якое не пазбаўляе праблем, але дорыць сілу любові, здольную перамяніць пакуты ў спакой. Атрымліваць і несці Божае суцяшэнне — гэтая місія Касцёла з’яўляецца тэрміновай», — сказаў Святы Айцец.

Па словах Пантыфіка, для таго, каб атрымаць Божае суцяшэнне, трэба стаць як дзеці. «Бог не пазнаецца праз высокія думкі і доўгае вывучэнне, а праз мізэрнасць пакорнага і давяраючага сэрца. Каб быць вялікімі ў вачах Найвышэйшага, не трэба назапашваць пашану да сябе і прэстыж, даброты і зямны поспех, але трэба спустошыць саміх сябе», — адзначыў Папа і дадаў, што толькі ў гэтым выпадку чалавек становіцца «багатым Богам».

Святы Айцец назваў шчаслівымі пастыраў, якія дзейнічаюць не паводле логікі зямнога поспеху, а «кіруюцца законам любові, прымаючы, слухаючы і служачы». «Шчаслівы Касцёл, які не давярае крытэрыям функцыяналізму і арганізацыйнай прадуктыўнасці, не клапоціцца пра імідж», — сказаў Пантыфік.

«Маленькі, умілаваны статак Грузіі, які шмат прысвячаеш сябе міласэрнасці і выхаванню, прымі заклік Добрага Пастыра, даверся Таму, які бярэ цябе на Свае плечы, каб суцешыць!» — заклікаў Папа Францішак на заканчэнне гаміліі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.