Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Супольна вызнаваць веру: Святы Айцец сустрэўся з архіепіскапам Тыранскім і ўсёй Албаніі Анастасіем
Святы Айцец
04.12.2009 17:51

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заахвоціў праваслаўных вернікаў Албаніі да супольнага вызнавання веры разам з католікамі. 4 снежня 2009 г. Папа ўдзяліў аўдыенцыю архіепіскапу Тыранскаму і ўсёй Албаніі Анастасію.

У размове з кіраўніком Албанскай Праваслаўнай Царквы Пантыфік узгадаў першыя культурныя сведчанні гэтай краіны, на якія аказаў уплыў як Рым, так і Візантыя. Святы Айцец узгадаў таксама падзеі другой паловы ХХ ст., калі праваслаўныя і каталіцкія вернікі Албаніі захавалі веру, нягледзячы на ўціск сацыялістычнага рэжыму. Многія з іх, як падкрэсліў Папа, за вызнаванне сваёй веры заплацілі жыццём. У гэтым кантэксце Бэнэдыкт XVI асабліва адзначыў заслугі архіепіскапа Анастасія ў справе адраджэння месцаў культу ў краіне, а таксама катэхетычнай працы і духоўнага аднаўлення.

Як адзначыў Святы Айцец, з моманту атрымання свабоды Албаніяй Праваслаўная Царква гэтай краіны актыўна ўдзельнічала ў міжнародным тэалагічным дыялогу паміж праваслаўнымі і католікамі. Папа падкрэсліў, што гэта дазволіла замацаваць братэрскія сувязі паміж вернікамі дзвюх Цэркваў у Албаніі і стварыла надзею для ўсяго албанскага народа, засведчыўшы, што хрысціяне сапраўды могуць жыць у згодзе.

Падчас размовы з архіепіскапам Анастасіем Папа падкрэсліў вялікае значэнне дзвюх важных падзей: стварэння Міжнароднага Біблейскага Таварыства і Камітэту па справах міжрэлігійных адносін. Святы Айцец дадаў, што гэта дапаможа ўсталяваць узаемаразуменне і адкрыць шляхі да супрацоўніцтва не толькі паміж католікамі і праваслаўнымі, але, напрыклад, і паміж хрысціянамі і мусульманамі. Са свайго боку Пантыфік запэўніў, што Каталіцкі Касцёл зробіць усё магчымае дзеля таго, каб братэрства і еднасць паміж Цэрквамі сапраўды ажыццявіліся.  

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.