Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас інаўгурацыйнай Імшы: аберагаць усё стварэнне, асабліва найбяднейшых, — служэнне, да якога пакліканы Наступнік Пятра
Святы Айцец
19.03.2013 13:16

Пра сутнасць служэння Наступніка Пятра казаў Святы Айцец Францішак у гаміліі падчас інаўгурацыйнай святой Імшы ў Ватыкане 19 сакавіка. Пантыфік адзначыў, што Папа, каб выконваць сваю ўладу, павінен «з любоўю і чуласцю прымаць усё чалавецтва, асабліва найбяднейшых, найслабейшых і найменшых».

Першую частку гаміліі Папа прысвяціў постаці святога Юзафа, урачыстасць якога адзначаецца ў гэты дзень. Святы Юзаф, па словах Пантыфіка, — апякун Марыі і Езуса, але ў той жа час апякун Касцёла: «святы Юзаф, які з любоўю апекаваўся Марыяй і з радасцю прысвяціў сябе выхаванню Хрыста, таксама і сёння сцеражэ містычнае Цела Адкупіцеля, Касцёл».

Для Юзафа, па словах Папы, характэрныя «клопат і любоў» у кожную хвіліну: «ад сужэнства з Марыяй ажно да здарэння з 12-гадовым Езусам у Ерузалемскай святыні», ён «побач з Марыяй, сваёй Абранніцай, у добрых і цяжкіх падзеях жыцця, у падарожжы ў Бэтлеем і ў хвіліны непакою і радасці народзінаў». Юзаф, дадаў Папа, вучыць «нястомна слухаць Бога, быць адкрытым на Яго знакі, быць гатовым выконваць Яго план».

«Менавіта гэтага хоча Бог ад Давіда: Ён не жадае дома, збудаванага чалавекам, але вернасці Яго слову, Яго плану, — працягваў Святы Айцец. — Сам Бог будуе дом, але з жывых каменняў. Юзаф з’яўляецца апекуном, бо ўмее слухаць Бога, дазваляе, каб ім кіравала Яго воля». У асобе Юзафа мы «бачым таксама, што з’яўляецца цэнтрам хрысціянскага паклікання: Хрыстус».

Пантыфік звярнуўся таксама да тэмы абароны ўсяго Божага стварэння, да чаго пакліканы не толькі хрысціяне, бо гэтае пакліканне мае «агульначалавечае вымярэнне»: гэта «апека над усёй створанай рэчаіснасцю, прыгажосцю стварэння, як гэта паказаў нам святы Францішак Асізскі». Гэта таксама «клопат з любоўю пра ўсіх людзей, кожнага чалавека, асабліва пра дзяцей і пажылых людзей, пра тых, якія з’яўляюцца найбольш крохкімі».

«Усё даручана апецы чалавека, і гэта адказнасць, якая датычыць нас усіх. Будзьце ж апекунамі Божых дароў!» — заахвоціў прысутных Папа.

Пантыфік заклікаў усіх, хто займае адказнае становішча ў сферах эканомікі, палітыкі і грамадства, усіх мужчын і жанчын добрай волі, быць апекунамі Божага стварэння, «Божага плану, упісанага ў прыроду, апекунамі свайго бліжняга».

«Не дазволім, каб знакі знішчэння і смерці спадарожнічалі нашаму свету! — заахвоціў Святы Айцец. — Будзем памятаць і аб тым, што нянавісць, зайздрасць, пыха засмечваюць жыццё. Берагчы азначае пільнаваць нашы пачуцці, наша сэрца, бо з яго выходзяць добрыя і злыя намеры: тыя, якія будуюць, і тыя, якія знішчаюць».

Папа ўзгадаў, што ў Евангеллі святы Юзаф паўстае як чалавек моцны і мужны, але ў яго характары прысутнічае і вялікая пяшчотнасць, якая з’яўляецца рысай не слабога чалавека, а наадварот — «азначае моц духу і здольнасць звяртаць увагу, спачуваць, быць сапраўды адкрытым на бліжняга і любіць».

Пантыфік узгадаў і пра тое, што служэнне Наступніка Пятра азначае пэўную ўладу, але неабходна памятаць, што ўлада, якую Хрыстус даў Пятру, — гэта служэнне, і Папа, каб выконваць гэтую ўладу, павінен «глядзець на пакорнае, поўнае веры служэнне святога Юзафа», і так, як ён, «адкрываць свае абдымкі, каб прымаць з любоўю і чуласцю ўсё чалавецтва, асабліва найбяднейшых, найслабейшых, найменшых».

Святы Айцец дадаў, што ў наш час неабходна «бачыць святло надзеі і даць надзею самім сабе». Берагчы ж Божае стварэнне, кожнага мужчыну і жанчыну, з чуласцю і любоўю, — значыць «адкрыць перспектыву надзеі, адкрыць промень святла сярод шматлікіх хмараў». «Для нас, хрысціян, як Абрагама, як св. Юзафа, надзея, якую мы нясём, мае перспектыву Бога, адкрытую нам у Хрысце, збудаваную на скале, якой ёсць Бог», — падкрэсліў Папа.

«Бараніць Езуса разам з Марыяй, аберагаць усё стварэнне, кожнага чалавека, асабліва самага беднага, і нас саміх, — менавіта гэта служэнне, да выканання якога пакліканы Біскуп Рыма, але да якога пакліканы і мы ўсе, каб заззяла зорка надзеі. Будзем жа аберагаць з любоўю тое, чым Бог нас адарыў!» — сказаў Пантыфік.

На заканчэнне гаміліі папа Францішак папрасіў аб заступніцтве Панны Марыі, св. Юзафа, апосталаў Пятра і Паўла, св. Францішка Асізскага і аб дапамозе Духа Святога ў сваім служэнні. «Маліцеся за мяне!» — з такімі словамі звярнуўся Святы Айцец да ўсіх вернікаў.

(AG)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.