Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Заява маскоўскага філіяла супольнасці «Місіянеры міласэрнасці» (Сёстры Маці Тэрэзы)
19.09.2011 17:51

13–18 верасня 2011 года ў Маскве па рашэнню Арбітражнага суда быў знесены будынак, якi належыць філіялу супольнасці «Місіянеры Міласэрнасці» (Сёстры Маці Тэрэзы). На сённяшні дзень захоўваецца небяспека таго, што будзе дэманціраваны дах другога будынкa, які належыць супольнасці. Гэтая падзея выклікала вялікі грамадскі рэзананс, у сувязі з чым супольнасць лічыць неабходным зрабіць заяву.

Падставай для судовага рашэння стала тое, што будынак і мансардны паверх, дазвол на будаўніцтва якіх было атрымана ад уладаў г. Масквы, не былі ўведзены ў эксплуатацыю ў належныя тэрміны. Падставай для гэтага стала памылка супольнасці, звязаная з недастатковым веданнем расійскага заканадаўства і рэгулярнай зменай кіраўніцтва супольнасці, прадугледжанага яе ўнутраным статутам. Калі аб гэтай памылцы стала вядома, у 2007 г. супольнасць звярнулася да мэра Масквы Ю. М. Лужкова з просьбай аказаць садзейнічанне ў ліквідацыі дапушчаных парушэнняў і прывядзенні дакументацыі па пабудаванаму дому ў адпаведнасць з заканадаўствам. Аднак з-за таго, што тэрміны па атрыманаму дазволу на будаўніцтва дома і рэканструкцыю мансарды скончыліся, здаць іх у эксплуатацыю аказалася немагчыма.

Будынак на працягу больш чым 15 гадоў выкарыстоўваўся ў якасці прытулку для бяздомных і для догляду за імі. За гэты час тысячы людзей атрымлівалі тут гарачае харчаванне, адзенне, магчымасць для задавальнення элементарных гігіенічных патрэб. Сёстры Маці Тэрэзы аказвалі гэтым людзям дапамогу ў сацыяльнай адаптацыі і аднаўленні згубленых дакументаў. За гэтую дзейнасць супольнасць не раз атрымлівала падзяку з боку дзяржаўных устаноў аховы здароўя. Гэтая дзейнасць ажыццяўлялася ў супрацоўніцтве з Сінадальным аддзелам па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Рускай Праваслаўнай Царквы. Будынак таксама выкарыстоўваўся для сустрэч груп Ананімных Алкаголікаў і Наркаманаў і іх сваякоў (групы Ал-Анон); падобныя групы з’яўляюцца эфектыўным спосабам процідзеяння распаўсюджванню алкагалізму і наркаманіі.

Шматлікія грамадскія арганізацыі і грамадскія дзеячы звярталіся ва ўрад Масквы і Адміністрацыю Прэзідэнта Расіі з просьбай аказаць садзейнічанне Сёстрам Маці Тэрэзы ў дасягненні пагаднення. З падобнымі просьбамі настойліва звярталіся Прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Расійскай Федэрацыі і архідыяцэзія Маці Божай ў Маскве. Дэпартамент сацыяльнай абароны горада Масквы высока ацаніў дзейнасць «Місіянераў міласэрнасці» і абяцаў падтрымку са свайго боку. З заклікам аказаць садзейнічанне ў вырашэнні канфлікту выступіла Грамадская палата Расійскай Федэрацыі.

Аднак гэтыя просьбы аказаліся безвыніковымі. Пры звароце ў мясцовыя органы ўлады сёстры атрымлівалі супярэчлівыя адказы і ўказанні, на падставе якіх немагчыма было зразумець афіцыйную пазіцыю. 12 верасня 2011 г. супольнасць атрымала паведамленне ад кіраўніка Упраўлення раёна Паўночнае Ізмайлава, і на працягу наступных дзён будынак быў знесены. Да гэтага часу захоўваецца небяспека дэмантажу даха з асноўнага будынка.

Супольнасць выказвае глыбокае засмучэнне ў сувязі з тым, што ў выніку гэтага канфлікту фактычна спыняецца важная частка яе дзейнасці. Сёстры Маці Тэрэзы на працягу многіх гадоў ажыццяўлялі важнае служэнне гораду і яго жыхарам, не просячы пры гэтым фінансавай дапамогі ў гарадскіх уладаў. Прызнаючы сваю віну, няхай і ненаўмысна, ва ўзнікненні гэтага канфлікту, мы, тым не менш, шкадуем аб тым, што ўлады не пажадалі ўступіць у дыялог з намі і пайсці насустрач, улічваючы бескарыслівы і дабрачынны характар нашай дзейнасці. Знесены дом быў пабудаваны на добраахвотныя ахвяраванні людзей з усяго свету, і яго знішчэнне становіцца знакам нячуласці да чалавечай бяды і пагарды да тых, хто імкнецца дапамагчы самым бяздольным.

Усіх, каму дарагая спадчына Маці Тарезы і яе клопат аб бедных, мы заклікаем да малітвы аб тым, каб дзейнасць супольнасці працягвала развівацца ў Маскве і Расіі.

Заяву падпісалі с. Дурата МС, настаяцельніца, і с. Велонэ МС, рэгіянальная настаяцельніца.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.