Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт ХVI кананізаваў семярых благаслаўлёных
Святы Айцец
21.10.2012 15:05

21 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI узначаліў на плошчы перад ватыканскай базылікай Імшу, падчас якой кананізаваў семярых благаслаўлёных. Гэтая кананізацыя была першай і адзінай у бягучым годзе і 10-й у Пантыфікаце гэтага Папы. Сярод новых святых — два святары, дзве законніцы і трое свецкіх вернікаў.

У гаміліі Пантыфік, разважаючы над сённяшнім фрагментам Евангелля: «Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» ( Мк 10, 45), адзначыў, што Касцёл слухае гэтыя словы з асаблівай увагай і мае свядомасць таго, што пастаянна павінен служыць чалавеку і Евангеллю па прыкладзе Хрыста. «Гэтыя словы сталі праграмай жыцця сямі благаслаўлёных, якіх сёння Касцёл ўрачыста ўпісвае ў хвалебныя шэрагі святых. З гераічнай мужнасцю яны поўнасцю аддалі сваё жыццё Богу і шчодраму служэнню братам», — сказаў Святы Айцец, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Папа ўзгадаў біяграфіі новых святых. Жак Бэрцье, які нарадзіўся ў 1838 г. у Францыі, «вельмі хутка палюбіў Езуса Хрыста». Уступіўшы да Кангрэгацыі айцоў езуітаў, вёў «нястомную душпастырскую працу ў Мадагаскары, змагаўся супраць несправядлівасці ў краіне і нёс палёгку бедным і хворым», «аддаў сябе служэнню для ўсіх, чэрпаючы чалавечыя і святарскія сілы з малітвы і любові да Езусавага Сэрца, каб дайсці да мучаніцтва ў 1896 г». Паміраючы, ён казаў: «Жадаю лепш памерці, чым адрачыся ад веры». Пантыфік пажадаў, каб жыццё гэтага евангелізатара стала ўзорам для святароў, каб яны  станавіліся па яго прыкладу людзьмі Бога.

Кажучы пра Педра Калунгсана, які нарадзіўся каля 1654 г. на Філіпінах, Папа адзначыў, што яго любоў да Хрыста паспрыяла таму, што стаў катэхізатарам і вёў сваю місіянерскую працу разам з мясцовымі айцамі езуітамі. «Жыццё там было вельмі складаным, і місіянеры пераследаваліся з-за зайздрасці і паклёпаў. Педра, аднак, паказаў сваю глыбокую веру і любоў і надалей вёў катэхетычную дзейнасць сярод навернутых, даючы сведчанне аб Хрысце жыццём у чысціні і адданасцю Евангеллю. Яго вялікім жаданнем было прывесці душы да Езуса», — падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, каб прыклад і адважнае сведчанне Педра Калугсана стала натхненнем для філіпінскага народа да адважнага абвяшчэння Божага Валадарства.

Гаворачы пра чарговага новага святога, італьянскага святара Джаванні Батыста Пьямарта, які памёр у 1913 г., Папа адзначыў, што ён быў вялікім апосталам моладзі. Ён заснаваў, між іншым, Таварыства святароў і свецкіх вернікаў, а таксама Супольнасць Убогіх Служабнічак Святой Сям’і з Назарэта. «Таямніцай яго інтэнсіўнага і працавітага жыцця стала доўгая малітва. Разважанні над мукай, смерцю і ўваскрасеннем Хрыста давалі яму духоўныя сілы, каб прыцягнуць чалавечыя сэрцы, асабліва маладых людзей, да крыніцы жыцця», — падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што Марыя Саллес і Барангуэрас, іспанская законніца, якая нарадзілася ў 1848 г., сваё жыццё прысвяціла выхаваўчай працы. У 1892 г. яна заснавала Супольнасць Сясцёр Місіянерак Асветы ад Беззаганнага Зачацця. Яе адукацыйная праца «надалей прыносіць шчодрыя плёны сярод моладзі, дзякуючы велікадушнаму дару яе дачок, якія так, як і яна, даручаюць сябе Богу, які можа ўсё».

Марыяна Копэ, амерыканка нямецкага паходжання, нарадзілася ў 1838 г. Яна была францішканскай тэрцыяркай і працавала сярод пракажоных на Гаваях. «У часах, калі няшмат можна было зрабіць для пакутуючых ад гэтай страшнай хваробы, Марыяна Копэ прадэманстравала найвышэйшую любоў, адвагу і энтузіязм. Яна з’яўляецца яркім і вялікім прыкладам таго, што найлепшае ў традыцыі каталіцкіх законнікаў, і духу яе любімага св. Францішка», — падкрэсліў Бэнэдыкт ХVI.

Кацярына Тэкаквіта, індыянка, свецкая верніца, якая нарадзілася ў сённяшнім штаце Нью-Ёрк у 1656 г., была ахрышчана ў 20 гадоў і, каб пазбегнуць пераследаванняў, была прымушана ўцякаць у Канаду. Там працавала аж да смерці, будучы вернай традыцыям свайго племені. «Кацярына ўражвае нас праз дзеянні Божай ласкі ў яе жыцці і адвагай ў пакліканні, такім асаблівым у яе культуры. Вера і культура ў ёй ўзаемна ўзбагачаюцца. Няхай яе прыклад дапаможа нам жыць любоўю да Езуса там, дзе знаходзімся, не адмаўляючыся ад таго, кім мы ёсць. Святая Кацярына, апякунка Канады і першая святая амерыканская індыянка, табе мы даручаем абнаўленне веры сярод першых народаў і ва ўсёй Паўночнай Амерыцы», — маліўся Святы Айцец.

Апошняя з сямі новых святых, Анна Шаффер, якая памерла ў 1925 г., была нямецкай свецкай верніцай. Пасля цяжкай аварыі яна на працягу далейшага жыцця была прыкута да ложка. Першапачаткова «скардзілася на свой лёс, аднак потым зразумела, што гэта заклік Укрыжаванага, каб пайшла за Ім». Узмоцненая штодзённай камуніяй, яна стала нястомным правадніком ў малітве і вобразам любові Бога да тых, хто шукае Яго парады.

На заканчэнне Святы Айцец выказаў надзею, каб сведчанне новых святых, іх велікадушнае жыццё прамаўляла сёння да ўсяго Касцёла, а іх заступніцтва ўмацоўвала і падтрымлівала яго ў місіі абвяшчэння Евангелля ўсяму свету.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

  • 26.11.2018
  • 25.11.2018
  • 24.11.2018
  • 23.11.2018
  • 22.11.2018