Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Iнаўгурацыя Пантыфікату папы Францішка: сінтэз
Святы Айцец
19.03.2013 15:10

Цырымонія інаўгурацыі Пантыфікату Святога Айца Францішка адбылася 19 сакавіка ў Апостальскай Сталіцы. У ёй удзельнічалі 132 афіцыйныя дэлегацыі розных краін і міжнародных арганізацый, 33 дэлегацыі ад розных веравызнанняў і каля 200 тысяч вернікаў. Беларусь прадставілі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дэлегацыя на чале са старшыней Савета Рэспублікі Анатолем Рубінавым.

Самую вялікую групу з прысутных дэлегацый прадстаўлялі лідары краін Лацінскай Амерыкі.

Рускую Праваслаўную Царкву прадставіла дэлегацыя на чале са старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапалітам Іларыёнам.

Раніцай папа Францішак пакінуў Дом святой Марты і праехаў у аўтамабілі па плошчы Святога Пятра, вітаючыся з вернікамі і паціскаючы ім рукі. Затым адбыўся ўваход Пантыфіка ў базыліку св. Пятра, дзе, апрануўшы літургічныя шаты, Папа скіраваўся да магілы св. Пятра ў Ватыканскіх садах. Там папа Францішак памаліўся разам з 10 Патрыярхамі Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў у знак еднасці Касцёла Усходу і Захаду. Каля магілы Князя Апосталаў для Святога Айца былі падрыхтаваны палій і Пярсцёнак Рыбака.

Ад магілы св. Пятра Папа і іерархі прайшлі на плошчу перад ватыканскай базылікай. У гэты час гучаў гімн «Laudes Regiae» як просьба аб заступніцтве 36 святых Пантыфікаў.

З рук кардынала-протадыякана Жана-Луі Тарана Папа атрымаў палій, а ад кардынала Анджэла Садана, дэкана Калегіі кардыналаў, — Пярсцёнак Рыбака.

Шэсць кардыналаў паабяцалі паслухмянасць Пантыфіку перад пачаткам інаўгурацыйнай святой Імшы.

Літургію разам са Святым Айцом канцэлебравалі 180 чалавек, сярод якіх былі кардыналы, Патрыярхі Усходніх Касцёлаў, а таксама генералы Ордэна меншых братоў і Ордэна езуітаў.

У гаміліі Папа казаў пра сутнасць служэння Наступніка Пятра. Пантыфік адзначыў, што Папа, каб выконваць сваю ўладу, павінен «з любоўю і чуласцю прымаць усё чалавецтва, асабліва найбяднейшых, найслабейшых і найменшых». Пантыфік звярнуўся да тэмы абароны ўсяго Божага стварэння, да чаго пакліканы не толькі хрысціяне, бо гэтае пакліканне мае «агульначалавечае вымярэнне»: гэта «апека над усёй створанай рэчаіснасцю, прыгажосцю стварэння, як гэта паказаў нам святы Францішак Асізскі». Гэта таксама «клопат з любоўю пра ўсіх людзей, кожнага чалавека, асабліва пра дзяцей і пажылых людзей, пра тых, якія з’яўляюцца найбольш крохкімі». «Усё даручана апецы чалавека, і гэта адказнасць, якая датычыць нас усіх. Будзьце ж апекунамі Божых дароў!» — заахвоціў прысутных Папа.

Пантыфік узгадаў і пра тое, што служэнне Наступніка Пятра азначае пэўную ўладу, але неабходна памятаць, што ўлада, якую Хрыстус даў Пятру, — гэта служэнне, і Папа, каб выконваць гэтую ўладу, павінен «глядзець на пакорнае, поўнае веры служэнне святога Юзафа», і так, як ён, «адкрываць свае абдымкі, каб прымаць з любоўю і чуласцю ўсё чалавецтва, асабліва найбяднейшых, найслабейшых, найменшых».

«Бараніць Езуса разам з Марыяй, аберагаць усё стварэнне, кожнага чалавека, асабліва самага беднага, і нас саміх, — менавіта гэта служэнне, да выканання якога пакліканы Біскуп Рыма, але да якога пакліканы і мы ўсе, каб заззяла зорка надзеі. Будзем жа аберагаць з любоўю тое, чым Бог нас адарыў!» — сказаў Пантыфік.

На заканчэнне гаміліі папа Францішак папрасіў аб заступніцтве Панны Марыі, св. Юзафа, апосталаў Пятра і Паўла, св. Францішка Асізскага і аб дапамозе Духа Святога ў сваім служэнні. «Маліцеся за мяне!» — з такімі словамі звярнуўся Святы Айцец да ўсіх вернікаў.

Падчас інаўгурацыйнай святой Імшы малітва гучала на пяці мовах. Вернікі з розных краін прамаўлялі просьбы да Бога на рускай, французскай, арабскай, кітайскай мовах і суахілі.

Пасля ўрачыстай цырымоніі Папа прыме ў Клементыйскай зале Апостальскага палаца дэлегацыі хрысціянскіх Цэркваў і іншых веравызнанняў.

(AG)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.