Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз Ламбардзі: Папа думае аб неабходнасці служыць Касцёлу з вялікай прастатой
Святы Айцец
14.03.2013 12:52

Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падкрэсліў, што выбар папы Францішка з’яўляецца «абсалютна радыкальным адказам» на размовы аб уладзе ў Касцёле. «Гэта выбар адмаўлення ад улады», — сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Святар падкрэсліў, што пакліканне на Пасад св. Пятра папа Францішак прыняў, думаючы аб неабходнасці служыць Касцёлу з вялікай прастатой і ўніверсальнасцю. «Гэта цудоўная рэч і характарыстыка езуіцкай духоўнасці: глядзець на Паўсюдны Касцёл і патрэбы Паўсюднага Касцёла. Святы Ігнацый нас фарміраваў менавіта для таго, каб мы мелі вельмі шырокі погляд на свет, уражліва прымалі выклікі і патрэбы свету, у якім жывем, і бачылі служэнне веры і справядлівасці ў якасці вялікага дару, які можам даць нашым сучаснікам», — сказаў кіраўнік Прэс-службы, згадваючы пра прыналежнасць Папы да Ордэна езуітаў.

Адначасова кс. Ламбардзі падкрэсліў, што Папа, які з’яўляецца езуітам, выбраў сабе імя «Францішак», а не «Ігнацый», і «гэта значыць, што мы павінны служыць Касцёлу, збіраючы ўсе дары і харызмы, якія Пан дае для будавання Касцёла і абвяшчэння Евангелля».

На пытанне журналістаў, ці прызначыць Папа новага Дзяржсакратара, кс. Ламбардзі адзначыў, што не можа адказаць дакладна, але падкрэсліў, што існуе традыцыя, паводле якой на дадзеную пасаду Святы Айцец прызначае чалавека, якому асабіста давярае, здольнаму «добра інтэграваць свае кампетэнцыі, веды і досвед».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, святар паінфармаваў таксама, што па дарозе да лоджыі базылікі св. Пятра папа Францішак не сустракаўся з афіцыйнымі асобамі, а толькі з субстытутам, сакратаром па адносінах з дзяржавамі і прэфектам Папскага дому, якія дапамаглі яму зарыентавацца ў першых абавязках.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.