Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Навуковы аналіз у кнізе Папы: Бэтлеемская зорка абвяргае астралогію
Святы Айцец
18.12.2012 14:32

У трэцяй частцы трылогіі «Езус з Назарэта», якая прысвечана дзяцінству Хрыста, папа Бэнэдыкт XVI з навуковага пункту гледжання падыходзіць да з’явы Бэтлеемскай зоркі. Пантыфік тлумачыць, што Бэтлеемская зорка з’яўляецца «абвяржэннем астралогіі», а хрысціянства абвяргае старажытныя міфы і культы, якія пакланяліся зоркам.

Як адзначае каталіцкае агенцтва «KathPress», на якое спасылаецца Ватыканскае радыё, Святы Айцец аналізуе прыход мудрацоў з Усходу да нованароджанага Езуса. Папа ўзгадвае аўстрыйскага астранома Ёгана Кеплера, які ў 1603 г. апісаў рэдкую сустрэчу Юпітэра, Сатурна і Марса. Крыху пазней Кеплер стаў сведкам таго, як у тым жа месцы раптам з’явілася яркая зорка, якая знікла праз некаторы час. Навукоўцу ўдалося матэматычна даказаць, што на год нараджэння Езуса прыйшлося аналагічнае злучэнне Юпітэра і Сатурна, што ён інтэрпрэтаваў як сведчанне існавання Бэтлеемскай зоркі.

«Камбінацыя Юпітэр-Сатурн у VII–VI стст. перад Нараджэннем Хрыста хутчэй за ўсё мела месца», — адзначае ў кнізе Бэнэдыкт XVI. Але гэта, працягвае Папа, выклікае наступныя пытанні: напрыклад, што дало вавілонскім астролагам столькі ўпэўненасці, каб ехаць у Бэтлеем? Па словах Пантыфіка, ясна адно: тры мудрацы прадстаўляюць «пілігрымку народаў да Хрыста», пра якога «кажа ўвесь Сусвет».

Такім чынам, падводзіць выснову Папа, хрысціянства абвяргае старажытныя міфы і культы, якія пакланяліся зоркам. Не Бэтлеемская зорка паўплывала на лёс Дзіцяці, а нованароджаны Езус кіраваў зоркай, бо Езус — «Бог і чалавек, большы, чым усе моцы матэрыяльнага свету, і большы, чым увесь Сусвет».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме