Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да прадстаўнікоў хрысціянскіх Цэркваў і іншых рэлігій: можам зрабіць шмат для тых, хто бедны, слабы і пакутуе
Святы Айцец
20.03.2013 16:50

20 сакавіка папа Францішак сустрэўся з дэлегатамі хрысціянскіх Цэркваў і прадстаўнікамі іншых рэлігій і веравызнанняў, якія прыбылі ў Ватыкан на яго інаўгурацыю. Сустрэча прайшла ў Клементыйскай зале Апостальскага палаца.

«Перш за ўсё сардэчна дзякую майму брату Андрэю», — сказаў Папа, звяртаючыся да Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея, падкрэліўшы, што іерарх з’яўляецца наступнікам брата св. Пятра – апостала Андрэя. Пантыфік нагадаў, што пачынае сваё апостальскае служэнне ў год, які яго «шаноўны папярэднік Бэнэдыкт XVI» вырашыў асаблівым чынам прысвяціць веры, «прапануючы свайго роду пілігрымку да таго, што для кожнага хрысціяніна з’яўляецца самым істотным: асабістых і перамяняючых адносін з Езусам Хрыстом». Папа адзначыў, што Год веры супадае з 50-годдзем Другога Ватыканскага Сабору, «скарб якога ўсцяж каштоўны для людзей нашага часу», і нагадаў, што, адкрываючы Сабор, папа Ян ХХІІІ падкрэсліваў важнасць імкнення да «вялікай таямніцы адзінства, аб якім Езус Хрыстус горача прасіў Айца Нябеснага напярэдадні сваёй мукі».

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа заклікаў упоўні жыць дарам атрыманай веры і даваць свабоднае, радаснае і мужнае сведчанне аб ёй. «Гэта будзе нашым найлепшым служэннем на карысць адзінства паміж хрысціянамі, служэннем надзеі для свету, які ўсё яшчэ пазначаны падзеламі, кантрастамі і суперніцтвам. Чым больш мы будзем вернымі Яго волі ў думках, словах і справах, тым больш будзем па-сапраўднаму рухацца ў кірунку адзінства», — адзначыў Святы Айцец.

Папа Францішак запэўніў прадстаўнікоў канфесій і рэлігій, што ўслед за сваімі папярэднікамі будзе працягваць шлях экуменічнага дыялога, і папрасіў прысутных аб малітве, «каб мог быць пастырам паводле сэрца Хрыстовага».

Святы Айцец звярнуўся да прадстаўнікоў яўрэйскай супольнасці і падкрэсліў, што «Каталіцкі Касцёл прызнае, што карані яго веры і яго абранасць знаходзяцца ўжо, паводле Божай таямніцы збаўлення, у Патрыярхах, Майсеі, прароках». Вітаючы прадстаўнікоў іншых рэлігій, асаблівую ўвагу Папа звярнуў на мусульман, якія таксама «вызнаюць адзінага, жывога і міласэрнага Бога». «Каталіцкі Касцёл усведамляе важнасць спрыяння сяброўству і павазе паміж мужчынамі і жанчынамі розных рэлігійных традыцый, – паўтарыў Святы Айцец. — Ён таксама ўсведамляе адказнасць, якую мы ўсе нясём за наш свет, за ўсё стварэнне, якое павінны любіць і бараніць. І мы можам зрабіць шмат для дабра тых, хто бедны, слабы і пакутуе, для спрыяння справядлівасці, прымірэнню і будаванню міру».

Пантыфік вылучыў галоўны прыярытэт для прадстаўнікоў рэлігій: «Перш за ўсё, мы павінны заўсёды падтрымліваць жывой прагу абсалюту ў свеце, не дазваляючы, каб дамінаваў аднабаковы погляд на чалавечую асобу, паводле якога чалавек вымяраецца тым, што вырабляе, і тым, што спажывае: гэта адна з самых небяспечных пастак нашага часу», — звярнуў увагу Святы Айцец.

 

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.