Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI маліўся разам з удзельнікамі Еўрапейскай сустрэчы моладзі
Святы Айцец
29.12.2012 21:55

Вячэрняя малітва з Папам, якая адбылася сёння, 29 снежня, на плошчы св. Пятра ў Рыме, стала цэнтральным пунктам 35-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай супольнасцю з Тэзэ. Спачатку Святы Айцец праехаў паміж сектарамі ў папамабілі і благаславіў моладзь.

Затым Пантыфік памаліўся разам з братамі з Тэзэ.

Вітаючы Папу, прыёр супольнасці брат Алаіз Лозэр падкрэсліў, што моладзь, якая прыбыла ў Рым, злучае адзін крыж і адно Божае слова. Таксама прыёр нагадаў, што заданне яго супольнасці — абвяшчаць Евангелле, асабліва маладым людзям, і дапамагаць ім шукаць асабістую сувязь з Богам.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы моладзі, Папа адзначыў, што ў Рыме ахвяравалі сваё жыццё за Хрыста святыя Пётр і Павел. Іх вера, дадаў Пантыфік, пабудзіла моладзь вырушыць у шлях, каб шукаць крыніцы даверу да Бога. Святы Айцец прызнаўся, што, падобна як благаслаўлёны Ян Павел ІІ, адчувае сябе ўдзельнікам гэтай «пілігрымкі даверу» супольнасці з Тэзэ па зямлі, і заахвоціў маладых людзей наследаваць заснавальніка супольнасці брата Ражэ ў крочанні шляхам экуменізму святасці.

Прамаўляючы да ўдзельнікаў сустрэчы на розных мовах, Папа дадаў, што гэтая сустрэча дазваляе адкрыць прыгажосць веры і любові да Бога і бліжняга, што гасціннасць рымскіх парафій дапаможа моладзі нанава зведаць Касцёл, што Касцёлу патрэбны маладыя вернікі, што спеў і маўчанне, характэрныя для малітвы ў духу Тэзэ, дапамогуць удзельнікам адкрыць таямніцу Хрыстовай надзеі.

«Дзякуючы вашай дзейнасці на карысць справядлівасці і новай салідарнасці паміж людзьмі, вы дапаможаце тым, якія вакол вас, лепей зразумець, што Евангелле вядзе нас адначасова да Бога і да іншых людзей», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. На заканчэнне Папа ўдзяліў моладзі апостальскае благаслаўленне.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме