Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асноўныя даты біяграфіі папы Францішка
Святы Айцец
14.03.2013 12:45

Кардынал Хорхе Марыа Берголіа, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса (Аргенціна), нарадзіўся ў гэтым горадзе 17 снежня 1936 г. Атрымаў дыплом хіміка, але потым абраў святарства і паступіў у семінарыю Вілья Дэвота.

11 сакавіка 1958 г. уступіў у навіцыят Таварыства Езуса, пасля завяршыў гуманітарную адукацыю ў Чылі і ў 1963 г., вярнуўшыся ў Буэнас-Айрэс, абараніў ліцэнцыят па філасофіі ў каледжы Св. Юзафа.

У 1964–1965 гг. выкладаў літаратуру і псіхалогію ў каледжы Беззаганнай Панны ў Санта-Фэ, у 1966 г. выкладаў тыя ж дысцыпліны ў каледжы Збаўцы ў Буэнас-Айрэсе.

У 1967–1970 гг. вывучаў тэалогію ў вышэйшым каледжы Св. Юзафа ў Сан-Мігелі, дзе абараніў дыплом.

13 снежня 1969 г. атрымаў святарскае пасвячэнне.

22 красавіка 1973 г. склаў вечныя манаскія абяцанні.

Быў настаўнікам навіцыяту ў Вілья Барыялі, Сан-Мігелі, выкладчыкам на факультэце тэалогіі, кансультантам правінцыі і рэктарам вышэйшага каледжа. 31 ліпеня 1973 г. быў абраны правінцыяльным настаяцелем Аргенціны, гэтую пасаду займаў 6 гадоў.

У 1980–1986 гг. быў рэктарам вышэйшага каледжа і факультэта філасофіі і тэалогіі семінарыі Св. Юзафа і пробашчам парафіі Патрыярха Св. Юзафа ў дыяцэзіі Сан-Мігель.

У сакавіку 1986 г. накіраваўся ў Германію, каб завяршыць доктарскую дысертацыю.

20 мая 1992 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў яго тытулярным біскупам Аука і дапаможным біскупам Буэнас-Айрэса. 27 чэрвеня таго ж года атрымаў біскупскую сакру.

3 чэрвеня 1997 г. прызначаны арцыбіскупам-каад’ютарам Буэнас-Айрэса, а 28 лютага 1998 г. — арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.

Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.