Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: адыходзіць ад зла і вучыцца рабіць дабро — вось правіла навяртання
Святы Айцец
15.03.2017 09:21

Адысці ад зла, навучыцца рабіць дабро і дазволіць Пану весці сябе наперад — вось шлях велікапоснага навяртання. Пра гэта адзначыў папа Францішак 14 сакавіка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Святы Айцец заўважыў, што кожны чалавек штодзённа робіць нешта кепскае і нават «самы святы грашыць сем разоў на дзень».

Праблема ў тым, каб не прызвычайвацца жыць падобным чынам і пастаянна адмаўляцца ад таго, што «атручвае душу».

«Трэба штодня вучыцца рабіць нешта, каб стаць лепшым, чым дзень таму. Адыходзіць ад зла і вучыцца рабіць дабро: вось правіла навяртання. Навярнуцца, не значыць прыйсці да феі, якая перамяніць нас з дапамогай чарадзейнай палачкі. Не! Гэта шлях», — адзначыў Пантыфік.

Паводле яго слоў, вернікам неабходныя адвага, каб адысці ад зла, і пакора, каб навучыцца рабіць дабро. Яно ж абавязкова павінна выяўляецца ў канкрэтных учынках, а не толькі заставацца на словах, падкрэсліў папа Францішак і нагадаў, як Хрыстус папракаў фарысяў за тое, што «гавораць і не робяць».

«Калі няма канкрэтнасці, не можа быць і навяртання», — сказаў ён.

Папа нагадаў, што Езус заўсёды спадарожнічае вернікам на шляху навяртання, і нават, калі іх «грахі будуць, як чырвань, збялеюць як снег». Адзінае, аб чым Бог просіць, гэта пакора, бо «той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны», — сказаў Папа на заканчэнне сваёй ранішняй гаміліі.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 19.11.2017
  • 18.11.2017
  • 17.11.2017
  • 16.11.2017
  • 15.11.2017