Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Апостальскай Сталіцы пачалася цырымонія інаўгурацыі
Святы Айцец
19.03.2013 11:54

Сёння, 19 сакавіка, у Апостальскай Сталіцы адбываецца інаўгурацыя Пантыфікату Святога Айца Францішка. Цырымонія пачалася каля магілы апостала Пятра, пад галоўным алтаром, а потым працэсія прайшла на галоўную ватыканскую плошчу — месца мучаніцкай смерці Князя Апосталаў, якую раней займаў цырк Нерона.

Раніцай папа Францішак пакінуў Дом святой Марты і праехаў у аўтамабілі па плошчы Святога Пятра, каб павітацца з вернікамі. Затым адбыўся ўваход Пантыфіка ў базыліку св. Пятра, дзе, апрануўшы літургічныя шаты, Папа скіраваўся да магілы св. Пятра ў Ватыканскіх садах. Падобна як і Бэнэдыкт ХVI у 2005 г., там папа Францішак памаліўся разам з 10 Патрыярхамі Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў у знак еднасці Касцёла Усходу і Захаду. Каля магілы Князя Апосталаў для Святога Айца былі падрыхтаваны палій і Пярсцёнак Рыбака.

Палій, які маюць Мітрапаліты (Папа з’яўляецца Мітрапалітам Рымскай правінцыі Касцёла) — сімвал папскай апостальскай улады, які надзяваюць на арнат падчас цэлебрацыі літургіі. Гэта стужка з беленай воўны ягнятаў, благаслаўлёных Папам у дзень святой Агнешкі, які звычайна прыпадае на 21 студзеня.

Пярсцёнак Рыбака азначае, што той, хто яго носіць, — Наступнік святога апостала Пятра, які быў рыбаком і якога Хрыстус учыніў «рыбаком людзей». Пасля пацвярджэння смерці кіруючага Папы або яго адмаўлення ад пасады ў прысутнасці трох іншых кардыналаў папскі кардынал камерленга ламае пярсцёнак. Гэта знак таго, што дадзены Пантыфікат дасягнуў канца.

Пярсцёнак папы Францішка, як паведаміў учора на сустрэчы з журналістамі кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, — не залаты, а з пазалочанага срэбра. Свой жа ранейшы кардынальскі пярсцёнак Папа вырашыў ахвяраваць катэдральнаму касцёлу ў сваім родным Буэнас-Айрэсе.

Ад магілы св. Пятра Папа і іерархі прайшлі на плошчу перад ватыканскай базылікай. У гэты час гучаў гімн «Laudes Regiae» як просьба аб заступніцтве 36 святых Пантыфікаў.

З рук кардынала-протадыякана Жана-Луі Тарана Папа атрымаў палій, а ад кардынала Анджэла Садана, дэкана Калегіі кардыналаў, — Пярсцёнак Рыбака. Кардыналы выказалі Святому Айцу паслухмянасць. Іерархі ўжо выказвалі пашану і паслухмянасць Папу таксама раней — у Сікстынскай капэле, пасля яго абрання.

(AG)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.