Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хутка выйдзе кніга інтэрв’ю нямецкага журналіста з Папам
Святы Айцец
31.08.2010 14:52

У найбліжэйшы час на кніжным рынку з’явіцца чарговая кніга Святога Айца Бэнэдыкта XVI пад назвай «La luce del mondo» («Святло свету»). Кніга пабудавана на аснове інтэрв’ю з Петэрсам Севальдам — нямецкім журналістам, дзве першыя кнігі якога на аснове інтэрв’ю з будучым Папам «Соль зямлі» (1996 г.) і «Бог і свет — вера і жыццё ў нашы часы» (2000 г.) сталі вялікім поспехам.

Кнігі перакладзены на 25 моў свету. 56-летні Севальд працаваў у выданнях «Der Spiegel», «Stern», «Süddeutsche Zeitung». Раней лічыў сябе атэістам, аднак пасля размоваў з кардыналам Ратцынгерам вярнуўся ў Каталіцкі Касцёл і з таго часу падтрымлівае блізкія адносіны з Папам. Тры кнігі-партрэты Бэнэдыкта XVI журналіст апублікаваў пасля абрання кардынала Ратцынгера на Апостальскі Пасад.

Як адзначае «Tagespost», назва новай кнігі «Святло свету» ўказвае на тое, што кніга распавядзе аб найважнейшай справе для Святога Айца — «глыбей знаёміць усіх людзей з Езусам Хрыстом, Сынам Божым». У пачатку сваёй першай энцыклікі «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў») Бэнэдыкт XVI сказаў, што «каля пачаткаў быцця хрысціянінам ляжыць не этычнае рашэнне або нейкая вялікая ідэя, а сустрэча з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новыя перспектывы, а тым самым і вырашальны кірунак». Гэтай падзеі Папа прысвяціў сваю новую кнігу аб Хрысце, і гэтая тэма з’яўляецца цэнтральнай у жыцці і дзейнасці кардынала Ратцынгера.

Севальд выдаў таксама кнігу аб Езусе Хрысце «Біяграфія Езуса», у якой прасочвае шлях Хрыста ад нараджэння ў Бэтлееме да ўкрыжавання.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.